Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцамі Поразава разам зь Віктарам Шалкевічам


Ягор Маёрчык, Поразава

У старажытнае каралеўскае мястэчка Поразава, што ў цяперашним Сьвіслацкім раёне Гарадзенскай вобласьці, мяне вязе Віктар Шалкевіч — знаны бард, паразовец ад нараджэньня. Ён у гэтай вандроўцы ня проста праваднік. Віктар — экскурсавод і камэнтатар у адной асобе.

(Віктар Шалкевіч: ) “Зараз мы ўяжджаем ў мястэчка Поразава па старой дарозе. Бачыце, яна зарасла”.

(Карэспандэнт: ) “І цяжка нават ехаць”.

(Шалкевіч: ) “Цяжка ехаць, але гэта сымбалічна. Мы едзем тут, каб вы ведалі, што было і што сталася. Цяпер мястэчка прыблізна ў такім стане, як і гэтая дарога. Праваруч мы зараз убачым гэтак званыя Трыгоры. У кожнага нармалёвага мястэчка ёсьць свая легенда. Вось тут было старое Поразава. На адной з гораў стаяла царкоўка, якая потым правалілася пад зямлю. Калі а 12-й гадзіне ў нядзелю прыкласьці вуха да зямлі, моджна пачуць, як там б’юць званы ў гэтай царкве. Зараз мы ўяжджаем у самое Поразава. Давай да цэнтру!”

(Карэспандэнт: ) “Мы стаім на цэнтральным пляцы”.

(Шалкевіч: ) “Вы бачыце, што гэта такі вялікі пляц. Поразава — клясычны прыклад мястэчка Вялікага Княства Літоўскага. Пагляньце: касьцёл, царква-“мураўёўка”, старая сынагога, раней у нас была яшчэ ўніяцкая царква. У нашым Поразаве нарадзілася вельмі значная асоба. Гэта Эстэль-Рагель Камінская. Яна была маткай прафэсійнага польскага жыдоўскага тэатру. Тут быў вельмі магутны рух падчас паўстаньня Каліноўскага. І менавіта каб стлуміць яго, тут пабудавалі такую “мураўёўку”. Касьцёл арханёла Міхала”.

(Карэспандэнт: ) “За савецкім часамі працаваў?”

(Шалкевіч: ) “Гэта быў адзін зь нешматлікіх у Беларусі каьсцёлаў, які працаваў без ксяндза. У касьцёле людзі самі адпраўлялі. Цяпер апекуюцца гэтай парафіяй ксяндзы-францішканы”.

Не пасьпеў Віктар Шалкевіч пералічыць усе адметнасьці цэнтральнага пляцу Поразава, як ля нас спыніўся воз. Дзяцюкі зьлезьлі й адразу пачалі абдымацца — з маім правадніком.

(Спадар: ) “О-о-о-о!”

(Шалкевіч: ) “Гэта мае аднаклясьнікі”.

(Спадар: ) “Добры дзень!”

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Што раскажаце пра жыцьцё?”

(Спадар да Віктара Шалкевіча: ) “Антонавіч, што яму сказаць? Усю праўду? Да? Жывём хранова! Атрымліваю 109 тысячаў на дзяцей і на жонку. Гэтага хапае толькі на хлеб. Прэзыдэнт абяцае ды абяцае, а нічога нам не дапамагае. Прэзыдэнт сказаў, што калі нарадзіць трох дзяцей, бясплатна дадуць кватэру”.

(Карэспандэнт: ) “Далі вам кватэру?”

(Спадар: ) “Ніхто нічога ня даў!”

(Карэспандэнт: ) “Пакрыўдзіліся?”

(Спадар: ) “Пакрыўдзіўся на прэзыдэнта аж надта! Спадзяваньне адно: тое, што яго ня будзе — і чым хутчэй, тым лепей. Зьявіцца нармалёвы прэзыдэнт, і будзе нармалёвае жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “А што ёсьць добрага ў жыцьці?”

(Спадар: ) “Надзея на лепшае жыцьцё, на Эўрапейскі Зьвяз, на збліжэньне з Захадам, але толькі не з Усходам”.

Пасажыры возу ад’ехалі. А Віктар Шалкевіч, гледзячы ім наўздагон, зазначыў:

(Шалкевіч: ) “Жыцьцё з кожным з нас можа зрабіць яшчэ і ня тыя рэчы, якія яно зрабіла зь некаторымі з маіх аднаклясьнікаў. Пры ўсім пры тым ня вельмі адпаведны момант. Яны абгаралі на полі бульбу й пасьля гэтага прычасьціліся да зельля”.


* * *
(Шалкевіч: ) “Зараз — на вельмі слынны камбінат, дакладней, фабрыку лазовай мэблі. Калісьці гэтая мэбля ехала ва ўсе куткі Савецкага Саюзу”.

(Карэспандэнт: ) “А ў якім цяпер стане фабрыка знаходзіцца?”

(Шалкевіч: ) “Ой! Як кажуць палякі, цяжка, пані, вельмі цяжка”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта значыць дыхае на ладан?”

(Шалкевіч: ) “Можа, яна ўжо і дыхаць перастала. Зараз паглядзім”.

Дырэктар фабрыкі Антон Грыневіч размаўляць пры мікрафоне адмовіўся. А прыватным чынам пажартаваў, што роднае прадпрыемства ён называе “апошнім з магіканаў”. Толькі яно з усёй прамысловасьці Сьвіслацкага раёну яшчэ сяк-так трымаецца на паверхні. Мэблю з ахвотай набываюць і сёньня, але грошы могуць вяртаць паўгоду. Крыху дапамагае экспарт. Камлі для рыдлёвак і сякераў пастаўляюць ажно ў Афрыку. Куды дакладна, спадар Грыневіч не паведаміў. Спаслаўся на тое, што ня здолее вымавіць назовы тых краінаў.


* * *
(Шалкевіч: ) “Пад’едзем да Вечаслава Сакалоўскага. Такі вельмі адукаваны інтэлігентны чалавек, настаўнік фізыкі”.

(Шалкевіч: ) “Вечаслаў Францавіч, добры дзень! Гэта — Ягор Маёрчык, карэспандэнт Радыё Свабода”.

(Карэспандэнт: ) “У нас ёсьць такая праграма на радыё пра гарады, мястэчкі, вёскі…”

(Шалкевіч: ) “Добрая праграма. Называецца “Палітычная геаграфія”.

(Сакалоўскі: ) “Кожны вечар слухаю. ...Стан саўгасу, як кажуць палякі, якія грошы — такая й праца. Ня плацяць па некалькі месяцаў заробкі, а як і выдаюць, дык мізэрныя грошы. Ад таго й не працуюць. А настаўнікі яшчэ за травень не атрымалі. У кожнага ёсьць дзялка зямлі каля хаты. Практычна ўсе настаўнікі, у якіх ёсьць сям’я, бяруць землю”.

(Карэспандэнт: ) “Праца на зямлі не замінае працэсу выкладаньня?”

(Сакалоўскі: ) “Каб было болей часу, пачытаў бы больш дадатковай літаратуры. А так змушаны працаваць на зямельцы-маці”.


* * *
Перад намі — драўляны мінізамак. Навокал — стары ангельскі парк з цэлаю сыстэмаю сажалак. Усё парасло: сад — пустазельлем, копанкі — чаротам.

(Шалкевіч: ) “Мы знаходзімся ў месцы, якое называецца Богудзенкі. Бог выгнаў Адама з Эвай з раю. Яны йшлі, чамусьці, да Поразава. Падняліся на гору, пабачылі Поразава і сказалі: “Дзякуй Богу, ужо Поразава”. На месцы, дзе яны гэта прамовілі, пабудавалі гэта палац. Быў палац, затым — памяшканьне гміны. Пасьля 1939-га тут быў шпіталь. Але цяпер гэта ўсё скарачаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Тры месяцы прайшло пасьля таго, як зьліквідавалі шпіталь. Ужо нават павыносілі ўсё абсталяваньне”.

(Шалкевіч: ) “Наколькі мне казалі, тут зьбіраюцца рабіць дом састарэлых”.

(Карэспандэнт: ) “Пры сустрэчы можам запытацца ў месьцічаў, якое іхнае стаўленьне да таго, што зачынілі шпіталь і як цяпер выглядае сытуацыя з мэдычным абслугоўваньне ў Поразаве”.

(Шалкевіч: ) “Ну вось, глядзі: людзі сядзяць на лаўцы. Мяркую, яны табе раскажуць”.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Як вас завуць?”

(Сьцяпко: ) “Станіслаў Сьцяпко. Па хатах хадзілі, і кожны расьпісаўся, каб гэты шпіталь быў. А яго ўсё адно зачынілі. Каб вярнулі б шпіталь, нам бы надта добра было б”.

(Карэспандэнт: ) “Мясцовыя ўлады — пассавет і райвыканкам — нічога ня кажуць з гэтай нагоды, не абяцаюць, што адновяць?”

(Сьцяпко: ) “Не адчыняць. Вось тут у паліклініцы паставілі колькі ложкаў. Але якое там лекаваньне?! Кардыяграму зробяць, паляжыш, а начаваць ідзі дахаты. Як што сур’ёзнае, у Сьвіслач трэба ехаць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Сьвіслач далёка ехаць?”

(Сьцяпко: ) “22 кілямэтры. Завязуць, а там месцаў няма. І зноў праблема. І дахаты трэба вяртацца”.


* * *
(Карэспандэнт: ) “Куды далей?”

(Шалкевіч: ) “Сходзім да ксяндзоў. Можа, яны нам нешта сэнсоўнае скажуць”.

Дзьверы нам адчыняе спадарыня сталага веку. Аказалася, што сьвятары некуды ад’ехалі.

(Шалкевіч: ) “Цёця Маня — гаспадыня”.

(Марыя: ) “Я тут пільную, я за вартаўніка. Э! Дзеткі, ня хочу я нічога казаць, бо я старая, дурная”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, вы што! Я мяркую, што да дурнога чалавека мяне б Віктар не прывёў. Праўда? А можа вы распаведзяце, як жывецца людзям у Поразаве?”

(Марыя: ) “Ой як добра!”

(Карэспандэнт: ) “Ці хапае пэнсіі?”

(Марыя: ) “Ой! Пэнсіі мала! Ні на што не хапае, бо і брыкету купі, і дроваў купі, і ўсё астатняе купі, на лекі аддай і гэтай далей”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, мясцовыя ўлады чым дапамагаюць?”

(Марыя: ) “Хто там цяпер дэпутат — ліха яго ведае! Пойдзеш, расьпішасься, кінеш бюлетэнь — і ўсё на гэтым”.

(Карэспандэнт: ) “А хоць памятаеце — за каго бюлетэнь кідалі?”

(Марыя: ) “А! Хвароба яго памятае!”

(Карэспандэнт: ) “Пойдзем мы. Дзякуй вам!”

(Шалкевіч: ) “Цёця Марыся, дзякуй”.


* * *
(Карэспандэнт: ) “Мы тут пахадзілі, пагутарылі зь людзьмі. Якімі словамі ты, чалавек народжаны ў Поразаве, можа апісаць настроі людзей, стаўленьне да ўладаў?”

(Шалкевіч: ) “Калі адным словам — абыякавасьць. Яны не адчуваюць, што гэта іхнае. Як калісьці яны выбіралі дэпутатаў, так яны іх і выбіраюць. Бо яны ня вераць, што адбудуцца нейкія радыкальныя зьмены”.

(Карэспандэнт: ) “А як тады можна зьмяніць сытуацыю?”

(Шалкевіч: ) “Папа Рымскі некалькі вельмі слушна заўважыў: “Чым рабіць нейкія сацыяльныя звароты, трэба найперш зьмяніць самога сябе”. А гэта — вельмі доўгі й складаны шлях”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Поразаве апазыцыя?”

(Шалкевіч: ) “Вядома, што ёсьць. Гэта людзі з акрэсьленай грамадзянскай пазыцыяй, якім не абыякава тое, што адбываецца цяпер. Во да іх зойдзем”.

Віктар і я наведваемся з хату да аднаго зь месьцічаў.

(Шалкевіч: ) “Здароў! Гэта наш дэмакрат, адзін зь нешматлікіх”.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень!”

(Дземухоўскі: ) “Мяне завуць Іосіф Дземухоўскі. Я — актывісты Сьвіслацкай рады Беларускага Народнага Фронту. Працую ў Доме Культуры ў Поразаве, праводжу дыскатэкі”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў вас гучыць на дыскатэках?”

(Дземухоўскі: ) “Крама”, “Палац”, замежная музыка. Гэта стаўлю часьцей. Моладзь пад гэта танчыць. Для мяне вельмі дзіўна, бо раней яны казалі, што такога не разумеюць. ...Колькі разоў былі такія факты, калі некаторыя зьвярталіся да старшыні райвыканкаму. Ён нічога ім не адказваў. Дык яны цяпер лічаць, што ніякая ўлада ім не дапаможа. Людзі, з майго гледзішча, стаміліся. Мала хто хоча размаўляць пра палітыку. Калі я пачынаю зь імі размаўляць... “Ну, хто тут зможа зрабіць лепей? Мабыць, ніхто лепшага ня зробіць”. У людзей зьявілася такая абыякавасьць”.

(Карэспандэнт: ) “А якое выйсьце? Як тады можна зьмяніць сытуацыю?”

(Дземухоўскі: ) “Я лічу, што першым чынам трэба прыцягваць моладзь. Бо моладзь хоча лепшага, яна хоча жыць добра”.


* * *
І зноў мы вяртаемся ў стары ангельскі парк. Непадалёк нас чакае машына. Трэба зьбірацца ў дарогу. Віктар Шалкевіч падсумоўвае. Робіць свае высновы з таго, што мы пабачылі й пачулі:

(Карэспандэнт: ) “Радзіма — Поразава. Асноўнае месца жыцьця?”

(Шалкевіч: ) “Горадня”.

(Карэспандэнт: ) “Асноўнае месца працы?”

(Шалкевіч: ) “Цэлы сьвет”.

(Карэспандэнт: ) “Вяртаючыся сюды, якія эмоцыя кожны раз?”

(Шалкевіч: ) “Мне ўсё цяжэй і цяжэй сюды вяртацца, бо на маіх вачах адбываецца развал таго, што некалі было цэлай сыстэмай. Я ня думаю, што ўсё гэта залежыць ад аднаго чалавека, які над намі стаіць. Гэта маса фактараў, якія злучаюцца ў адно цэлае. Сапраўды: горш, горш, горш і горш. Гэта трэба мяняць і як найхутчэй. Задача ўсіх нармалёвых людзей, якія жывуць у Беларусі, не казаць увесь час, што ў нас дрэнна. Мы ведаем, што ў нас дрэнна! А як знайсьці выйсьце? Як зрабіць, каб было лепей?”

(Карэспандэнт: ) “З усяго запасу песьняў — што найбольш пасуе, каб паказаць, каб ахарактарызаваць жыцьцё ў Поразаве?”

(Шалкевіч: ) “Большасьць усяго, што я напісаў, я напісаў дзякуючы таму, што я нарадзіўся тут. Ёсьць такая песьня — “Правінцыя”. Уся яна — суцэльна пра Поразава…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG