Ня гледзячы на ўсё тое, пра што гамана наперадзе, усё-ткі мяне прыемна ўразіла гэтае вандраваньне. Ну дзе ў сёньняшняй Беларусі вы знойдзеце месца, дзе цалкам легальна можна жыць пад гербам з выявай старажытнай Пагоні? А вось у Ліпнішках, што ў Іўеўскім раёне – калі ласка.І хоць начальнікі розных рангаў рэкамендуюць "не высоўваць" гэты факт, краязнаўца ды настаўніца Ліпнішкаўскай сярэдняй школы спадарыня Горбач цьвердзіць, што забараніць сымбаль ня зможа нават прэзыдэнт – не ягоным указам было адоранае гербам мястэчка...
(Горбач: ) “Мястэчка Ліпнішкі атрымала герб у 1663 годзе згодна каралеўскага ўказа. Герб уяўляе сабой у чырвоным полі вершніка са шчытом і дзідай у руцэ.Мы вельмі ганарымся ім.У Іўеўскім раёне гербы маюць толькі Ліпнішкі і Геранёны”.
(Карэспандэнт: ) “А калі вам параілі "не высоўваць" герб?”
(Горбач: ) “Калі памянялася сымболіка пасьля 96-га году. Негалоснае меркаваньне было аб падабенстве нашага герба зь гербам "Пагоня" і рэкамендавалася ня вельмі яго асьвятляць і не выпячваць...”
Між іншым, пра гонар за свае сымбалі спадарыня Тамара сказала не дзеля прыгожага слоўца. У 1856 годзе – пасьля адмовы царскімі ўладамі надаць населенаму пункту статус мястэчка – ліпнішкаўцы ўзьнялі паўстаньне. Дзеля яго падаўленьня прыйшлося выклікаць цэлы полк. Зараз жа герб мястэчка месьціцца ў змрачнаватым будынку 60-гадовай даўніны, дзе цяпер сярэдняя школа. Дарэчы, напачатку 21-га стагодзьдзя нават асабістага ўказаньн я прэм’ер-міністра Генадзя Навіцкага не хапае, каб раскансэрваваць 10-гадовы даўгабуд і перавесьці каля чатырохсот дзяцей у новы будынак. Пакуль жа па калідорах старога крочым разам з лябарантам Аленай Пашко...
(Пашко: ) “Дах цячэ, дагэтуль пячное ацяпленьне: а яно сёньня гарыць – заўтра дыму поўна. Прабачце, але ходзіш у школу ў адной кофце, бо не паехаць у людзі – ты праваняўшы гэтым дымам. І дах працякае – калі моцныя дажджы ці вятры, у школе холадна”.
(Карэспандэнт: ) “Дзеці хварэюць пасьля наведваньня школы?”
(Пашко: ) “Ёсьць такое...”
У 18-ым стагодзьдзі тутэйшыя габрэі, якія складалі палову насельніцтва, мелі 20 крамаў і ладзілі шматлікія кірмашы.У нядзелю, калі я прыехаў у Ліпнішкі, цэнтральная плошча дзьвюхтысячнага мястэчка была пустой...
(Юхнік: ) “З 1 мая закрылі базар.Нам вельмі дрэнна.Едзь у тое Іўе, у тую Ліду... А так ўсё было таньней, хоць грошы ня трэба было траціць на дарогу...”
Спадарыня Марыя Юхнік працуе прыбіральшчыцай у дзяржаўнай краме.Мае трох дзетак.
(Юхнік: ) “За што жыць – ня ведаю.Раней хоць выпісвалі муку,грэчку... А муж кароў пасьвіць – а гэта 11 гадзінаў у суткі. Атрымоўвае 40 тысяч, і зь вялікімі затрымкамі. А ў месяц працуе 15 дзён, і два дні выхадных...А я атрымоўваю 30 тысяч...”
(Карэспандэнт: ) “70 тысяч – ваш сямейны бюджэт. Як разьмяркоўваюцца гэтыя грошы?”
(Юхнік: ) “За кватэру плачу 35 тысяч бязь сьвету і газу – за іх тожа 15 тысяч выходзіць. Вось так і жывем – толькі на хлеб хапае, больш ні на што...”
“Усе мы цяпер тут "блякаднікі", – прамовіла старая , якая прыслухоўвалася да нашай размовы.
(Карэспандэнт: ) “А чаму Вы кажаце, што блякада прыйшла?”
(Голас: ) “Тое, што ў Расеі было беспрацоўе і безграшоўе – тое і на Беларусі. Людзі і з вышэйшай, і зь ніжэйшай адукацыяй бяз працы...”
(Пашко: ) “Палавіна людзей у Ліпнішках сядзяць па кватэрах. Ні зарплаты, нічога. Пэнсію палучаць – бярэш у бацькоў на хлеб. А прыйшла вясна – у зямлі і ў зямлі, на гэты няшчасны кавалак бульбы пасадзіў, калі здаў троху – і ўсё...”
Гэта далучылася знаёмая вам Алена Пашко. Мы йдзем да ейнага мужа Івана і сустракаем яго па дарозе. Заходзім у іх хлеўчык, дзе радасна зарохкала невялікае сьвінчо...
(Іван: ) “Гавораць на горадзе: “Во, у вас свая скаціна!” Выдзяржы ты гэтую скаціну! Чым?! 5-8 тысяч мех мукі стоіць! А каб укарміць, нада тоны тры – палічыце! За прыхацьццю крыху дзяржым, бо бацькі нас прывучылі. А калі грошы, працу пералічыць, дык можна мяса купіць за гэтую муку... А выгадуецца той кабан, ня выгадуецца – усякае можа быць...”
Іван працаваў да апошняга часу ў "Райсельгастэхніцы", якая дагэтуль афыцыйна месьціцца ў Ліпнішках. Калісьці гэта было самае буйное сельгаспрадпрыемства ў раёне, якое мела парк са 120-ці машынаў ды 15-ці бэнзавозаў. З апошніх цяпер не засталося ніводнага – паліва няма за што і да каго вазіць. 150 кіроўцаў сядзяць па хатах бяз працы. У тым ліку і Іван Пашко...
(Пашко: ) “Узімку адпраўлялі дамоў...Калгас можа б і ўзяў машыну, але грошай ня мае.А ня робіш – нічога не атрымаеш...”
Маладзейшым крыху прасьцей. Неабцяжараныя сем’ямі ды жытлом, яны могуць зьехаць зь мястэчка. Гэта зьбіраюцца зрабіць 23-гадовы Валеры Букша і 24-гадовы Алесь Жукоўскі. Пакуль яны рознарабочыя ў прадпрымальнікаў...
(Карэспандэнт: ) “Валера, чаго не хапае ў Ліпнішках?”
(Букша: ) “Палучкі... Езджу за 8 км... Хто куды можа – езьдзіць. У асноўным на Менск, Ліду”.
(Карэспандэнт: ) “Алесь, а ты вязунчык – у Ліпнішках уладкаваўся...”
(Алесь: ) “Гэта пакуль – лепш трэба шукаць. Малая зарплата – да 80-ці тысяч. Хоць у калгасе атрымоўваюць 40 і гавораць – нармальна. Гэта мала!”
(Карэспандэнт: ) “А ты сваю будучыню дзе бачыш?”
(Алесь: ) “Толькі ня ў Ліпнішках!”
Усё вышэй сказанае падагульню яшчэ адной інфармацыяй. Калгас "Ліпнішкі" уваходзіць у тройку лепшых ды эканамічна найбольш устойлівых на Іўешчыне...
Старшыня гаспадаркі Чэслаў Кацяновіч ад гутаркі пра эканамічныя міты ды рэаліі Ліпнішкаў адмовіўся і раптоўна ўкаціў з праўленьня ў невядомым для падначаленых накірунку. Між іншым, пасьля я даведаўся, што ў мястэчку каля сотні прыезджых людзей з розых краінаў СНД, якія працуюць за звышмізэрныя зарплаты і пражываньне ў кватэры, якую адбіраюць за малейшую праяву пратэсту. Затое пашанцавала сустрэцца са спадаром Уладзімерам Розумам – адзіным тут фэрмэрам і па сумяшчальнасьці старшынём Іўеўскай філіі Беларускага Саюзу фэрмэраў. Але напачатку я папрасіў яго пацьвердзіць ці абвергнуць тое, што кажуць пра яго аднавяскоўцы...
(Карэспандэнт: ) “Спадар Уладзімер, вы сёньня самы багаты чалавек у Ліпнішках?”
(Розум: ) “Нельга чужыя грошы лічыць, але на хлеб-соль хапае...”
Мой суразмоўца, аднак, ня ўтойвае, што мае 26 га зямлі, 2 трактары, грузавік.Здае дзяржаве 33 тоны зерня і 7 тонаў малака на год.
(Карэспандэнт: ) “Чаму Вы адзін на Ліпнішкі, чаму “стапарнуўся” фэрмэрскі рух?”
(Розум: ) “У самым пачатку былі крэдыты ільготныя пад 2 працэнты гадавых – фактычна бясплатныя. Ну, а цяпер людзі баяцца – тэхніка дарагая, крэдытаў фактычна немагчыма простаму чалавеку ўзяць: ні трактар у лізінг, ні сеялку. А жадаючых – да мяне падыходзяць і калгасьнікі, і калгасныя спэцыялісты – каб стварыць умовы людзям, я лічу, палова зь іх і самая актыўная моладзь – усе б пайшлі ў фэрмеры...”
У якасьці дарадцы спадар Розум выступае невыпадкова – ён абраны дэпутатам пасялковага Савета.
(Розум: ) “Мне незразумелыя мясцовыя падаткі, якія тут увялі – за кожны дзень прадпрымальнік, які дзень стаіць на сьнягу і дажджы, далжон плаціць па 3 тысячы. Калгасныя і патрэбсаюзныя ня плоцяць. І як дэпутат, на бліжэйшай сесіі я гэтае пытаньне падыму...”
Зрэшты, ёсьць у Ліпнішках сямейства, якому зьнікненьне кірмашу аб’ектыўна выгодна – менш канкурэнтаў. Гэта спадарыня Леакадзія Круглая са сваім мужам, якія валодаюць дзьвюма прыватнымі крамамі. Калісьці лёс літаральна выштурхнуў у рынкавае жыцьцё спачатку гаспадара, які быў дырэктарам збанкрутаванага цагельнага завода. Аўтаматычна й гаспадыню. Распавядае спадарыня Круглая...
(Круглая: ) “Было так: альбо магазін, альбо завод. Завод быў нерэнтабельным, і мы рашылі – за магазін”.
(Карэспандэнт: ) “А хіба гэта сёньня рэнтабельна?”
(Круглая: ) “Трэба мець пачатковыя грошы, каб закупіць тавар і каб прадаць яго таньней, чым усюды. Бывала, прадавалі па той жа самай цане. Але людзі прыдуць гэта купіць, купяць і другое. Трэба зь людзьмі добра жыць, каб заходзілі і пагаварыць хацелі. А новае адкрыць немагчыма. Цяперашнія законы – вэртыкаль задавіць”.
На чарзе – знаёмства з самай калярытнай фігурай Ліпнішкаў: пэнсіянэрам Рыгорам Раманчыкам.Апошняя ягоная ідэя, якую з імпэтам абмяркоўвае ўсё мястэчка – ахвяраваць сваю месячную пэнсію Аляксандру Лукашэнку. Праўда, у выглядзе падарунка не бяз палітычнага падтэксту.
(Ранманчык: ) “За маю пенсію – 80 тысяч – шайбу купіў бы і клюшку, а пра падтрымку гаварыць няма чаго... Настрой мяняецца, але сельскі жыхар яшчэ ня можа ўсьвядоміць, што ён свабодны: над ім вісіць страх перад любым – хто палку ўзяў, той і капрал. Старшыня зьбірае сваіх брыгадзіраў і кажа: калі ў цябе не прагаласуюць так, як трэба – датэрмінова – заўтра ты і я возьмем торбы, пойдзем дахаты, а прыдуць другія. А як даярка, сьвінарка – яна 4 клясы скончыла – брыгадзір прыдзе ды скажа: я ня дам табе сена – яна так і прагаласуе, хаця за 30 тысяч працуе ў месяц... Канешне, ёй не падабаецца гэта, але ўлада ёсьць улада – пачынаючы з калгаснага брыгадзіра і сканчаючы вэртыкальшчыкам. Як па-ленінску – рэвалюцыйнай сытуацыі яшчэ няма. Нізы могуць і вярхі хочуць жыць па-старому...”
Але пачуцьццё, так бы мовіць, гістарычнага аптымізму сёньня найбольш вялікае ўсё-ткі ў вядомага ўжо вам спадара Уладзімера Розума...
(Розум: ) “Што да пэрспэктываў разьвіцьця Ліпнішак, я лічу – толькі ў прыватнай уласнасьці. Побач у нас "Сельгастэхніка" – нічога ня зробяць без інвэстара. Хай прыедзе немец, укладзе мільёны марак і дасьць людзям работу –атрымаюць не 20 даляраў, а 200-300. Я ж плачу зараз на пераборцы бульбы, калі ў мяне працавалі! Я плаціў 10 тысяч у дзень, абед харошы даваў – нават зь віном. Мацнейшы павінен у канкурэнцыі выжываць і іншым працу даваць... Наўрад ці да сацыяльнага выбуху з мітынгамі ды пагромамі дойдзе, але людзі маўчаць ня будуць...”