Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ельск


Ягор Маёрчык, Ельск

У дзесяцітысячным Ельску ёсьць безыменны мікрараён. Ён, у сваю чаргу, мае два прыгарады. Называюцца яны на кітайскі лад: Шанхай-1 і Шанхай-2. Гэтыя кварталы хаваюцца ў лесе і за аўтамабільнымі гаражамі. Насельнікі аднапавярховых баракаў — дробныя хатнія жывёлы. Зусім побач — нелегальныя палеткі.

Яльчане без дазволу выкарчавалі лес і асушылі балота. І земляробаў зусім не спыняла тое, што ад мястэчка да Чарнобылю бліжэй за 30 кілямэтраў, што тут падвышаны радыяцыйны фон, што Ельск і раён — гэта зона з правам на адсяленьне.

Марыя Бандачук — мадэльер, ці, папросту кажучы, швачка-канструктар камбінату бытавога абслугоўваньня ў Ельску. Праўда, апошнія месяцы яна ўвесь час бавіць на сваёй зямлі. Працы няма і грошай ня плацяць. А жыць неяк трэба.

(Бандачук: ) “Бульба ў мяне свая, не набываю, часнык — нават прадаю, хрушу трымаем. А каб гэтага не было, я ня ведаю, як бы жыла на гэтыя грошы”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі гэта ўсё легальна? Як да гэтага ставіцца райвыканкам?”

(Бандачук: ) “Неяк аднойчы яны нас прыцягвалі да адказнасьці. Запужвалі нас. Хочуць зрабіць тут возера, каб людзі адпачывалі. Але тут нашыя агароды! Нам працаваць трэба. Балюча будзе, калі ўсё забяруць”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што было тут балота. Вы яго асушылі, а цяпер гэта зноў хочуць заліць вадой. Так?”

(Бандачук: ) “Так”.

Прадукцыя Ельскай мэблевай фабрыкі на рынку неканкурэнтаздольная. Кансэрвавы ледзь дыхае дзякуючы дзяржаўным замовам: дзіцячыя садкі ды школы вымушаныя набываць менавіта ягоную прадукцыю. А ўкраінскія аналягі каштуюць на рынку ўдвая таньней.

Завод жалеза-бэтонных канструкцыяў зачынілі. Пра дарожна будаўнічую ўправу №35 таксама ўжо можна казаць у мінулым часе. Нядаўна яе аб’ядналі з двайніком у Калінкавічах.

Кажуць, што арганізацыя і працоўныя сталі ахвярамі нейкіх уладна-прамысловых інтрыгаў і даўняга суперніцтва паміж Ельскам, Мазыром і Калінкавічамі. Навасьпечанае начальства забрала сабе лепшую тэхніку. Ад будаўнічай управы засталіся адныя толькі пустыя ангары. Вартаўнік Аляксандар сабакі нават не трымае — ахоўваць ужо няма чаго.

(Аляксандар: ) “Нашая фірма — адна з усяго трэсту давала прыбытак. А нас узялі ды скарацілі, далучылі да той арганізацыі, якая стратна працуе. Навошта гэта ўсё патрэбна? Усіх нашых працоўных разагналі. Засталіся толькі тры вартаўнікі і два качагары”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі людзей было?”

(Аляксандар: ) “Чалавек 70–80”.

(Карэспандэнт: ) “Тых, каго разагналі, куды яны пайшлі?”

(Аляксандар: ) “На біржу. 20 тысяч атрымліваюць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы неяк выказвалі сваю нязгоду?”

(Аляксандар: ) “І пісалі, і тэлефанавалі. Няма ніякага плёну! Нічога! Я напішу, і пойдзе Лукашэнку ліст? Ён прыедзе выключна з нагоды майго ліста? Да ня будзе такога! Там лістоў такіх прыходзіць мора. І на кожны ліст не прыедзеш”.

Здавалася, што можа быць прасьцей, чым знайсьці працу ў “чарнобыльскіх” раёнах Гомельскай вобласьці? Некалі адсюль шмат хто зьехаў. А засталіся пераважна пэнсіянэры, якія жадаюць памерці ў роднай старонцы. Улады Беларусі пачалі вырашаць кадравую праблему старым савецкім мэтадам — разьмеркаваньнем. Калі ты настаўнік альбо мэдык, твае шанцы трапіць на забруджаныя тэрыторыі істотна падвышаюцца. Прынамсі, так сытуацыя бачыцца зь Менску.

А як тут, то — зусім іншая рэчаіснасьць. Аказваецца, што вольных месцаў даўно няма. Афіцыйная лічба беспрацоўя — 3%. Насамрэч жа значна болей. І ніхто ня можа адказаць на пытаньне, куды ўладкаваць маладых спэцыялістаў, якія адвучыліся, і паводле мэтавага накіраваньня цяпер вяртаюцца на малую радзіму.

Я гутару з намесьнікам галоўнага лекара раённага шпіталю Віктарам Шынкарчуком.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што адна з галоўных праблемаў Ельску — беспрацоўе. Ці ёсьць беспрацоўныя сярод мэдыкаў?”

(Шынкарчук: ) “Сярод мэдыкаў пакуль што няма такога. Хаця маладых спэцыялістаў, якія будуць разьмяркоўвацца сёлета, мы на працу ня возьмем. У нас цалкам укамплектаваны штат”.

(Карэспандэнт: ) “Вы прагназуеце, што такая праблема можа хутка ўзьнікнуць?”

(Шынкарчук: ) “Так. Улічваючы тое, што ў нас побач у Мазыры мэдычная вучэльня. Яна “палескі куст” кадрамі сваімі практычная забясьпечыла”.

Чаўночным гандлем у Ельску займаюцца ўсе: мадэльеры і будаўнікі, настаўнікі й мэдыкі. Адбываецца гэта выходнымі й буднямі, летам і зімою. Украіна тут пачынаецца праз адзін чыгуначны прыпынак. Першы больш-менш буйны рынак — за 370 кілямэтраў, у Жытоміры. Розьніца ў коштах — паўтара-два разы. Самыя пасьпяховыя з адной вандроўкі кладуць у кішэню блізу сотні даляраў ЗША.

Праўда, як і ўсюль, не без праблемаў. Першая — гэта транспартная. Украінцы скасавалі дызэльны маршрут, які хадзіў празь мяжу. Цяпер трапляць у суседнюю дзяржаву стала цяжэй дый даражэй, бо кошты квіткоў на той дызэль і на міжнародныя цягнікі розьняцца ў некалькі разоў.

Ну, а другая праблема — традыцыйная для любой мяжы. Мытня. Аднак і тут можна знайсьці згоду, так бы мовіць, неафіцыйным чынам. Калі ласка, доказ: леташні дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі адносна таго, што на тэрыторыю Беларусі можна ўвозіць толькі 10 кіляграмаў грузу даўно не зьяўляецца перашкодай для чаўнакоў. Як у тым савецкім фільме — “мытня дае дабро”. Праўда, не за простае шчырае “дзякуй”.

(Спадар: ) “Ідзе кантроль. Падыходзіш да мытніка і кажаш, што вязеш больш за норму. Ён, вядома, дае дэклярацыю, каб запаўняў. Ты яе запаўняеш: пішаш, што ўсё ў межах нормы. І мытніку — 20 даляраў. Ён робіць выгляд, што праверыў, і ты праходзіш кантроль”.

(Карэспандэнт: ) “Ці бывалі выпадкі, калі мытнікаў лавілі на хабары?”

(Спадар: ) “Бывалі. Дваіх такіх ведаю. Нават завялі крымінальную справу. Яны сядзелі ў СІЗА, але адвакаты дапамаглі, яны адкупіліся і засталіся на волі”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля гэтых новаўвядзеньняў ці скараціўся аб’ём перавозак, ці паменела чаўночных паездак празь мяжу?”

(Спадар: ) “Не, не паменела. Як езьдзілі, так і езьдзяць. Толькі крыху больш плацяць”.

(Карэспандэнт: ) “...і плацяць не дзяржаве, а мытнікам?”

(Спадар: ) “Толькі мытнікам!”

Ёсьць у Ельску яшчэ адзін рэцэпт выжываньня. Бывае так, што непаўналетнія дзеці кормяць беспрацоўных дарослых бацькоў. Падлеткаў штогоду запрашаюць на аздараўленьне ў Нямеччыну і Італію. Падарункі, ежа і вопратка — гэта звычайныя атрыбуты такіх падарожжаў. Уражаньнямі ад вандровак дзеліцца 17-гадовая Вольга Зыль:

(Зыль: ) “Была я ў горадзе Майнцы каля сямі разоў. Усе ставяцца гасьцінна. Не зьвяртаюць увагі на тое, што ты прыехаў зь іншай краіны. Набываюць адзеньне і ежу, якую яны перасылаюць сюды”.

(Карэспандэнт: ) “Як часта прыходзяць гэтыя пасылкі?”

(Зыль: ) “Раз ці два на год. Гэты вельмі вялікая дапамога, я лічу. Ёсьць сем’і, у якіх няма сродкаў, каб купіць свайму дзіцяці ежу альбо адзеньне. Хаця я вывучаю ангельскую ў школе, я пачала займацца нямецкай мовай”.

(Карэспандэнт: ) “Якія посьпехі ў нямецкай мове?”

(Зыль: ) “Нядрэнна!”

(Карэспандэнт: ) “А прыклад?”

(Зыль: ) “Ой! Не!”

А я тым часам вяртаюся ў безыменны мікрараён Ельску. Вуліца 50 год СССР, дом нумар 33. Тут жывуць перасяленцы. Асфальту навокал практычна няма. Рыдлёўкамі ды ломамі старыя зьнішчылі пакрыцьцё. І на пясочку, пад сваімі вокнамі, разьбілі градкі.

(Спадарыня: ) “Пэнсіянэры сеюць. Атрымліваецца, што кожнай бабе па градцы. Ледзь не адабралі гэта. Спачатку забаранілі — то бабы пачалі моцна плакаць. Ну, добра паплакалі й нам сказалі: “Што з вамі зрабіць? Сейце!”

(Карэспандэнт: ) “Стаім з вамі ля трубы. У ёй вялікая дзірка. І зь яе...”

(Спадарыня: ) “...капае вада. Мы ёй паліваем. Дзякуй Богу, што труба лопнула. Ці прыцягну я вады зь пятага паверха?”

(Карэспандэнт: ) “Звычайна гора, калі труба лопне. А ў вас атрымліваецца, што гэта станоўча. Так?”

(Спадарыня: ) “Добра!”

(Карэспандэнт: ) “Хапае на жыцьцё пэнсіі ці не?”

(Спадарыня: ) “Як ужо бачыш, што сканчваецца пэнсія, суп толькі засмажыш. А пра каўбасу ўжо не думаеш. Усё дорага!”

У вырашэньні непаразуменьняў паміж мясцовымі ўладамі й насельніцтвам не апошнюю ролю мусіў бы адыгрываць дэпутат. Я маю на ўвазе не абранцаў у райсавет, а таго чалавека, які прадстаўляе цэлы раён на дзяржаўным узроўні.

Ад Ельшчыны ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу працуе камуніст, апантаны прыхільнік інтэграцыі, колішні кіраўнік літаратурнага голдынгу — Сяргей Касьцян. На думку яльчанаў, ён і павінен быў дапамагчы адстаяць дарожна-будаўнічую ўправу, а можа й паклапаціцца пра новы дызэльны маршрут ва Ўкраіну.

Але насамрэч Сяргей Касьцян наведваецца ў сваю акругу ня так часта, як жадаюць выбарцы. Ад таго рэдкія аўдыенцыі больш трывала застаюцца ў памяці яльчанаў.

(Спадарыня: ) “Прыехаў дэпутат Касьянаў...”

(Карэспандэнт: ) “Касьцян?”

(Спадарыня: ) “Касьцян — ага. Пайшлі да яго на прыём. Папрасілі яго: “Мы перасяленцы. Хоць бы нас замацавалі за калгасам, каб нам па 5–10 сотак узаралі за нашыя грошы”. Ён адказаў: “Зьбірайцеся гуртом і набывайце каня”. Я набуду тога каня, а на яго трэба сена накасіць. І ў кватэру каня не завядзеш! А дзе яго паставіць таго каня? Цякуць у нас пад’езды. Ён сказаў: “Зьбіраецеся гуртом, набывайце дахоўку і крыйце”. Паставілі нам бракаваныя газавыя пліты. У двух хатах яны выбухнулі. Добра што людзей не пазабівала. Ну і гэты Касьянаў-Касьцян сказаў, што “Я гэтую справу ўтрасу, новыя паставім”. А тыя пліты, як стаялі, так і сёньня стаяць”.

(Карэспандэнт: ) “І нічым вам не дапамог?”

(Спадарыня: ) “Так, нічым. А як выбіралі яго, абяцаў залатыя горы!”

(Карэспандэнт: ) “Хутка зноў будуць выбары ў Нацыянальны сход. Будзеце за Касьцяна галасаваць?”

(Спадарыня: ) “Ні за кога не пайду галасаваць! Нават і за Лукашэнку ня буду!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG