Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альшаны


Ягор Маёрчык, Альшаны

Кіроўца не пасьпявае прытармазіць на павароце — машыну выносіць на ходнікі. Яе круціць, затым яна тараніць рог дому. Ужо пазьней людзі падыходзяць бліжэй, каб уведаць лёс кіроўцы. Стары, пазіраючы зь іншага боку вуліцы, філязафічна заўважае: “Нястрашна. Да канца сэзону пасьпее яшчэ прадаць некалькі тонаў агуркоў і набудзе сабе новую машыну”.

Палескае мястэчка Альшаны магло б прэтэндаваць на статус агурковай сталіцы Беларусі. Гэтая частка Столінскага раёну знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора, пад нагамі — асушаныя балоты. Тутэйшае насельніцтва гародніну ня проста вырошчвае, яно на ёй спэцыялізуецца. Цяпліцы тут цягнуцца на кілямэтры.

Раніцай жыцьцё Альшанаў пачынаецца менавіта на тым месцы, дзе я знаходжуся. Гэта цэнтральная вуліца і аўтобусны прыпынак. Яшчэ на сьвітанку сюды прыязжджае нямала людзей з навакольных вёсак, мястэчак і нават раённых цэнтраў Жыткавічы і Столін. Людзі едуць сюды зарабіць. Якраз бачу — ля крамы стаіць крупка такіх людзей. Зараз я падыду й распытаю іх.

(Спадарыня: ) “Лукашэнку прывітаньне перадайце. Мы за яго галасавалі. Мы на яго спадзяваліся, думалі, што і ён нас падтрымае. А мы з кожным годам становімся ўсё большымі жабракамі. Брахун ён, вось і ўсё! А што яшчэ можна пра яго думаць? А што, мы не рабы? Тыя самыя рабыні ізаўры. Робім усё тое, што нас прымушаюць рабіць: полем, прыбіраем, дровы складаем — усё робім. 120–15 тысяч за дзень”.

(Карэспандэнт: ) “Вы адкуль самі прыехалі?”

(Спадарыня: ) “З Жыткавічаў”.

(Карэспандэнт: ) “У Жыткавічах цяжка працу знайсьці?”

(Спадарыня: ) “Вядома, што цяжка. Зусім няма нічога рабіць. Бывае, што тут па 70–80 чалавек стаіць. Вы прастойце дый пабачыце, як зараз машына пад’едзе й як тутю машыную будуць атакаваць з усіх бакоў. Кожны хоча першы на працу трапіць”.

(Карэспандэнт: ) “І ўсе знаходзяць працу на дзень?”

(Спадарыня: ) “Як надвор’е, усе знаходзяць”.

Тыя, хто называе сябе парабкамі, прызнаюцца, што як прыходзіць агурковы сэзон, іхныя рукі ды ногі ў альшанцаў назахват. А сёньня я назіраю адваротную сытуацыю: час адпаведны, але прапанова перавышае попыт.

Міша прыехаў у цэнтар мястэчка не ў пошуках працоўнай сілы, а толькі за тым, каб апошнія навіны ўведаць. Гляджу на старыя чобаты, пацертыя джынсы й выцьвілы капялюш. І неяк не стасуецца гэты вобраз са зьвесткамі пра тое, што Міша — адзін з самых заможных жыхароў. Мае сучасныя аўтамабільныя фуры.

(Міша: ) “Я грузаперавозкамі займаўся, а цяпер вырашыў на зямлі працаваць, фэрмэрскую гаспадарку распачынаю. Уся праблема, што зямлі не даюць альшанцам. Буду далей дамагацца, каб далі зямлю”.

(Карэспандэнт: ) “А хто гэта не дае?”

(Міша: ) “Улада нашая, Берасьце. Уся зямля ў калгасах”.

(Карэспандэнт: ) “Усе альшанцы займаюцца агуркамі?”

(Міша: ) “Усе. Кожны чалавек, у кожным двары цяпліца ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Сёлета які ўраджай?”

(Міша: ) “Няма ўраджаю ў гэтым годзе. Самы слабейшы ураджай мо сёлета. Усё залежыць ад надвор’я. Добрае — больш агуркоў”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі на гэтым людзі зарабляюць?”

(Міша: ) “Нельга дакладна сказаць, колькі”.

(Карэспандэнт: ) “Мяркуючы па хатах, ды па машынах, якія езьдзяць, дык нядрэнна жывуць…”

(Міша: ) “Бо багата сотак маюць. Але нельга сказаць, колькі людзі зарабляюць”.

Цэнтральныя вуліцы і прылеглыя завулкі — гэта адзін вялікі рынак. Фуры, якія перавозяць 20 тонаў грузу, спыняюцца непасрэдна на ходніках. Сюды ж пад’яжджаюць жыхары Альшанаў і навакольных паселішчаў, каб здаць свае агуркі. Прадукцыя адначасна загружаецца ў дзясяткі фураў. Працэс наладжаны да такой ступені, што адбываецца (у літаральным сэнсе) бесьперапынна, увесь час, пакуль на вуліцы сьветла.

Продаж ураджаю — працэс далікатны, прыватны. Суседзі ў чарзе абачліва стаяць на пэўнай адлегласьці ад фуры. Пабочныя вушы ды вочы не вітае ні пакупнік, ні гандляр. Нават калі чарговая партыя агуркоў ужо перайшла з адных рук у іншыя, вялікага жаданьня пакантактаваць у вяскоўцаў не назіраецца.

(Спадар: ) “Я нічога вам такога не скажу. Я проста прывёз свае агуркі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы дзесьці яшчэ працуеце, ці толькі агуркамі займаецеся?”

(Спадар: ) “Не, яшчэ ў калгасе “40 год Кастрычніку” на трактары”.

(Карэспандэнт: ) “Які стан калгасу?”

(Спадар: ) “Выдатны! Заробак 10–12 тысяч на месяц”.

(Карэспандэнт: ) “Ці не прасьцей кінуць калгас і займацца ўвесь час агуркамі?”

(Спадар: ) “А хто мне працоўны стаж залічыць? Агуркі мне працоўнага стажу не дадуць!”

Людзі, якія скупляюць агуркі, пераважна паходзяць з Каўказу.

(Карэспандэнт: ) “Вы адкуль?”

(Ахмэт: ) “Мы з Санкт-Пэтэрбурга, радзіл в Азэрбаджане”.

(Карэспандэнт: ) “Чым займаецеся?”

(Ахмэт: ) “Агурцу закупляем. Пітэр абеспэчваем агурцой”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вы за адзін раз завозіце?”

(Ахмэт: ) “Тон двэнацат-трынацат”.

(Карэспандэнт: ) “За адзін сэзон колькі ходак можна зрабіць?”

(Ахмэт: ) “Гдэ-та 28–32 за адзін сезона”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэта так сталася, што піцерцы займаюцца агуркамі, чаму беларусы ня возяць агуркі ў Піцер?”

(Ахмэт: ) “Там связь у іх плоха. Не можат… эта… рэалізават”.

(Карэспандэнт: ) “Як да вас мясцовыя ўлады ставяцца?”

(Ахмэт: ) “Нармалёва. Мы нічэво не абіжаемся”.

(Карэспандэнт: ) “Дзевяць год тут жывяце. Можа, што зь беларускай мовы вывучылі?”

(Ахмэт: ) “Ходы та мэне, а я да тэбэ. Да эта нэ беларускі, эта па-альшанскі”.

Уражвае і выгляд Альшанаў. Шасьцітысячнае мястэчка. Вельмі шмат сапраўдных двух- і трохпавярховых маёнткаў. Усе яны з чырвонай цэглы. Накрытыя будынкі дахоўкай — выразна небеларускай вытворчасьці. На вокнах — шклопакеты. Вельмі шмат спадарожнікавых талерак.

Уся гэтая вонкавая заможнасьць неяк не стасуецца з тым, што знаходзіцца пад нагамі людзей. Заасфальтаваная толькі цэнтральная вуліца, якая зьяўляецца часткай міжнароднай трасы. Усе астатнія ніколі ня ведалі, што такое асфальт. Праезная частка тут — гэта ўтрамбаваная зямля. У Альшанах ужо чацьверты дзень ідзе дождж. І гэтыя дарогі пераўтварыліся ў сапраўдныя азёры. Ня тое, каб мора па калена, але вада ўжо чапляе барты красачоў. Перасоўвацца зь месца на месца тым больш складана: ногі вязнуць у раскіслай глебе.

Праблема альшанскіх дарогаў — чым не нагода, каб завітаць у тутэйшы сельскі савет?

Мікалай Быба на пасадзе старшыні знаходзіцца ўсяго некалькі тыдняў. І ў размове пачувае сябе ня надта камфортна. Да таго ж перашкаджаюць няспынныя тэлефанаваньні.

(Быба размаўляе па тэлефоне: ) “Так. Так, сельскі савет. Па 500. Калі ласка”.

(Карэспандэнт: ) “Вам тэлефануюць у сельскі савет, каб запытацца, колькі каштуюць агуркі?”

(Быба: ) “Спажываецкія саюзы і нават прыватнікі. У сельскі савет, ці набіраюць любы нумар тэлефону”.

Нарэшце, кранаю тэму дарогаў:

(Карэспандэнт: ) “Папрасілі б, каб людзі сабраліся талакою ды заасфальтавалі тыя вуліцы, на якіх жывуць”.

(Быба: ) “Так і робім. Часткова людзі самі зьбіраюцца, часткова дапамагае сельскі савет. Ёсьць плян вынесьці гандаль за межы Альшанаў. Але патрэбныя грошы, каб зрабіць пляцоўку зь цьвёрдым пакрыцьцём, бо мышыны тут вялікія”.

(Карэспандэнт: ) “Вы старшыня сельсавету. Уладная фігура тут, у Альшанах. Як вы прыйдзеце да якога-небудзь Махмуда здаваць агуркі? Ён у вас па той жа цане прыме, ці нейкую іншую, спэцыяльную паставіць?”

(Быба: ) “Ня тое, каб я хачу вас падмануць… Пакуль я знаходжуся на гэтай пасадзе, я яшчэ агуркоў не здаваў”.

(Карэспандэнт: ) “У вас з гандлярамі ёсьць праблемы ці не?”

(Быба: ) “Разумееце… Як і зь любымі “чорнымі” на базары. Антысанітарыя адкуль бярэцца? Ён закупіўся, зьехаў і за сабой не прыбраў, ён нешта зьеў і кінуў. Хай гэта будзе і расізм, але гэта — рэальнасьць”.

Ня выключана, што калі-небудзь імем Віктара Крупкевіча альшанцы назавуць новую вуліцу. Яна абавязкова будзе заасфальтаваная, зь ліхтарамі й сапраўднымі ходнікамі. Агуркі ў гэтай мясцовасьці пачаліся менавіта са спадара Крупкевіча. Ён дзеля экспэрымэнту ў 70-я гады пабудаваў на сваім гародзе некалькі цяпліцаў. Першы ўраджай быў такі, што прыбытку ад яго хапіла, каб пабудаваць чатыры новыя дамы для чальцоў сваёй сям’і.

У час перабудовы быў дэпутатам мясцовага савету, а пасьля сябрам БНФ. І цяпер гэты 50-гадовы піянэр ад агуркоў жыве ў Альшанах. Праўда, у цяпліцах завіхаецца ня так шмат, як раней. Зрабіў стаўку на гандаль. Возіць тавары з суседняе Польшчы. Адначасна працуе ў тутэйшай музычнай музычнай школе.

Тут я згадваю, як у адказ на пытаньне пра сакрэт такіх вялікіх ураджаяў месьцічы неаднойчы прамаўлялі: “У альшанцаў на любой зямлі родзіць”. Я папрасіў Віктара Крупкевіча вылучыць самую істотную рысу тутэйшага насельніцтва.

(Крупкевіч: ) “Ёсьць такая рыса як аднаасобніцтва людзей. У кожнага свая хата — свая крэпасьць. Няма згуртаванасьці, каб вырашаць палітычныя пытаньні”.

(Карэспандэнт: ) “А якія, дарэчы, палітычныя настроі?”

(Крупкевіч: ) “Чым далей, тым горш людзям жывецца, таму і да ўладаў горш ставяцца. Зямлі не даюць. Сама вёска не добраўпарадкаваная”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Альшанах апазыцыя?”

(Крупкевіч: ) “Апазыцыі такой і няма. Людзей цікавіць што? Заробак. Калі чалавек заробіць, ён і пражыве. Палітычныя праблемы не цікавяць”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж вы, на колькі я ведаю, былі апазыцыяй…”

(Крупкевіч: ) “Быў. Калісьці вылучылі на дэпутата. Я пачаў гаварыць супраць улады. На другія выбары мяне й блізка не дапусьцілі. На гэтым і скончылася мая палітычная дзейнасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Раптам як зьявяцца спрыяльныя ўмовы, пойдзеце зноў у палітыку?”

(Крупкевіч: ) “Не, мабыць, я ўжо стары”.

“Агурковай краінай” Беларусь назвалі пасьля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Гэтак тады кпілі зь ягонай малой радзімы — Шклова.

Альшаны ж — агурковая краіна ўсярэдзіне Беларусі. Тут хрумсткая прадукцыя — спосаб выжываньня, гарант пэўнага ўзроўню добрабыту і стабільнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG