Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камунальныя войны ў Беларусі: пачатак ці эпізод?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

У краіне нарастае хваля розных грамадзянскіх акцыяў супраць падвышэньня тарыфаў на камунальныя паслугі. Пратэстуюць жыхары асобных дамоў, вуліцаў, прадпрыемстваў, пасёлкаў і гарадоў. Ці гэта пачатак камунальных войнаў у Беларусі або адзін з эпізодаў жыцьця краіны?

Нядаўна ноччу ўспыхнула гарышча нашага дому. Столь часткі кватэраў пазалівалі пажарныя, а мне і суседзям бяды нарабіў нечаканы лютаўскі дождж. Раніцай пашкоджаны агнём дах пачалі рамантаваць. Аднак не абгарэлыя, а гнілыя лісты мяняць катэгарычна адмовіліся. Маўляў, патрэбнае асобнае распараджэньне кіраўніцтва жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Гэтая сытуацыя выдатна адлюстроўвае дачыненьні насельніцтва з камунальнікамі ва ўсёй краіне: надзвычайная сытуацыя патрабуе надзвычайных мераў. Людзі ўжо не вытрымліваюць таго, што адбываецца, сьцьвярджае сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “З ініцыятывы нашай партыі прайшоў мітынг у Гомелі, у якім прыняло ўдзел каля тысячы чалавек. Быў прыняты зварот да прэзыдэнта, у якім выражаецца пратэст супраць росту камунальных тарыфаў і супраць рэформы, якая вядзе толькі да павышэння тарыфаў, а не якасьці гэтых паслугаў. У гэты ж дзень у Менску прайшоў пікет, які таксама быў арганізаваны нашай партыяй. Было цікава, што нават работнікі міліцыі, якія назіралі за пікетам, таксама ўступалі ў гутарку, падлічвалі свае даходы, выдаткі й гаварылі аб тым, што гэтая тэма заслугоўвае ўвагі”.

Больш за тры тысячы гамельчукоў падпісаліся пад адпаведным зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Большасьць людзей найперш хвалюе неадпаведнасьць узроўня даходаў і камунальных тарыфаў. Тое ж самае , дарэчы, адбываецца і ў Расеі. У Арэнбургу, напрыклад, пад ціскам выбарцаў дэпутаты прагаласавалі за сваю, адрозную ад фэдэральнай, мэтодыку разьліку субсыдыяў. Зразумела, на карысьць спажыўцоў. Барацьбу жыхароў расейскага Петрапаўлаўску-Камчацкага супраць гарадзкой мэрыі толькі што падтрымала абласная адміністрацыя. У абедзьвюх краінах людзі згодныя плаціць больш, калі ўзрастуць заробкі, пэнсіі, сацыяльныя даплаты. Бяз гэтага нібыта рэформа ЖКГ цягне толькі далейшае зьбядненьне народу, лічыць гомельскі пэнсіянэр Міхаіл Новікаў:

(Новікаў: ) “Камунальныя плацяжы мы аддаем і застаемся ні з чым. Аддам за іх, а самому — лапу смакчы. Адзінае выратаваньне: ежджу да сястры — бульбачкі беларускае насыпле ды бурачкоў. І то эканомім. Іншых даходаў у нас няма. Ніякіх! Слугі народу, што яны думаюць? Загналі народ у бездань, у пекла... Куды падзецца? Яны што — грамадзянскай вайны чакаюць? Яны ж справакуюць, яны правакатары!”

Падагульняе дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач:

(Карач: ) “Асабліва камунальныя кошты ўдарылі па пэнсіянэрах. І гэта жахлівая сытуацыя! Людзі дакладна галадуюць! Калі бабулька атрымлівае 100 тысяч пэнсіі, а зь іх 70 трэба заплаціць за кватэру, то як ёй пражыць на астатнія 30?”

У студзені слонімскія камуністы правялі апытаньне сярод мясцовых жыхароў. 60% тутэйшых лічаць, што іхнае матэрыяльнае становішча летась пагоршылася. І столькі ж адказалі, што цяперашнія прыбыткі ледзьве дазваляюць ім аплачваць паслугі камунальнікаў. Толькі кожны трыццаты лёгка аплачвае так званыя “жыроўкі”, а вось кожнаму пятаму слонімцу пасьля гэтага няма з чым ісьці ў харчовую краму. Падвышэньне цэнаў адбілася і на вяскоўцах. Распавядае Мікола Баўсюк з Капцёўкі, што ў Гарадзенскім раёне:

(Баўсюк: ) “Вельмі былі задаволеныя, калі нам правялі па вёсках газ, думалі, што будуць умовы гарадзкія. Радаваліся, што будзе палёгка вялікая. Адразу і ня вельмі дорага было. Але 75 тысяч заплаціць за газ пры зарплаце на вёсцы — гэта вельмі вялікія кошты. Можа здарыцца, што ў некаторых сем’ях толькі за газ могуць выплаціць увесь заробак”.

Шмат хто ў Капцёўцы разбурыў печы ў разьліку на газавае ацяпленьне. І — прамахнуліся! Толькі за апошнія два месяцы спадар Баўсюк мусіў заплаціць за газ ажно 150 тысяч. Толькі дзе іх зарабіць у зімовай вёсцы?

(Баўсюк: ) “Сто тысяч заплацілі, пяцьдзясят яшчэ засталіся вінныя. Трэба шукаць выйсьця. Ну, можа, парася здамо, то будзе грошай — заплаціць за камунальныя паслугі. А самі застанемся на бульбачцы”.

Прыблізна тое самае і ў іншых “паўгарадзкіх”, так бы мовіць, вёсках краіны. У Судкова, што ў Хойніцкім раёне, абваліўся дах 16-кватэрнага дому — ня вытрымалі спарахнелыя кроквы. Дзякуй Богу, абышлося без ахвяраў. Аўралам за тыдзень дах адрамантавалі — пабаяліся патрапіць у “чорны” сьпіс, які пачалі складаць падчас кампанейшчыны, выкліканай трагедыяй у Краснапольскім раёне. Менавіта “кампанейшчыны”: гэты дом ужо сем гадоў ня могуць падключыць да цэнтральнага ацяпленьня, дык абаграваюцца грубкамі, увесь час баяцца пажару. І з вадаводам адна бяда. Вяскоўцы больш асьцярожныя, адважыцца на пратэст супраць такога становішча ім няпроста, таму пакуль азіраюцца на гарадзкіх — як будуць выкручвацца тыя? Калі ў Гомелі пратэстны рух ініцыяваны палітычнымі структурамі, то ў Слоніме — суполкамі Свабодных прафсаюзаў. Лідэр рабочых камвольнай фабрыкі Віталь Ешану распавёў, што сёньня тут не ўдаецца зарабіць 100 тысяч нават шмат каму зь сямейных параў:

(Ешану: ) “Размовы такія былі: тут ня тое што няма чым за камунальныя паслугі плаціць, няма за што нават хлеба купіць. Яны менавіта і скардзіліся на тое, што калі аплаціш камунальныя, дык ня будзе за што жыць. І будзеш купляць толькі хлеб ды малако, бо больш ні на што ня хопіць. А пару месяцаў не заплаціш, будуць ставіць пытаньне і з хаты выганяць”.

Дарэчы, у кожным буйным рэгіёне Беларусі хапае прыкладаў жорсткага змаганьня уладаў з тымі, хто нясвоечасова аплачвае камунальныя квіткі або ўвогуле ня ў стане зрабіць гэтага. Дзяржава выціскае сваё любой цаной, не зважаючы на абставіны, якія ж сама й стварыла. Узяць, напрыклад, найбольш пашыраны захад — накручваньне пэні за пратэрміноўку аплаты. Але ж плацяць ня ў час, бо ім затрымліваюць заробкі на прадпрыемствах!

(Спадарыня: ) “Плацілі бы нармальна, каб своечасова нам выдавалі заробкі. Калі да 15-га атрымаем — разьлічымся, не — дык пазычаем. Бо ідзе пэня. Тэлефануем тады ў гарвыканкам, патрабуем, але… На камунальныя паслугі пэня ідзе, а на затрыманыя заробкі яе ўжо ня плацяць!”

Гэтак разважае спадарыня Зінаіда з Воршы. А што тычыцца злосных няплатнікаў, дык і тут далёка ня ўсё проста — людзі і рады разьлічыцца, але ж у невялічкіх гарадках няма працы для ўсіх. Распавядае Тацяна з Талачына:

(Тацяна: ) “Вось сытуацыя з маімі суседзямі. Яны не плацілі грошай некалькі месяцаў, мабыць, ужо паўгоду, і ім адключылі ваду й сьвятло. Яны нідзе не працуюць, і зрабіць зь імі нічога немагчыма: ні выселіць, ні спагнаць… Дык яны так і жывуць: па ваду ходзяць да суседзяў, а сьвятло падключылі самавольна — і нічога!”

Такім чынам, праблему нельга вырашаць толькі за кошт спажыўцоў. Дзяржава, мяркуе адзін з арганізатараў акцыяў пратэсту ў Слоніме Віктар Герасімчык, яшчэ ў большай ступені адказная за сёньняшні камунальны крызыс:

(Герасімчык: ) “Перш чым рэфармаваць ЖКГ, трэба павялічыць заробкі, а таксама абгрунтаваць цэны на паслугі — газ, вада гарачая, ацяпленьне, электрычнасьць. Паколькі мы нават цяпер рэальна пераплачваем за ўсё гэта. Трэба забараніць спаганяць аплату за непрадастаўленыя паслугі, што часта здараецца”.

Гарадзенка Людміла Госьцева на ўласным досьведзе пераканалася, што нярэдка жыльлёва-камунальная гаспадарка спаганяе грошы ні за што, спэкулюе на сваім манапалізьме, адсутнасьці дзейснага грамадзкага кантролю. Так, пры канцы году яна атрымала рахунак на 136 тысяч рублёў, 120 зь якіх — толькі за гарачую ваду і ацяпленьне. Хоць кватэра самая звычайная: 68 “квадратаў”.

(Госьцева: ) “Такі вялікі рахунак ня толькі ў мяне, але ва ўсіх у цэнтры. Мы не разумеем, чаму з нас бяруць такія грошы. Атрымліваецца, што вада і ацяпленьне ў адным раёне каштуюць адно, у другім раёне — іншае”.

Калі разам пачалі шукаць справядлівасьці, грукацца ва ўладныя кабінэты, дык выйшла зьніжка ажно ў два разы!

(Госьцева: ) “Многа хадзілі, я ведаю, што хадзілі ў адміністрацыю прэзыдэнта чалавек дзесяць з Маладзёжнай, там таксама такая сытуацыя. Хадзілі ў гарвыканкам. Натоўпамі папросту хадзілі ў ЖРЭУ. Паперкі паказвалі, але так і не патлумачылі, чаму так атрымалася. Я так думаю, што папросту ў іх вялікія энэргетычныя страты, якія яны раскідваюць на ўсіх на нас. Я павінна ведаць, за што я грошы выкладаю. Вось узялі, а вярнуць не вярнулі”.

Вось тут — вельмі важны момант, на які зьвяртаюць увагу ўладаў і жыхары, і арганізатары пратэстных мітынгаў, пікетаў. Яны лічаць недапушчальным, што, з аднаго боку, нормы спажываньня цяпла, газу, электрычнасьці, вады складаюцца без дастатковага навукова-гаспадарчага абгрунтаваньня, а зь іншага — няма мэханізму адкрытага грамадзкага кантролю за камунальным цэнаўтварэньнем. Распавядае дэпутатка Вольга Карач:

(Карач: ) “Штопанядзелак я праводжу прыём грамадзянаў, і адсоткаў 80 іхных скаргаў — камунальныя плацяжы. Выяўляюцца і цікавыя рэчы. Да прыкладу, нам удалося высьветліць, што адзін дом пераплаціў за месяц 4 мільёны! Я зрабіла дэпутацкі запыт у Кастрычніцкі ЖРЭТ, колькі канкрэтна грошай выдаткоўваецца на мой выбарчы ўчастак. Прайшло ўжо 35 дзён, а адказу дагэтуль няма”.

Дарэчы, Партыя камуністаў беларуская зьбірае подпісы пад зваротам да кіраўніка краіны найперш дзеля таго, каб перагледзець мэты жыльлёва-камунальнае рэформы — на першае месца вылучаецца менавіта якасьць паслугаў насельніцтву. Падпісаліся ўжо 20 тысяч грамадзянаў. Лічба ня ўражвае. Асабліва з улікам таго, што праблема тычыцца большасьці грамадзянаў. Арганізатары акцыі тлумачаць гэткую пасіўнасьць страхам перад уладамі. Але ня ўсе падзяляюць такую думку. Калі арганізатары пратэстнага руху добра вядомыя шарагоўцам, ім давяраюць, дапамагаюць без аглядкі на магчымыя наступствы, лічыць кіраўнік барысаўскай філіі Партыі БНФ Сяржук Салаш:

(Салаш: ) “Адбыўся зрух у свядомасьці жыхароў у бок палітызацыі. Людзі ўжо хочуць і нейкіх палітычных зьменаў. Бо разумеюць, што калі гэтага не адбудзецца, то падвышэньне камунальных коштаў, усе тыя неўладкаванасьці, якія ёсьць, яны будуць працягвацца. Бо трэба сапраўды нешта карэнным чынам мяняць”.

У рамках мясцовай грамадзкай ініцыятывы “За чысты Барысаў” Салаш з аднадумцамі толькі за некалькі вечароў сабралі 500 подпісаў. Пакуль яны абышлі траціну пячанскіх шматпавярховікаў. Высьветлілася, што амаль 70% грамадзянаў адмоўна ацэньваюць працу гарвыканкаму і жыльлёва-эксплюатацыйных участкаў:

(Салаш: ) “Людзі разумеюць фатальнасьць сытуацыі, разумеюць, што ўсё роўна ўсё будзе падвышацца, і людзі, канечне, хочуць, каб заробак падвышаўся. Я думаю, што з гэтым яны зьвязваюць спадзяваньне, што змогуць і камунальныя плацяжы заплаціць, і сям’ю ўтрымаць. І гэтыя праблемы яны зьвязваюць ня толькі з цэнтральнымі ўладамі, але й мясцовымі”.

Вольга Карач зь Віцебску лічыць, што людзі мусяць ведаць канструктыўныя патрабаваньні да ўладаў, свае мажлівасьці:

(Карач: ) “Ёсьць добрыя мэханізмы, каб зьнізіць камунальныя плацяжы. Па-першае, калі ў доме ёсьць нейкая ініцыятыўная група, то жыхары могуць аб’яднацца ды патрабаваць за свае грошы якаснага выкананьня ўсіх аплачаных паслугаў. Па-другое, трэба ставіць лічыльнікі. Ну, а калі ў доме ўжо склаўся пэўны калектыў, то дом можа займець статус кандамініюму. Гэта дае магчымасьць усе дамовы заключаць наўпрост: з энэргасеткамі там і г.д. Гэта вельмі выгадна, бо кожны пасярэднік хоча мець свае накруткі!”

Аднак ня ўсе падзяляюць думку, што на вэртыкаль можна паўплываць тым жа зборам подпісаў пад лістамі пратэсту, патрабаваньнямі рэарганізацыіЖКГ. Як складзецца ў Беларусі, пакуль невядома: тут хваля арганізаванага незадавальненьня толькі ўздымаецца. Аднак шматгадовы расейскі досьвед так званых “камунальных войнаў” паказвае: перамены магчымыя. Хоць і марудна, аднак яны адбываюцца, грамадзкасьці ўдаецца адстаяць асобныя прынцыповыя пазыцыі. Напрыклад, дзякуючы мітынгам і пікетам толькі што паніжаныя камунальныя тарыфы ў Цюмені: мэр спужаўся, што жыхары адклічуць яго з пасады.

А ў Беларусі іншае: тут начальства не абіраецца, а прызначаецца. Чым у значнай ступені й тлумачыцца трываласьць тутэйшай, з дазволу сказаць, “вэртыкальнай абароны”. Распавядае актывістка барысаўскай грамадзкай ініцыятывы Сьвятлана Маісеенка:

(Маісеенка: ) “Нам пастаянна абяцаюць, што кошты “прытармазіліся”, але затым зноў рост. Цяпер вось пачалі ўсталёваць лічыльнікі цяпла. У суседнім доме людзі сабралі грошы і паставілі такі лічыльнік. А я плачу ў тры разы болей. Тут поўнае свавольства!”

Размова пра тое, што ЖКГ адмаўляецца ставіць лічыльнікі на ацяпленьне і ваду за свой кошт, хоць раней абяцала гэта. У адказ галоўная бугальтарка барысаўскай камунальнай службы Вера Пячора кажа:

(Пячора: ) “Раней ставілі за кошт бюджэту — адмыслова на гэта выдзяляліся сродкі. Цяпер няма такіх грошай. Тое, што людзі хочуць цяпер, каб ім былі ўсталяваныя лічыльнікі, то яны ідуць з прапановай — гэта іх асабістая ініцыятыва, каб мы іх купілі. Хочуць людзі, хай робяць”.

Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган ведае шмат падобных прыкладаў, аднак аптымізму не губляе, верыць, што ўлады мусяць зрэагаваць на акцыі пратэсту:

(Скрыган: ) “Я думаю, што яны будуць улічваць гэта, таму што сытуацыя, мне здаецца, вельмі складаная, асабліва для тых людзей, якія атрымліваюць мінімальную пэнсію, мінімальную заработную плату. Гэта ня можа не турбаваць улады. Можа быць, яны ня будуць акцэнтаваць увагі на тым, што гэта менавіта апазыцыйная партыя ставіць пытаньне, але неяк яно павінна вырашацца”.

Досьвед суседзяў — ад Расеі да Польшчы — паказвае: у пераходныя пэрыяды грамадзкасьць мусіць уплываць на камунальную палітыку, дзе заўважнае найбольшае перакрыжаваньне інтарэсаў насельніцтва і дзяржавы. Вострыя спрэчкі тут урэшце абарочваюцца партнэрскім дыялёгам на карысьць абодвух бакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG