Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камаі


Ягор Маёрчык, Камаі

На цэнтральным пляцы вёскі Камаі стаіць сапраўдная легенда. Гэта ўкапаны ў зямлю каменны крыж. Як толькі ў Пастаўскім раёне зьявілася савецкая ўлада, сюды прыгналі будаўнічы кран, каб ён выкарчаваў помнік. Машына ламалася некалькі разоў, а крыж так і ня зрушылі. Колькі яму гадоў, ніхто ня ведае. Кажуць, што парос сівым імхом ужо тады, калі на ўзгорку пачыналі будаваць касьцёл Сьвятога Яна. А бажніцы сёлета спаўняецца чатыры стагодзьдзі.

Абарончае збудаваньне з высокімі вежамі й вузкімі байніцамі. У сьцены ўмураваныя ядры розных войнаў, якімі ў свой час стралялі па ім. Старажытныя абразы, залатыя алтары і арган — гэта тое, што можна пабачыць у залях касьцёлу. Але ад вока наведнікаў схаванае начыньне сутарэньняў. Яно ўражвае ня менш.

Спадар Чэслаў дапамагае пры касьцёле ня першы дзясятак гадоў. Ён адчыняе дзьверы, і мы крочым у цемрадзь. Сутоньне пахне цьвільлю. Сьвятло ледзь праходзь праз маленькія акенцы ў сьценах таўшчынёю шэсьць мэтраў.

(Карэспандэнт: ) “Я знаходжуся ў адным з сутарэньнняў касьцёлу Сьвятога Яна. Гэтае памяшканьне адметнае тым, што ўсё ягоныя сьцены — гэта суцэльныя труны. Яны месьцяцца адна на адной. У гэтых трунах ляжаць парэшткі ксяндзоў і фундатараў гэтага касьцёлу. Заўважна, што сям-там гэтыя труны ўскрытыя, дакладней — разабраная цагляная кладка. Бачныя парэшткі чалавека. А хто гэта ўскрываў?”

(Чэслаў: ) “Ці немцы, ці расейцы. Золата шукалі ці што іншае. А хто ж гэта будзе ў труну класьці золата? А што тут яшчэ можна знайсьці? Толькі косьці паглядзець, і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі гадоў гэтым пахаваньням?”

(Чэслаў: ) “З шасьцісотых гадоў. Ёсьць надпісы. Іх нават прачытаць можна”.

(Карэспандэнт: ) “Тысяча сямсот пяцьдзясят сёмы год. Дзякуй вам за экскурсію. Дзякуй, што пусьцілі ў гэтае памяшканьне”.

Апошнія гады жыхары Камаёў заўважылі такую заканамернасьць: дзяды набожныя, дзеці — напалову, а ўнукі зусім бяз Бога. Адсюль і ступень пэрсанальнага шчасьця, — кажуць яны. Старыя жывуць заможна, дарослыя выжываюць зь зямлі, а маладыя — зусім безь нічога.

Я паспрабаваў спраўдзіць гэтую тэорыю. Сваю вандроўку па вёсцы плянаваў такім чынам, каб сустрэцца з пэнсіянэрам, гаспадаром сярэдняга веку і маладым чалавекам, які толькім пачынае самастойнае жыцьцё.

Першы прыпынак на гэтым шляху. Пэнсіянэрка Марыя Рэлік. Спадарыні за восемдзесят. Але ўзрост — не перашкода. Трымае гаспадарку. І на жыцьцё па вялікім рахунку ня жаліцца.

(Рэлік: ) “Хто ў бутэльку, у таго жыцьцё цяжкае, а хто ў кішэню, таму жывецца лёгка, бо робіць, прыгадуе. Я 60 тысяч атрымліваю, а ён — 80. Пакуль поўзаем. Мы так яшчэ дажывем. На старшыню калгасу няма чаго казаць — такіх людзей трэба яшчэ пашукаць. Заробак заўсёды ў адзін дзень. 17-га і кропка!”

(Карэспандэнт: ) “Да менскіх уладаў як людзі ставяцца?”

(Рэлік: ) “Да Лукашэнкі — дык і не ахці як. Што мы будзем брахаць, што ён нам пэнсіі дабаўляе? Мне, прыкладам, 1500 рублёў дадалі. Што гэта за дапамога? Ня любяць яго, што зажымае народ”.

Яшчэ аднаго жыхара Камаёў я не магу далучыць да нейкай пэўнай групы. З аднаго боку — на пэнсіі, зь іншага — сам хваліцца, што поўны сілаў, а таму падпрацоўвае. Праўда, занятак ў яго не зусім традыцыйны для вясковай мясцовасьці. Оды на ўзыходжаньне манархаў альбо палітыкаў паэты пісалі, пішуць і будуць пісаць. А тут я сутыкнуўся зь цікавым адгалінаваньнем гэтага жанру. Сябар Саюзу пісьменьнікаў Аркадзь Нафрановіч піша оды на сыход. Гэта вершы, адрасаваныя людзям, якія ідуць на пэнсію. А ў размове са мной паэт разважае пра прозу жыцьця ў вёсцы Камаі:

(Нафрановіч: ) “Я не перастрахоўшчык, але тут такія справы: ляпнеш што-небудзь, а тады пойдзеш сэлітры выпісаць мех. Няма! І ўсё. Пайдзі трактар узяць — не выходзіць, бо сапсаваўся!”

(Карэспандэнт: ) “Дык вы распавядайце як ёсьць”.

(Нафрановіч: ) “Ха-ха! Распавядайце... Ну, што тут гавораць пра прэзыдэнта? Мы за гэтага прэзыдэнта будзем галасаваць. Нікога няма, каб мог яго замяніць”.

(Карэспандэнт: ) “А апазыцыя тут ёсьць?”

(Нафрановіч: ) “Не-не-не. Добра быць апазыцыянэрам, калі ты ні ад каго не залежыш. А калі ты сёньня выступіш нават супраць брыгадзіра, а заўтра будзе час сенакосу — ён табе дасьць два гектары, а ты там нічога не накосіш, а можа выдзеліць 50 сотак, і ты на карову накосіш. Мой погляд на старшыню калгасу: я ж не трактарыст, і мая жонка — не даярка, але ён мне даў трохпакаёвую кватэру”.

(Карэспандэнт: ) “Ен, мабыць, паэзію любіць...”

(Нафрановіч: ) “Тут справа ня ў гэтым. Папросту ён пайшоў насустрач. Але што я зрабіў за гэта? Я напісаў наэму пра яго. Гэта — не высокая паэзія, а, хутчэй, рыфмоўка”.

Аркадзь Нафрановіч памыляецца, што ў Камаях няма апазыцыі. Толькі тут крытычнае стаўленьне да ўладаў грунтуецца не на палітычных перакананьнях.

Вось вам прыклад. Валянцін Кліма ўсё жыцьцё марыў мець уласны сад. Набыў зямлю, выкарчаваў яе, навазіў урадлівай глебы і пасадзіў 240 дрэваў. На ўсё гэта пайшло 13 гадоў. Пасьля сад і зямлю забралі, а гаспадара кінулі за краты, асудзілі як польскага шпіёна. Напачатку 90-х ягоны сын Казімір Кліма захацеў рэабілітаваць бацьку.

(Кліма: ) “Я пісаў у Менск. Сказалі там, што ён увесь гэты час працаваў і нідзе не сядзеў. І нібыта добраахвотна ўступіў у калгас. А гэтым часам ён сядзеў у турме. І яшчэ адказалі: маўляў, мы не гаворым няпраўды. За справядлівасьць трэба змагацца. Цяпер цяжкі час і не змагацца — гэта дарэмна”.

(Карэспандэнт: ) “А вы вырашылі забраць назад сад?”

(Кліма: ) “Не забраць. Хай кампэнсуюць страты. Калі ня могуць матэрыяльна, хай вяртаюць сад”.

(Карэспандэнт: ) “І які вам быў адказ?”

(Кліма: ) “Адказу не было. Нават не знаходжу словаў на гэтыя дзеяньні. Нельга так ставіцца за сялянаў, нельга так рабіць! Ужо сілаў болей няма казаць пра гэта. Ніхто ня хоча сялянам вяртаць тое, што адабралі й зьнішчылі, працу нашых дзядоў і бацькоў! І няма ахвоты болей працягваць барацьбу. Але пакуль жыву, не згаджаюся зь дзяржавай. І хацеў бы дамагацца, каб сад аднавілі”.

Казімір Кліма дагэтуль працуе ў калгасе “Дружба”. Гаспадарка даволі моцная. Нядаўна да яе далучылі чацьвярых занядбаных суседак. Цяпер землі падпарадкаваныя дэпутату Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Баляславу Шыльку, цягнуцца на тры дзясяткі кілямэтраў.

“Дружба” ў Пастаўскім раёне адметная тым, што заробкі тут выплачваюць без затрымак. 100 тысяч — гэта мала. А таму тыя, хто маладзейшыя й дужэйшыя, пабралі некалькі гектараў зямлі. І кормяцца зь яе.

(Карэспандэнт: ) “Некалькі пытаньняў — і тут неабавязкова, што вы будзеце сваё прозьвішча называць”.

(Спадар: ) “Я скажу, а пасьля мне мясцовыя нічога не дадуць”.

(Карэспандэнт: ) “А баіцёся, што яны нечага не дадуць?”

(Спадар: ) “Да я нічога не баюся! Чаго мне баяцца? Узяў для сябе зямлю, каб апрацоўваць яе. Бо жыцьцё прымушае рабіць на гэтай зямлі, каб пражыць і пракарміць сям’ю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці разьлічваеце вы на нейкую дапамогу з боку сельскага савету і раённых уладаў?”

(Спадар: ) “Толькі на сваё сілы. А хто мне яшчэ дапаможа? Чым яны могуць дапамагчы?”

(Карэспандэнт: ) “Крэдыт”.

(Спадар: ) “А-га! Пад 50 адсоткаў! Так? Буду тады голы! Вось тут мужыкі хочуць каліску і плуг з Польшчы прывезьці”.

(Карэспандэнт: ) “А калі пабываць айчыннае?”

(Спадар: ) “Усё дорага. А ў Польшчы таньней. Нельга вывезьці. Празь мяжу можна толькі 50 кіляграмаў правозіць”.

(Карэспандэнт: ) “Можна разабраць на запчасткі й правезьці”.

(Спадар: ) “А-га! На запчасткі! Як гэта я з Польшчы буду да 800 кілямэтраў перавазіць запчасткамі?”

Пэнсіянэры разьлічваюць на дзяржаўную дапамогу, людзі сярэдняга веку — на сябе. Моладзі ж у гэтым сэнсе цяжэй за ўсіх. Пасьля школы дзьве дарогі — альбо ў калга,с альбо вучыцца. Маладзён, які назваўся Аляксеем, сёлета заканчвае тэхнікум у абласным цэнтры. Некалькі год навучаньня ў Віцебску прынесьлі ня толькі веды, а і ўзбагацілі лексыкон словамі, невядомымі раней у Камаях.

(Карэспандэнт: ) “Вы скончылі тэхнікум, што будзеце рабіць далей?”

(Аляксей: ) “Я пляную паступаць. Але трэба будзе пастарацца і пабегаць”.

(Карэспандэнт: ) “А тыя, хто ня хочуць паступаць?”

(Аляксей: ) “Ну што? Бухаюць. Гарэлку п’юць. Нават на завод не ідуць, плацяць мізэр. Па прыватных фірмах шукаюць месцаў. Месцаў няма, і грошай мала плацяць. Людзям няма чым заняцца, і яны пачынаюць пакутаваць на розную лухту. Хто хоча атрымаць адукацыю, зьяжджае. Колькі было мазгавітых пацаноў, практычна не засталося. Тут адныя засталіся бухары. Як толькі грошы зьявяцца, адразу прапіваюць”.

(Карэспандэнт: ) “А гэтыя людзі, якія зьяжджаюць, яны пасьля сюды вяртаюцца?”

(Аляксей: ) “Не, не вяртаюцца”.

Жыцьцёвае назіраньне жахароў Камаёў пацьвердзілася. Параўнальна заможныя людзі сталага веку, незадаволеныя дарослыя і няўпэўненая моладзь: узрост і патрабаваньні да жыцьця шмат у чым вызначаюць тут ступень пэрсанальнага шчасьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG