Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дунілавічы


Ягор Маёрчык, Дунілавічы

Двое з рыдлёўкамі, адзін зь ліхтаром. Ноччу яны раскопваюць пахаваньні на старажытных могілках. Капаць — не перакапаць, бо нэкропаляў у ваколіцах Дунілавічаў ажно сем. Ужо чвэрць стагодзьдзя “чорныя” археолягі турбуюць косткі нябожчыкаў, а разам і не даюць спаць спакойна абураным вяскоўцам. Ды толькі шматлікія засады ды крымінальныя сьледзтвы плёну не прыносяць. Ніводнага з эксгуматараў так і не злавілі.

Старшыня Дунілавіцкага сельсавету Валянцін Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Немагчыма выявіць, хто гэтым займаецца. Гэта людзі ня нашай мясцовасьці, бо нашыя ведаюць, што там нічога няма”.

(Карэспандэнт: ) “За гэты год колькі разоў могілкі раскопвалі?”

(Пашкевіч: ) “За вясну тры разы”.

(Карэспандэнт: ) “Мо варта было б павесіць шыльдачкі: “Калі ласка, не раскопвайце магілы, бо ніякага скарбу вы там усё адно ня знойдзеце”. І можа, гэта спыніць “чорных” археолягаў”.

(Пашкевіч: ) “Канечне, шыльдаў такіх мы ня вешалі. Мы пайшлі іншым шляхам: цяпер стараемся добраўпарадкаваць гэтыя могілкі. Мо гэта спыніць вандалаў”.

На ўскрайку Дунілавічаў ёсьць старажытны парк. Бадай самае таямнічае й зададкавае месца ў Пастаўскім раёне: сем пагоркаў са злучанымі міжсобку сажалкамі, заблытаныя дарогі, закінутыя сьцежкі. А яшчэ — паданьні пра падзямельныя лябірынты. У парк мяне вядзе тутэйшы краязнаўца Франц Хоміч. Ён выкладае ў тутэйшай школе. Са словамі “нічога крамольнага я вам казаць ня буду” пагадзіўся наладзіць для мяне экскурсію.

(Хоміч: ) “Месца тут таямнічае. Навявае думкі паводле Караткевічавага “Чорнага замаку Альшанскага”, калі тут ходзіш гэтым паркам”.

(Карэспандэнт: ) “Гляджу, што мала людзей тут бывае”.

(Хоміч: ) “Вядома, мала. Але калісьці жыцьцё тут віравала. Тут былі пракладзеныя дарожкі. Яны рэгулярна сьвежым пясочкам пасыпаліся. Езьдзілі тут людзі”.

Мы ўзышлі на гэтак званую першую прыступку — Дунілавічы ўжо ўнізе. Але самай блізкай да нас застаецца хата Ірыны Плаксы. Яна пэнсіянэрка. Нядаўна пахавала мужа і цяпер жыве адна.

(Плакса: ) “Можна жыць! Кожны чалавек нараджаецца вольны — так сказана ў амэрыканскай канстытуцыі. Праўда? Вось і мы можам браць зямлю. Каб толькі ў нас была сіла яе апрацоўваць! У мяне сілаў няма — дык ужо і дрэнь справа!”

(Карэспандэнт: ) “Пэнсію атрымліваеце. Яе хапае?”

(Плакса: ) “Мне хапае! На хлеб, на цукар, яшчэ трохі й вып’ю. А што мне больш старой трэба? Я — баба граматная, трохі разумная. І я лічу, што жыць можна. Ніхто цяпер ня ходзіць ні галодны, ні халодны”.

(Карэспандэнт: ) “А праўда, што ў вас у хаце сьвятла няма?”

(Плакса: ) “Няма. Я яго й не хачу. Мне хацелі правесьці. Але я сказала, што ня трэба. Ведаеце, чаму? Я баюся згарэць ад сьвятла. Я — вельмі разумная баба!”

Выраз “як здароўя няма, дык і справа дрэнь” падштурхоўвае мяне да сустрэчы зь мясцовай аптэкаркай. Гутарка пачынаецца зь пераліку самых папулярных дыягназаў:

(Спадарыня: ) “Прастудныя захворваньні, гіпэртонікі”.

(Карэспандэнт: ) “Больш якія лекі набываюць: замежнай ці айчыннай вытворчасьці?”

(Спадарыня: ) “Стараюцца болей нашыя браць лекі. Яны таньнейшыя. І неяк людзі болей давяраюць нашым прэпаратам. Ёсьць і замежныя аналягі гэтых прэпаратаў, але выбіраюць нашыя. Бабулька, якая атрылівае пэнсію 70 тысяч на месяц, яна стараецца купіць што-небудзь таннае. І гэта не залежыць ад таго, дапаможа гэта ёй ці не. “Надаўжэй расьцягну, — як бабка кажа. — Я вазьму таньней, але тут болей таблетак, і мне на даўжэй хопіць боль суняць”.

Тымчасам я разам з Францам Хомічам працягваю вандроўку па джунглях старажытнага парку:

(Хоміч: ) “Лысая гара перад намі”.

(Карэспандэнт: ) “Давайце паспрабуем праз гэтыя зарасьці. Зараз падымаемся на Лысую Гару. У мясцовага насельніцтва ёсьць такая легенда, што менавіта на гэтым пагорку некалі танчылі чэрці. І што сама вяршыня ніколі не пакрываецца травою й расьлінамі. Зараз спраўдзім гэта”.

(Хоміч: ) “Там цяпер не зусім чэрці бываюць. Падобныя на чарцей: тыя, хто прыходзяць сюды піць гарэлку”.

(Карэспандэнт: ) “Прыйшлі. Вось гэта менавіта тое самае месца?”

(Хоміч: ) “Самая высокая кропка”.

(Карэспандэнт: ) “Ну й дзе ж чэрці танчылі?”

(Хоміч: ) “Напэўна, тут. Чым ня месца для танцаў?”

(Карэспандэнт: ) “Так. Месца, канечне, такое змрочнае”.

Піць гарэлку на Лысай гары — гэта болей для аматараў прыроды, містыкі ды мясцовай экзотыкі. Астатнія традыцыйна ўжываць моцныя напоі, седзячы за сталом. Прыкладам хай будзе хата спадарыні Тамары:

(Карэспандэнт: ) “Можна да вас у хату?”

(Тамара: ) “Во! Налівайце сабе сто грамаў!”

(Карэспандэнт: ) “Не, дзякуй. Самая галоўная праблема ў Дунілавічах?”

(Тамара: ) “П’янства. Цяпер як перад канцом сьвета — пі ды ўсё!”

(Карэспандэнт: ) “Усе думаюць, што хутка канец сьвету?”

(Тамара: ) “Якраз так усе й думаюць. Такое жыцьцё стала, што, мабыць, няма будучыні. Няма спадзяваньняў на будучыню”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ўсяго ў жыцьці хапае?”

(Тамара: ) “Такога не бывае, каб усяго хапала. А мне шмат і ня трэба! Каб я не была галодная, была апранутая й абутая. А як ёсьць шмат залішняга, гэта ня надта добра. Гэта разбэшчвае чалавека. Гэта нядобра!”

А вось Алене Чырвонай буднім днём не да пагулянак. Ня можа яна сабе дазволіць такога, бо трымаецца за працу. Месца ўжо надта прэстыжнае — Дунілавіцкі сьвінакомплекс. Дзяўчына трапіла сюды адразу па заканчэньні школы. Цяпер корміць парсюкоў, але такім заняткам не задаволеная і хоча вучыцца:

(Чырвоная: ) “Мне бы хацелася паступіць куды-небудзь вучыцца. Крыху зараблю і можа на наступны год паспрабую паступіць… Вы мяне будзеце запісваць?”

(Карэспандэнт: ) “Я вас ужо запісваю”.

(Чырвоная: ) “А гэта трэба так блізка трымаць?”

(Карэспандэнт: ) “Гэта яшчэ ня блізка! А вы глядзіце на мяне, а не на мікрафон”.

(Чырвоная: ) “Не, лепей я нікуды ня буду глядзець!”

(Карэспандэнт: ) “Як вам зручна”.

(Чырвоная: ) “З заробкам у нас была вялікая затрымка. Даюць па пяць кіляграмаў бясплатнага мяса”.

(Карэспандэнт: ) “А выгадней чакаць грошы ці браць мясам?”

(Чырвоная: ) “Калі б давалі заробак, выгадней было б атрымліваць яго, а так выгадна ўзяць мяса, а пасьля яго прадаць”.

Тут з будынку фэрмы выйшаў Аленін калега. Стаў непадалёк, запаліў і пачаў слухаць нашую размову:

(Чырвоная: ) “Сьцяпанавіч глядзіць... Пэўна, заўтра ўсё раскажа начальніцы, Сьцяпанаўне”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ня бойцеся. Вы запэўніце сваю начальніцу, што казалі ўсё толькі добрае пра родны сьвінакомлекс”.

(Чырвоная: ) “Родны сьвінакомплекс... Ой! Каб была такая магчымасьць, я бы пайшла працаваць у іншае месца. З аднаго боку, я ня ведаю, што рабіла бы бязь вёскі. Вельмі прывыкла. Люблю даглядаць худобу, сьвіней, курэй, трусоў і ўсіх астатніх”.

(Карэспандэнт: ) “Правакацыйнае, крамольнае пытаньне... Толькі Сьцяпанаўне заўтра не кажыце, што цікавіўся такім! Палітычныя сымпатыі людзей: як яны ставяцца да палітыкаў і да таго, што адбываецца ў Менску?”

(Чырвоная: ) “Тую бібліятэку Лукашэнка будуе. У нас тут будуецца сярэдняя школа. Сюды б ён мог сродкаў болей даць. І будаўнікоў можна было не забіраць на тую бібліятэку, а зрабіць тут школу”.

Пра школу — пазьней. А пакуль мы з Францам Хомічам падыходзім да наступнага таямнічага месца ў старажытным парку.

(Карэспандэнт: ) “Ого! Які роў глыбокі!”

(Хоміч: ) “Легенда ёсьць, што тут знаходзіўся начэпны мост, які плёўся з лазы. Па гэтым масьце прыяжджаў у карэце пан мясцовы. І пасьля на гэтым самым месьцы гуляў ён з чарцямі ў карты. Можа, з чарцямі больш цікава, чым зь людзьмі! Зь людзьмі кожны можа. А вось з чарцямі ня кожнаму дадзена. Відаць яшчэ рэшткі дарогі. Калісьці яшчэ было відаць і рэшткі маста”.

Ну, а зараз абяцанае: пра школу. Чатырохгадовы даўгабуд. Працы то прыпыняюцца, то аднаўляюцца. Усё залежыць ад таго, ці ёсьць грошы. На пляцоўку мяне вядзе адзін з самых маладых настаўнікаў дунілавіцкай сярэдняй школы — Віктар Атрашкевіч. Ад пранізьлівага ветру мы хаваемся ў старожцы вартаўніка.

(Карэспандэнт: ) “На сьцяне вісіць плякат: Аляксандар Лукашэнка разам зь нейкай вучаніцай, дзяўчынкай у вучнёўскай форме. Сымбалічна, калі ўлічыць, што за пятнаццаць мэтраў знаходзіцца школа, якая зьяўляецца самым вялікім і самым галоўным даўгабудам мясцовасьці”.

(Атрашкевіч: ) “Гэта справа не мясцовых уладаў і не мясцовага кіраўніцтва. На мясцовым узроўні такога аб’ёму фінансаваньня не знайсьці”.

(Карэспандэнт: ) “А што кажуць там, наверсе?”

(Атрашкевіч: ) “У вобласьці на будаўніцтва выдзелена сто мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы могуць быць выдзеленыя альбо на дунілавіцкую школу, альбо на школу ў Полацку. Пакуль што гэтыя грошы сюды не прыйшлі”.

(Карэспандэнт: ) “Віктар, яшчэ хацеў бы закрануць у размове адну тэму: апошнія ідэалягічныя новаўвядзеньні. Што чуваць у дунілавіцкай школе?”

(Атрашкевіч: ) “Паколькі дзяржава ўтрымлівае за свой кошт сыстэму адукацы, магчыма, яна й можа патрабаваць выхоўваць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Пажывем і пабачым, якімі сродкамі гэтае патрабаваньне будзе выконвацца. Ёсьць вялікая насьцярога, што гэта вернецца да часоў былога Саюзу, да абавязалаўкі”.

А ў старажытным парку на чарзе самая высокая кропка ваколіцы. Тут ляжыць валун, на якім ужо згаданыя чэрці й пан у карты гулялі. Франц Хоміч апісвае гэтае месца:

(Хоміч: ) “Вось гэта той самы Чортавы камень. Формай ён нагадвае сэрца”.

(Карэспандэнт: ) “Вы кажаце, што некалі былі чортавыя сьляды. Але я заўважыў. што й цяпер ёсьць знакі”.

(Хоміч: ) “Есьць нейкія адмеціны, але цяжка сказаць, што яны нагадваюць, якія яны формай”.

(Карэспандэнт: ) “А чым можна растлумачыць тое, што камень зьверху роўна сьпілаваны? Такое ўражаньне, што лязом па ім правялі”.

(Хоміч: ) “Тая самая прырода, якая і роў гэты стварыла, яна й камень такі стварыла”.

(Карэспандэнт: ) “Бачна, што і ў нашыя дні Чортавы камень папулярны. Гляджу, што ёсьць вогнішча. Хтосьці тут бавіў час”.

(Хоміч: ) “Рамантыка мясцовая: камень, таямнічасьць”.

(Карэспандэнт: ) “А навокал шмат паваленых дрэваў. Карціна нагадвае здымкі з таго месца, дзе зваліўся Тунгускі мэтэарыт”.

(Хоміч: ) “Так-так”.

Да гэтага момант штодзённае жыцьцё вёскі Дунілавічы не перакрыжоўвалася зь містыкай. У маім расповядзе яны існавалі нібы паралельна. Але нарэшце рэчаіснасьць сышлася зь містычным у адным часе і адным пункце. Калі пакінуў пляцоўку з Чортавым камянём і пачаў спускацца з гары, я напаткаў спадарыню. У руках яна цягнула вядро грыбоў.

(Спадарыня: ) “Крэпка многа грыбоў у лесе! Такія прастыя грыбы: сыраежкі, грузды. Баравікоў ужо няма. Іхны час прайшоў”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы зь імі робіце?”

(Спадарыня: ) “Смажым, варым, солім, марынуем, салянку робім”.

(Карэспандэнт: ) “Нейкі свой рацэпт маеце?”

(Спадарыня: ) “А як усе людзі”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта як?”

(Спадарыня: ) “Ай, малец! Не дуры галавы!”
Пасьля гэтых словаў спадарыня пайшла сваёю дарогаю, а я — сваёю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG