Я знаходжуся на возеры Балдук. Ёсьць прыгожая легенда пра тое, што ў Балдуку жыве беларуская Нэсі. Легенду некалькі разоў спрабавалі пацьвердзіць альбо абвергнуць навуковыя экспэдыцыі, якія прыяжджалі сюды. Пасьля візытаў навукоўцаў у мясцовага насельніцтва зьявіўся анэкдот на гэтую тэму. Навуковец падыходзіць да жыхара найбліжэйшай вёскі й пытаецца: “Гэта праўда, што ў вашым возеры жыве Нэсі?” “Праўда”, — кажа вясковец. “А калі яна зьяўляецца?” — пытаецца навуковец. “Ну, як калі? У суботу ўвечары пасьля лазьні ды пасьля пятага кілішку, падыдзеш да берага возера — і адразу ўбачыш Нэсі”.
А калі сур’ёзна, на дне гэтага возера знаходзіцца сапраўдны скарб. Некалі валадары тутэйшых земляў адмыслова затапілі дуб, каб празь дзесяцігодьдзі ён стаў мароным. Пасьля сюды прыйшла савецкая ўлада. Гаспадары зьехалі, а драўніна засталася ляжаць на дне Балдука. Можна толькі здагадвацца, якой каштоўнасьцю ён ёсьць цяпер, пасьля стагодзьдзя знаходжаньня на дне возера.
Але размова не пра мітычную пачвару Нэсі й нават не пра возера Балдук, якое лічыцца адным з самых глыбокіх у Беларусі. За некалькі кілямэтраў знаходзіцца мястэчка Лынтупы — дзьвюхтысячнае паселішча на самай беларуска-літоўскай мяжы.
Бывае, што родная зямля дапамагае людзям выжываць ня толькі ў матэрыяльным сэнсе, але і ў маральным. Аднак народжаныя тут месьцічы імкнуцца зьехаць куда падалей. Сярод іх і Алена Жарына:
(Жарына: ) “Я бы ўвогуле хацела куды-небудзь выехаць. Куды заўгодна, але толькі не заставацца ў Лынтупах. Тут вельмі цяжка. Паеду ў Нарач, даведаюся — казалі, што ў рэстарацыі патрэбны кухар. У саўгасе, бывае, заробку некалькі месяцаў ня плацяць”.
(Карэспандэнт: ) “А вы дзе працуеце?”
(Жарына: ) “У аддзяленьні міліцыі прыбіраю. Я атрымліваю 30 тысяч. Выжываць дапамагае карова, сьвіньні й расьліна з агароду”.
(Карэспандэнт: ) “Ці дапамагае мяжа, якая побач?”
(Жарына: ) “Хто саляру, хто бэнзін... Бак запраўляюць, туды перавозяць і там прадаюць”.
(Карэспандэнт: ) “Дачыненьні людзей і ўладаў — ці мае ўлада аўтарытэт у людзей?”
(Жарына: ) “Амаль ніякай дапамогі ад сельсавету. Зьбіраюць грошы на добраўпарадкаваньне, а яго няма: няма сьвятла на вуліцах, дарогі благія”.
(Карэспандэнт: ) “Дэпутата выбіралі?”
(Жарына: ) “Выбіралі. Галасуеш за аднаго. А ўсё адно яны паставяць, каго ім трэба”.
(Карэспандэнт: ) “Улады ў Менску — як людзі да іх ставяцца?”
(Жарына: ) “Супраць Лукашэнкі. Толькі ўмее шмат гаварыць, а каб справай што паправіць, дык не”.
(Карэспандэнт: ) “Вельмі шырока абмяркоўваецца ягоны намер ісьці на трэці тэрмін”.
(Жарына: ) “Ня буду галасаваць за яго”.
Некалі Лынтупы былі ледзь ня самым грамадзка актыўным паселішчам у Пастаўскім раёне. Але пасьля суполкі апызыцыйных партыяў зьніклі. Местачковыя бізнэсоўцы спынілі кантакты са сваімі палітычна актыўнымі суседзямі.
“Не забывайцеся, дзе вы атрымліваеце заробак”, — кажуць, што гэта ўлюбёнае выказваньне кіраўніцы раённай вэртыкалі Ванды Януковіч. Хто намёк зразумеў, вымушаны быў стаць ляяльным да уладаў, а хто не — сёньня працуе на такіх непрывабных пасадах, што звальняць далей ужо няма куды.
І цяпер старшыня Лынтупскага сельсавету Валянціна Кузьміч уздыхае з палёгкаю. Арганізаваная апазыцыя ў мястэчку болей ня водзіцца.
(Кузьміч: ) “Неяк быў момант, калі ў нас была апазыцыя. Цяпер у нас дачыненьні нармалёвыя з тымі людзьмі, якіх мы лічылі ў свой час апантанымі праціўнікамі. Я гэта кажу менавіта пра наша мястэчка”.
(Карэспандэнт: ) “Колькі вы ўжо знаходзіцеся на пасадзе старшыні сельсавету?”
(Кузьміч: ) “Больш за 15 гадоў”.
(Карэспандэнт: ) “Калі параўноўваць цяперашні склад сельскага савету й папярэднія — на чыю карысьць гэтае параўнаньне?”
(Кузьміч: ) “Цяпер працаваць нашмат цяжэй, бо ў дзяржаве складаная сытуацыя. І дабрабыт людзей ідзе не да лепшага, і матэрыяльнае становішча таксама цяжкае”.
(Карэспандэнт: ) “Як мяркуеце, як далей будзе разьвівацца падуладная тэрыторыя?”
(Кузьміч: ) “Калі ў нас зьявіцца міжнародны пункт пропуску, будзе разьвівацца і ўся інфраструктура. Я думаю, што будзе пэрспэктыва і для мястэчка. Ну а калі не, будзем самі змагацца за пэрспэктыву. Мы ж — аптымісты”.
Выглядае, што Валянціне Кузьміч усё ж прыйдзецца, як яна выказалася, самастойна змагацца за пэрспэктыву.
Ля Лынтупаў ацалела толькі памежная застава. Шматлікія кантрольныя пасты ўжо даўно скасавалі, бо на іхнае ўтрыманьне няма грошай. У такой сытуацыі разьлічваць на адкрыцьцё міжнароднага пункту пропуску не выпадае.
Зь мяжой зьвязаны яшчэ адзін аспэкт жыцьця мястэчка. Тут праходзіць чыгунка Віцебск–Вільня. Дакладней, праходзіла. Гэта першая менавіта нацыянальная ветка, пабудаваная на пачатку 20 стагодзьдзя. Да таго часу ўсе рэйкі ў Беларусі клаліся для транзыту з Усходу на Захад і з Поўначы на Поўдзень.
Літоўцы скасавалі дызэльныя маршруты на Беларусь і часткова разабралі свой кавалак дарогі. Лынтупская станцыя пераўтварылася ў чыгуначны тупік. Па мястэчку даўно гуляюць пагалоскі пра тое, што яе хочуць зачыніць зусім.
Нядаўна кіраўніцтва Віцебскай чыгункі аб’яжджала свае ўладаньні. Тады супрацоўнікаў станцыі абнадзеілі, што прыпынак будзе існаваць да таго часу, пакуль працуе тутэйшы сьпіртавы завод. Паколькі згаданае прадпрыемства — адзінае, што функцыянуе ў Лынпутах стабільна, такое абяцаньне ўзрадвала месьцічаў. З заводам мяне знаёміць ягоны супрацоўнік Анатоль Круп:
(Круп: ) “З усёй Беларусі звазілі на экспэртызу такую прадукцыю, нашая заняла адно зь першым месцаў. Попыт на прадкцыю — без праблемаў. Толькі ня ўсе разьлічваюцца”.
(Карэспандэнт: ) “Мы стаім ля будынку адміністрацыі заводу і знаходзімся ў своеасаблівым трохкутніку: леваруч ад нас — бюст Леніна. праваруч — ужо памянёны будынак адміністрацыі. У кабінэце дырэктара вісяць цяперашнія дзяржаўныя герб і сьцяг. А ў цэнтры мы бачым вежу заводу: на вышыні некалькіх дзясяткаў мэтраў вісіць “Пагоня”.
(Круп: ) “Вырабілі самі “Пагоню”.
(Карэспандэнт: ) “А якіх яна памераў, дарэчы?”
(Круп: ) “Каля мэтру. Не выглядае магчымым яе адтуль зьняць. Гэта ўжо непрацоўная труба кацельнай. Лясы разабраныя там. Трэба нямала грошай, каб трапіць у тое месца, дзе цяпер гэтая “Пагоня”.
А яшчэ ў Лынтупах ёсьць краязнаўчы клюб “Гальшаны”. Яго ачольвае Алесь Гарбуль. Сацыял-дэмакрат. Калі раёнам кіраваў Васіль Чэпік, спадар Гарбуль праз сваю апазыцыйную дзейнасьць ня мог нідзе ўладкавацца на працу. Тады ён эміграваў у Чэхію. Ужо пры цяперашняй старшыні — Вандзе Януковіч — вярнуўся на Радзіму. Цяпер працуе ў тутэйшай калектыўнай гаспадарцы. Напісаў кнігу пра паганскія валуны роднае Пастаўшчыны.
Алесь Гарбуль прыводзіць мяне ў гістарычны цэнтар мястэчка. Мы знаходзімся ў Лынтупскім парку, побач з будынкамі палацавага комплексу. Гэтыя будынкі захаваліся, але яны ня ў самым лепшым стане. Прыгожая вежа, якія стаіць асобна: дзіравы дах, толькі сьцены й флігель узгадваюць пра былую веліч. Побач знаходзіцца палац: ніводнага шкла, усе павыбіваныя.
(Гарбуль: ) “Гэтыя памяшканьні засталіся без гаспадара. Але ўлады ўсё ж зьвярнулі ўвагу на гэтыя будынкі. Самае галоўнае, што на палацы аднавілі дах. Таму пакуль што і стаіць гэты будынак, не развальваецца. Сёлета таксама выдаткавалі сродкі. Крыху прыбралі парк. Калі не цяпер, дык празь некалькі гадоў усё адно палац гэты адновяць”.
(Карэспандэнт: ) “Ягоны далейшы лёс? Што тут плянуецца зрабіць?”
(Гарбуль: ) “Плянавалі адкрыць экспазыцыю, сабраць мэблю 18–19 стагодзьдзяў з усіх палацавых комплексаў Беларусі”.
Лынтупскі палаца-паркавы ансамбль уражвае нават у занядбаным стане. Цэлая сыстэма копанак, якія аб’яднаныя каналамі. Некалі выспы злучаліся навеснымі мастамі. Часткі воднай сыстэмы раскіданыя па ўсёй ваколіцы. Канцавая кропка знаходзіцца за некалькі кілямэтраў ад палацу, у лесе.
З Алесем Гарбулем мы адпраўляемся туды, дзе ўдалося прадухіліць экалягічную катастрофу.
(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія не абыякавыя да навакольнага асяродзьдзя, зрабілі плаціну на месцы, дзе некалі знаходзіўся старажытны млын. Зь якой мэтай гэта рабілася?”
(Гарбуль: ) “Празь некалькі гадоў адкіды са сьпіртзаводу маглі трапіць у адну з самых чыстых рэк Беларусі — Страчу. Тады можна было б ставіць крыж на заказьніку Блаткітныя вазёры. Такім чынам мы аднавілі адстойнік Лынтупскага сьпіртзаводу. Наконт дзяржаўных органаў: дзякуй Богу, што яны нам не перашкаджалі”.
(Карэспандэнт: ) “Мы стаім ля крыніцы. Гляджу, вы зрабілі такі калодзеж. Ён умацаваны й зацэмэнтаваны. На гэтым цэмэнце напісана: “Стасік Іванковіч і Дзіма Калмач, ліпень 2003 году”. А з трэцяга боку напісана “Люблю Беларусь”.
(Гарбуль: ) “Калі мы працавалі тут, з намі былі дзеці. Дзіму Калмачу — 7 год, Стасік Іванковіч перайшоў у шостую клясу. Дзеці тут засталіся й напісалі. Нас гэта вельмі ўразіла. Не патрэбныя шматчасовыя лекцыі. Яны проста шчыра напісалі: “Люблю Беларусь”.
У жыцьці Лынтупаў усе спадзяюцца ня столькі на сябе, колькі на суседа: улада на мяжу, чыгуначная станцыя на сьпіртавы завод. А ён будзе жыць, пакуль людзі актыўна п’юць алькагольныя напоі. А тыя, хто ня вельмі захапляецца бутэлькай, шукаюць лепшага ў чужых краёх.
Гістарычная спадчына стаіць неяк асобна. Занядбаная веліч спадзяецца толькі на рэдкіх заезных рэстаўтаратаў і на рукі мясцовых добраахвотнікаў. Але тутэйшыя лічаць, што менавіта турызм мог бы разбудзіць мястэчка і падняць жыцьцёвы добрабыт на новы ўзровень.