Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьмёны


Ягор Маёрчык, Узьмёны

Я прапанаваў мёрскаму краязнаўцу і прадпрымальніку Валеру Каралёву быць маім правадніком часам вандроўкі ва Ўзьмёны. Калі ён пагаджаўся, то нават і ня думаў, што стане дзейнай асобай напалову дэтэктыўнай гісторыі. Вёску мы, так бы мовіць, адправацалі. Вярталіся назад ў райцэнтар. І тут пачалося самае цікавае:

(Каралёў: ) “На палове дарогі да Мёраў нас сустрэў адзін з супрацоўнікаў ДАІ, які загадаў ехаць у раённы аддзел унутраных справаў. А сам экскартаваў нас на машыне. Да яго далучылася яшчэ адная машына. І ў Мёры мы ўяжджалі пры картэжы. На размову нас выклікаў выканаўца абавязкаў начальніка РАУС Віктар Давыдаў. Ён паведаміў, што атрымаў ананімнае тэлефанаваньне — быццам бы мы зьлілі ў старшыні мясцовага калгасу ўвесь бэнзын, нібыта ў ваколіцах Узьмёнаў езьдзіць нейкая банда і прадае за 70 даляраў ваду ў бутэльках пад выглядам лекаў ад усіх хваробаў, езьдзяць нейкія брыгады, якія рыхтуюць людзей да наступных выбараў мэтадам гіпнозу. Яму была дакладзена, што быццам бы гэтым гіпнозам да наступных выбараў займаецца нашая група. Было прыемна пабачыць, што ў адрозьненьні ад мясцовых вэртыкальнікаў, супрацоўнікі РАУС паказалі сябе даволі карэктнымі людзьмі, і было адчувальна, што ім прыходзіцца займацца па сутнасьці не сваёй справай”.

З РАУСу нас выпусьцілі. Размовы з тамтэйшымі вэртыкальнікамі нават пераказваць ня буду. Усе прэтэнзіі зводзіліся да аднаго: я парушыў закон, калі не паведаміў, што дзейнічаю на падуладнай ім тэрыторыі. Праўда, ніводзін з чыноўнікаў так і не сказаў, дакладна які пункт правілаў ня выкананы.

Узьмёны я ўлюбаваў для камандзіроўкі таму, што на чале тутэйшай калектыўнай гаспадаркай стаіць Анатоль Матэленак. Сярод кіраўнікоў навасьпечаных СКУПаў ды СПК (а па-старому — калгасаў і саўгасаў) яго вылучаюць дзьве рысы: беларускамоўнасьць і грамадзкая актыўнасьць — ён зьяўляецца сябром Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”.

(Матэленак: ) “Ёсьць людзі да Ўзьмёнах, якія прытрымліваюцца лібэральных і дэмакратычных ідэяў. Магчыма, на гэта аказалі нейкі ўплыў і мае погляды”.

(Карэспандэнт: ) “Як райвыканкам і вэртыкальнікі ставяцца да вашае грамадзкае пазыцыі?”

(Матэленак: ) “Дастаткова ляяльна і з разуменьньем. Якраз на гэтай глебе ў нас нейкіх непаразуменьняў не ўзьнікае. Гэта да таго часу, пакуль я не перашкаджаю ўладзе ажыцяўляць ейных уладных функцыяў. Калі нашыя дзеяньні нейкіх чынам супярэчаць у пэрыяды парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, калі гэтыя супярэчнасьці абвастраюцца, натуральна, што цяжкасьці ўзьнікаюць”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі восеньню пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. На вас зноў начнуць ціснуць, ці ўсё абыдзецца?”

(Матэленак: ) “Тут шмат будзе залежаць ад таго, якім чынам я буду сябе паводзіць. І калі нашыя дзеяньні ня будуць супярэчыць памкненьням уладаў, усё будзе ціха, а калі наадварот — усё магчыма. Хутчэй за ўсё, убаку ад гэтых падзеяў мы наўрад ці застанемся”.

Пра апазыцыйную дзейнасьць спадара Матэленкі ў паселішчы ведаюць. Болей за тое, тут ён мае каманду аднадумцаў. Але палітычную тэму мы закранулі мімаходзь, болей гутарылі пра жыцьцё вёскі.

(Матэленак: ) “У нас застаецца працаваць усё меней і меней людзей. Вельмі цяпер адчуваецца дэмаграфічны фактар. Нараджальнасьць даходзіць да нуля. Сёньня пакуль што ў нашае сярэдняе школе навучаецца больш за сто дзяцей, але гэтая лічба з кожным годам будзе зьніжацца і зьніжацца. У пэрспэктыве нам сьвеціць закрыцьцё сярэдняе школы. Наш сельскі савет ужо болей існаваць ня будзе. Надалей вы будзем уваходзіць у Далгінаўскі сельсавет. Гэта ад нас кілямэтраў дзевяць. Нейкія нязручнасьці для нашага насельніцтва, безумоўна, зьявяцца”.

Узьмёнскі сельсавет дажывае апошнія дні. А старшыню, безь пяці хвілінаў пэнсіянэрку Лідзію Алеську болей за іншыя праблемы нэрвуе нечаканы госьць — я. Пры мне яна патэфанавала ў райвыканкам, а там забілі на трывогу да міліцыянтаў.

(Алеська: ) “Я ведаю, што калі прыяжджаюць у раён, павінны паведаміць. Бяз гэтага нельга!”

(Карэспандэнт: ) “Сельсавет ліквідуюць? Некуды вас далучаюць?”

(Алеська: ) “Далучаюць. Праводзілі мы сходы, тлумачылі людзям сытуацыю. Яны згадзіліся, і ўсе аднагалосна прагаласавалі за гэта. А каму гэта прыемна? Натуральна, што ня хочацца. Кожны хацеў бы застацца працаваць на сваім месцы. Будзе хадзіць аўтобус, каб людзі змаглі дабрацца да сельсавету”.

(Карэспандэнт: ) “Пэнсіянэры адчуваюць з боку сельскага савету клопат і ўвагу?”

(Алеська: ) “Натуральна, што адчуваюць. Тут вялікая дапамога аказваецца СПК Узьмёнскім. Мы забясьпечваем сенам. Выдзяляецца насельніцтву тэхніка”.

Вера Рамза жыве ў хаце адна. Сыны даўно маюць свае сем’і, а муж памёр колькі год таму. Худзенькая старая ўвіхаецца над градкамі: кідае насеньне кветак і палівае іх вадою. Натуральна, вырошчвае традыцыйную бульбу. Трымае курак і сьвінчо. Але ня болей за гэта.

(Рамза: ) “Карову не гадую. Бо цяжка карову гадаваць. Сама па сабе я б, можа, яе й дагледзела. Аднак зь сенам складана”.

(Карэспандэнт: ) “А якія праблемы зь сенам?”

(Рамза: ) “Трэба яго накасіць, высушыць, прывезьці”.

(Карэспандэнт: ) “А папрасіць у калектыўнай гаспадаркі?”

(Рамза: ) “Летась людзі нешта крыўдзіліся. Ёсьць праблема: трэба шмат разоў хадзіць, выпрошваць. А я не такі чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Сельсавет чым-небудзь дапамагае?”

(Рамза: ) “Хадзіла выпісваць дровы. Заяўку аднесла, але пакуль нешта ў іх не атрымліваецца. Леташняя заяўка прапала. Спадзяюся, што гэтым разам прывязуць. Але я не хаджу і ня княгаю, каб прывезьлі хутчэй”.

Фрагмэнт размовы з кіраўніком гаспадаркі Анатолем Матэленкам:

(Матэленак: ) “Мы — сельска-гаспадарчы вытворчы каапэратыў “Узьмёнскі”. Раней быў калгас імя Кірава”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьмянілася істотным чынам сытуацыя пасьля перайменаваньня?”

(Матэленак: ) “Уласна кажучы, нічога апроч назвы, пячаткі й вуглавога штампу. Статус наш істотна не памяняўся і практычна застаўся такі, як і быў”.

Са сьлесарам Міхалам Закрэўскім я пазнаёміўся на мэхдвары. Гэты спадар за сорак сярод сваіх калегаў вылучаецца адным — адзеньнем. Калі ўсё астатнія носяць зашмальцаваныя спэцоўкі, ён апрануты цывільна. Ды толькі штаны і пінжак з розных строяў, а пад нізам — камізэлька нейкага фантастычнага колеру.

(Закрэўскі: ) “Ай! Заробак зусім малы! Ну, колькі мы атрымліваем? 30 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Як працоўныя ставяцца да кіраўніка гаспадаркі?”

(Закрэўскі: ) “Калі ў яго папросіш тэхніку, дае. Гэта ня ён, па-мойму, вінаваты, што ў нас малыя заробкі”.

(Карэспандэнт: ) “А хто?”

(Закрэўскі: ) “Можа, хто вышэй. Усё дорага, а яму трэба ўсё набыць. А які тут прыбытак?”

(Карэспандэнт: ) “У вас быў калгас, а пасьля зрабілі каапэратыў. Нешта зьмянілася?”

(Закрэўскі: ) “Па-мойму, нічога. Усё як было, так і засталося. Як працавалі, так і засталіся. Праўда, некалькіх чалавек з каапэратыву выключылі за п’янку і прагулы”.

Зноў пры мікрафоне Анатоль Матэленак. Ён раскрывае мэтады, якімі змагаецца з п’янствам падначаленых:

(Матэленак: ) “Угаворваем лячыцца. Першыя сэансы лячэньня за кошт гаспадаркі. А калі чалавек не апраўдаў нашых спадзяваньняў, значыць, ён вяртае грошы, які мы на яго выдаткавалі. Ёсьць выпадкі, калі чалавеку ўдаецца зьмяніць свой лад жыцьця”.

На цэнтральнай вуліцы, непадалёк ад канторы, нейкі спадар зацугляў кабылку. На хвіліну мне падалося, што чалавека гэтага крыху хістае. І ў той момант, калі цела з вэртыкальнага стану пачынае пераходзіць у дыяганальны, ён хапаецца за жывёлу. Падышоў бліжэй — чалавек нібыта не п’яны. Ва ўсялякім разе, язык у яго не заплятаецца.

(Спадар: ) “Я ў калгасе не працую. Жонка адпрацавала трыццаць дзён. Самы вялікі заробак у цялятніцы 40–50 тысяч. А калі пайшоў сьлесарам — 15–20 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “На што людзі тады жывуць?”

(Спадар: ) “За кошт пэнсіянэраў. Дроваў пакалоў. Яны даюць 15 тысяч, кавалак сала даюць. І гэта ўсё можна прапіць. Хто працуе, той можа жыць заможна, а хто гарэлку п’е, як я, — жыве бедна”.

(Карэспандэнт: ) “Чаго вы гарэлку п’яце?”

(Спадар: ) “Бог яго ведае... Прывычка такая”.

У Анатоля Матэленкі я запытаўся пра фэрмэраў. Ці ёсьць яны ў акрузе?

(Матэленак: ) “На жаль, пакуль у нас такога няма. Хаця пэўны час я рабіў крокі насустрач гэтаму руху, але жадаючых не зьявілася. Усё гэта вытлумачальна: сёньня няма ўмоваў для самастойнага гаспадараньня на зямлі. Я лічу, што фэрмэру было бы вельмі цяжка ў нашых умовах”.

(Карэспандэнт: ) “А вось дзіўна. Звычайна ўсё наадварот: кіраўнікі калектыўных гаспадарак недалюбліваюць фэрмэраў і ня робяць крокаў насустрач. Чым абумоўленая такая вашая пазыцыя?”

(Матэленак: ) “Людзі, якія ідуць на шлях самастойнага гаспадараньня, вельмі мужныя і самаахвярныя. Яны ўжо дзякуючы толькі гэтаму заслугоўваюць нейкай пашаны. Таму я лічу мэтазгодным падтрымліваць такога чалавека, які бы сваёй працай зарабляў бы сабе на жыцьцё”.

Я знайшоў ва Ўзьмёнах чалавека, які мог бы стаць фэрмэрам. Пра сябе гэты трактарыст нічога не паведаміў і прозьвішча сваё назваць таксама адмовіўся.

(Трактарыст: ) “У мяне ёсьць уласны трактар, два прычэпы, культыватар і плуг, маю дзьве каровы і каня. Аднак фэрмэрам пакуль што не зьбіраюся станавіцца. Я баюся, што падаткі задавяць”.

(Карэспандэнт: ) “Як шараговыя працоўныя да старшыні ставяцца?”

(Трактарыст: ) “Я бы сказаў, што й добра. У добрых працоўных — добрыя кіраўнікі, а дрэнныя супрацоўнікі будуць ставіцца адмоўна”.

Вытворчы каапэратыў “Узьмёнскі”, якім кіруе сацыял-дэмакрат Анатоль Матэленак, розьніцца ад іншых гаспадарак адной толькі асобаю старшыні. А ўсё астатняе тыповае: малыя заробкі, дабітая тэхніка і разьлік на дзяржаўныя грошы пад пасяўную.

(Матэленак: ) “У цяперашнім стане сельская гаспадарка ня зможа існаваць. Калгасны лад вычарпаў усе свае магчымасьці. Пераўтварэньні абавязкова будуць. Магчыма, гэта адбудзецца адначасна з заменай вышэйшае ўлады. Калі-небудзь такі час наступіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG