Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці многа трэба старым людзям?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Вось вынік дэмаграфічнай рэвалюцыі ў Беларусі: сёньня кожны чацьверты жыхар — пэнсіянэр. Гэта ўдвая перавышае паказчык, калі нацыя старэе. Спэцыфіка краіны і ў тым, што ўдзельная вага пажылых грамадзянаў на вёсцы складае 30%, а ў гарадох 13%.

Вось клясычны погляд беларскага пэнсіянэра на сваё жыцьцё:

(Кабета: ) “Ці многа старому трэба?.. Хапае на харчы, але ж гэта няма такой раскошы, каб што вочы бачаць, дык купіць. Але нам ужо старым вядома як: пэнсія невялікая, але з голаду не памрэш...”

Згадваю гэтыя словы, калі бачу замежных турыстаў, якія наведваюць Беларусь — большасьць зь іх людзі сталага веку. Часьцей за 70, а як выглядаюць, якая цікавасьць да жыцьця! Колькі энэргіі выпраменьваюць — хіба можна параўнаць з айчыннымі старымі? У Гішпаніі (заўважу, далёка ня самай багатай краіне Эўропы) бачыў цэлыя цягнікі састарэлых, што падарожнічалі па сваёй краіне ў рамках мэтавае сацыяльнае праграмы, зацьверджанай урадам, — гішпанцы паўнавартасна жывуць і ў 80.

А вось думкі Марыі Базылевай зь вёскі Вертнік Дзяржынскага раёну пра сваю сям’ю:

(Базылева: ) “Дзед амаль што ляжыць. Баба ледзьве ходзіць. Нам такое гора. Ужо мне 75 гадоў. У мяне скляроз, відаць, старэчы. Я запалю газ — кіну. Я запалю тое — кіну. То сала згарыць, то бульба згарыць. Лукашэнка ж ня ведае, што старэнькім пэнсіянэрам трэба дапамога. Трэба дапамога... А нам няма ніякай дапамогі. Нас утапталі ў гразь і растапталі. Хочаш ты жыві, хочаш памірай. Ніхто ня ведае, як мы тут жывём. Пэнсіянэрам няма ніякага ходу. Яны ўжо так прыціснулі нас, што мы ўжо хочам у зямлю скарэй”.

У гэтых немудрагелістых словах — сутнасьць праблемы старасьці: яна непазьбежна прыводзіць да сацыяльнае залежнасьці. Ад дзяцей, калі тыя ёсьць, ці ад дзяржавы, грамадзтва, калі ня стала апірышча сярод блізкіх. Што багацейшая Гішпанія, што бяднейшая Беларусь апошнім часам мусяць рэзка павялічыць расходы на дапамогу сваім пэнсіянэрам. Прадстаўнікі вэртыкалі ўпэўнена апэлююць лічбамі, зь якіх вынікае: тутэйшыя пасьпяхова спраўляюцца з гэтай праблемай. Так, у прыватнасьці, лічыць старшыня выканкаму Рубяжэвіцкага сельсавету Стаўпцоўскага раёну Міхаіл Скаруліс:

(Скаруліс: ) “У нас адна дзяржаўная і дзьве прыватныя гандлёвыя кропкі. Таму абы грошы — усяго хапае. Пэнсію атрымліваем пакуль рэгулярна. І яшчэ. Пэнсіянэры, якія ня ў стане вырошчваць бульбу, аддаюць свой участак калгасу. А гаспадарка ўзамен бясплатна выдзяляе 250–300 кіляграмаў бульбы ў залежнасьці ад ураджайнасьці. Сёлета няма ніякіх пытаньняў — усе са “скарбам”.

І рубяжэвіцкія старыя дзякуюць за такі клопат пра сябе. Аднак тое рэдкі досьвед . Правілам сталася іншае: ня можаш увесну адсеяцца — твой клопат, зімою выжывай, як зможаш! Мяркую па ўласных назіраньнях: дапамагаць зь сяўбой маці ўсё цяжэй — дык гэта мне, у якога шмат заможных знаёмцаў з уласнай і суседніх вёсак! А ў каго няма дзяцей, што рабіць ім? Дарэчы, хіба жыцьцё старога чалавека зводзіцца толькі да бульбы? Чым беларусы горшыя за тых жа гішпанцаў? За адказам пайду не ў сваю магілёўскую Ракузаўку, а ў стаўпцоўскія ж Рубяжэвічы. Пасьля старшыні сельсавету выслухаем выбаршчыцу з больш чым паўвекавым стажам, бабу Зіну:

(Баба Зіна: ) “Адна жыву — няма ні здароўя, нічога. Уся цікавасьць да жыцьця згубленая. Наогул, цяжка старым жывецца. Цэны тыя растуць, як грыбы. Цуд нейкі. Здаецца, кожны дзень мяняюцца. Неяк была прыстасавалася дык вазьму сыра цьвёрдага — масла не магу, бо печань баліць. А то як пайшла, дык 6–7 тысяч той сыр. Гары ты гарам! І гэта ўжо забаронена. І вось наша дзяржава ўсё хваліцца. Маўляў, у нас усяго “ізабіліе”. Каўбасы ляжаць такія ж сівыя, як і я! Хто іх купляе? Бывала, паедзеш у Менск, узяўшы капейкі, і каўбасы нясём — во!, як дроў абярэмя! А зараз кожны прыйдзе — аблізаўся дый адышоў, аблізаўся дый адышоў... Якое гэта жыцьцё стала!”

Бабулю дапаўняе пэнсіянэрка зь дзяржынскай вёскі Вертнікі Леакадзія Баранава:

(Баранава: ) “Нам тут трэба і дроў прынесьці, і печку падпаліць. І трэба насекчы нейкіх трэсачак. Вось так і качаемся. А ў хаце холадна. За дровы аддаем 55 тысяч рублёў, 65 тысяч. Атрымаем пэнсію — і аддадзім гэтую пэнсію...”

Між тым 12 гадоў таму Беларусь далучылася да рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН, у адпаведнасьці зь якой абавязался забясьпечыць дастойную старасьць сваіх грамадзянаў. І на паперы з узятымі абавязкамі спраўляецца: прынятыя два адмысловыя законы і некалькі міжнародных пагадненьняў, ажно чатыры дзяржаўныя праграмы сацыяльнай дапамогі састарэлым людзям. Так, дзейнічаюць 115 тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўваньня насельніцтва, 65 аддзяленьняў хатняй дапамогі. Апошні кірунак лічыцца пэрспэктыўным ва ўсім сьвеце. Пра свае клопаты распавядае дырэктар Наваполацкага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня Лілія Маеўская:

(Маеўская: ) “На абслугоўваньні ў цэнтры знаходзіцца 265 чалавек. Гэта адзінокія грамадзяне нашага гораду. Цэнтар складаецца з трох аддзелаў: аддзел першаснага прыёму і аналізу, псыхалягічнай дапамогі і рэабілітацыі, а таксама сацыяльнай дапамогі па месцы жыхарства”.

Паводле статыстыкі ў Наваполацку вытрыманыя ці не найлепшыя ўсясьветныя стандарты: адным старым апякуюцца шэсьць работнікаў Цэнтру... Тут могуць пазайздросьціць ня тое што гішпанцы — нават японцы! Загадчыца аддзелу Сьвятлана Залеская кажа, што ейныя падначаленыя не шкадуюць сябе, каб дапамагчы сваім пацыентам:

(Залеская: ) “Наш цэнтар рупіцца аказаць дапамогу ўсім тым, хто зьвяртаецца, хто апынуўся ў цяжкой жыцьцёвай сытуацыі. Дапамагаем настолькі, наколькі гэта ў нашых сілах і наколькі мы можам дапамагчы”.

А вось тут ужо ніякага параўнаньня ні з кім з замежнікаў. Там сацыяльныя праграмы скаладаюцца пад кантролем спэцыялістаў па старасьці — герыятраў. А ў Беларусі гэткая прафэсія пакуль вельмі і вельмі ўмоўная. Адпаведна, няма й сучасных падыходаў да апекаваньня састарэлых. Дарэчы, што казаць пра спэктар матэрыяльных магчымасьцяў цэнтру, калі сярэдні заробак жанчын, якія працуюць у ім, усяго 140 тысяч!.. З улікам таго, што многія зь іх маці-адзіночкі, паўстае пытаньне недакладнае дапамогі самім жа работнікам сацыяльнае дапамогі, прабачце за такую таўталёгію. А як не стае рэальнага, невымерна ўзрастае цана маральнае дапамогі, чалавечае спагадлівасьці, лічыць пробашч полацкага касьцёлу сьвятога Андрэя Баболі Францішак Кісель:

(Ксёндз Кісель: ) “Гэтым сьвяточным часам самотных людзей, якія ня маюць сям’і, я запрашаў на вігілійную вячэру. Дома я іх адведваю сьвятарскаю паслугаю, абслугоўваю іх. Маем кантакт у нямецкім горадзе Фрыдрыхсхафэн і падаем туды адрасы гэтых людзей. Там ёсьць сем’і, якія выдаткоўваюць па пяць эўра для нашых людзей, а тыя радуюцца кожнаму жэсту ўвагі. Калі прыходжу і бачу іхную радасьць, нават потым цяжка ад іх сысьці”.

Ва ўсім сьвеце гуманітарныя стасункі імкнуцца будаваць празь непасрэдныя, простыя кантакты звычайных людзей або няўрадавых арганізацыяў. Беларусь — адно зь невялікіх выключэньняў. Як вядома, так званую “гуманітарку” кіраўнік краіны палічыў неабходным узяць пад жорсткі дзяржаўны кантроль. Зразумела, гэта прывяло да звужэньня дапамогі тым жа адзінокім старым. Бо за мяжой няшмат ахвочых змагацца зь непрабіванымі беларускімі бюракратамі.

Што казаць пра эўрапейцаў ды амэрыканцаў, калі гадамі ня могуць зламаць супраціву тутэйшага чынавенства нават рэдкія мясцовыя энтузіясты. Сярод іх — навапалачанка, адзінокі інвалід Ядвіга Падольская. Цяжка сказаць, колькі сілаў патраціла жанчына, каб вэртыкальшчыкі нарэшце ўсталявалі пандусы ля крамаў і прыбралі зь пераходаў праз дарогі бэтонныя:

(Падольская: ) “Вельмі хочацца, каб дапамагалі нам, а не стваралі лішнія праблемы, таму што й так вельмі цяжка жыць пэнсіянэрам, а тым больш інвалідам, якія на вазках”.

Інвалід Юзаф зь дзятлаўскай вёскі Гарачкі працаваў у калгасе з 14 гадоў. Але за 44-гадовую працу ён зарабіў пэнсію аж сто тысяч рублёў!.. Інвалід і ягоная жонка абодва часта хварэюць, таму маюць вострую патрэбу ў тэлефоне. Да таго ж вёска далёка ад райцэнтру — на самай літоўскай мяжы. Але ўсе ягоныя высілкі безвыніковыя:

(Юзаф: ) “Стаю ўжо хіба гадоў дваццаць у чарзе. Куды толькі ні хадзіў: і ў лукашэнкаўскую каманду, і ў выканкам, і ў сельскі савет — але ўсё дарэмна... А да тэлефону два кілямэтры. У нас калгас развалілі, у канторы стаіць апарат, але замыкаюць і не даюць. Вось нядаўна хуткую ледзьве выклікалі да дачкі, яна інвалід з маленства, у яе адабраўшы рукі-ногі, яна “нерушымая”. І дзе ні хадзіў, ніхто мераў не прымае”.

Гэтаксама беспасьпяхова змагаецца за свае правы яшчэ адзін “памежны” інвалід зь мястэчка Адэльск, што бліжэй да Польшчы, спадар Юры. Нядаўна пэнсіянэр чарговы раз безвынікова езьдзіў у Горадню са сваёю бядой. І ён, і спадар Юзаф са злосьці казалі, што каб мажліва, пераехалі б жыць празь мяжу ў суседнія літоўскую ды польскую вёскі. Там нібыта прасьцей... Шкада родны кут пакідаць, але жыцьцё ў ім відавочна становіцца невыносным. Так што ня толькі беларуская моладзь марыць пра Штаты ды Нямеччыну.

(Юры: ) “Мне ўжо 74 гады. Жонка рабіла 22 гады кухарам у школе, 300 дзяцей карміла і толькі 78 тысяч атрымлівае. А хварэе яшчэ горш за мяне. Ёй не хапае пэнсіі на лекі, я дабаўляю. А я атрымліваю дзьве пэнсіі. У мяне была аварыя за чатыры месяцы да пэнсіі, на рабоце. На мяне наехалі, паламалі. Я апошні месяц атрымліваў 116 тысяч з калгасу. Ну, а цяпер пераводзяць у дзяржстрах. Ня знаю, колькі будуць плаціць... Нідзе нічога не дабіўся. У калгасе дакумэнты згубілі. Я езьдзіў сам, то мне сказалі сёньня ў дзяржстраху: яны згубілі, хай яны езьдзяць. А я во інвалід, а ежджу і мушу свае справы залатвяць”.

Пэнсіянэра папярэдзілі: цяперака атрымае менш. Ну а што калека зь віны калгасу — дык гэта, дзядзька, твае справы — такі ўжо лёс... Усё, сьценка. Далей па справядлівасьць ісьці няма куды. Спадара Юрыя суцяшае адно: яшчэ засталося хоць крыху здароўя, таму неяк выкараскаецца сам і жонку выцягне. А як ты зусім нямоглы і жывеш адзін? Тады памірай. Выратаваць могуць толькі добрыя людзі ды зьбег шчасьлівых абставінаў. Менавіта так здарылася з 82-гадовай бабуляй Ганнай:

(Бабуля: ) “Зь вёскі Саволеўка я. У мяне поліартрыт, адклады соляў і во хадзіць не магу. Пэнсія невялікая. Гэта па мужу яшчэ дабавілі, а так... У мяне два сыны памёрлі, гаспадар памёр вось шэсьць месяцаў таму назад, так што жыву адна”.

Суседзі такія ж самыя, як і баба Ганна, чакаць дапамогі не было адкуль. І раптам прыехала нявестка, яна і выратавала — звазіла да доктара ў горад, бо тутэйшую лякарню зачынілі. Маўляў, у райцэнтры лепшыя ўмовы для лячэньня, больш разумна канцэнтраваць рэсурсы ў адным месцы. Лёгіка кульгае: старым людзям лекар патрэбен ці ня штодня. А як да яго дабрацца? Гэта вялікая праблема для састарэлай беларускай вёскі: за тры апошнія гады ў краіне зьліквідавалі або перапрафілявалі ў амбуляторыі амаль 70 мясцовых участковых больніц. На першы погляд — няшмат. Але ў Вузьдзенскім раёне, напрыклад, сёньня засталася толькі адна стацыянарная мэдычная установа. Вось табе і дзяржаўны клопат пра састарэлых. Разважае 80-гадовы Павал Яблонскі са Смаргонскага раёну:

(Яблонскі: ) “Праблема, што даражэе дарога. Каб квіток быў таньнейшы, а яны яго наадварот зрабілі даражэй! Зь Менску болей як 10 тысяч!”

Або такі прыклад папяровае “ўвагі” да састарэлых людзей. Чарнобыльскім пэнсіянэрам-перасяленцам вэртыкаль Ельску адвяла надзелы зямлі за некалькі кілямэтраў ад квартэраў. Яны адмовіліся і самастойна распрацавалі найбліжэйшае асушанае балота. Дык цяпер чыноўнікі пагражаюць, што на месцы агародаў зьявіцца парк. Гаворыць Марыя Бандарчук:

(Бандарчук: ) “Неяк аднойчы нас прыцягвалі за гэта да адказнасьці. Але ўсё ж пра гэта забыліся. Пакуль нас ніхто не чапае. Але пужаюць. Хочуць тут возера зрабіць. Але тут нашыя агароды, нам працаваць трэба. Калі адымуць, будзе балюча да сьлёз”.

На пытаньне, як людзі будуць бараніць свае агароды, мужчыны жартуюць: абвесьцяць партызанскую вайну. А вось што адказала спадарыня Алена:

(Алеа: ) “Я ня ведаю, як мы абараняць будзем. Як мы будзем абараняць, бабы?! А як бабы могуць абараняць? Языком! Крык. Пойдзем, можа, у райвыканкам, але яшчэ такога не выпадала рабіць”.

Акрамя яскравага ўзору бюракратычнага фармалізму, у тым прыкладзе ёсьць яшчэ адзін вельмі істотны аспэкт стаўленьня дзяржавы да састарэлых людзей. Гэта чарнобыльскі фактар. Украінскія вучоныя ўстанавілі простую сувязь паміж радыяцыяй і геранталягічнай праблематыкай. Яны ўвялі нават тэрмін “промневае старэньне” і даказалі: жыцьцё ў зоне заўважна паскарае апошняе. Каб змагацца з гэтым заўчасным злом, для сотняў тысяч людзей у Кіеве стварылі адмысловы Інстытут геранталёгіі.

А беларуская дзяржава толькі-толькі пачала закладваць падмурак больш-менш прафэсійнай герыятрычнай службы. Між тым, на захадзе яна ўзьнікла паўстагодзьдзя таму. Што і сталася адным з адказаў на пытаньне, чаму так адрозьніваецца жыцьцё, здароўе гішпанскіх, да прыкладу, і беларускіх пэнсіянэраў... Чаму першыя і ў 75 радуюцца жыцьцю, а тутэйшыя ў шэсьцьдзеся зь невялікім стаміліся ад яго, як Юзэфа Хацкевіч зь Дзяржынскага раёну:

(Хацкевіч: ) “Вельмі цяжкая нам, старым, жызьня. Вельмі цяжкая... Можа дасць Бог, каб хутчэй да нас сьмерць прыйшла”.

На гэтае выказваньне суседка спадарыні Юзэфы заўважыла, што пра сыход у нябыт найперш паклапоціцца зямная, беларуская ўлада... Адразу пасьля плянаваных выбараў. Бо старыя ёй непатрэбныя: карміць-лячыць трэба, а аддачы няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG