Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы Двор


Ягор Маёрчык, Новы Двор

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Ух ты, якія боты! А ў вас такіх самых ботаў, але 46 памеру няма?”

(Лапіч: ) “Няма!”

(Карэспандэнт: ) “Ай! Я бы набыў, каб былі 46 памеру”.

(Лапіч: ) “Але мы можам падвезьці на замову. Пашукаць такі памер у горадзе. Паведаміць вам, прыедзеце й забераце”.

Звычайны сяльмаг. На паліцах — усяго патрошку. Аднак тут прапануюць тое, чаго немагчыма вырасьціць на ўласных палетках. І хочуць вяскоўцы ці не, а набываць абутак, фарбу і шкляны посуд яны папросту вымушаныя. Таму прадавачкі хваляцца немалою колькасьцю пакупнікоў. Дзякуючы такім акалічнасьцям, квітнеў бы сяльмаг і надалей, але над ім навісла пагроза інтэграцыі. Спажывецкае таварства Сьвіслацкага раёну хоча далучыць яго да харчовай крамы. Краму гэтую тэрмінова трэба ратаваць. Ужо колькі гадоў яна стратная: акрамя хлеба і танных чарнілаў амаль нічога не разыходзіцца.

Загадчыца крамы гаспадарчых тавараў Ірына Лапіч змагаецца за незалежнасьць як толькі можа.

(Лапіч: ) “Хочуць нас аб’яднаць з харчовай крамай. Быў дэпутат з Горадні й абяцаў, што нас не аб’яднаюць. Але нічога не атрымалася”.

(Карэспандэнт: ) “І цяпер чобаты будуць стаяць побач зь ёгуртамі?”

(Лапіч: ) “Так, зь ёгуртамі. Можа, зіма цяпер, так нічога ня зробяць, бо не ўнясуць лядоўні. Яна ні ў якія дзьверы ня ўлазіць. Ужо думалі праз акно ўнесьці, але й тудою не праходзіць. Усё адно думаюць унесьці тую лядоўню, ня ведаю толькі кудою”.

(Карэспандэнт: ) “А можа, разьбяруць дах — і праз столь?”

(Лапіч: ) “Ня ведаю. Я бы хацела, каб гэтая крама засталася як ёсьць. Чым болей грошай у касе, тым большы ў нас заробак. А як яны не прыходзяць, то і ў нас грошай няма. Галоўная бугальтарка прыходзіла ў нядзелю і гаворыць: “У мяне аклад 130 тысяч”. Сказала, што будзе малы заробак і ў калгасьнікаў”.

(Карэспандэнт: ) “Чакайце-чакайце, я памятаю, два гады таму былі прэзыдэнцкія выбары. Аляксандар Лукашэнка абяцаў заробак сто даляраў”.

(Лапіч: ) “Такога няма”.

Двух суб’ектаў інтэграцыі разьмяжоўвае толькі сьцяна. Заходжу ў харчовую краму. Тут адзіная наведніца — Марфа Глушэўская.

(Глушэўская: ) “Зайшла бульбу здаць. У мяне лішкі ёсьць. Але набралі й прымаць болей ня будуць. Поўныя ўсе склады, болей ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы цяпер са сваёй бульбай рабіць будзеце?”

(Глушэўская: ) “Нічога. Хай ляжыць да вясны. А там будзем бачыць: мо дзе вясною будуць купляць”.

Як няма ўраджаю — гора, як ён ёсьць — таксама цяжка. Бульба сёлета тут ўрадзіла. Што рабіць зь лішкамі, жыхары Новага Двара скемілі ў адно імгненьне. Цэлымі тонамі яны здавалі ўраджай раённаму спажывецкаму таварыству. Усё, што прапаноўвалі, дзяржава забірала з ахвотаю, грошы ж абяцала выплаціць пазьней.

(Мікалай: ) “Я здаваў бульбу, але грошай не атрымаў. Усё ціха й глуха”.

Для Мікалая банкноты сталіся б сапраўдным паратункам. На фэрме, дзе ён працуе, заробак малы й выдаюць яго ня ў час. А непаўнагадовыя нашчадкі ёсьці просяць некалькі разоў на дзень.

(Мікалай: ) “Жонкі няма. Я разьведзены. Дзеці за мною, і, натуральна, што цяжка. А што гэта? Адная ў дзясятую клясу ходзіць, другая — у восьмую. Хлопец — у шостую. Трэба іх апрануць і абуць. А зарабляю 40 тысяч. На хлеб дапамагае маці, пэнсію атрымлівае”.

(Карэспандэнт: ) “Вопратку для сваіх дзяцей адкуль бераце?”

(Мікалай: ) “Што на базары, што сястра прывязе — у яе дзеці старэйшыя, дык пазаставалася”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць такая зьява як маці-адзіночка, а вы, атрымліваецца, бацька-адзіночка. Але ваш калгас мусіць жа нечым дапамагаць?”

(Мікалай: ) “А што калгас? Нічым не дапамагае. Сьпярша мне дапамогу ў Сьвіслачы плацілі, а цяпер паадмянялі ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеці скончаць школу. Куды далей?”

(Мікалай: ) “А што ім тут рабіць?! Хай куды-небудзь паступаюць”.

(Карэспандэнт: ) “А можа вы сваіх дачок замуж паадавалі бы?”

(Мікалай: ) “Яшчэ малыя. А як падрастуць, то хай ідуць, калі ласка”.

(Карэспандэнт: ) “З бацькавых плечаў, і праблемаў было б меней”.

(Мікалай: ) “Натуральна, што было б меней, а можа, яшчэ і болей”.


* * *
(Іван: ) “А дакумэнты ў вас ёсьць? Якое радыё?”

Вяскоўцы жаляцца-жаляцца, а пільнасьці не губляюць. Нічога дзіўнага: за некалькі кілямэтраў да таго кароўніку, дзе мы гутарым, пачынаецца беларуска-польскае памежжа.

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, што пакажу. А вы думаеце, што самазванец?”

(Іван: ) “Усялякае бывае. А мо вы шпіён які…”

(Карэспандэнт: ) “Радыё Свабода!”

(Іван: ) “ЗША… Усё зразумела”.

Высьвятляецца, што спадар Іван таксама пацярпеў ад раённага спажывецкага таварыства. І ў пэўным сэнсе, нават болей, чым ягоныя аднавяскоўцы. Акрамя бульбы здаў яшчэ і сьвінчо.

(Іван: ) “Бульбу садзім. Я здаў на 700 тысяч. Паводле загаду прэзыдэнта, мусяць заплаціць за 15 дзён, а ўжо прайшло 20, і ніхто ніякіх грошай ня плаціць. Здаў двух кабаноў — яшчэ паўмільёна. І таксама няма грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Узялі бы гэтую бульбу і кабаноў ды завезьлі на кірмаш у Горадню”.

(Іван: ) “І бяз нас на кірмашы хапае гандляроў. Дый нам няма калі. Нічога добрага ў жыцьці калгасу няма. Зусім ня плацяць. У калгасу няма прыбытку”.

(Карэспандэнт: ) “А заробак у вас вялікі?”

(Іван: ) “О! 40 тысяч!”

(Карэспандэнт: ) “А на жыцьцё хапае?”

(Іван: ) “Хапае, калі яшчэ жывыя. Сьвіньні, каровы — усё сваё трымаем”.

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, што ў вас быў саўгас, а цяпер рэфармавалі…”

(Іван: ) “А-га! Памянялі шыльду!”

(Карэспандэнт: ) “А жыцьцё зьмянілася?”

(Іван: ) “Ці Ваня, ці Мікалай — як зьменіш імя, жыцьцё ня зьменіцца”.

(Карэспандэнт: ) “А як людзі да ўладаў ставяцца?”

(Іван: ) “Нармалёва. А што нам улада? Мы пры любой уладзе жывём”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас на фэрме людзі абмяркоўваюць апошнія падзеі ў Менску?”

(Іван: ) “Гэта ўжо нікога не цікавіць. Тат сваіх праблемаў хапае”.

Па афіцыйныя тлумачэньні што да праблемы грошай за здадзеную бульбу я скіроўваюся ў госьці да старшыні сельсавету Мікалая Русака.

(Русак: ) “Тлумачэньня, чаму так атрымліваецца, я ня маю. Яны абяцалі выплаціць грошы за два тыдні. Але ўжо ўсё пераваліла за тэрміны”.

(Карэспандэнт: ) “Вы, як старшыня сельсавету, што зрабілі, каб дапамагчы людзям? Вы ўдакладнялі ў райцэнтры, калі будуць грошы?”

(Русак: ) “Супрацоўніца райпо, якая гэта ўсё прымае, мне адказала: зьявяцца грошы, будзем выплачваць”.

Аказваецца, ёсьць у Новым Двары й жыхары, якія ўстаялі перад спакусай памяняць бульбу на хуткія грошы. Да такіх можна аднесьці Ніну Касінскую:

(Касінская: ) “Мы з мамаю ўдзьвюх. Але прыехала да нас дачка з мужыком і зь дзецьмі. Жыла ў Горадні. Кватэры не было. Прыватніку плаціць трэба было шмат — пераехалі сюды, думаюць, што лягчэй будзе. А ці будзе, якая ёй праца, ці не яшчэ ня ведаю. Мы бульбы не прадавалі. Здаць — ня фокус. А пасьля думаць, як жыць. Хай лепей сабе будзе”.

Спадарыня Касінская разважліва зазначае: аднавяскоўцы выжывуць нават бяз грошай за здадзеную бульбу. Ва ўсіх — поўныя склепы зімовых запасаў. Асабліва шмат грыбоў. На маю просьбу спадарыня Касінская дзеліцца рацэптам кансэрвацыі. Калі за акном ляжыць сьнег, закатваць жбанкі пазнавата ўжо будзе. Але налета рэцэпты спрактыкаванай гаспадыні будуць вельмі дарэчы. А значыць слухаем і занатоўваем:

(Касінская: ) “Чытаю, што розныя бываюць атручваньні, то я вару ў двох водах. Другім разам нават крышку перакіпячую. Астудзіла. Тады зварыла марынад. Марынад — гэта вада, соль, перац, лаўровы ліст. Таксама астудзіла. Галоўку часнаку крышу дробненька на дно. На трохлітровы жбан грыбоў уліваю дзьве лыжкі воцату. Грыбы туды, марынад і закатваю. А зімою аткрываеш банку і ясі”.

Што яшчэ зьдзівіла ў жыцьці Новага Двара, гэта тутэйшая амбуляторыя. Я пералічаю адметнасьці, а мэдык Ганна Міхайлоўская камэнтуе іх. Такім чынам, першая: тут вісіць аб’ява, што ўсе ахвотныя прадстаўніцы жаночага полу (без увагі на ўзрост) могуць бясплатна атрымаць сродкі кантрацэпцыі. Перадаю мікрафон спадарыні Міхайлоўскай:

(Міхайлоўская: ) “Гэта — ня мода. Гэта называецца, нас жыцьцё прымушае, бо ў нас цяпер вельмі рана пачынаюць полавае жыцьцё, з 15 гадоў. Жывуць беспарадачна, робяць, каму што ў голаву прыйдзе. І вельмі шмат цяжараць. І таму мы праводзім гутаркі ў школах, каб засьцерагаліся”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі эфэктыўныя вашыя гутаркі?”

(Міхайлоўская: ) “Яны, натуральна, стаяць тут і ўсьміхаюцца, але пазьней гэта прымушае іх думаць”.

(Карэспандэнт: ) “І пасьля вашых лекцыяў дзеці ня робяць дзяцей?”

(Міхайлоўская: ) “У нас пакуль так яно й ёсьць — пакуль няма ніводнага цяжарнага падлетка”.

Другая асаблівасьць амбуляторыі Новага Двара: цэлая сьцяна ператвораная ў стэнд зубной пасты. Тут можна пабачыць літаральна ўсё тое самае, што і ў тэлевізійнай рэкляме.

(Карэспандэнт: ) “Людзі ў Новым Двары могуць дазволіць сабе набыць такія зубныя пасты?”

(Міхайлоўская: ) “А думаю, што маладзейшыя могуць. Вада ў Сьвіслацкім раёне ўтрымлівае шмат жалеза, бракуе фтору. Натуральна, што ва ўсіх зубы разбураюцца вельмі хутка. Наш зубны лекар намагаўся выставіць найлепшае. І каму семдзесят, каму восемдзесят, там ужо што? Здымная верхняя, здымная ніжняя. А старэйшым усё адно, чым чысьціць свае пратэзы. Наноч выняў, у шклянку паклаў, а раніцаю выняў і засунуў назад”.

Падаю вынікі вандроўкі ў вёску Новы Двор.

Прадавачка гаспадарчай крамы змагаецца за незалежнасьць.

Пераважная частка тутэйшага насельніцтва марыць, каб дзяржава вярнула ім грошы за здадзены ўраджай.

У гэтай справе сельсавет дапамагчы сваім выбарцам нічым ня можа.

А пакуль вяскоўцы могуць пахваліцца толькі належным роўнем сэксуальнай адукацыі для сваіх дзяцей і дбаньнем стаматоляга пра здаровыя і прыгожыя зубы сваіх пацыентаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG