Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская нараджальнасьць: запушчаны мэханізм самагубства нацыі


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Усьлед за школамі ў Беларусі пачнуць закрываць радзільныя дамы, асабліва ў сельскіх раёнах. Хоць апошнім часам колькасьць немаўлятак і патроху пачала расьці. Так, сёлета за першыя шэсьць месяцаў нарадзіліся 43,383 дзіцяці, што на 350 больш леташняй лічбы. Аднак гэты зрух папросту мізэрны ў параўнаньні з іншай лічбай беларускай статыстыкі: за дзесяцігодзьдзе каэфіцыент нараджальнасьці зьменшыўся ў тры разы.

Зьніжэньне нараджальнасьці ўвогуле – агульнаэўрапейская тэндэнцыя. Але беларускія тэмпы – звышімклівыя нават на гэтым эўрапейскім тле. Яны забясьпечылі краіне сумнеўнае лідэрства ў Старым сьвеце: колькасьць немаўлятаў у параўнаньні з сярэдзінай 1980-х скарацілася амаль на 50%!

Такое здараецца хіба толькі ў часе вайны... У адрозьненьні ад краінаў Эўразьвязу, дзе адпаведны працэс прыглушаецца павелічэньнем узросту жыцьця насельніцтва, сьмяротнасьць у Беларусі наадварот узрастае. Зноў жа рэкорднымі тэмпамі... Апошнім часам на кожную тысячу чалавек у краіне штогод пакідаюць сьвет 14 чалавек, а ўпершыню бачаць яго прыкладна 9 немаўлят.

Але ж пры гэтым многія адмыслоўцы лічаць, што не адбываецца нічога небясьпечнага: маўляў, усё як ва ўсіх. Распавядае галоўны акушэр-гінэколяг Гомельскай вобласьці Павал Новікаў:

(Новікаў: ) “Цяпер людзі выходзяць як бы на эўрапейскія стандарты: па аднаму-два дзіцяці ў сям’і – вось і ўсё. Цяпер маем 14-15 тысячаў нованароджаных за год, а ў 1986-м годзе ў нас нарадзілася 29 тысячаў. Гэта ж не азіяцкая нацыя. Гэта азіяты пладзяцца, як… А ў нас па аднаму-два дзіцяці. Што ў нас, што ва Ўкраіне, што ў Расеі, што ў Галяндыі.”

Сапраўды, украінцы й расейцы прыкладна ў гэтай жа сытуацыі. Але ў Эўропе іншае: на тысячу чалавек фіксуецца 11 нараджэньняў супраць дзевяці ў Беларусі – гэта, пагадзіцеся, не адное і тое. У сьвеце, дарэчы, сярэдні каэфіцыент нараджальнасьці ўвогуле складае 25 малых – амаль утрая больш, чым у Кобрыне, Пінску, Глуску, ня кажучы ўжо пра чарнобыльскую зону.

Сярэднестатыстычная беларуска нараджае толькі 1,28 дзіцяці – у 1,6 раза меней, чым неабходна дзеля захаваньня нацыі. Няўжо тутэйшыя сапраўды забываюцца пра інстынкт мацярынства?

(Людміла: ) “Я ўсё жыцьцё хацела мець дваіх-траіх дзяцей. Але з-за хранічнага захворваньня давядзецца абмежавацца двума”.

Гэтак разважае 25-гадовая Людміла з Асіповічаў. У ейнае раўнагодкі Натальлі такія ж погляды:

(Натальля: ) “Я, да прыкладу, хачу мець траіх дзяцей. Хаця гэта зараз складана… Двое, на мой погляд, – таксама больш-менш нармалёва, але не адзін! Я лічу, што дзеці мусяць быць, бо гэта працяг нашае нацыі”.

Такім чынам, ня толькі з адвечнымі інстынктамі, але і нават з патрыятызмам амаль у кожнай другой беларускай сям’і поўны парадак: паводле сацыёлягаў каля 40% хацелі б мець да трох дзяцей, каб... Вэрсіфікацыя адказаў разнастайная, аднак найперш шарагоўцы вылучаюць эканамічны крызыс. Нават паводле афіцыйнае статыстыкі каля траціны насельніцтва Беларусі знаходзіцца ў стане беднасьці і ніжэй ейнае рысы. Разважае спадарыня Людміла Красуцкая з Мазыра:

(Красуцкая: ) “Жыцьцёвыя ўмовы вельмі дрэнныя, каб нарадзіць дзіця, выгадаваць яго, як патрэбна. Вось гэтая эканамічная сытуацыя, яна цісьне на моладзь, на жаданьне мець дзяцей”.

Нягледзячы на дакляраваны клопат пра маладую сям’ю, сёньня дзяржаве нізкая нараджальнасьць у пэўным сэнсе спрыяе – так, маладзетным можна менш плаціць, і яны з улікам славутага беларускага мэнталітэту будуць цярпець тое гадамі. Зусім іншае, калі ў хатах не па аднаму, а па трое-чацьвёра галодных малых. Тады ўжо бацькі могуць і на вуліцы выйсьці... А так трываюць. Хоць маўклівасьці менее. Распавядае Кацярына з Лоева:

(Кацярына: ) “Я лічу, што ўзровень жыцьця ўсіх беларусаў – гамельчукоў, жыхароў Гомельскага рэгіёну – ён нясупынна падае. Людзі ня могуць пракарміць свае сем’і. Няма працы, няма ўпэўненасьці ў будучыні. Усё гэта накладае свой адбітак”.

У разбурэньні мэханізму сацыяльна-псыхалягічнай абароны грамадзтва, паводле меркаваньняў адмыслоўцаў, палягае яшчэ адно магчыма найважнейшае тлумачэньне нізкай нараджальнасьці на Беларусі. У 1960-я гады калі ў Лоеве ды Коханаве з Мазыром давіліся кукурузным хлебам, усё роўна актуальнай была праблема будаўніцтва радзільных дамоў, бо людзі абапіраліся на традыцыі й жылі надзеяй на абяцаную пэрспэктыву лепшага жыцьця. Зараз жа тыя будынкі вось-вось пачнуць закрывацца, бо – няма пэрспэктывы. Савецкая дзяржава найперш бессаромна выкарыстоўвала людзей ва ўласных мэтах, аднак надзею на лепшую долю пакідала. А найноўшая беларуская ўлада адабрала і яе: сёньня спадзявацца засталося толькі на сябе, разважае Вольга з Крычава:

(Вольга: ) “Мяне так маці выхавала: павінна быць заўсёды двое дзяцей – хлопчык і дзяўчынка. Яны падтрымаюць адзін аднога, калі бацькоў ня стане. У іх будуць роднасныя адносіны й апірышча”.

Аднак далёка ня кожнаму ўдаецца спраўдзіць мару пра дзяцей. І вельмі часта з-за банальнай прычыны – не хапае пары. Найперш дзяўчатам. Бо ў адрозьненьне ад мараў пра трывалы эканамічны базыс шлюбныя традыцыі беларусаў больш жывучыя: сёньня па-ранейшаму права выбару найчасьцей належыць мужчынам. А з-за няздольнасьці пракарміць жонку зь дзецьмі кожны трэці беларус шлюбнага ўзроўню лічыць за лепшае ўвогуле ня мець сям’і. Такіх “антыжаніхоў” – часовых і пажыцьцёвых – ажно 1,3 мільёна... Ня дзіва: за 15 апошніх гадоў узровень шлюбнасьці скараціўся на 36%. І амаль на столькі ж – нараджальнасьць. Разважае Вадзім, які жыве ў Крупках:

(Вадзім: ) “Для мужчынаў, напэўна, галоўнае – гэта неяк самасьцьвердзіцца ў жыцьці, стаць на ўласныя ногі, як кажуць, а потым ужо можна заводзіць дзяцей. Я таксама хацеў бы, каб у мяне было не адно дзіця, а трое або чацьвёра. Калі нармальна ўладкуюся ў жыцьці, то так яно й будзе!”

Аднак дасьледваньні, праведзеныя сярод “антыжаніхоў”, паказваюць: “уладкавацца” ўдаецца сёньня меншасьці. І менавіта сярод такіх людзей з актыўным жаданьнем рэалізаваць высокія асабістыя прэтэнзіі найніжэйшая нараджальнасьць. Далёка не заўсёды яна заплянаваная, бо імкненьне “выбіцца ў людзі” запатрабавала занадта шмат часу і здароўя. Столькі, што на роды яго ўжо не хапае... Распавядае Натальля з Коханава:

(Натальля: ) “Шмат прыкладаў, калі з-за кар’еры людзі не заводзяць дзяцей – жанчыны лічаць, што яны абавязкова мусяць быць самастойнымі, “бізнэс-лэдзі”. Але якія б там у цябе ні былі супэрпраца або супэргрошы, сямейнае жыцьцё, як мне падаецца, мусіць стаяць на першым пляне.”

Сяброўку дапаўняе Аксана:

(Аксана: ) “Жынчына проста створаная, каб нарадзіць! А ў 36 ці 37… Я проста не разумею, навошта цягнуць да такога ўзросту! А потым шмат выпадкаў, калі жанчыны й хочуць мець дзіця, і праца добрааплочваемая – а не атрымліваецца.”

Вось вам найноўшы беларускі варыянт на тэму “багатыя таксама плачуць”. А ў бедных свае клопаты: ім застаецца альбо ўпарта чакаць шчасьлівае лятарэі лёсу, альбо паступова апускацца на сацыяльнае дно. Пачаткам якога становіцца сяброўства з бутэлькай. Падлічана: ад чвэрці да траціны халасьцякоў аддаюць перавагу нават не выпадковаму сэксу, а выпіўцы.

“Дзякуючы” алькаголю, сярод адзінокіх мужчынаў ва ўзросьце ад 25 да 50 гадоў самая высокая сьмяротнысьць – яна амаль учацьвёра перавышае жаночую. І гэта вельмі важка сказваецца на спусташэньні шлюбнага рынку, нараджальнасьці. Да таго ж з-за нездаровага ўкладу жыцьця кожны восьмы халасьцяк да 30 гадоў і кожны пяты пасьля 40 гадоў мае сур’ёзныя сэксуальныя праблемы... Ірына з Коханава разважае над лёсам знаёмых і праецыруе яго на ўласную будучыню:

(Ірына: ) “У маёй сяброўкі муж паехаў на заробкі ў Маскву ды зьнік. Яго не было гады два, яна ні грошай не атрымлівала, ні зьвестак пра яго, таму падала на развод. А ён вярнуўся і не дараваў. Цяпер п’е, жыцьця няма… І я вось пасядзела, падумала… Не, ну нашто мне такое трэба!”

Разводы – адзін з самых дэструктыўных фактараў нараджальнасьці. За апошнія 15 гадоў іх колькасьць павялічылася на 43%, а на вёсцы ўвогуле на 60%.

Між тым у сем’ях з пасьпяховым шлюбам у сярэднім на 20% дзяцей больш, чым сярод параў, дзе адносіны ня складваюцца. І вельмі памыляюцца тыя, хто ліча, што абзавесьціся малымі можна з наступнай спробай, маўляў, часу на выпраўленьне сытуацыі хопіць... Аднак статыстыка абвяргае аптымістычныя спадзевы: другі заход па сямейнае шчасьце на Беларусі звычайна супадае з часам, калі муж ці жонка ужо за мяжой актыўнага рэпрадукцыйнага ўзросту. Ды што казаць, калі здароўем ня могуць пахваліцца нават зусім маладыя – не алькаголікі, не наркаманы... Распавядае Вадзім:

(Вадзім: ) “У маладога, майго пакаленьня, вельмі слабое здароўе! Напэўна, гэта з-за чарнобыльскай аварыі, і, напэўна, гэта будзе адбівацца й на рэпрадукцыі ў Беларусі”.

Сказанае пацьвярджаецца ростам колькасьці хворых немаўлятак. Так, калі ў 1990-м годзе на 143 тысячы дзяцей прыпадала 17 тысячаў паталягічных дзіцятак, дык два гады таму ужо 18 тысячаў, хоць родаў паменела ажно на 50 тысячаў. Распавядае Раіса Яруцкая, намесьніца галоўнага ўрача Магілёўскага гарадзкога шпіталю:

(Яруцкая: ) “Парокі развіцьця ў нас сёньня – гэта самае складанае пытаньне ў мэдычнай генэтыцы. Калі б мы канкрэтна маглі тлумачыць, ад чаго ўзьніклі парокі, іх бы было ўвесь час меней. Гэта скамплікаваная праблема”.

Афіцыйная прапаганда вышэй узгаданыя лічбы замоўчвае, затое ўсяляк падкрэсьлівае: у Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў сьмяротнасьці немаўлятак сярод краінаў СНД. – летась ён склаў толькі 8% ад усіх народжаных. Аднак гэта значна вышэй, чым у большасьці краінаў Эўразьвязу, ЗША, Канады, Японіі.

Прычым тое адставаньне ўсё ўзрастае. Асабліва цяжкая сытуацыя ў сельскай мясцовасьці. Ну а ў цэлым самыя горшыя паказчыкі мае Гомельшчына: тут нават у гарадах сьмяротнасьць нованароджаных перавышае адпаведную вясковую статыстыку Гродзеншчыны і Меншчыны. Аднак галоўны пэдыятар вобласьці Валеры Крывіцкі глядзіць у будучыню з аптымізмам:

(Крывіцкі: ) “Колькасьць дзяцей павінна стабілізавацца і нават крыху вырасьці. Я думаю, пачнуць нараджаць – па аднаму, па два дзіцяці. Возьме сваё прырода!”

Прыблізна гэтаксама разважае і намесьніца галоўнага ўрача Магілёўскага шпіталю хуткае дапамогі Раіса Яруцкая:

(Яруцкая: ) “Мы ўсе павінны сьвядома да гэтага ставіцца, таму што жывем у нашай дзяржаве, у нашай Беларусі, і трэба думаць пра тое, што як нацыя не павінны выміраць. Таму раджаць і толькі раджаць, абавязкова раджаць!”

Дзеля ажыцьцяўленьня гэтага лёзунгу шмат хто гатовы пайсьці нават на радыкальныя крокі. Так, сёлета пры абмеркаваньні праекту пагадненьня паміж дзяржавай і царквой была агучаная ідэя ўзаконіць права ўрачоў – цытую – “на адмову ад правядзеньня абортаў па рэлігійных або маральных перакананьнях”, а далей і ўвогуле забараніць іх! Пераплюнулі нават Жырыноўскага: ён толькі 10-гадовы мараторы прапаноўваў. Хоць праблема сапраўды вельмі вострая: калі, напрыклад, у той жа Галяндыі на 100 родаў выпадае толькі 7 абортаў, у Нямеччыне – 8, то ў Беларусі – 18.

Асабліва насьцярожвае, што ўсё часьцей на іх ідуць маладыя: летась на апэрацыйны стол ляглі 12 тысячаў дзяўчын да 19 гадоў, і шмат хто зь іх больш ужо ніколі ня стане маці... Але Эўропа якраз таму наперадзе, што адмовілася пры вырашэньні гэтага далікатнага пытаньня ад сілавога радыкалізму. Не прымаюць яго і маладыя беларусы. Разважае Вадзім з Крупак:

(Вадзім: ) “Ня так ужо важна, зрэшты, колькі ў сям’і дзяцей. Насамрэч куды больш прынцыпова, якімі тыя дзеці вырастаюць! Вось у “праблемных” сем’ях жанчыны нараджаюць і нараджаюць, але з гэтага ў выніку нічога добрага няма.”

На пытаньне аб прычынах фармаваньня ў Беларусі маладзетнай мадэлі рэпрадукцыйных паводзінаў у розных людзей і структураў розныя адказы. І ў кожным ёсьць хоць зярнятка праўды. Але і грамадзкасьць, і дзяржава ўжо ня здольныя рэальна карэктаваць сямейную матывацыю новага пакаленьня. Адведзены на гэта час бяздарна змарнаваны, мэтады узьдзеяньня на сытуацыю ня знойдзеныя. У адрозьненьне ад старэйшых маладыя бачаць, што ў заўтрашнім дні краіны няма зрухаў да лепшага. Таму новай сярэдняй сям’і не патрэбен нават ня трэці малы, пра якога так марылася зусім нядаўна, а нават і другі. Прырода саступае самагубнаму мэханізму нацыі: ён заведзены сёньняшнямі беларускімі ўладамі і цікае ўсё больш гучна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG