Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабрынь


Ягор Маёрчык, Дабрынь

У Дабрыні штомесяц 27-е чысло — гэта своеасаблівы Судны дзень. Напярэдадні скончваецца апошні тэрмін аплаты тэлефонаў. І таго, хто не пасьпеў, сувязісты апэратыўна адключаюць.

У вёску я прыехаў як раз 27-га. А таму напаткаць пацярпелую аказалася зусім лёгка.

(Спадарыня: ) “Прыйшло 26-е чысло, яны ўжо адключаюць — 27-га тэлефона ўжо няма. Уплаці, і яны яго зноў уключаць, за падключэньнье — 20 тысячаў. Учора мая суседка кажа: нашкрэбла 2 тысячы ды занесла заплаціць за тэлефон. Газ зноў падаражэў, сьвятло падаражэла, хлеб падаражэў… Чорт яго ведае, што тут робіцца! Тут такія людзі, што яны будуць маўчаць, ім на галаву будуць вешаць, а яны будуць маўчаць. Што не адбываецца, а яны маўчаць! Так будзе, ці інакш — усё адно добра. Лукашэнка выступаў і казаў, што ў траўні будзе дабаўка да пэнсіі. Нават ня тое, што рубля, капейкі не дадалі. Дзе тыя грошы дзеліся? Дзе Лукашэнкавы загад?.. Чорт яго ведае, куды ён падзеўся!”

Адное толькі слова можна лічыць мясцовай адметнасьцю. Толькі тут і нідзе болей на Гомельшчыне і ў Беларусі ў гаворцы насельніцтва можна пачуць слова “лыгануць”. Ягонае тлучмачэньне зь цяжкасьцю знойдзеш нават у слоўніках дыялектызмаў. Між тым, расшыфроўваецца яно вельмі проста, можна сказаць, паўсядзённа. Гэта значыць — “добра выпіць”.

Алькагольны расклад у вёсцы мае сваю спэцыфіку. У Дабрыні знаходзіцца вінны бровар. Гэта адзінае болей-меней пасьпяховае прадпрыемства ў акрузе. Яно прадукуе 7 гатункаў віна, якое ў народзе завецца чарніламі.

Ці ёсьць канкурэнцыя паміж самагонам і віном?

Што карыстаецца ў вяскоўцаў большай папулярнасьцю?

Адказы на гэтыя пытаньні я шукаў сярод спажывальнікаў і вытворцаў. У выніку атрымалася ананімная вочная стаўка. “Чаму бяз прозьвішчаў?” — запытаецеся вы. Першы выступоўца адмовіўся прадстаўляцца зь меркаваньняў бясьпекі.

(Карэспандэнт: ) “Людзі п’юць?”

(Спадар: ) “П’юць”.

(Карэспандэнт: ) “А што п’юць?”

(Спадар: ) “Гарэлку. Дзяржаўную. Пэнсію атрымае, вып’е і балдзее цэлы дзень да вечара”.

(Карэспандэнт: ) “Самагон гоняць?”

(Спадар: ) “Ня гоняць — у нас забаранілі, вельмі строга з гэтым. Бывае так, што міліцыянты паймаюць, штрафу дадуць і паб’юць апарат. Так што ў нас гэтым не займаюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Няма такой вёскі на Палесьсі, каб не гналі самагон...”

(Спадар: ) “Я гэта разумею. Мо дзе й гоняць у якіх карчах, а ў нас лес далёка, чыстыя палі… Ай! Дзе яе ня гоняць? Яе ў Менску гоняць”.

(Карэспандэнт: ) “Гоняць — ведаю. У кватэрах паставяць апараты і гоняць”.

(Спадар: ) “Вось я гэта й кажу. У горадзе яшчэ лепей, чым у вёсцы”.

У сваю чаргу, прадстаўніца заводу размаўляла са мной без дазволу начальства. А таму, на ўсялякі выпадак, вырашыла перастрахавацца. І зноў без імя й прозьвішча.

(Карэспандэнт: ) “Няма ніводнай вёскі, дзе б ня гналі самагон… У Дабрыні ж — таксама?”

(Спадарыня: ) “Можа нават у кожнай хаце…”

(Карэспандэнт: ) “Канкурэнцыя адчуваецца?”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, колькі гадоў таму, калі спраўна працавалі органы, яны знаходзілі гэты самагон. У нас рэалізацыя прадукцыі была большая”.

Данііл Майстрэнка ўжо некалькі год запар дамагаецца аднаўленьня справядлівасьці. Празь нечую службовую неахайнасьць ягоная дачка Натальля стала інваладім. Бацька памятае дзень і нават дакладны час, калі гэта здарылася — 14 гадзінаў 16 траўня 1998 году.

(Майстрэнка: ) “Чацьвёра дзяцей гулялі… І адчыненая была падстанцыя — 10 тысячаў вольт. Яна ўлезла ў тую падстанцыю, узялася — і апаліла дзьве ручкі! Дзіця засталося бяз рук”.

(Карэспандэнт: ) “Звычайна на падстанцыі захады бясьпекі: агароджа і ўсё мусіць быць зачыненае”.

(Майстрэнка: ) “Не было ніякіх захадаў бясьпекі й агароджы. Цяпер дамагаюся ёй пажыцьцёвай пэнсіі, каб плацілі раённыя электрасеткі”.

(Карэспандэнт: ) “Справа была заведзеная...”

(Майстрэнка: ) “...заведзеная была ажно два разы ў Гомелі абласным пракурорам. Прыходзіць сюды, а пракуратура Ельску закрывае справу”.

(Карэспандэнт: ) “Яны адмаўляюць і зачыняюць на якой падставе?”

(Майстрэнка: ) “Тое, што падстанцыя ўжо зачыненая”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што станцыя зачыненая і пэнсію плаціць ня будуць…”

(Майстрэнка: ) “Так. Колькі я не хадзіў да ельскага пракурора... Ён ужо мяне да такой ступені дапёк, што трэба лезьці ў лукашэнкаву камісію. Дапамажыце трапіць у лукашэнкаву камісію!..”

(Карэспандэнт: ) “Не, вось тут я Вам дакладна не дапамагу…”

Данііл Майстрэнка шукае праўды ўжо 5 гадоў. Сам няўпэўнены, ці знойдзе яе.

А вось Любоў Бабаед дачакалася-такі свайго. Тут я патлумачу, што Дабрынь, як і большая частка Ельскага раёну, забруджаная радыенуклідамі. У паселішчы ёсьць месцы, дзе пасьля аварыі зьнялі па мэтру глебы. Паводле закону, пацярпелыя маюць права на кватэру ў любой кропцы Беларусі. Але перад тым як зьехаць, яны мусяць здаць жытло. Дык вось, у вёсцы цэлая радоўка жадаючых, прадаць дзяржаве свае хаты.

Працягвае Любоў Бабаед:

(Бабаед: ) “Я зьвярнулася ў саўгас. Два гады таму мусілі былі адпусьціць грошы. Я згадзілася на іхную суму — 3,5 мільёны. Тады грошы ня выплацілі. У цяперашні момант адпусьцілі грошы на набыцьцё дамоў. Сказалі, калі я згодная на тую суму, яны дом забяруць”.

(Карэспандэнт: ) “Ведаеце, нейкая такая недарэчнасьць атрымліваецца: тры мільёны беларускіх рублёў два гады таму і цяпер — гэта розныя грошы”.

(Бабаед: ) “Так, вядома. Тады атрымлівалася ў мяне 2,5 тысячы даляраў, а цяпер — паўтары”.

(Карэспандэнт: ) “І як вы паставіліся да гэтага?”

(Бабаед: ) “Ну, а што я? Паставілі нас у такую сытуацыю, што мы добрыя дамы аддаем задарма. Хочаш—ня хочаш, а згаджайся. Гэта ня правільна! Я наагул не разумею, як такое можа быць? Паводле страхоўкі, яна — хата — у мяне каштуе больш за восем мільёнаў”.

(Карэспандэнт: ) “Канечне, няправільна так казаць, але калі, ня дай Бог, вашая хата згарэла, вы б атрымалі болей грошай...”

(Бабаед: ) “Ой-ёй-ёй-ёй!.. Але так, паводле страхоўкі я атрымала бы болей. Але рукі не падымаюцца зрабіць такое, зьніштожыць сваю працу”.

Як толькі хаты трапяць у рукі мясцовых уладаў, іх адразу перададуць новым гаспадарам. Гэта мігранты з розных частак колішняга Савецкага Саюзу. У Чарнобыльскай зоне яны паўсюль.

Жыцьцё прыбышоў у Ельскім раёне мала чым адрозьніваецца ад таго, з чым можна сутыкнуцца ў Хойніцкім або Брагінскім. Маюць від на жыхарства, працуюць на зямлі. Ляяльна ставяцца абсалютна да ўсяго, бо надта хочуць атрымаць беларускі пашпарт.

Праўда, зь дзецьмі ня так проста, як з дарослымі. Дабрыньская школа — беларускамоўная. Гэтая акалічнасьць — прадмет гонару настаўнікаў. Але галаўны боль не пакідае пэдагодаў. Якім чынам атэставаць па беларускай мове й літаратуры так бы мовіць некарэнных вучняў?

Гэтая праблема міжрадкоўем гучыць у разважаньнях намесьніка дырэктара школы Мікалая Дарошчанкі:

(Дарошчанка: ) “З данага боку — школа пэрспэктыўная. Ёсьць прырост колькасьці дзяцей. І нам не пагражае скарачэньне да ўзроўню базавай школы. Але гэта адбываецца не за кошт прыросту насельніцтва, а за кошт мігрантаў. У нас у школу штогод прыяжджае 5-10 вучняў: з Казахстану, да нас прыяжджаюць з Азэрбайджану, у нас ёсьць малдаване — гэта людзі, якія ўвесь час мігруюць. Калі яна прыяжджаюць, мову беларускую яны ня ведаюць. Вучні засвойваюць матэрыял — гэта даецца ім зь цяжкасьцю. І ўжо праз год мы павінныя будзем гэтых вучняў атэставаць па тых самых мове й літаратуры. Вось у гэтым у нас праблема”.

Грошай у вёсцы не хапае ледзь не штопершаму. Гэта й зразумела: заробкі ў 50 тысячаў калектыўная гаспадарка затрымлівае па некалькі меясцаў.

Ёсьць у Дабрыні свой фэрмэр. Аляксандар Кузьняцоў спэцыялізуецца на бульбе й капусьце. Сваю прадукцыю здаваў Гомель у расейскія Пецярбург і Краснаярскі край.

Асабіста для мяне вельмі нечакана прагучала ягоная заява пра тое, што першым чынам яму не хапае ўлады на сваёй зямлі, а ўжо толькі пасьля — тых самых фінансаў.

(Кузьняцоў: ) “Мая зямля — 70 гектараў. Па палетках езьдзяць, лес спалілі… Тут ёсьць копанка — ад гэтых браканьераў адбою няма. Заехаў на сваё возера — рыбы ня бачна. Калі я пачну ўжываць да іх сілу, гэта будзе крымінал. А была б гэтая мая ўласнасьць, як на Захадзе, я б ведаў, якія сродкі ўжываць”.

(Карэспандэнт: ) “Раённыя ўлады звычайна ня вельмі прыхільна ставяцца да фэрмэраў. У сытуацыі зь Ельскім раёнам — як у вас?”

(Кузьняцоў: ) “Мяне паважаюць. Зь іхнага боку, каб укусілі, як кажуць, такога ні разу не было”.

(Карэспандэнт: ) “Дзіўнае такое спалучэньне: тэрыторыя, якая пацярпела да выбуху на Чарнобыльскай АЭС. І вы тут займаецеся фэрмэрствам?”

(Кузьняцоў: ) “Мы сваю радыяцыю даўно зьелі. Цяпер адпраўляем на экспарт… Калі здаем прадукцыю, абавязкова праходзім кантроль на ўтрыманьне радыенуклдідаў”.

(Карэспандэнт: ) “Калі пачынаць рэфармаваць сельскую гаспадарку, які шлях больш эфэктыўны, больш хуткі?”

(Кузьняцоў: ) “Самае лепшае рэфармаваньне — гэта ўкласьці сродкі”.

Вёска Дабрынь і раённы цэнтар Ельск — сёстры-бізьняткі.

Паводле паданьня, у сярэднявечнага валадара тутэйшых земляў было 2 дачкі — Дабрынь і Караліна. У іхны гонар ён назваў два паселішча.

Толькі Караліне-мястэчку не пашанцавала. У сяредзіне XIX стагодзьдзя тут пракладалі чыгунку. Рэйкі ды шпалы далі такі моцны штуршок разьвіцьцю населеннага пункта, што яго пераназвалі ў гонар галоўнага інжынэра Ельскага, які кіраваў будаўніцтвам.

Ну, а Дабрынь так і засталася Дабрыньню.

На пытаньне, што ёсьць добрага ў жыцьці, вяскоўцы без прэтэнзіяў на арыгінальнасьць кажуць — “людзі”. Я зазначаю: “людзі ўсюль добрыя”. А мне ў даказ: “затое ў нас добрыя усе, без выключэньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG