Састарэлая Надзея Вепрык добра ўсьведамляе, што ніякага падарунку на Каляды і Новы год яна не атрымае. Па ўсім Лельчыцкім раёне, як і ва ўсёй Гомельскай вобласьці крэўных у яе няма. Цікава, што ўсё мроі на сьвяточную тэму зводзяцца да будзённых цяжкасьцяў.
(Вепрык: ) “Божухна! Козаў няма чым карміць. Трэба з голаду іх выцягваць. Вось каб сена дастаць! Пэнсія ўсяго 76 тысяч. Што можна за гэтую пэнсію набыць? Пра сябе ўжо і ня думаю. Каб толькі з голаду мае жывёлы не падохлі! Як я буду сьвяткаваць? Хоць ты вешайся, хоць ты забівайся, бо добрага нічога няма. Пакуль Лукашэнка будзе ля ўлады, ніякай зьмены ня будзе. Наадварот усё ідзе да горшага”.
Надзея Вепрык мае падставы для нараканьняў. Яе пакрыўдзілі. І не аднойчы.
(Вепрык: ) “Ля мяне суседзі такія зьявіліся, што час ад часу пранікаюць у маё жытло, крадуць рэчы, грошы. Я і ў пракуратуру пісала. А які сэнс пісаць? Мяне зрабілі дурной, а хворая — інвалюцыйны панароід. Інвалідам зрабілі! Паставілі на ўлік, а я пра гэта нават ня ведала. Старшыня райвыканкаму ўсіх прыме, а мяне — не. Круціць пальцам ля скроні. Дэпутат прыяжджаў, Касьцян гэты. Я падала пісьмовую заяву. Роўна месяц прайшоў — ніякага адказу”.
(Карэспандэнт: ) “Заканчваецца 2003 год. Як ён для вас прайшоў?”
(Вепрык: ) “Мне вельмі цяжка. Настолькі несправядліва пабудаванае жыцьцё ў раёне!”
(Журовіч: ) “Хацелася, каб можна было прыдбаць тэхніку. Тэлепрымач у мяне барахліць, а я новага набыць не магу, бо ён вельмі дарагі. Сын жыве ў Менску і будуе каапэратыўную кватэру. Абяцалі, што да Новага году ён залесіцца.Калі б гэта адбылося — гэта быў бы самы вялікі падарунак”.
Пэнсіянэр Васіль Журовіч у гародчыку пад вокнамі хаты ён вырошчваў ружы. На бяду родная вуліца Чырвонаармейскай трапіла пад кампанію добраўпарадкаваньня. Тут вырашылі паставіць новыя платы. Спадару Журовічу загадвалі высекчы кустоўе, бо яно нібыта перашкаджае, псуе ўсю прыгажосьць. Гаспадар абвесьціў акцыю непадпарадкаваньня. З чыноўнікаў і адмыслоўцаў сабралі камісію. Тая разьбіралася непасрэдна на месцы. Большасьцю галасоў пастанавілі: плот пабудаваць так, каб ружы засталіся.
(Карэспандэнт: ) “За свой добраты й спакой трэба змагацца?”
(Журовіч: ) “Так. Каб табе нешта зрабілі. Мусіш вельмі нізка галаву трымаць. І не кажы ні слова насуперак. А я хачу, каб са мной размаўлялі як з чалавекам, а не шляхам загаду. Па кухнях ды пазавугольлях усе незадаволеныя, а наўпрост сказаць баяцца. Не відаць, каб чалавек мог нешта свабодна сказаць. Ніхто тваімі думкамі не цікавіцца. Людзі настолькі пакорлівыя і настолькі залішне памяркоўныя, што гэта ім перашкаджае”.
(Тачко: ) “Хачу на Новы год такі падарунак, каб да народу павярнуліся тварам, каб чыноўнікі не хаваліся ад людзей. А яшчэ трэба, каб было добрая куртка й добры строй, каб быў абутак — як ва ўсіх нармалёвых людзей. Няма ў мяне што жонцы дарыць. Толькі ласку”.
З адзеньнем, прыватнай часткай навагодняга жаданьня, усё зразумела. На вуліцы Перамогі яшчэ адная агульнанацыянальная акцыя “Газыфікацыя Палесься” перамагла не да канца. Міхал Тачко тлумачыць што й як:
(Тачко: ) “50 мэтраў ад нас стаіць разьмеркавальна-помпавая станцыя. Падключылі тыя дамы, дзе жывуць чыноўнікі, а там дзе пэнсіянэры — прапусьцілі. Людзі, якія аддалі дзяржаве сваё здароўё, цяпер нікому не патрэбныя. Колькі я не зьвяртаўся да мясцовых уладаў — ніякай дапамогі!”
(Карэспандэнт: ) “Калі вам абяцаюць правесьці газ?”
(Тачко: ) “Ніколі! Яны прыкрываюцца шпіталем, тым, што трубы пацягнулі туды на два з паловай кілямэтры. Але там стаяць і іхныя маёнткі. Мы нават зьвярталіся да гэтата Касьцяна. Ён сказаў: у маёй працы толькі 10 адсоткаў звароты насельніцтва. У астатнім я займаюся палітычнымі пытаньнямі. Колькі разоў мы пісалі на імя прэзыдэнта. З адміністрацыі ўсё вяртаецца назад і ўсё блякуецца. Нейкае зачараванае кола”.
(Карэспандэнт: ) “Які б падарунак хацелася б атрымаць на Новы год?”
(Спадарыня: ) “Цёплыя чаравікі, каб ногі ня мерзьлі. Ну й што, вы мне іх падарыце? У мяне дачка жыве ў вёсцы. Паеду туды й там буду сьвяткаваць. А што я буду рабіць у халоднай хаце? Падалі на мяне ў суд. 85 тысяч не заплаціла за мінулагодняе ацяпленьне. Чаму я павінна плаціць, калі я сплю апранутая? Халодна ў кватэры. І я зноў ня буду плаціць!”
Гэтая спадарыня прадставіцца не пажадала. Яна згадвае пра новы мікрараён на ўскрайку Лельчыцаў. Квартал маёнткаў паспалітыя людзі ахрысьцілі “Сіроцкай вуліцай”. Кабета распавядае пра яго бяз зайздрасьці, з адной толькі агідаю:
(Спадарыня: ) “Там жывуць “белыя людзі”. Гэта тыя, якія багатыя, у якіх чужая вошка за каўнер залезла — дырэктары, начальнікі, іхныя намесьнікі. Але толькі ня чорны чалавек”.
(Мюлер: ) “Я ўжо сказала сваім супрацоўнікам, каб чакалі падарункаў. Але што мне да сьвята зрабіла падатковая ? Мільён дзьвесьце тысяч штрафу далі. Пакажыце мне закон, паводле якога вы выпісваеце штраф! Яны сказалі: “Спадарыня, калі мы пачнем капацца, мы такога нарыем”. Хай бы ў навагоднюю ноч Лукашэнка стаў Дзедам Марозам. Сказаў бы: “Новы загад. Старых даўгоў ты плаціць ня будзеш. Добрага сну!” Дурное пажаданьне, праўда?”
Гэта голас зь нешматлікага асяродку лельчыцкіх бізнэсоўцаў — Марына. На дваіх з мужам, грамадзянінам Нямеччыны, яны выкупілі тутэйшы камбінат бытавога абслугоўваньня й усе ягоныя пазыкі. Цяпер гэта прыватнае прадпрыемства “Увэ Мюлер”.
(Мюлер: ) “Жадаю, каб падатковая і райвыканкам... Я ім жадаю прыгожай ёлачкі на Новы год, сесьці, згадаць мяне, як яны мяне радуюць перад Новым нодам. Прэмію падатковай. Прэмію райвыканкаму. Малайцы, добра працуюць! Мяне ўжо так дастала гэтая несправядлівасьць! Я не хачу бачыць гэтых мярзотнікаў-бюракратаў! Я папросту стамілася. Які можа быць бізнэс, калі я іду ў райвыканам, а мяне выпіхваюць нагамі. Гэта ненармалёва! Жыцьцё пайшло — проста жах! Штодня кладуся ў ложак і, засынаючы, думаю: што такога дрэннага прадпрымальнік зрабіў прэзыдэнту?”
(Карэспандэнт: ) “Які падарунак хацелі бы атрымаць на Новы год?”
(Сініцкі: ) “Каб роўна першага студзеня зьмянілася ўлада. Калі былі прэзыдэнцкія выбары, людзі ставіліся да нас дрэнна. Але калі былі выбары ў мясцовыя саветы, тыя людзі, якія нас ненавідзелі, падыходзілі да мяне й казалі: мы галасавалі за вашага кандыдата”.
У чалавека грамадзкі актыўнага і жаданьні адпаведныя. Кіраўнік суполкі Аб’яднанай гармадзянскай партыі — Васіль Сініцкі. Быў назіральнікам на мясцовых выбарах. Лічбы галасаваньня — галоўны вынік палітычнага году ў Лельчыцах. Пра гэта пазьней. А пакуль пра будучыню.
(Карэспандэнт: ) “Налета будуць выбары ў Палату прадстаўнікоў…”
(Сініцкі: ) “Ад улады зноў думае балятавацца Сяргей Касьцян. Людзі больш за ўсё не гатовыя галасаваць за дадзенага кандыдата. Цягам чатырох год ён не аказаў ім ніякай дапамогі”.
(Карэспандэнт: ) “А што б вы пажадалі дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Касьцяну?”
(Сініцкі: ) “Ісьці на заслужаны адпачынак. Ён ужо пэнсійнага ўзросту”.
(Карэспандэнт: ) “А старшыні райвыканаму Ўладзімеру Мірановічу?”
(Сініцкі: ) “Тое, што й Касьцяну”.
(Гаўрыленка: ) “Хацелася бы добрую лядоўню-маразільнік”.
(Карэспандэнт: ) “А што атрымаеце?”
(Гаўрыленка: ) “Выглядае, што нічога”.
Беспрацоўны Мікалай Гаўрыленка спрабаваў сёлета прайсьці ў абласны савет. Стаць дэпутатам ён вырашыў не без дапамогі мясцовай вэртыкалі.
(Гаўрыленка: ) “Штуршком для майго вылучэньня стаў выступ старшыні лельчыцкага райвыканкаму. Маўляў, у раёне няма ніякай апазыцыі, а ёсьць толькі два апазыцыянэры, якія ня могуць спакойна жыць, але іх людзі ня вельмі ведаюць, справаў добрых яны не зрабілі, галасаваць за іх ня будуць. Прачытаўшы гэты выступ, мы вырашылі, што трэба змагацца. Я набраў 25 адсоткаў”.
(Карэспандэнт: ) “На Новы год прынята нешта жадаць. Чаго пажадаеце цяперашняму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Касьцяну?”
(Гаўрыленка: ) “Добрага адпачынку”.
(Карэспандэнт: ) “А старшыню райвыканкаму?”
(Гаўрыленка: ) “Дапамагаць вудзіць рыбу першаму. Яны два пэнсіянэры, Хай адпачываюць і гадуюць унукаў. Мы вельмі спадзяёмся, што так яно й будзе”.
Пад Новы год жыхары Лельчыцаў мараць, каб зьніклі паўсядзённыя цяжкасьці. Праўда, у цуд на Каляды мала хто верыць. А ў пажаданьнях на адрас дзяржаўных чыноўнікаў не пачуеш словаў “шчасьце”, “здароўе” і “посьпех”. Тут ім ня зычаць, ад іх чакаюць палёгкі й разуменьня.