Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэйпічы


Ягор Маёрчык, Шэйпічы

На ўезьдзе ў вёску стаіць вялізная каменная глыба з досыць сьціплай шыльдай: “Міхась Забэйда-Суміцкі (1900–1981). Вядомы ў Эўропе опэрны сьпявак. Нарадзіўся ў вёсцы Шэйпічы Пружанскага раёну”.

Гэтая шыльда — ці не адзіны помнік славутаму земляку. Некалькі хатаў, у якіх Міхась Забэйда-Суміцкі сьпяваў, калі прыяжджаў адведаць сваіх крэўных, стаяць ужо пустыя. І на іх няма ніякіх шыльдаў. Побач па вуліцы праходзіла маладзіца. Спыняю яе й пытвюся:

(Карэспандэнт: ) “Што ведаеце пра свайго знакамітага земляка?”

(Спадарыня: ) “Пясьняр”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі тут, у ваколіцы, ганарацца?”

(Спадарыня: ) “Ганарацца, вунь нават вуліца Ўрбановіча ёсьць”.

І пры чым тут нейкі Ўрбановіч? Забягаючы наперад, скажу: прыехаўшы дахаты, разгарнуў энкцыкляпэдыю на літару “У”. Высьветлілася, што народжаны ў Шэйпічах Іосіф Урбановіч вылучыўся арганізацыяй партызанскага руху на Берасьцейшчыне. Такім чынам, два вядомыя землякі ва ўяўленьні спадарыні злучыліся ў адзінае цэлае. Працягваю размову з кабетай:

(Карэспандэнт: ) “А вы дзе працуеце?”

(Спадарыня: ) “Я цяпер знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. У мяне два хлопчыкі”.

(Карэспандэнт: ) “О! Я вас віншую”.

(Спадарыня: ) “Дзякуй. Сёньня іх апрануць цяжка — усё дарагое”.

(Карэспандэнт: ) “Вам жа даюць нейкую дзіцячую дапамогу?”

(Спадарыня: ) “Даюць, 90 тысяч. Гэта няшмат. Вядома, што не хапае. Бацькі дапамагаюць. Дзякуй Богу, што яшчэ бацькі ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Што на 90 тысяч можна купіць дзіцяці?”

(Спадарыня: ) “Боты й куртку”.

(Карэспандэнт: ) “Да дэкрэтнага адпачынку працавалі дзе-небудзь?”

(Спадарыня: ) “А-га! Крамніцай у калгасе”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле інтанацыі вашага “а-га” я зразумеў, што ня вельмі прыемная праца была”.

(Спадарыня: ) “Усё на нэрвах”.

(Карэспандэнт: ) “А плацілі хоць добра?”

(Спадарыня: ) “Дзе там плацілі?! Ня вельмі добра!”

(Карэспандэнт: ) “Каб быў дабрабыт, каб усяго хапала, колькі грошай трэба зарабляць?”

(Спадарыня: ) “Хаця бы 150 тысяч, каб мужык і жонка кожны зараблялі. Колькі ёсьць?! Я дзевяноста і мужык — восемдзесят”.

(Карэспандэнт: ) “М-да, малавата”.

(Спадарыня: ) “Вядома. У вёсцы трэба працаваць, ня тое што ў горадзе. Там, вядома, нашмат лягчэй жыць”.

Вы толькі не падумайце, што партызан Урбановіч і сьпявак Забэйда-Суміцкі — адно цэлае ва ўяўленьні абсалютна ўсіх жыхароў Шэйпічаў! Як доказ адваротнага падаю словы Антона Гіверскага:

(Гіверскі: ) “Знакаміты сьпявак быў! Прыяжджаў да маці сюды, сьпяваў беларускія песьні. Яму помнік паставілі. Во дзе памылка. Прывезьці камень і прыбіць дошку — гэта што? Гэта як зразумець?! Можна было б і лепей”.

(Карэспандэнт: ) “Можна, вядома. Тут я з вамі згодны. Вы ягоныя песьні чулі калі-небудзь?”

(Гіверскі: ) “А чаму не? Сьпяваў: “Сарока, сарока-белабока”, “Пайду я за лугам”, “Лявоніху” сьпяваў”.

Тое, што каменная глыба як помнік не адпавядае ўнёску опэрнага сьпевака ў беларускую культур, Антон Гіверскі вымавіў так, прынагодна. Ён прызнаецца, што паўсядзённыя праблемы для яго больш актуальныя. І галоўная зь іх — сталы ўзрост. Каб рабіць усе самому, бракуе сілаў.

(Карэспандэнт: ) “Вы нейкую гаспадарку трымаеце?”

(Гіверскі: ) “Парасё. Дзеці бліжэй да Новага году прыедуць, зарэзаць і па кроплі даць”.

(Карэспандэнт: ) “А дзеці часта прыяжджаюць у госьці, ці толькі як заб’яце сьвіньню?”

(Гіверскі: ) “Не. Прыяжджаюць. Едуць праведаць бацькоў, пакуль такая магчымасьць ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Пакуль сьвіньня ёсьць?”

(Гіверскі: ) “Ну, сьвіньня. І бульбу дапамагчы выкапаць”.

(Карэспандэнт: ) “Усё ж хто каму дапамагае: дзеці бацькам, ці бацькі дзецям?”

(Гіверскі: ) “А-а-а! Я грашыма не дапамагаю. Прыедуць капаць картоплі — наце, дзеткі, вам за дарогу”.

Пра тое, колькі людзей жыве ў Шэйпічах, тубыльцы кажуць: “Раней было шмат, а цяпер — вельмі мала”. Тое самае і з жывёламі на гаспадарчых падворках. Вядома, што не зусім справядліва ставіць на адзін узровень істотаў двухногіх і братоў іхных малодшых, але такое параўнаньне напрошваецца. Сьвіньні яшчэ ёсьць у кожным хляву, а вясковы статак кароваў пераўтварыўся ў жменьку.

(Спадарыня: ) “У нас увесь прадукт — гэта кароўка. Без кароўкі ў нас у вёсцы цяжка жыць. Але каровы ўсе прадаюць, бо не даюць рады трымаць іх. Як ё сена ля дому, то зь сенам, а як няма, дык ніхто яго не дае”.

(Карэспандэнт: ) “Старшыня калгасу дапамагае пэнсіянэрам?”

(Спадарыня: ) “А чым ён дапаможа?”

(Карэспандэнт: ) “Жыта, прыкладам, змалоць”.

(Спадарыня: ) “За гэта трэба заплаціць невядома колькі. Цэнтнэр, мусіць, дзьве тысячы. Картоплі пасадзіць, а цяпер выкапаць — зноў трэба грошы. О! Няма чаго гаварыць. Ці гэта пэнсія — 80–90 тысяч?!”

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам грошай трэба, каб жыць шчасьліва?”

(Спадарыня: ) “Не дурыце галавы! Вы нічога нам не дасьцё!!”

Хутка худобы можа ня стаць зусім. На зьмену каровам у Шэйпічах пакрысе прыходзяць козы.

(Карэспандэнт: ) “У вас гаспадарка нейкая ёсьць? Што трымаеце?”

(Спадар: ) “Казу”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму не карову?”

(Спадар: ) “Прадаў летась. Каза менш есьць”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі да ўладаў ставяцца?”

(Спадар: ) “Лукашэнка стараецца для нас рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж штосьці жыць становіцца…”

(Спадар: ) “...Усё горш і горш. Кошты ў нас усё растуць і растуць”.

(Карэспандэнт: ) “У краме людзі што купляюць?”
(Спадар: ) “Баба пойдзе хлеба і батону купіць, каўбасы калечка купіць. У Пружане жывяце?”

(Карэспандэнт: ) “Не, у Менску”.

(Спадар: ) “Ну, вам там лягчэй”.

(Карэспандэнт: ) “Ды тыя ж праблемы!”

(Спадар: ) “Там каўбасы якія хочаш ёсьць. І за любую цэну. І ў мяне хлопцы ў горадзе — і самім трэба невядома што. Есьці хочуць добра: шакалядкі ды мармэлядкі, каб кожны раз была каўбаска. А мы тут як-небудзь: бульбачка, агурок, кружачка казінага малачка — і на бок”.

Антаніна Гіверская неахвотна прызнаецца, што зайздросьціць тым аднавяскоўцам, да якіх унукі на летнія месяцы не прыяжджаюць. Не, яна, вядома, заўсёды радая бачыць нашчадкаў. Але ў доўгім гасьцяваньні ёсьць, так бы мовіць, грашова-харчовы аспэкт. Дый бяда ў тым, што казаць дарослым дзецям пра такія моманты неяк няёмка.

(Карэспандэнт: ) “А на абед сёньня што елі?”

(Гіверская: ) “Наварыла супу з гарохам”.

(Карэспандэнт: ) “А мяса?”

(Гіверская: ) “Крыху было ў некалькіх банках закатанае. Дык дзьве ўнучкі ўсё лета былі. Супу зварыш, а яны выцягнуць з супу і зьядуць тое мяса. Ну якое гэта жыцьцё? Дзе не павярніся, усюль трэба мець грошы. Бяз грошай ты нікому не патрэбны”.

(Карэспандэнт: ) “А сельсавет ды калгас?”

(Гіверская: ) “Ой! Калгас сябе ня ўправіць! Няма плёну ніякага. Вунь салома ўся па полі валяецца. Мужыка брыгадзіра зьнялі. Паставілі з тэхнікуму дзяўчыну дзевятнаццаці гадоў. Што яна разумее ў чужым палях?”

(Карэспандэнт: ) “Можа, варта было б распусьціць гэты калгас ды даць людзям зямлю?”

(Гіверская: ) “Няма маладых, няма каму й рабіць. І гэтак дрэнна, і так будзе дрэнна. А тут хоць пасадзіць картоплі — аплаціў, але пасьля наварыў ды наеўся”.

Маладых у Шэйпічах сапраўды няшмат. За калгасам і сельсаветам, якія мусяць пра састарэлых вяскоўцаў клапаціцца, такога дбаньня не заўважана. І людзі варушацца самі. Тут шмат хто марыць пра каня на ўласным падворку. Але грошай на такі набытак няма і спраўдзіцца такой мары не наканавана.

(Спадар: ) “Працы няма. У нашым калгасе ўсё развальваецца. Нават коней — і тых пазбывалі. Нават гарод разгараць няма чым. Наймаюць адзін у аднаго. На гадзіну возьмеш — 5 тысяч давай. Ну, гэта ж немалыя грошы! Лукашэнку па тэлевізару бачу. Падаецца, што ён добры мужык. Гаворыць добра, а атрымліваецца зусім ня тое. Жыцьцё ўсё горай і горай. Кошты ў краме растуць, а заробку ў калгасе ня плацяць. У гэтым вінаваты старшыня калгасу. Ён на людзей не зьвяртае ўвагі”.

(Карэспандэнт: ) “Мо сельсавет чым людзям дапамагае?”

(Спадар: ) “У сельсавеце ж нічога няма!”

(Карэспандэнт: ) “Улада ёсьць у сельсавету”.

(Спадар: ) “Ха-ха! Улада ў таго, хто мае штосьці. А сельсавет нічога ня мае!”

(Карэспандэнт: ) “Дэпутата некалі выбіралі?”

(Спадар: ) “Канечне”.

(Карэспандэнт: ) “А дэпутат клапоціцца пра вас?”

(Спадар: ) “Я яго ў вочы ня бачыў”.

Вандруючы па вёсцы Шэйпічы, мне нязвыкла было чуць ад вяскоўцаў пра тое, што жыцьцё ў горадзе — лягчэйшае. Маўляў, у крамах усё ёсьць, і працаваць меней трэба. Зь іншага боку, размовы зь мясцовым насельніцтвам разбураюць у сьвядомасьці гараджаніна адваротны міт пра тое, што, жыць у правінцыі — гэта ня так цяжка, як у абласных цэнтрах ды сталіцы. Разбурэньне мітаў, бадай, і ёсьць галоўным плёнам кантактаў суграмадзянаў з гораду і вёскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG