83-гадовая Фёкла Шчучка не была ў сваёй роднай вёсцы Колкі больш як 40 гадоў. Не была і ўжо ніколі не пабывае — паселішча таго даўно няма на зямлі. Цяпер родныя Фёкле мясьціны — гэта тэрыторыя 41-га авіяцыйнага палігону. Колкі некалі былі часткаю Мерлінскіх хутароў, таму тутэйшае насельніцтва дагэтуль называе палігон Мерлінскім.
(Шчучка: ) “У 1962-м нас вывозілі. Палігон рабілі. Не хацелі зьяжджаць. галасілі, плакалі, але сілай вывозілі. Нам так зрабілі, што горш чым была вайна. Залезуць жаўнеры на хату, раскідаюць яе, паломяць”.
(Карэспандэнт: ) “І вам тут хату далі ці самі яе будавалі?”
(Шчучка: ) “Якую хто даў?! Самі будавалі!”
(Карэспандэнт: ) “Як вы мяркуеце, гэта правільна, што зрабілі палігон? Ці патрэбны ён тут быў?”
(Шчучка: ) “Не. А што мы за карысьць мелі з таго палігону? Зрабілі гэты палігон, і мы ўсе прапалі. Усіх разлучылі: маці там памерла, сястра там, брат там”.
Выселілі людзей і зрабілі на плошчы 100 тысяч гектараў палігон. Гэта толькі паўбяды. Другая палова ў тым, што на тэрыторыі Столінскага раёну побач з балотамі Чырвонае і Гала ад пачатку 1960-х існуе агмень радыеактыўнасьці — зьявіўся пасьля заснаваньня палігону.
Першым гэтую сытуацыю дасьледаваў пінскі эколяг Аляксей Дуброўскі.
(Дуброўскі: ) “Тут расстрэльвалі радыеактыўныя аблокі, якія ляцелі з палігонаў Сяміпалацінскі і на Новай Зямлі”.
(Карэспандэнт: ) “Якія наступствы гэты палігон прынес навакольным вёскам?”
(Дуброўскі: ) “Бяром зямлю, грыбы, ягады... У некалькі разоў больш радыяцыі ў Столінскім раёне, чым у самой Чарнобыльскай зоне. У 1993 годзе афіцыйна ўзяў пропуск. Мы ўсё аб’ехалі ды паглядзелі. Радыяцыя на паўднёвай часцы палігону дзесьці была да 70 мілірэнтген на гадзіну. Працоўныя палі, дзе стаяць танкі ды самалёты — гэта пустэча. Горы пяску. У чэрвені ніводнай травінкі зялёнай няма.
У 1998 годзе мяне выклікалі ў Дом ураду, каб я, шараговы інжынэр-эколяг, даў тлумачэньне, што тут такое адбывалася. Я й даклаў. Патэлефанавалі адтуль дырэктару Інстытуту радыялёгіі. “Вы ведаеце, што да Чарнобылю была на Палесьсі вялікая радыяцыя?” “Так, — гаворыць. — Была радыяцыя”. “А чаму нічога ня робіцца, каб зьберагчы людзей?” Ён гаворыць: “А гэтая інфармацыя да сёньня зьяўляецца сакрэтнай”.
Акрамя вэрсіі пра расстрэл радыеактыўных аблокаў ёсьць яшчэ адна: немаштабныя выпрабоўваньні ядравай зброі.
У 1994-м Міністэрства абароны ў асобе генэрала-маёра Кастэнкі выклала сваю пазыцыю што да згаданых вэрсіяў. Сутнасьць той заявы: 41-ы палігон заўсёды быў толькі авіяцыйным; у Савецкім Саюзе выпрабаваньні ядравай зброі праходзілі на палігонах Сяміпалацінскі і Новая Зямля; лоўля радыеактыўных аблокаў — гэта фантастыка.
Але жыхары блізкіх да Мерлінскага палігону вёсак абвяргаюць спадара Кастэнку. Вось што я пачуў ад жыхара Цераблічаў:
(Спадар: ) “Было ў 1963 годзе такое. Тут ядравую зброю выпрабоўвалі. Быў на самой тэрыторыя палігону”.
(Карэспандэнт: ) “А чым стралялі?”
(Спадар: ) “А хто яго ведае. Я не магу нічога сказаць”.
Жыхар Бярэжцаў Мікалай Румянцаў прыводзіць ускосныя доказы вэрсіі выпрабаваньня ядравай зброі.
(Румянцаў: ) “Зброя ядравая выкарыстоўвалася таму, што яшчэ да Чарнобыльскай аварыі на палігоне пасохла шмат дубоў. Гэта зьвязваць з палігонам пачалі толькі пасьля таго, як зразумелі, якую небясьпеку мае радыяцыя”.
(Карэспандэнт: ) “Адкуль у вас тут зьявілася радыяцыя да Чарнобылю?”
(Румянцаў: ) “Ад выпрабоўваньня гэтых меркаваных ядравых зарадаў”.
Выбух на Чарнобыльскай АЭС у пэўнай ступені дапамог вайскоўцам схаваць праўду і адцягнуць увагу ад палігону. Мясцоваму насельніцтву сказалі, што тутэйшая радыяцыя прыляцела з атамнай станцы. Хаця вецер тады дзьмуў у бок Гомелю, а не ў кірунку Століна. А падругое, у землях Мерлінскага палігону плютонія ў дзясяткі разоў болей за бясьпечную норму. Але пасьля аварыі ў Чарнобылі гэтае рэчыва з рэактару станцыі разьляцелася ў радыюсе 15 кілямэтраў. І да палігону яно даляцець не магло.
Наступствы магчымых ядравых экспэрымэнтаў таксама сьпісваюць на Чарнобыль. Вёска Альманы займае адно зь першых месцаў у сьвеце на колькасьць захворваньняў на шчытападобную залозу. Раіса Паўловіч працуе ў тамтэйшай амбуляторыі мэдсястрой.
(Паўловіч: ) “Хто сьвежы прыедзе, чужы чалавек, падразу ж галава баліць. Такая млявасьць і стомленасьць. А паедуць да сябе — там ужо нармалёва. А разам шмат памірае. І ўсе ад раку”.
(Карэспандэнт: ) “І гэта зьвязана з радыяцыяй?”
(Паўловіч: ) “Толькі так, мы думаем. Лічаць, што ўсё ад радыяцыі, але выяжджаць ніхто ня хоча. Свой край самы лепшы”.
У навакольных з палігонам вёсках стаўленьне да радыяцыі надобнае на тое, з чым можна суткнуцца ў Чарнобыльскай зоне. Людзі лічаць за лепшае ня думаць пра гэта. Яны раздражняюцца, калі лішні раз ім нагадваюць пра ступень забруджаньня.
(Спадарыня: ) “Вось менскія лекары прыяжджаюць. Дзяцей нашых правяраюць. Гавораць: у цябе шчытавідка першай ступені, у цябе — другой. А лячэньня ніякага не выпісваюць! Спужаюць гэтае дзіця ды бацькоў. Як яны ня едуць, мы самі сябе на лепшае настроім ды й так і жывем. А як яны прыедуць ды нагавораць, нам і жыць ня хочацца. Толькі за адзін месяц памерла 10 чалавек. За адзін месяц”.
(Карэспандэнт: ) “Ці вам кажуць, які тут радыяцыйны фон?”
(Спадарыня: ) “Як вызначылі той фон на 15 кюры. Так яны яго пажыцьцёва й кажуць. А памераць — будзе больш”.
У тых жа Альманах стала працуе француская дабрачынная экспэдыцыя. Добраахвотнікі вучаць жыхароў элемэнтарным мерам бясьпекі.
(Карэспандэнт: ) “Што вам французы кажуць пра вашую навакольную сытуацыю?”
(Спадарыня: ) “Трэба мяняць усю зямлю, завозіць насеньне, бульбу. Тады, можа, нейкія зрухі будуць. Каб каровы чыстае сена елі. А ў нас як людзі накосяць, дзе радыяцыі болей, нашыя каровы яго й ядуць. У мяне трое дзетак. За 30 тысяч я ніяк не магу іх пракарміць. Я мушу хадзіць і па тыя грыбы, і па чарніцы”.
(Карэспандэнт: ) “Памятаеце, Лукашэнка абяцаў перад выбарамі, што кожны будзе атрымліваць па сто даляраў?”
(Спадарыня: ) “Штосьці мы вынікаў абяцаньня нідзе ня бачым. Муж у калгасе працуе, ягоны аклад 20 тысяч. Ці нам пасьля гэтага не ісьці ў грыбы, ці нам не ісьці ў ягады? Пабег зь дзецьмі ў той край, набраў, прынёс ды здаў”.
(Карэспандэнт: ) “Вы можа ведаеце, куды едуць гэтыя грыбы ды ягады?”
(Спадарыня: ) “Вы там паясьцё забруджаных, а пасьля чыстых, у вас і выветрыцца. А мне галоўнае, каб паболей заплацілі”.
(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”
(Спадарыня: ) “Я безыменная. Вы ж гэта пасьцірайце!”
(Карэспандэнт: ) “Ні ў якім разе! Так усё і пойдзе”.
Жыхар Аздамічаў Аляксей Кадовіч таксама ня быў супраць дабрачыннай дапамогі. Ды толькі праблема ў тым, што няма яе:
(Кадовіч: ) “Дачцы ўжо 8 ці 10 гадоў як зрабілі апэрацыю на шчытападобнай залозе”.
(Карэспандэнт: ) “Цяпер праблемаў са здароўем няма?”
(Кадовіч: ) “Фізычна яна ня можа працаваць. Тое, што за лета зарабіў, зімою аддаў на лекаваньне. Думаеце, у нас тут радыяцыя ад Чарнобылю? Яна ў нас тут пайшла з палігону. Бог яго ведае, чым там стралялі”.
(Карэспандэнт: ) “Калі гэта ідзе з палігону, вам нейкую кампэнсацыю мусіць плаціць Міністэрства абароны”.
(Кадовіч: ) “Дык гэтага ніхто не прызнае. Ужо нават ліст пісалі. Хто на гэта ўвагу зьвярнуў? Ніхто ўвагі на гэта не зьвяртаў. Наверсе нікому гэта не патрэбна. Ніхто нічым не цікавіцца”.
Пытаньне пра кампэнсацыі ад Міністэрства абароны актуальнае яшчэ й таму, што Мерлінскі палігон не зачынены. Час ад часу тут адбываюцца вучэньні лётчыкаў і ракетчыкаў. Засакрэчаная мясцовасьць амаль не ахоўваецца. Бяз пропуску машынай не праедзеш, бо на асноўных дарогах стаяць пасты. Ну а пешкі можна зайсьці куды заўгодна.
Зноў дамо слова Міколу Румянцаву зь Бярэжцаў:
(Румянцаў: ) “Мясцовае насельніцтва ставіцца па-рознаму. Большасьць нават лічыць добрым, што там праводзяцца вучэньні. Час ад часу ў насельніцтва зьяўляецца магчымасьць набыць таннае паліва. Вайскоўцы з задавальненьнем мяняюць на сала”.
Вайсковыя дзеяньні з акна ўласнай хаты часам назірае і Румянцава аднавясковец — Міхаіл Вянгура:
(Вянгура: ) “З самалёта пускаюць ракету, а зь зямлі па ёй б’юць. І бачна, як у яе трапляюць”.
(Карэспандэнт: ) “Як мясцовае насельніцтва ставіцца да таго, што побач палігон?”
(Вянгура: ) “Насельніцтва цяпер не рэагуе. Маладыя сьпіліся, а старым ужо ўсё адно. Цяпер ужо прывыклі да гэтай радыяцыі. Яна ж пад зубамі не трашчыць”.
(Карэспандэнт: ) “А як людзі ставяцца да тых уладаў, якія ў Менску?”
(Вянгура: ) “Лукашэнка шмат хлусіць! Кажа: заробак павялічым — няма, пэнсію павялічым — няма”.
(Карэспандэнт: ) “На наступных выбарах будуць людзі за яго галасаваць?”
(Вянгура: ) “А ён не павінен сябе вылучаць. На трэці сэзон, паводле Канстытуцыі, нельга”.
(Карэспандэнт: ) “Будзем іншага шукаць?”
(Вянгура: ) “Так. Любы альховы, абы новы”.
Авіяцыйныя вучэньні для жыхароў Столінскага раёну — гэта бясплатнае кіно з бамбаваньнямі і запускамі ракетаў. Праўда, такое відовішча аднойчы ледзь не пазбавіла Фёдара Тачылу жыцьця.
(Тачыла: ) “Пасярод двара стаялі. Ляцелі тры самалёты. Выпусьцілі ракеты. Глядзіш у неба — здаецца, што яна на хату ляціць. Мы палеглі на зямлю. Аж яна працяцела міма. Адна ўпала каля гароду. Патэлефанавалі ў вайсковую частку ў Давыд-Гарадку. Прыехалі яны ўзарвалі на месцы, дый усё”.
(Карэспандэнт: ) “А яны ў вас не прасілі прабачэньня?”
(Тачыла: ) “Асабіста ў мяне — не. Гаспадыня хварэла на нэрвы. Напісалі заяву міністру абароны. Ён прыслаў адказ, і яе паслалі ў шпіталь”.
Эколягі ня маюць дакумэнтальнага пацьверджаньня вэрсіяў пра расстрэлы на 41-м авіяцыйным палігоне радыеактыўных аблокаў, няма зьвестак і пра экспэрымэнты зь ядравай зброяй. Зь іншага боку, вайскоўцы ня могуць абвергнуць гэтых абвінавачваньняў.
Тым часам Мэрлінскі палігон і цяпер пагражае жыцьцям людзей у навакольных вёсках Столінскага раёну. Радыяцыяй для ўсіх і кожны дзень, а таксама “шальнымі” ракетамі ў часе вучэньняў. Дый на адной з палескіх гаворак слова “мерліны” азначае “сьмерць”.