Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарнастаевічы


Ягор Маёрчык, Гарнастаевічы

Пушка цукерак менскай фабрыкі “Камунарка” — менавіта такою цаною я вырашыў купіць сымпатыю жыхароў вёскі Гарнастаевічы, што ў Сьвіслацкім раёне Гарадзеншчыны. Сталага запасу ласункаў у камандзіроўкі з сабою не важу. А таму як толькі зьявіўся ў паселішчы, адразу скіраваўся ў краму. За прысмакі аддаў дзьве з паловай тысячы беларускіх рублёў. Распакаваў тут жа, стоячы ля касы. Кабета падазрона зыркнула на мяне й ад пачастунку адмовілася.

(Карэспандэнт: ) “Давайце з вамі пагутарым”.

(Спадарыня: ) “А што мне з вамі гутарыць?! Сёньня мы жывём, каб даглядаць дзяцей. Пра гэта толькі падумайце! Трэба, каб дзеці нас глядзелі. Ну а што, калі ім то працы няма, то працоўны тыдзень чатыры дні? Што мы, дзяцей да пэнсіі мусім даглядаць? О-о-ой! Каб, мне адной, то грошай бы хапала так-сяк”.

(Карэспандэнт: ) “А не хапае на што: на лекі, на вопратку?”

(Спадарыня: ) “Якія там лекі?! Мужык хворы ляжыць. А мне што — за 24 тысячы лекі купляць? Што, чацьвертую частку пэнсіі заплаціць?”

(Карэспандэнт: ) “А чаго хочацца набыць, але не хапае грошай?”

(Спадарыня: ) “Балычка хочацца паесьці. Далікатэсіка якога. А я сабе гэтага не магу дазволіць. Вось лівэркі ўзяла, і зьямо яе”.

(Карэспандэнт: ) “А калі апошні раз балычок елі?”

(Спадарыня: ) “Ужо даўно! Мусіць, на яком вясельлі”.

(Карэспандэнт: ) “Як сьвяткаваць будзеце?”

(Спадарыня: ) “Ніяк!”

(Карэспандэнт: ) “У дзевяць гадзінаў спаць ляжаце?”

(Спадарыня: ) “Лягу. А я ўжо старая ў клюб хадзіць. Каму я патрэбная ў тым клюбе?”

(Карэспандэнт: ) “Які падарунак хочаце атрымаць?”

(Спадарыня: ) “Мне зяць набыў чаравікі. І сказаў: “Гэта вам, мама, падарунак на Новы год. На гэты й на наступны”.

У Гарнастаевічах бажніцы няма ніякай. На вялікія сьвяты вернікі езьдзяць у суседняе мястэчка Поразава. Як і ва ўсіх навакольных вёсках, у гэтым паселішчы хата да хаты жывуць каталікі й праваслаўныя. Таму Раства тут цэлых два — і ўсе паўнавартасныя. Пэнсіянэрка Разаля Гарбанава лічыць сябе полькай. На мае пытаньні адказвае на мове свайго касьцёлу.

(Гарбанава: ) “Першым чынам паедзем да касьцёлу. Там будзе сьвяточная імша. Прыедзем дадому. І зробім вячэру посную. Яшчэ не магу вам сказаць, хто прыедзе. Можа, зьявяцца дзеці, але яны далёка жывуць. Самым бы добрым падарункам для мяне быў бы прыезд дзяцей”.

(Карэспандэнт: ) “Вы што сваімі дзецям на сьвяты падарыце?”

(Гарбанава: ) “Павіншую іх, і хопіць”.

(Карэспандэнт: ) “Я вас віншую з Новым годам і Калядамі. Каб налета спраўдзілася ўсё тое, што вы загадваеце”.

(Гарбанава: ) “Вялікі дзякуй!”

(Карэспандэнт: ) “Я хоць і ня Дзед Мароз, але ў якасьці сьвяточнага падарунку частуйцеся цукеркамі, калі ласка”.

Іду па Гарнастаевічах, а насустрач баба Ліля. Ейныя Каляды будуць пасьля Новага году. Таму сьвяточны настрой толькі на падыходзе. А распавесьці пра будзеннае жыцьцё, гэта калі ласка:

(Лілія: ) “У Гарнастаевічах жывуць добра. Здароўя няма — вось гэта бяда! Транспарту няма. Няма на чым езьдзіць да лекара ў Сьвіслач. А што гэты наш ФАП? ФАП маленькі, а людзі ўсё старыя, усе хворыя. Лекаў мала даюць”.

(Карэспандэнт: ) “Як прайшоў 2003 год?”

(Лілія: ) “У мяне ўсё было дрэнна. У мяне памёр сын. 40 год яму было. Таму гэты год для мяне надта быў цяжкі”.

(Карэспандэнт: ) “Прабачце, я ня ведаў… А дачцэ што падарыце?”

(Лілія: ) “Закалю кабана. Накладу сумак. І будзе ёй падарунак на паўгоду!”

(Карэспандэнт: ) “Я вас віншую з Калядамі й Новым годам. Каб у наступным годзе ўсё было добра. Каб ён быў лепшы за той, што застаецца ў мінулым. Каб вас не забывалі дзеці. Каб да вас езьдзілі ўнукі. Каб вам дапамагалі й мясцовыя ўлады і вашыя суседзі. У якасьці падарунку частуйцеся цукеркамі”.

(Лілія: ) “Не запісвайце мяне! Людзі возьмуць ды пазнаюць паводле голасу. Я праўду казала”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму ж вы тады баіцеся, што людзі вас пазнаюць?”

(Лілія: ) “Скажуць: во, ужо ў радыё залезла!”

Тамара Грышко — расейка паводле нацыянальнасьці. Сама сябе лічыць дзіцём Савецкага Саюзу. Усё жыцьцё адпрацавала на ўдарных сацыялістычных будоўлях. А пад пэнсію лёс закінуў у Беларусь. Тут і асела. За гады жыцьця нават вывучыла некаторыя беларускія словы.

(Грышко: ) “У вёсцы Новым годам мала хто цікавіцца. Прайшоў, і дзякуй Богу! І каляды — у хаце. Нікуды не ідзеш, холад. Хто цябе павіншуе?Каму ты патрэбны?! Адныя ўдовы жывуць па 60, па 70 год старушкі. А дзеці і ўнукі па гарадах усё выглядаюць з бабіных рук. Каб так раскошна — набыў якіх каўбасу ці кураня — гэта не атрымліваецца. Вымушаны эканоміць”.

(Карэспандэнт: ) “Які падарунак хочаце атрымаць на Новы год і Каляды?”

(Грышко: ) “Некалькі рублёў наверх пэнсіі. Тысячаў 20–30, каб чалавек мог разгуляцца. Чаму ж гэта Лукашэнка ня дадасьць пэнсіі на сьвята? Хай бы дадаў! Пэнсіянэры яго выбралі, у тое крэсла пасадзілі”.

(Карэспандэнт: ) “А сын вам што падарыць?”

(Грышко: ) “А што ён падарыць, калі ў саўгасе па тры месяцы заробку не атрымліваюць?”

(Карэспандэнт: ) “У Гарнастаевічах якая галоўная праблема, чаго людзям не хапае?”

(Грышко: ) “Не зьвяртаюць увагі на пэнсіянэраў! Каб была нейкая дапамога: калі дроваў прывезьлі, ці саломы далі… Аўтобусы ня сталі хадзіць! Куды тут старому заехаць. Пакутуюць людзі ў вёсцы дый усё”.

(Карэспандэнт: ) “Я вас віншую з Новым годам!”

(Грышко: ) “Дай Бог табе здароўя!”

(Карэспандэнт: ) “Я вас віншую з Калядамі. Каб ў наступным годзе да вас прыйшоў дабрабыт”.

(Грышко: ) “Гучыць як тая казка”.

(Карэспандэнт: ) “Частуйцеся цукеркамі!”

(Грышко: ) “Давайце дзьве штукі!”

(Карэспандэнт: ) “Ну, вазьміце дзьве. Ладна ўжо з вамі”.

(Грышко: ) “Дзьве!”

(Карэспандэнт: ) “Калі апошні раз шакалядныя цукеркі елі?”

(Грышко: ) “А д’ябла яго ведае!”

У завочную спрэчку з пэнсіянэркаю Тамараю Грышко ўступае ейнаяя суседка па вёсцы. Колькі словаў пра кабету: муж і яна пакуль яшчэ працуюць. Праўда, гэтым годам стала лягчэй, бо старэйшая дачка пайшла на свой хлеб. На шыі засталася толькі малодшая. Але пра ўсё па парадку.

(Карэспандэнт: ) “Я чуў, што аўтобусы дрэнна ходзяць…”

(Спадарыня: ) “Хопіць аўтобусаў! Я сёньня ў Ваўкавыску была. Дзьве тысячы праезьдзіла, і мне гэта пакішэні”.

(Карэспандэнт: ) “А пэнсіянэры плачуцца…”

(Спадарыня: ) “Пэнсіянэры плацяць толькі палову квітка. Таму, можа, для іх і зарэдка. Яны, можа, і часьцей хацелі б”.

(Карэспандэнт: ) “Як Каляды сьвяткаваць будзеце?”

(Спадарыня: ) “Ой! Новы год і Каляды цяпер сьвяткаваць слабавата будзем. Грошай у саўгасе няма. Заробак 30–40 тысяч на месяц”.

(Карэспандэнт: ) “Я ўжо баюся пытацца, якія падарункі вы падрыхтавалі… А мужу што падарыце?”

(Спадарыня: ) “Бутэльку гарэлкі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы што б хацелі атрымаць?”

(Спадарыня: ) “Каб хто падарыў бутэльку шампанскага. Штогод на гэтыя сьвяты выпівала бутэльку шампанскага. Адзіны раз на год такое — вып’ю бутэльку шампанскага. Сама сабе магу дазволіць”.

(Карэспандэнт: ) “Бутэлькі шампанскага не падару, а цукеркамі пачастую. Бярыце, частуйцеся. Новы год, Каляды. Нейкая сьвяточная праграма будзе?”

(Спадарыня: ) “Пойдзем на ёлку ў клюб. Крыху павесялімся. Крыху патанццуем. І ў люлю. І на гэтым скончыцца нашае сьвяткаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “2003 год што вам прынёс?”

(Спадарыня: ) “Прайшоў для мяне нармалёва. Дачка паступіла. Гэта вельмі радасна, хай вучыцца”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі. Я вас віншую з Новым годам і Калядамі. Каб, сапраўды, да вас прыйшоў Дзед Мароз. Каб усё, што вы загадваеце, абавязкова спраўдзілася. І калі ў вас запытаюцца праз год, як прайшоў 2004-ы, вы б паказалі вялікі палец рукі — “Вось так ён прайшоў! Усё было выдатна!”

(Спадарыня: ) “І вам гэтага жадаем!”

(Карэспандэнт: ) “А такое адбудзецца?”

(Спадарыня: ) “Я ня веру, што такое можа адбыцца”.

(Карэспандэнт: ) “А вы верце, і яно абавязкова адбудзецца”.

(Спадарыня: ) “Калі так, застаецца толькі верыць”.

Да гэтага моманту быў упэўнены, што толькі Божае Раство сьвяткуецца двойчы. Новы ж год ў Беларусі адзін на ўсіх. Але як толькі ўвайшоў у хату да Лідзіі Тарасевіч, нібыта апынуўся ў 1917-м. Да ўлады толькі што прыйшлі бальшавікі. Яны адмысловай пастановай загадалі насельніцтву сьвяткаваць Новы год у адзін дзень з усім астатнім сьветам. Гэта значыць, 1 студзеня. Народ да такой навіны яшчэ не прызвычаіўся. Насамрэч жа на двары 21 стагодзьдзе.

(Тарасевіч: ) “Мы гэты Новы год не адзначаем. Сьвіньню заколем. Кішкі пяклі на Шчодрыка, 13-га. А 14-га — Новы год. А Каляды й Новы год — гэта вялікія сьвяты, а 31-га і 1-га нічога ня будзе, мы не сьвяткуем”.

(Карэспандэнт: ) “Ужо даўно Новы год перанесьлі…”

(Тарасевіч: ) “…хіба перанесьлі?!”

(Карэспандэнт: ) “На першага студзеня. А вы яшчэ 13-га сьвяткуеце?”

(Тарасевіч: ) “А мы яшчэ 13-га”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, нейкі ж стол будзе на Новы год?”

(Тарасевіч: ) “На 14-га?”

(Карэспандэнт: ) “Не. На 1-га”.

(Тарасевіч: ) “Не, ня будзе. Гэта звычайны посны дзень”.

(Карэспандэнт: ) “Які падарунак хочаце атрымаць?”

(Тарасевіч: ) “Рыбы, торта й пушку цукерак”.

(Карэспандэнт: ) “Цукеркамі, калі ласка, частуйцеся!”

(Тарасевіч: ) “Ой! Дзякуй. А навошта гэта?”

(Карэспандэнт: ) “Ну як гэта? Сьвята”.

(Тарасевіч: ) “Дзякуй!”

Лідзія Тарасевіч дзеліцца рацэптам сьвяточнай куцьці. Кажа, што простыя складнікі — гэта гарантыя смачнай стравы:

(Тарасевіч: ) “А куцьцю вараць па-звычайнаму. Пярлоўку засыпаюць у рандолю. Яна там кіпіць. Калі густая, памешваюць. Зварылася. Тады засыпаем туды мак і цукар. Хто яго меле, а хто кавалкамі кідае”.

Парад сьвятаў у вёсцы Гарнастаевічы сёньня толькі пачынаецца. Фінал надыдзе толькі ў другой палове студзеня — ужо ў новым 2004 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG