Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гута


Ягор Маёрчык, Гута

26 траўня 2002 году для жыхароў мястэчка Гута — чорная дата календара. Менавіты ў той дзень роўна а 6-й вечара спыніла сваю працу адзінае тутэйшае прадпрыемтва — шклозавод. Пазьней яго прызналі банкрутам і прадалі расейкай фірме “Эліт”. Новыя гаспадары вытворчасьці дагэтуль так і не аднавілі. А таму сёньня агонь і гул печаў колішнім працоўным толькі сьніцца.

Усе пералічаныя падзеі прымусілі палітычна ляяльнае мясцовае насельніцтва наноў паглядзець на прадстаўнікоў вышэйшыя ўлады Беларусі. У пацьверджаньне — выказваньні Натальлі Казаровец.

(Казаровец: ) “Я сама па тэлевізары чула, што ніводнае беларускае прадпрыемства ня будзе прададзенае бяз згоды працоўных. Гэта Лукашэнка казаў, што ў нас так прадаюцца прадпрыемствы. Калі завод прадавалі, ніхто ў нас не пытаўся”.

(Карэспандэнт: ) “Новае кіраўніцтва, новы ўладальнік. Вашая думка, карэнным чынам сытуацыя цяпер зьменіцца?”

(Казаровец: ) “Кожны чалавек, пакуль жыве спадзяецца. Хутчэй бы ён прыступаў да сваіх абавязкаў! Купіў, дык хай ужо пачынае працаваць! Мы гатовыя працаваць! Мы ж чакаем пачатку ўжо болей за год. Урэшце, ну, дзе ён ёсьць, той уладальнік?”

Уладальнік у Расеі. А тут, у Гуце, пра ягоныя інтарэсы дбае часовы дырэктар Іван Талецкі. Але нават ён дакладна ня можа сказаць, калі адновіцца вытворчасьць паўлітровых ды літровых жбанкоў.

(Талецкі: ) “Што тычыцца людзей, калі будзе пачынацца праца, будзе сфармаваны новы калектыў. Колькасьць будзе прыкладна тая, якая й была. Што да даты пачатку працы заводу, сёньня ніхто ня можа сказаць, калі гэта адбудзецца. Самы спрыяльны час, для рамонту шкловарных печаў змарнаваны. Прынята так, што пры мінусавых тэмпэратурах шкловарныя печы не кладуцца. І цяпер усё будзе залежаць ад Бога”.

За паўтара году, пакуль стаіць шклозавод, у Пастаўскім раёне перабывалі старшыня ўраду, цэлы атрад міністраў і процьма іхных намесьнікаў. Тры сотні беспрацоўных шторазу слухалі іхныя абяцаньні. Маўляў, новы ўласьнік хутка зноў запусьціць вытворчасьць. І справы пойдуць на лад. Цяпер любы незнаёмец, які зьявіцца ў Гуце й пачне распытваць пра завод, мясцовых жыхароў толькі раздражняе. У гэтым я пераканаўся, калі пазнаёміўся з Таісай Лукашэвіч.

(Лукашэвіч: ) “Прыяжджалі карэспандэнты. Хто толькі ні прыяжджаў! Нічога не дапамаглі. Чым вы дапамагаеце, калі прыяжджаеце? Вы сабе на гэтым грошы зарабляеце! А нам что? А нам ніхто нічога не дапамагае”.

Гэтая кабета ўжо ў сталым узросьце. І зь яе пэнсіі кормяцца ажно тры сям’і — свая ўласная і двух сыноў.

(Лукашэвіч: ) “Як жывецца? Ну, пэнсію даюць”.

(Карэспандэнт: ) “Вялікая пэнсія, калі не сакрэт?”

(Лукашэвіч: ) “Сотня. Ай! Ды дзе яно там хапае? Каб адна жыла, дык хапала бы. Газу трэба набыць, мужыку — курава. А што мне застаецца? А нічога! Толькі на хлеб ды батон — тысяча на дзень. Як тут можна набыць адзеньне? Абрэзаў старыя боты й хадзі. Сёньня адзін сын ня робіць, другі сын ня робіць. Дзе яно будзе хапаць?!”

(Карэспандэнт: ) “А яны чым займаюцца? Ну, можа, сельскай гаспадаркай?”

(Лукашэвіч: ) “Набярэш зямлі! Каня няма, трактара няма — нічога няма. Ці выгадная сельскай гаспадарка? Хто ў ёй будзе працаваць?”

Хто маладзейшы ды здаравейшы, даўно зьехаў з Гуты. Частка ўладкавалася на іншых шклозаводах, частка — на будоўлях ва ўсёй Беларусі. На гаспадарцы засталіся жонкі з малымі дзецьмі. Зноў пры мікрафоне Натальля Казаровец:

(Казаровец: ) “Беспрацоўе ўжо другі год. А куды я паеду? У мяне карова, гаспадарка, у мяне дзіцё ў школу ходзіць. Куды я паеду?!”

(Карэспандэнт: ) “Каб у сям’і ўсяго хапала, каб быў сямейны дабрабыт, колькі мусіць складаць сямейны бюджэт? Колькі для гэтага грошай трэба?”

(Казаровец: ) “150 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі ёсьць?”

(Казаровец: ) “Учора атрымала 68. На траіх. Яшчэ паўмяха якой бульбіны ёсьць. Зьямо й будзем зубы на паліцу класьці”.

Кампэнсацыі ды заробкі колішнім працоўным не выплачвалі болей за год. І летась пратэстуючы супраць гэтага, бацькі не пусьцілі на 1 верасьня сваіх дзяцей у школу. Сярод іншых, так вырашыла й спадарыня Марына:

(Марына: ) “Хлопчык не хадзіў у школу, бо не было за што адправіць. Не было за што набыць ні сшыткаў, ні адзёжы. І так цэлы тыдзень мой дзіцёнак не хадзіў у школу”.

(Карэспандэнт: ) “Гэты было летась. А сёлета як?”

(Марына: ) “Сёлета апранаў мінулагоднюю вопратку, партфэль яшчэ не стары быў — вось так і пайшоў. Бацькі інваліды. Ім таксама грошы патрэбныя і на мэдыкамэнты, і на лекаваньне. Да ліпеня стаяла на біржы. Усё, цяпер біржа ўжо ня плаціць. Застаецца толькі жыць на дзіцячую дапамогу — 64 тысячы. Праз паўгоду зноў паставяць на біржу. А як зіму на гэтыя “дзіцячыя” грошы перажыць? Ня ведаю, як зімаваць будзем. І ці выпаўзем вясною на траўку, ці не?”

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць жа нейкая гаспадарка?”

(Марына: ) “Козы, сьвінчо, куры. Бульбы сёлета няма. З аднаго надзелу накапалі тры васьмілітровыя вядзёркі. Уся бульба — арэхі!”

Пасьля гэтак званага школьнага страйку, колішні ўладальнік завінавачаныя грошы усё ж такі выплаціў. А вось інваліды так свайго і не атрымалі. Дзяржава нібыта ўжо й ніякага дачыненьня да прадпрыемства ня мае. А новыя гаспадары спасылаюцца на тое, што людзі пацярпелі за старымі часамі. Адпаведна плаціць пэнсіі ім павінны зь дзяржаўнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Дамо слова дзядзьку Івану:

(Іван: ) “Шмат людзей калецтвы на заводзе атрымалі. Во, у мяне рука не працуе. І за гэтыя калецтвы нам нічога ня плацяць”.

(Карэспандэнт: ) “А можа вы зьвярталіся за мясцовых уладаў? Да таго ж пассавету, каб дапамаглі нечым?”

(Іван: ) “Усюль езьдзілі — і ніякага плёну. Яны нас штурхаюць адзін да другога. Нам проста сказалі: выжывайце, як хочаце, ці вешайцеся, ці тапіцеся. Шчыра нам так і сказалі: ідзіце ўсе ў возера, у вас там вады шмат. Рыбу нават нельга лавіць. Прыедзе рыбнагляд, зловіць, ня будзе чым заплаціць штраф, дык яны прыедуць дадому й што-небудзь забяруць. А красьці пойдзеш — у турму пасадзяць”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ўжо спрабавалі?”

(Іван: ) “Адзін тут бяз працы хадзіў. Пайшоў красьці. Яго там на месцы злавілі й запёрлі, а ён павесіўся. Пакуль участковы прыбёг, ён ужо гатовы! Вось і нас да такіх дзеяньняў вымушаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж красьці ня пойдзеце?”

(Іван: ) “Не, красьці я не пайду, а вешацца, можа, і прыйдзецца!”

(Спадарыня: ) “Мы ўжо нічому ня верым. Пісалі, скардзіліся, прасілі пра дапамогу. Нібыта закінутая выспа — ніхто нічым не дапамагае!”

(Карэспандэнт: ) “А што ў жыцьці Гуты ёсьць добрага?”

(Спадарыня: ) “Ой, ня ведаю, пра што добрае можна сказаць. У нас болей дрэннага, чым добрага”.

Гэта я разгаварыўся з выхавацелькай тутэйшага дзіцячага садку. Па-праўдзе кажучы, ужо каму-каму, а ёй грэх наракаць на сваю долю.

(Спадарыня: ) “Мы раней фінансаваліся шклозаводам, а цяпер — ад бюджэту. Нам пашанцавала! Заробак у час плацяць. У дзяцей добрае харчаваньне: садовіна штодня, мяса, рыба. Не адзін працоўны не паскардзіцца, бо добра”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, яны ж таксама крыху ядуць”.

(Спадарыня: ) “Так. Калі дзеці не даядаюць, каму не агідна, можа пакаштаваць гэта”.

Гуцкую сярэднюю школу таксама некалі ўтрымліваў шклозавод. Цяпер ейнае фінансаваньне — асобны радок у раённым бюджэце. Але перад тым, як скіравацца ў навучальную ўстанову, я завітаў на мясцовы вузел сувязі. Падаю фрагмэнт гутаркі з паштальёнкай Вандай Іванюк:

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат газэтаў выпісваюць людзі?”

(Іванюк: ) “Шмат хто газэты б выпісваў, але няма фінансаў. Заводзкія людзі газэтаў зусім не выпісваюць. Збольшага, пэнсіянэры адну-дзьве газэты выпішуць. І ўсё. У пошты ёсьць плян, каб павялічвалася падпіска. Нацыянальных выданьняў асобнікаў пад восемдзесят мусіць быць. Але няма й паловы пляну”.

Калі бракуе грошай, каб выпісаць газэту, застаецца глядзець бясплатнае тэлебачаньне. Выпускі навінаў і аналітычныя перадачы — болей зарыентаваныя на дарослых. Дзяцей жа заўсёды прываблівала забаўляльная частка тэлепраграмы. Але каб маладое капаленьне змалку гартавалася ў рэчышчы дзяржаўнай ідэалёгіі, у школе ладзяць адмысловыя заняткі. Якраз на гэтую тэму мы гутарылі з настаўнікам Мікалаем Арэхам:

(Карэспандэнт: ) “Вы працуеце ў школе. Выкладаеце гісторыю. Хуткім часам вам прыйдзецца выкладаць яшчэ й дысцыпліну ідэалягічнай скіраванасьці”.

(Арэх: ) “Ужо прыйшла рэкамэндацыя, якія газэты трэба праглядаць”.

(Карэспандэнт: ) “І што пасьля рабіць?”

(Арэх: ) “Размаўляць з вучнямі: што чулі, што чыталі, як ставяцца да таго, што адбываецца? На месяц мусіць прыпадаць дзьве тэматычныя інфрмацыі й дзьве адглядныя. Кожны клясны кіраўнік у сваім выхаваўчым пляне павінен адзначыць правядзеньне такой працы. Ну, а тэму можна выбраць любую. Інфармацыю пакуль што на такі востры кантроль ня бралі”.

(Карэспандэнт: ) “Але вы ня можаце выбраць тэму кшталту “Бітва пад Воршай”?”

(Арэх: ) “Пэўна ж ніхто не забароніць. Але калі прыедуць на гэтую інфармацыю з праверкай, могуць сказаць, што гэтая тэма не падыходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Як паставіліся настаўнікі да такой дадатковай нагрузкі”.

(Арэх: ) “Настаўнікі кажуць, што хутка будзе болей часу пісаць паперы, чым праводзіць урокі”.

(Карэспандэнт: ) “Зважаючы на ўсе тыя цяжкасьці жыцьця, якія ёсьць у Гуце, з вашага гледзішча, наколькі будзе эфэктыўная такая ідэалягічная праца?”

(Арэх: ) “Плёну тут будзе зусім мала. Тое, што гавораць па тэлебачаньні, разыходзіцца з тым, што ёсьць насамрэч”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG