Лінкі ўнівэрсальнага доступу

…ЯНА СІЛКУЕЦЦА ДЗЯРЖАВАЙ І ТАМУ МАЕ “ВЫДАТНУЮ” ПЭРСПЭКТЫВУ…


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Выхапленыя з кантэксту разьвіцьця падзеяў лічбы й факты не заўсёды аб’ектыўныя. Возьмем тое ж беларускае лідэрства па карупцыі. Так, паводле дадзеных адмысловага эўрапейскага цэнтру дасьледваньняў краіна сапраўды апярджвае ня толькі Расею ды іншых савецкіх сёстраў, але й шэраг суседзяў па былым сацлягеры... Афіцыйная прапаганда тлумачыць гэта перш за ўсё бескампраміснасьцю кіраўніка краіны і створанай ім уладнай вэртыкалі. Аднак вядомы эканаміст і сацыёляг Аляксандар Сасноў не пагаджаецца:

(Сасноў: ) “Дзяржава больш імітуе барацьбу з карупцыяй, вызначае нейкіх ахвярных казлоў – зь дзяржаўных чыноўнікаў менавіта, – зь якімі публічна робяць нейкія разборкі. Каб паказаць, што яна працуе. На самой справе ніякай барацьбы з карупцыяй няма. Наадварот, дзяржава павялічвае колькасьць чыноўнікаў. А ўлічваючы беларускі мэнталітэт і здольнасьць большасьці нашых грамадзянаў запусьціць руку ў дзяржаўную кішэнь, ну, атрымліваецца адпаведны вынік...”

І вось гэтыю праўду ўлады замоўчваюць. Бо факты выглядаюць не на іх карысьць: у параўнаньні зь мінулым годам сёлета Беларусь апусьцілася амаль на 20 прыступак у сусьветнай карупцыйнай кваліфікацыі.

Весткі з рэгіёнаў

– Меншчына. Калі за 9 леташніх месяцаў пракуратура вобласьці завяла 40 справаў з карупцыйнай афарбоўкай, дык сёлета амаль удвая больш.
– Магілёўшчына. Пры атрыманьні хабару арыштаваны дырэктар Задняпроўскага рынку. Дарэчы, ягоны папярэднік сёлета асуджаны за тое самае. Адзін з былых кіраўнікоў гарвыканкаму падазраецца ў атрыманьні двухмільённага хабару…


Не сказана ў справаздачы міжнародных экспэртаў і пра тое, што тутэйшае чыноўніцтва працуе ў спэцыфічных умовах. Калі Чэхія, Польшча, Славаччына, Казахстан, Латвія перайшлі ці завяршаюць пераход да рынкавых адносінаў, дык у Беларусі рэформы замарожаныя. Больш чым на 50% эканоміка сілкуецца бюджэтнымі грашыма. А чым меншая доля інвэстыцыяў, прыватнага капіталу, тым больш засакрэчаная інфармацыя пра крадзёж. Памятаеце прымаўку-апраўданьне дробных савецкіх “несуноў”: усё вакол калгаснае – усё вакол маё! Пятро не ківаў на Міколу, бо таксама краў. Гэтаксама й сучасная беларуская карупцыя. Пра яе кажуць усе, аднак найчасьцей тое для кухонных размоваў, а не замежных дасьледаваньняў.

(Спадарыня: ) “Людзі недастаткова забясьпечаныя. І кожны чалавек у цьвярозым розуме імкнецца, каб ягоная сям’я жыла лепей. А нармалёва на вытворчасьці грошы немагчыма зарабіць”.

Гэта меркаваньне хатняй гаспадыні з Мядзельшчыны Алены Сіўцовай. Яна таму й кінула працу, што атрымлівала дробязь. На думку жанчыны, вышэйшыя па службовай лесьвіцы знаёмцы пакуль яшчэ трымаюцца, бо могуць “хімічыць”. А крадуць, паводле ейнай лёгікі, з-за грахоўнай чалавечай сутнасьці. Прычым карупцыя так імкліва разбурае грамадзкую сьвядомасьць, што ў яе пачалі ўцягвацца нават тыя, хто нібыта меў маральныя тармазы. Спадарыня распавяла пра старшыню Сырмяжскага сельсавету Сяргея Хілу, які паводле сьледзтва гандляваў зямлёй ля Нарачы. Участак – 400 даляраў. Шмат хто ў гэта ня верыць. Вось меркаваньне старшыні Мядзельскага райсавету Сьвятланы Мінчук:

(Мінчук: ) “Ён быў прыстойны чалавек. Насельніцтва кажа: мы ня можам паверыць, што гэты чалавек можа нешта ўзяць! Мы, вядома, абмяркоўвалі – праводзілі сэсію пашыраную. Я гаварыла зь ім, тэлефанавала, раілася. А што там насамрэч адбылося – ня ведаю. Ёсьць і такія выказваньні: маглі падставіць”.

Як бы там ні было, распаведзеная гісторыя блізкая да другой вэрсіі карупцыйнае бесьсьмяротнасьці: закон пераступаюць з-за недасканалай прыроды ўлады, дэфэктнасьці самой сыстэмы. Што й выказала іншая кабета, красамоўна тыкаючы пальцам угару:

(Кабета: ) “Карупцыя ёсьць, яна існуе і будзе існаваць, колькі б народ ні жыў, колькі б ні змагаўся зь ёю. Усё сыходзіць адтуль! З гэтым я сутыкнулася, я гэта добра ведаю. Там, дзе круцяцца грошы, там існуе карупцыя. Калі грошы немалыя, то карупцыя яшчэ большая”.

Замест доказаў у цёткі эмоцыі. Аднак чарга ў краме, якая слухала нас, адабральна “такала”. Бо да хабару рознага памеру, пабораў, звычкі вырашаць усемагчымыя праблемы “левым” шляхам даўно прызвычаіліся. Тое, што заўсёды побач, губляе выразнасьць. Так і тут. Грамадзтва ня дужа зважае, што пры кампартыі незаконныя дачыненьні “дай – вазьмі” былі найперш выкліканыя татальнасьцю разьмеркаваньня. Ня толькі тавараў і паслугаў, але й рэсурсаў, капіталаўкладаньняў. Але “падмазка”, як ні дзікавата гучыць, “разумна” суадносілася з заробкамі. Абодва зацікаўленыя бакі ведалі меру. Калі ж вядомы дзяржаўны дзяяч ускочыў на скрыню зь цьвікамі і пачаў нібыта разбураць той парадак, мяжа – з дазволу сказаць – “разумнай карысьлівасьці” зьнікла...

(Прадпрымальніца :) “О, ліцэнзіі – гэта наагул страшная справа. Ліцэнзія на сьпіртовыя напоі – у нас жа манаполія! І на тытунь манаполія. Раней, каб атрымаць запіс прадпрымальніку, што ты можаш працаваць са сьпіртовымі напоямі і цыгарэтамі, – гэта каштавала дзьве тысячы “уголовных единиц”, гэта значыць, даляраў. А цяперака ліцэнзія ад 5 да 10 тысячаў. Вось табе і ўся арыфмэтыка, вось і лічы. Пра гэта ведаюць усе, толькі ўсе маўчаць, таму што за гэта падвешваюць канкрэтна”.

Каб ня стаць “ канкрэтна падвешанай”, спадарыня са Жлобіна папрасіла не называць ейнае прозьвішча і зьмяніць голас – ня толькі па тэлевізары бачыла, што робяць са сьведкамі... Бо пры сёньняшняй уладзе карупцыйны характар рэзка памяняўся ў бок неабмежаванага, нахабнага цынізму з крымінальным адценьнем. Так, паводле словаў Алены Папельскай з Жодзіна, адзін з былых кіраўнікоў аўтазаводу літаральна камэрцыяналізаваў сваю пасаду. Ён вымагаў хабар адкрыта, без усялякай маскіроўкі. А як не давалі – помсьціў:

(Папельская: ) “Увесь горад пра гэта ведае. Ён выпісваў ордэры людзям менавіта за хабар. Мой муж проста ня даў 200 даляраў. Адмовіў. Ён спачатку цямніў, а потым заявіў: трэба плаціць, даваць хабар за тое, што й так належыць даць. У выніку “пракаціў” нас паўсюдна”.

Дрэнна, калі становяцца над законам. Аднак яшчэ горш, сьведчаць сацыёлягі, што пры вэртыкальнай уладзе чыноўнікі ствараюць устойлівую карумпаваную сыстэму. Міжведамасныя, міжрэгіянальныя групоўкі апаратчыкаў ня проста абыходзяць заканадаўства, але й актыўна ўплываюць на ягоную дэфармацыю: прабіваюць такія акты, указы, інструкцыі, якія дазваляюць “лавіць рыбку ў мутнай вадзе”. На думку спадара Юрася з Наваполацку, ён згубіў сваю справу, бо чыноўнікі наўмысна заклалі ў нарматыўную дакумэнтацыю магчымасьці розначытаньня. Дагрукацца да праўды так і ня змог, хоць прабіўся ажно да сталічнага начальства:

(Прадпрымальнік :) “На самым вышэйшым ўзроўні карупцыя: паборы, хабар... Вельмі цяжка. Усялякімі мэтадамі імкнуцца ўзяць грошы. Прыдумляюць розныя перашкоды, каб лішнюю капейку сарваць: то ліцэнзіі, то сэртыфікаты. У крамах ня трэба ніякія сэртыфікаты на сканфіскаваны тавар, нам – патрэбны. Што гэта? Узаконеная карупцыя!”

Фактычна сёньня пачалася прыватызацыя функцыяў улады. Праз карумпаваныя групоўкі ўсё больш актыўна забясьпечваецца ценявы кантроль над эканомікай і дробным бізнэсам, кажа адзін з лідэраў прадпрымальнікаў Меншчыны Аляксандар Лапотка:

(Лапотка: ) “Хто не даваў хабар, ужо даўно не камэрсант. Як кажуць, ён у сілу сваёй некампэтэнтнасьці ня можа хадзіць да гэтых органаў і нешта “прабіваць”... Таму што зараз законы і “машына” пастаўленыя так, што людзі мусяць несьці, “падаць”. Мусяць несьці адным, другім, трэцім...”

Цікава, што спадар Лапотка наўпрост зьвязвае гэткія паводзіны вэртыкалі з адсутнасьцю рэформаў у дзяржаўным сэктары эканомікі. Маўляў, ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі цяжэй раскідваць карупцыйнае сеціва. А прыватнікі безабаронныя, таму чыноўнікі бесцырымонна навязваюць ім свае ўмовы. З гэтага вынікае, што калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў прыватызацыя усё ж мусіць пачацца, дык беларуская карумпаванасьць падскочыць за год не на 20 пунктаў, як сёлета, а парадкава. Дагоніць ня толькі Расею з Таджыкістанам, але й Нігерыю, якая замыкае сусьветны хіт-парад карумпаваных дзяржаваў.

Весткі з рэгіёнаў
– Толькі за дзевяць месяцаў выяўлена звыш 10 тысячаў эканамічных злачынстваў, сярод якіх вылучаюццах групавыя карупцыйныя схемы з мэтай завалодаць важнымі прадпрыемствамі праз штучны, фальшаваны мэханізм банкруцтва.
– За апошнія паўтары гады за хабарніцтва і службовае злоўжываньне толькі суды пакаралі кожнага шасьцідзесятага чыноўніка краіны...


Нарастаючая карупцыйная хваля непакоіць і дзяржаву, і грамадзтва. Аднак узгодненага супрацьстаньня ёй мала. Цікава, што няшмат ахвотных знайшлося тэлефанаваць па розных так званых “тэлефонах даверу” і дакладваць пра нядобрасумленных чыноўнікаў. Улада звыкла лічыць, што краіна яшчэ не пазбавілася рэцыдываў 30-х гадоў... Але народ ужо многае зразумеў і яшчэ больш – бачыць:

(Спадар: ) “Рука руку мые: усім выгадна гэта, і ўсе маўчаць. Гэта задавальняе саму верхавіну. На кожнага карупцыянэра ёсьць кампрамат, каб у выпадку чаго можна было б яго прыціснуць”.

Аднак, гледзячы на кіраўніка Беларусі, ніжэйшыя начальнікі лічаць нормай бясконца пагражаць сваім работнікам, жорстка расьпякаць іх, штрафаваць... І ўрэшце рэшт ідэю карных мераў як лепшае і хіба ці не адзінае прафіляктыкі супраць карупцыі грамадзкая думка ўспрыняла, хоць “стукаць” усё ж адмовілася...

(Спадар: ) “Як бы Сталіна ня ганьбілі, у ягоныя часіны сьвядомасьць была такая, што браць хабар баяліся і не бралі. Таму, напэўна, трэба больш запужваць хабарнікаў, больш выяўляць”.

Прычым такой думкі прытрымліваецця ня толькі дзядзька зь мястэчка Халопенічы, але й адукаваныя людзі. Напрыклад, вядомы палітык і бізнэсовец Андрэй Клімаў:

(Клімаў: ) “Гэты рэжым трымаецца толькі на карупцыі. Трэба старшыняў, начальнікаў, розных адказных арыштаваць і пасадзіць у турму. Адразу адлучыць і пасадзіць гадоў на дзесяць. Ці як мяне – на два з паловай. Праблемы ў нашай краіне не з-за Лукашэнкі, не з-за ізаляванасьці палітычнай ці эканамічнай, а менавіта з-за карупцыі.”.

Але большасьць палітычнае эліты разумее беспэрспэктыўнасьць аднаго толькі перасьледу. Вось што кажа, напрыклад, лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў:

(Шанцаў: ) “Жорсткія меры павінны ісьці побач з працэсамі станаўленьня грамадзянскай супольнасьці, з дэмакратызацыяй”.

Яго дапаўняе вядомы беларускі эканаміст Павал Данейка:

(Данейка: ) “Патрэбна празрыстая сістэма набору чыноўнікаў, празрыстая эканоміка, правы ўласнасці… Усё гэта працэс, гэта немагчыма зрабіць у адзін дзень, гэта некалькі гадоў працы. Канкрэтная канфігурацыя будзе залежыць ад палітычнага раскладу”.

Паводле спадара Шанцава, антыкарупцыйны плян выглядае так:

(Шанцаў: ) “Павінна быць незалежная прэса, павінны добра працаваць структуры грамадзянскае суполніцтва, павінна быць празрыстая ўлада, асабліва мясцовая. Гэтага ў нас няма, таму глеба для карупцыі, безумоўна, ёсьць”.

Гэтыя ідэі апазыцыі скіраваныя ў будучыню. А ў рэальнасьці дзейнічае вэртыкаль. На нядаўнім сэмінары для яе галоўны кантралёр краіны Анатоль Тозік сказаў літаральна наступнае: “Ідучы на працу ў дзяржапарат, чыноўнік мусіць ведаць, што ён ніколі ня будзе багатым і ня здолее на гэтым зарабіць”... Але ж хіба так і ў жыцьці? Хіба шыкоўныя аўто і катэджы маюць не яны, а, напрыклад, шараговыя інжынэры альбо мэдыкі? Вось апошніх якраз і ціснуць па поўнай, як кажуць, праграме. Распавядае бабруйская мэдычка спадарыня Тацяна:

(Тацяна: ) “Ня так даўно прыйшоў з Міністэрства аховы здароўя нейкі… ну дураваты ж дакумэнт! Па ім кожны мэдык павінен расьпісацца, што ня будзе браць падарункаў ад хворых і іх родных. І усё гэта нібыта ў рамках барацьбы з карупцыяй! Якія, прабачце, каррупцыянэры тыя доктаркі, што атрымліваюць гэтыя цукеркі ці кавалак дамашняй каўбасы? Зрабіце заробкі нармалёвымі, і нікому не будуць патрэбныя міністэрскія пісулькі...”

Атрымліваць больш Тацяна не спадзяецца. На “пісульку” махнула рукой. Кажа, што наперадзе Новы год, і каб па-людзку яго адсьвяткаваць, бярэ ад сваіх пацыентаў і шакаляду, і шампанскае... Гэта азначае, што лекаваць небясьпечную сацыяльную хваробу неэфэктыўная дзяржава няздольная. Зусім не традыцыі, не “сапсаваны” народ, а менавіта яна ўзмоцнена корміць карупцыю на ўсіх узроўнях грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG