(Спадарыня: ) “Добры дзень вам!”
(Карэспандэнт: ) “Добры дзень!”
(Спадарыня: ) “Са сьвятам вас!”
(Карэспандэнт: ) “І вас таксама! Прыехаў паглядзець на вашае сьвята”.
(Спадарыня: ) “І гэта добра. У сьвяты ня робім. Цэлы дзень гуляем”.
Вёска Казацкія Баўсуны — адна зь нямногіх, дзе захавалася паганскае сьвята Пахаваньне стралы. Яшчэ зь сівой даўніны страла — сымбаль маланкі. А дзе маланка, там і дождж, які абавязкова пральецца на глебу. І тады багаты ўраджай гарантаваны. Ад таго й такая пашана да стралы. Ёй нават прыносяць ахвяры.
Па часе сьвята супадае з праваслаўным Ушэсьцем і адзначаецца на саракавы дзень пасьля Вялікадня. Хрысьціянства і паганства тут даўно перапляліся. Шануюць духаў прыроды, але просяць літасьці ў Бога. Прамаўляюць замову ў жыце, а пасьля калосьсямі перавязваюць праваслаўныя крыжы й абразы.
Як бы ні дзіўна гэта гучала, але Страла дажыла да 21 стагодзьдзя пры беспасярэднім удзеле савецкіх уладаў. У гады ваяўнічага атэізму партыйныя актывісты не пускалі людзей на набажэнствы ў цэрквы, разбуралі крыжы ды забіралі абразы. Такое задаралася асабліва часта напярэдадні й падчас рэлігійных сьвятаў. Усю ўвагу адцягвала праваслаўнае Ўшэсьце. Да Стралы ў савецкіх уладных актывістаў рукі папросту не даходзілі.
(Спадарыня: ) “Пад’ём дзеўкі, не балуйцеся. Хадзіце!”
(Другая спадарыня: ) “Ну-ка падымайцеся. Што вы папрывязваліся. А ну-ка пад’ём. Пад’ём! Лазіну зараз вазьму!”
Тым часам спадарыні падымаюцца з лавак ды выходзяць на цэнтар вёскі, там дзе скрыжоўваюцца дзьве галоўныя вуліцы. Пачынаюць вадзіць карагоды. І тут высьвятляецца, што імпрэза гэтая — справа выключна жаночая. Мужчынам дазваляецца паглядзець, стоячы ў старонцы.
Варвара Давыдзенка на ўсё пазірае з вакна сваёй хаты. Ужо 65 год, як яна калека: кульгае на адну нагу. Паводле закону, інвалід за камунальныя паслугі мусіць плаіцць толькі палову. Гарачай вады няма, каналізацыя — на двары, і з усіх перавагаў цывілізацыі застаецца толькі электрычнасьць. Але за яе баба Варвара плаціць напоўніцу, безь ніякіх зьніжак.
(Давыдзенка: ) “Трэба ў сельсавеце ўзяць даведку. І паслаць яе занесьці кудысьці туды, адкуль сьвятло ідзе. А мне туды зьезьдзіць не выпадае”.
(Карэспандэнт: ) “Тут жа мусіць быць нейкі стараста ў вёсцы. Ці яшчэ хто. Дэпутата выбіралі”.
(Давыдзенка: ) “Хто хоча клапаціцца, калі ў кожнага свае справы? У нас тут ёсьць такія, што міласэрнасьцю займаюцца. Але сказалі, што за гэта трэба плаціць: 5 тысячаў трэба аддаць. А мне ўжо грошай шкада. Вось так і жыву. А старому трэба не разьядацца, а вантробу прыжымаць, каб чалавек да сьмерці быў лягчэйшы. А то што я? Разьемся, а тады як прападу, дык яшчэ як доўга чарвей буду карміць”.
Наступны крок — выбар месца, дзе будуць хаваць стралу. Гэта павінна адбывацца ў жытнім полі й каб побач не было сялянскіх хатаў. Тут прапановы ўдзельніц розьняцца:
(Спадарыня: ) “Пайдзём да Мані, у Манінае жыта!”
(Другая спадарыня: ) “А як жа ты туды пойдзеш? Там хаты побач”.
Ля саміх Казацкіх Баўсуноў жыта сёлета ня сеялі. Значыць, трэба ісьці куды далей. Вырашаюць крочыць за некалькі кілямэтраў, на калгаснае поле.
(Спадарыня: ) “Хадзем туды”.
(Другая спадарыня: ) “Хадзем!”
(Трэцяя спадарыня: ) “Пачынайце. Станавіцеся ў шэрагі!”
(Спадарыня: ) “Давай пачынай!”
Зноў гучыць адмысловая “стрэльная” песьня. Кабеты становяцца ў шэрагі й шырокімі крокамі скіроўваюцца да жыта. Вонкава гэтая калёна нагадвае несанкцыянаваныя вулічныя шэсьці ў Менску. Па-першае, хуткае перасоўваньне зь месца на месца. Па-другое, гукавое аздабленьне: толькі ня лёзунгамі, а песьнямі. А па-трэцяе, удзельніцы бяруць адна адну пад рукі — і такім чынам шэрагі пераўтвараюцца ў ланцугі. Усе трымаюцца разам, крочаць у нагу, ніхто не адстае, і “дзірак” у калёне няма.
Прыходзім на поле. Зноў пачынаюцца карагоды. Але тут ужо не традыцыйнае кола. Ланцужкамі людзі вымалёўваюць на зямлі знакі-звароты да паганскіх бостваў. У кожнай вёсцы рознае, але ўсе гэтыя сымбалі так ці інакш зьвязаныя з тэмай чалавечага жыцьця: зародак, мужчынскі чэлес і бясконцасьць у форме васьмёркі. Сёлета ў Казацкіх Баўсунах карагодам людзі вымалявалі парадзіху.
На зямлі усярэдзіне карагоду мусяць сядзець дзеці. Пасьля фінальнай песьні іх падхопліваюць і падкідваюць у паветра. Такім чынам сымбалізуецца повязь пакаленьняў у справе шанаваньня Стралы. Але сёлета хлопчыкаў і дзяўчынак зусім мала. Адмірае пакрысе вёска. Засталося толькі тры сотні жыхароў, пэнсіянэры пераважна. У коле маглі б знаходзіцца й унукі, але й іх тут ня так шмат. Чаму?
Вольга Максіменка мае адказ на гэтае пытаньне:
(Максіменка: ) “Дзеці сюды ня хочуць нават ехаць. Так бы дзеці прыехалі, і я б ім дала на булку хлеба, ці на дарогу назад, ці яшчэ на што. А так яны ня едуць, бо ў маткі грошай няма. Чаго нам ехаць? Дзе ж тыя грошы дзеліся? Можа, іх ужо не друкуюць. Працы для моладзі няма. Мой сын… Ён бы й рады быў рабіць, дык няма дзе. Выжываем такім чынам: калі ў каго ў сям’і ёсьць пэнсіянэр, хоць і пазьней, але грошы дадуць. А ў каго няма пэнсіянэраў, ёй і хлеба няма за што набыць”.
(Карэспандэнт: ) “А хто ў гэтым вінаваты?”
(Максіменка: ) “Гэта ўжо вышэйшыя органы, начальства за гэтае павінна адказваць — Лукашэнка ў нас. А ён не дае нам грошай! І ўсё тут!”
Паганскім боствам трэба прынесьці ахвяру. Звычайна ў зямлю закопваюць грошы.
(Спадарыня: ) “Гэта ўзяла рубель. Буду хаваць у зямлю”.
(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што хаваюць манэты”.
(Спадарыня: ) “У мяне хапае манэтаў. Яшчэ капейкі засталіся. А рублі... куды іх дзяваць?”
(Карэспандэнт: ) “Рублёў беларускіх не шкада?”
(Спадарыня: ) “Яны ж нічога не каштуюць”.
(Карэспандэнт: ) “Іх менш шкада, чым манэты?”
(Спадарыня: ) “Хай яны ляжаць. Можа яшчэ вернуцца, дык буду здаваць”.
(Другая спадарыня: ) “Можа зь іх атрымаюцца эўра. Праўда?”
(Спадарыня: ) “Так. Даляры мне за іх тады дадуць”.
(Другая спадарыня: ) “Ды эўра даражэйшыя за даляры”.
Спадарыні разыходзяцца па жытнім полі. Пад карэньнямі жыта выкопваюць маленькія ямкі й хаваюць там грошы. Адначасна гучаць замовы.
(Спадарыня: ) “Ляжы, мая страла налецьце, пакуль я прыйду. Па вёсцы не хадзі, шкоды не рабі, крыж не разрывай, людзей не забівай. Дапамагай людзям. Усё! У добры час. Каб усе былі здаровыя. Каб мы стралу вадзілі. І было ўсё добрае усяму народу”.
Просяць у Стралы, хто чаго жадае. Прыкладам, Ніна Васько хоча добрага надвор’я на гэтае лета.
(Васько: ) “Зямля ёсьць. Працуем на зямлі. Надвор’е не дазваляе. Сьпякота. Нічога не вытрымлівае. Ды й і ураджай дрэнны. Усё сушыць”.
(Карэспандэнт: ) “Летась так было?”
(Васько: ) “І сёлета так. Сёлета навад град быў. Дык якія агурочкі пасеялі, усё паабіваў”.
(Карэспандэнт: ) “Можа, калгас ці сельсавет чымсьці дапамагае?”
(Васько: ) “А! Нічым не дапамапае! Што людзі сабе прыдбаюць, тым і жывуць. Не дапамагае ніхто!”
(Карэспандэнт: ) “Калі тут апошні раз быў старшыня сельсавету?”
(Васько: ) “Ніхто нас не велічае сваёй увагай. Ніхто! Каб прыехалі ды пагаварылі, запыталіся, што нам трэба... Гэтага няма! Нам жа Лукашэнка нічым не дапамагае. Ну, чым ён дапамагае? Казаў, што пэнсію павялічаць. Павялічыў? Не! А калі тысячу дададуць, кошты на тры вырастуць”.
Скончаная самая сур’ёзная і ўрачыстая частка сьвята. Напрыканцы — забава. Купаньне ў жыце. Тут ужо дазволена далучыцца й мужчынам. Выглядае гэта так: некалькі чалавек накідваюцца на аднаго, валяць яго на зямлю і качаюць па зямлі. Такі лёс спасьцігнае й мяне.
(Спадарыні: ) “А-а-а-а-а!”
(Карэспандэнт: ) “Ціха! Паваліце!”
(Спадарыня: ) “А як жа?! Трэба й паваліць!”
Колькі я ні намагаўся зьбегчы, а пасьля ўтрымацца на нагах — ня змог. Валяць й добра працягваюць па зямлі.
(Карэспандэнт: ) “А навошта вы мяне павалілі?”
(Спадарыня: ) “Каб здаровы быў весь год, каб нічога не балела”.
Як толькі я падняўся, аказалася, што аднаго разу будзе мала.
(Карэспандэнт: ) “Ды мяне ўжо качалі!”
(Спадарыня: ) “Ягор, яшчэ трэба!”
(Карэспандэнт: ) “Ай! Ай!”
(Спадарыня: ) “Каб сьпіна не балела. Хай хвароба ідзе ў сухі лес!”
У аддзеле культуры Веткаўскага райвыканкаму дагэтуль захоўваецца здымак 2001 году. На ім выкупаны ў жыце ляжыць тагачасны супрацоўнік Амбасады ЗША ў Беларусі Джон Кунстатэр. Той прыезд дыпляматаў на Пахаваньне Стралы жанчыны Казацкіх Баўсуноў памятаюць добра. Ганна Судняк узгадвае:
(Судняк: ) “Казалі, што ён сам з Амэрыкі. І зь ім была перагаворшчыца. Баба такая прыгожая. Мы кажам: “Можа гэта ты, лялечка, ягоная жонка?” А яна сьмяецца й кажа: “Не”. Прыехалі. А мы тут песьні свае пелі. Тады павялі стралу... Бабы коцяць яго па жыту, таго амэрыканскага чалавека. Сабралося там вакол яго чалавек трыццаць. Дзе ж ён вырвецца ад бабаў? Бабы самі рагочуць і яго шчыпляць наўмысна. А ён сьмяецца. “Мне было ў жыце вельмі прыгожа!” — ён так казаў”.
На полі гучаць фінальныя песьні. Прысутныя павязваюць адно аднаму паясы з жыта.
(Карэспандэнт: ) “Вы мне завязалі такі пояс з жыта. Гэта навошта?”
(Спадарыня: ) “Каб сьпіна табе не балела”.
(Карэспандэнт: ) “І колькі яго насіць?”
(Спадарыня: ) “Насі колькі хочаш. Пакуль тут стаяць будзеш, зь ім будзь. А як пойдзеш, разьвяжаш”.
(Карэспандэнт: ) “Ну, дзякуй, што не да наступнага году”.
(Спадарыня: ) “Не-не-не!”
Пасьля сьпеваў — вяртаньне ў вёску. У хатах спадарыні абвязваюць крыжы й абразы яшчэ зялёным жытам. Людзі сядаюць за стол. Гучыць тост:
(Спадарыня: ) “Каб не памерлі!”
(Карэспандэнт: ) “За гэта й вып’ем?”
(Спадарыня: ) “Так, за гэта і вып’ем. Каб і самі на лета былі, і вы”.