Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варапаева


Ягор Маёрчык, Варапаева

На праезнай частцы горкамі ляжыць збажына. Не, гэта не сьлед ад калгаснай машыны, якая імчалася на элеватар. Зерне выкладзенае роўнымі квадратамі — значыць, такое зрабіў чалавек. Усе гэтыя малюнкі знаходзяцца ля хаты Алы Букі.

(Карэспандэнт: ) “Ішоў паўз вашую хату і пабачыў зерне. Чаго яно ляжыць на праезнай часцы?”

(Бука: ) “Бо асфальт грэецца, робіцца цёплым, і зерне сохне. І ўсё яшчэ на адкрытым паветры”.

(Карэспандэнт: ) “Во які сакрэт цікавы! А сена?”

(Бука: ) “А сена таксама на асфальт кладзецца. На траве яно дрэнна сохне, а на асфальце — добра”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта не замінае машынам езьдзіць па вашай вуліцы?”

(Бука: ) “Яны праедуць”.

Размова з Алай Букай падштурхнула мяне да ідэі наладзіць адмысловы рэйд па вуліцах мястэчка. 2003 год афіцыйныя беларускія ўлады абвесьцілі годам добраўпарадкаваньня. Да сканчэньня гэтай кампаніі яшчэ колькі месяцаў, але прамежкавыя вынікі падвесьці можна.

(Спадарыня: ) “Добраўпарадкуемся і ўсё! Во, бачыце, як плот валіцца. Сетачку набыць — дык вельмі дорага! 10 мэтраў болей за 20 тысяч каштуе. Цана для нас такая недаступная! Ну, якое ўдовінае жыцьцё? Няма каму нічога дапамагчы: ні каня, ні мужыка. А сама касіць ня ўмею, араць ня ўмею”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі мужыкоў па Варапаеве бадзяецца! Нанялі б якога?”

(Спадарыня: ) “Бамжа як наймеш, дык першым чынам налівай. Яму наліў — ён выпіў і пайшоў. І нічога не зрабіў!”

Цэнтральная вуліца мястэчка Варапаева, Пастаўскі раён Віцебшчыны. З гаспадыняй хаты мы сядзім на ганку. І кабета нібыта дбайная, і выправіць сытуацыю хоча. Але, як кажуць, жаданьні не супадаюць з магчымасьцямі. Зрэшты, зіма, якая ўжо не за гарамі, турбуе маю суразмоўніцу болей:

(Спадарыня: ) “Паліва трэба набыць: і брыкет, і дроўцы. Ці гэтым палівам удваіх, утраіх сядзелі бы ў хаце й тапіліся, ці я адна грэюся?!”

(Карэспандэнт: ) “Дык вы за грошы пускайце каго-небудзь пагрэцца”.

(Спадарыня: ) “Ха-ха! Мая ты дзетка, я ўжо старая пускаць каго грэцца. Ха-ха-ха!”

Тут мы нечакана мяняемся ролямі. Бабулька пераходзіць у наступ і задае пытаньні. Мне нічога іншага не застаецца, як адказваць на іх:

(Спадарыня: ) “Ці жанаты вы?”

(Карэспандэнт: ) “Я? Не!”

(Спадарыня: ) “Тут такія прыгожыя дзяўчаты ёсьць! Ня кураць, ня п’юць, а прыгожыя — ой-ёй-ёй!”

(Карэспандэнт: ) “Яны паўсюль у Беларусі прыгожыя”.

(Спадарыня: ) “Але ў Варапаеве самыя прыгожыя. Менавіта гарадзкія, ці п’юць, ці кураць, ці там... па начных клюбах ходзяць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас ня паляць, ня п’юць і па клюбах ня ходзяць?”

(Спадарыня: ) “Ну, якія ўжо зусім ніякія, тыя ходзяць. І так большай часткай — о-го-го! Мы вас тут ажэнім”.

(Карэспандэнт: ) “...о-о-о!”

(Спадарыня: ) “...і забераце нашую прыгажуню ў Менск, і будзеце жыць ды не тужыць”.

(Карэспандэнт: ) “Я прыму вашую прапанову да ўвагі”.

(Спадарыня: ) “Вельмі прыемна было з вамі пагаварыць. Хоць пасьмяяліся. Такі вясёлы й малады! А мы, старыя, так ужо любім такіх людзей! Ну, не пераказаць, як любім!”

На варапаеўскіх вуліцах маё вока спынілася на старой закінутай хаце. Бачна, што тут ніхто не жыве, але агарод засеяны. Сярод палеткаў стаіць гаспадар — Мечаслаў Зяневіч.

(Зяневіч: ) “З-за зямлі набылі, гэта лічыцца нашая фазэнда. Хата нам не патрэбная. Блізка зямля находзіцца. Толькі праз гэта”.

(Карэспандэнт: ) “А шмат пустых хатаў у Варапаеве?”

(Зяневіч: ) “Шмат. Праблема й прадаць. Цяпер шмат хто хоча зьехаць у гарады”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ня хочаце?”

(Зяневіч: ) “І я хачу! Пад старасьць трэба, каб не было дроваў і печ тапіць ня трэба было”.

(Карэспандэнт: ) “У Менск хочаце?”

(Зяневіч: ) “Хоць куды!”

Выглядае, што Мечаслаў Зяневіч перабярэцца менавіта ў Менск да нашчадкаў. Але як толькі вясковец стане гараджанінам, дзеці болей ня будуць цэлымі торбамі атрымліваць харчовай дапамогі.

(Зяневіч: ) “Каб дзецям не дапамагаў, сабе б, можа, і хапала. Дачка з унучкай у Менску. Сёлета ў мяне толькі гусей трыццаць шэсьць. Рэжу іх і кансэрвы раблю. Сабе й дзецям. Большая пэнсія — было б лепей. Ну, у квартал тысяч дзесяць падкінуць, затое кошты становяцца яшчэ вышэйшыя. Ха-ха, гэтая дапамога нічога не дапамагае”.

(Карэспандэнт: ) “Памятаеце, дэпутатаў выбіралі? Гэтаю вясною ў мясцовыя саветы, яшчэ раней — у парлямэнт. Гэтыя дэпутаты пра вас клапоцяцца?”

(Зяневіч: ) “А я нікуды не зьвяртаюся. Мне нічога не патрэбна”.

(Карэспандэнт: ) “А вы хоць памятаеце, за каго галасавалі?”

(Зяневіч: ) “Я нават і ня ведаю!”

Я скіроўваюся на ўскраек мястэчка. Тут, ля самага лесу, стаіць хата Валянціны Пасканавай. Гаспадарчыя пабудовы хаваюцца за елкамі. Кабету засьпяваю на паўдарозе да хлява:

(Карэспандэнт: ) “А я думаў, што вы ў такім мяху грыбы несяце. А вы ў ім сена цягнеце…”

(Пасканава: ) “Кароўка ў хляве стаіць. Захварэла. Нясу ёй сена, каб пад’ела. А па грыбы ходзім са звычайнымі кошыкамі. О-о-о-ой! Сёлета грыбоў цьма-цьмушчая! Грыбы ў асноўным на маладзічок, а пасьля яны ўжо не растуць. Будзем чакаць маладзіка. На маладзіку яшчэ пойдзем. І баравічкі, і мачоначкі, а сыраежак столькі, што бяры касу дый касі! Смажаць іх, марынуюць, соляць. Вы ведаеце, якія смачныя салёныя мачоначкі! А пасьля з бульбачкай — смаката!”

(Карэспандэнт: ) “Марынуеце ды сушыце па нейкіх сваім рацэптах?”

(Пасканава: ) “Іх трэба тры дні вымачваць. Пасьля бярэм каструлю, варым хвілінаў сорак. Як астынуць, халодненькія абмываем яшчэ раз. І складваем у жбаночак. Радочкамі кладзем і перасольваем. І стаяць яны так, можа, месяцы два, каб укісьлі, каб усё там перабрадзілася. А пасья вяршкі з цыбулькаю дадаем”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам. Шчасьліва схадзіць у грыбы! Да пабачэньня”.

(Пасканава: ) “Шчасьліва й вам! Да пабачэньня!”

Гонар усяго Варапаева — парк, закладзены яшчэ ў 19 стагодзьдзі. У вялікім горадзе пра такі сказалі б: “Кавалачак прыроды, выдатнае месца для адпачынку”. А тут — пустыя сьцежкі. Паабапал стаяць бэтонныя шкілеты лавак. Я стаю на сцэне летняга амфітэатру. Тут шырока аздначаюцца два прафэсійныя сьвяты мястэчка: Дзень чыгуначніка і Дзень будаўніка. Усе ўрачыстасьці праходзяць менавіта на гэтай сцэне.

Пра гэта мне распавялі мясцовыя жыхары. Каб не паведамілі, дык і не здагадаўся бы, бо пасьля кожнай урачыстасьці ад амфітэатру застаюцца толькі рэшткі. Людзі са сьценаў і падлогі выдзіраюць дошкі — іх выкарыстоўваюць у гаспадарцы. Напярэдадні кожнага сьвята ў амфітэатры робіцца касмэтычны рамонт: латаюць сьцены і падлогу, робяць новыя лаўкі. Але жывуць яны ня болей за адну ноч пасьля ўрачыстасьцяў.

Існуе і афіцыйная шыльда. Яна паведамляе, што парк — гістарычная і прыродная каштоўнасьць; ён ахоўваецца дзяржавай, а шкоднікаў караюць паводле закону. Але гэтая шыльда пыліцца ў шафе, а тая — стаіць ў кабінэце старшыні Варапаеўскага пассавету Аляксея Аліфера.

(Карэспандэнт: ) “Мяне завуць Ягор Маёрчык. Я карэспандэнт Беларускай службы Радыё Свабода…”

(Аліфер: ) “Я буду размаўляць на расейскай мове”.

(Карэспандэнт: ) “А можа ўсё ж такі па-беларуску? Нават Аляксандар Лукашэнка раз на год, на Дзень Рэспублікі, гаворыць па-беларуску”.

(Аліфер: ) “Не!”

Спадар Аліфер апраўдваецца, што шыльду атрымалі толькі нядаўна і павесіць яшчэ не пасьпелі. Калі старшыня адказвае на пытаньне “Што маеце добрае ў Варапаеве?”, ён узгадвае ўсё той жа парк:

(Аліфер: ) “Гэта панскі парк. Мы яго ачысьцілі”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў вас з амфітэатрам? Выглядае ён, як пасьля бою. Дошак няма”.

(Аліфер: ) “Вартаўніка там не паставіш. Былі б грошы, і пытаньняў бы не было ў справе добраўпарадкаваньня. Вядома, што праблемаў вельмі шмат. І людзі зьвяртаюцца да нас, але мы ня богі, усяго вырашыць ня можам”.

Аляксей Аліфер прызнаецца, што каб працаваць эфэктыўна, у тым ліку і ў справе добраўпарадкаваньня, пассавету часам бракуе паўнамоцтваў. Местачкоўцам сталага веку не хапае сілаў, каб увіхацца па прысядзібнай гаспадарцы. Грошай жа не хапае як уладзе, так і падначаленаму насельніцтву. А каму ж тады ў Варапаеве добра жывецца?

Ужо знаёмы Мечаслаў Зяневіч вылучае станоўчы момант — штотыднёвы кірмаш:

(Зяневіч: ) “На кірмашы ў чацьвер, як у Менску. Што робіцца! Чаго толькі няма?! Усё замежнае. Яблыкі…”

(Карэспандэнт: ) “Нават яблыкі з-за мяжы!?”

(Зяневіч: ) “І яблыкі з-за мяжы, і памідоры. Каўбасы з Польшчы прывозяць. За імі чарга стаіць”.

(Карэспандэнт: ) “А як жа айчынная вытворчасьць? Яе ж падтрымліваць трэба”.

(Зяневіч: ) “Хай лепей стараюцца, каб была канкурэнцыя і якасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Тады будуць набываць беларускае?”

(Зяневіч: ) “Вядомая справа!”

Гандляры маюць шанец добра зарабіць на бульбе, якая сёлета тут не ўрадзіла, як і на зерні, што вымакла пад жнівеньскімі дажджамі. Попыт будзе і на гусіныя кансэрвы спадара Зяневіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG