Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янаў (Іванава)


Ягор Маёрчык, Янаў

Два варыянты назову гораду, тры гімны, адзіны на ўвесь сьвет помнік Напалеону Орду, сакрэтная мова лабараў і арыгінальная мясцовая кухня — гэта далёка ня ўсе адметнасьці Янава. Іванава — 15-тысячны раённы цэнтар Берасьцейшчыны. У нацыянальным друку пра яго згадваюць ня надта часта. На адпаведны запыт пошукавыя сыстэмы Інтэрнэту першай выдаюць старонку janow.virtualave.net. Зь неафіцыйным гарадзкім Інтэрнэт-сайтам я пазнаёміўся яшчэ ў Менску. А калі апынуўся на месцы, першым чынам завітаў да аўтара — маладога бізнэсоўца Аляксея Ўстамчука.

(Устамчук: ) “Калі толькі пачаўся беларускі Інтэрнэт, узьнікла думка стварыць гэты сайт. Сустрэлі людзі вельмі добра, зьдзіўляліся, чаму такое маленькае мястэчка як Янаў мае свой сайт. Наведнікаў спачатку было вельмі шмат. Збольшага, гэта былі замежнікі — з Амэрыкі, з Ізраілю”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньняшнія ўлады гораду Янава, як яны сустрэлі? Ці прыязна паставіліся да самой ідэі?”

(Устамчук: ) “Ніводзін чалавек зь мясцовых уладаў да мяне ніколі не прыйшоў, не патэлефананваў, не падзякаваў за тое, што я зрабіў. Так што для мясцовых уладаў гэта прайшло непрыкметна”.

Аляксей Устамчук жаліцца, што бракуе часу апэратыўна абнаўляць Інтэрнэт-старонку. Сям’я, будаўніцтва ўласнага дому і бізнэс, у якім ёсьць працяг колішніх захапленьняў. Маладзён зьбірае і прадае кампутары.

(Устамчук: ) “Ніякіх умоваў для бізнэсу ў Янаве ня створана”.

(Карэспандэнт: ) “Выбары 2001 году. Тады адным з самых галоўных пунктаў у праграме Аляксандра Лукашэнкі была лібэралізацыя эканамічная, падатковая, стварыць больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу. Прайшло два гады. У які бок зьмяніліся справы?”

(Устамчук: ) “Падатак на мой від дзейнасьці павялічыўся на 20 адсоткаў. Арэнда памяшканьняў павысілася ў 2,6 разу. Якая тут можа быць размова пра лібэралізацыю бізнэсу й рынку? Гэтага не адбылося”.

(Прадун: ) “Да мясцовых уладаў насельніцтва ставіцца надзвычай крытычна. Мясцовыя ўлады наладжваюць прэсінг на ўсіх азымутах. Маю на ўвазе ўвядзеньне розных падаткаў і збораў у бюджэт”.

Размову пра зборы ў бюджэт працягвае Васіль Прадун. Ён удакладняе: апроч падаткаў, ёсьць яшчэ адна праблема:

(Прадун: ) “У людзей бракуе грошай, бо іх няма дзе зарабіць. У дадзены момант я вяртаюся зь біржы працы, дзе зрабіў адзнаку як беспрацоўны. Арганізацыю, у якой я працаваў, гэта аграснаб, зьліквідавалі зусім. Каля году стаю ў чарзе за працаю, але яе няма й не прадбачыцца. На сабе адчуваю, якое цяжкае жыцьцё. Чалавек мае толькі самае неабходнае. Ну, што тут казаць, калі палова насельніцтва ходзіць без зубоў з той прычыны, што іх няма грошай паставіць?”

Я знаходжуся на цэнтральным пляцы. Праваруч стаіць помнік самаму славутаму земляку янаўцаў — народжанаму тут мастаку Напалеону Орду. Ён удзельнічаў у паўстаньні 1831 году, а пасьля быў выгнаны расейскімі ўладамі са сваёй гістарычнай радзімы. Мастак выбітны сваімі дакладнымі выявамі архітэктурных помнікаў ва ўсёй Эўропе. Напісана: “Напалеон Орда: мастак, кампазытар, музыкант”. І ніякіх датаў нараджэньня і сьмерці. Помнік уяўляе сабой постаць чалавека сталага веку. Сядзіць на пяньку, у руках трымае мальбэрт. Калі заглянуць, бачна, што пэндзлем ён выводзіць выяву храму. Побач знаходзіцца рэдакцыя мясцовай раённай газэты “Чырвоная звязда”. Выглядае, што Напалеон Орда глядзіць на рэдакцыю “Чырвонай звязды” і малюе храм.

Выдатнага мастака й музыку разам зь ягонай спадчынай дзеляць Беларусь, Польшча і Францыя. Але помнік яму ёсьць толькі на малой радзіме. Гэтым янаўцы вельмі ганарацца. Можна ўявіць, у колькі разоў памножыцца такое пачуцьцё ў 2007-м, калі тут будуць сьвяткаваць два стагодзьдзі ад нараджэньня Напалеона Орды. Галоўныя ўрачыстасьці мяркуюць правесьці ў адноўленым маёнтку Варацэвічы.

Загадчык аддзелу культуры Янаўскага райвыканкаму Ўладзімер Шэляговіч мае на гэты конт напалеоўнаскія пляны.

(Шэляговіч: ) “Будзе цэнтар: карцінная галерэя, музэй, мастацкая школа і гатэль. У гэты час пачынаецца рэканструкцыя памяшканьняў пад карцінную галерэю. І налета, у 2004 годзе, мы яе адчынім”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я разумею, места фактычна ператворыцца ў турыстычны пункт?”

(Шэляговіч: ) “Так. Гэта будзе цэлы комплекс. Людзі прыехалі — ім ёсьць дзе пераначаваць, ёсьць дзе пахарчавацца, ёсьць дзе адпачыць, ёсьць дзе атрымаць дакладныя зьвесткі пра творчасьць нашага знакамітага земляка”.

Спачатку я казаў, што Янава мае ажно тры гімны. Усе яны зьявіліся адначасна, некалькі гадоў таму. Тады ў горадзе праходзілі абласныя дажынкі. Першая кампазыцыя нагадвае няўдалую песьню расейскай поп-зоркі. Яшчэ адна выконваецца ў рытме танга, паводле зьместу разьлічаная на падлеткаў. А трэцяя, дарэчы адзіная беларускамоўная, — вальс. Адметнасьць апошняга варыянту гімну і ў тым, што тут гучыць голас галоўнага культурнага вэртыкальніка раёну.

(Карэспандэнт: ) “А як так сталася, што загадчык аддзелу культуры выйшаў на сцэну, узяў мікрафон і пачаў сьпяваць?”

(Шэляговіч: ) “У гэтым ніяма нічога дзіўнага, бо я колькі сябе памятаю, зьяўляюся ўдзельнікам мастацкай самадзейнасьці”.


* * *
Хто першы адкрыў для мясцовага жыхарства знакамітага земляка Напалеона Орду? Спрэчкі на гэты конт У Янаве не сьціхаюць дагэтуль. Сярод іншых называецца імя Рыгора Сыраваткі. Колішні старшыня ўжо не існоўнай суполкі “Народнай грамады”, былы дырэктар школы, а цяпер звычайны настаўнік. Ён здолеў абараніць ад пераводу на расейскую мову навучаньня адну з трох гарадзкіх школаў.

З Рыгорам Сыраваткам мы гутарылі пра ўладу. Пра тую самую, пры якой ён быў, ад якой сышоў і куды хацеў вярнуцца, калі спрабаваў абрацца ў Вярхоўны Савет 13-га склікання.

(Сыраватка: ) “Улада адварочваецца ад людзей, адрываецца. Бачны нейкі правал. Ва ўладзе стала болей чыноўніцтва і меней мясцовага прадстаўніцтва, тых, хто мог бы нейкім чынам пацягнуць воз гэтых справаў. Парадоксаў у жыцьці заўсёды пахае: ад “Дажынак” да таго, што ў школе не хапае звычайнай паперы; ад таго, што нейкі чыноўні зрабіў шыкоўны рамонт у сваім кабінэце, а разам з тым, не хапае падручнікаў, не хапае лекаў”.

(Карэспандэнт: ) “Вы нейкалі загадвалі аддзелам прапаганды пры райкаме КПБ. Сёньня, калі ў Беларусі пачалася чарговая хваля ідэалягічнай працы, як вы на гэта глядзіцё?”

(Сыраватка: ) “Можна пачуць, што надышоў час ідэалёгіі. Як быццам бы ў дзевяностыя гады было іншае. Толькі прыярытэты мяняюцца. Там мы абвяшчалі прыярытэт агульначалавечых каштоўнасьцяў, прыярытэт нацыянальнай арыентацыі. А сёньня мы паварочваем нашыя прыярытэты, адыходзім ад агульначалавечых. Шмат што ў гэтай справе ўспрымаецца людзьмі пакуль з усьмешкай, а не з насьцярогай”.

Яшчэ адна візытоўка Янава — гэта лабары. Так шмат стагодзьдзяў называлі людзей, прафэсійным заняткам якіх было зьбіраньне грошай на будаўніцтва храмаў. Прычым канфэсійная прыналежнасьць будучай бажніцы, таксама як і мясцовасьць, куды выпраўляліся на пошукі ахвяраваньняў, ролі не адыгрывалі. За савецкімі ўладамі ў гады ваяўнічага атэізму лабары перакваліфікаваліся ў працаўнікоў прадпрыемстваў і калгасьнікаў. Прыкладам, пэнсіянэр Юры Бабіч выкладаў ў школе фізкультуру. З набыцьцём незалежнасьці Беларусі маладое пакаленьне да заняткаў сваіх дзядоў так і не вярнулася. Ад лабараў засталіся ўспаміны ды іхная тайная мова.

(Бабіч: ) “Вельмі не распаўсюджвалі гэтай мовы, ня кожны мог ведаць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы валодаеце гэтай мовай?”

(Бабіч: ) “Крышку валодаю. Мы, можа, ведаем толькі сотую частку ад яе. Гаспадар — пахазнык, стары — ёры, малады — трыпэлы, царква — клюша, Бог — охвэст, хлеб — кумса, сала — крысо, бульба — трыжнікі”.

(Карэспандэнт: ) “Вашыя нашчадкі, дзеці, унукі ці ведаюць што-небудзь пра лабарства, мову лабараў?”

(Бабіч: ) “Нейкія словы ведаюць, чуючы ад нас”.

(Карэспандэнт: ) “А ў сям’і вы на якой мове размаўляеце? На лабарскай?”

(Бабіч: ) “Гэтай мовы не ўжываем. На сваёй размаўляем, на мясцовым дыялекце”.

А цяпер што прыемнае: ежа. У стравах янаўскай кухні прысутнічаюць на першы погляд несумяшчальныя складнікі. Але ўсе разам яны робяць тое, што можна апісаць адным словам — смаката. Такога не прапануюць нават у самых шыкоўных рэстарацыях. Толькі я зьявіўся па парозе хаты бабы Вольгі, як яна запрасіла да стала й прапанавала паабедаць.

(Вольга: ) “Крышаны робяцца з бульбы, бобу, грыбоў (сама смачна зь лісічкамі), соль — і малаком заліць”.

(Карэспандэнт: ) “А як гэта ў адной страве можна зьмешваць малако і грыбы?”

(Вольга: ) “А вось і можна зьмешваць!”

(Карэспандэнт: ) “Чаго яны ў вас такія густыя?”

(Вольга: ) “Бо ўсё разварылася. Я адмыслова раблю такое густое. Вось зараз я вам дам. Пакаштуйце!”

(Карэспандэнт: ) “Вельмі смачна!”

Баба Вольга сядзіць за сталом побач. Я ем крышаны, а яна дзеліцца фірмовым рацэнтам другой стравы:

(Вольга: ) “Яшчэ можна рабіць чурэкі. Бульба трэцца як на дранікі. Пасьля дадаяцё туды мукі. Усё павінна быць такое густое. Берацё дубовы ліст. Усё на гэты ліст і кладзяцё перад полымем”.

(Карэспандэнт: ) “І ён пячэцца на дубовым лісьце?”

(Вольга: ) “Так, на дубовым лісьце. А пасьля яго адымаеце — і ўсё чыстае. Бяз попелу”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму для прыгатаваньня ня ўзяць патэльні?”

(Вольга: ) “А на патэльні атрымаецца дранік ці блін”.

У размовах з тутэйшым насельніцтвам ня раз выпадала чуць словазлучэньне “янаўскі мэнталітэт”. Патлумачыць яго можна так: імкненьне вылучыцца, быць не падобным да астатніх. Што пра людзей, тое й пра горад. Вуліцы ў Янаве шырэйшыя, чым у суседніх раённых цэнтрах, а кветак улетку болей, чым ў якім іншым абласным гарадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG