Маё знаёмства з Васілішкамі, што ў Шчучынскім раёне, пачалося з характэрнай рэплікі майго калегі ды ўраджэнца гэтых мясьцінаў спадара Жалкоўскага...
(Жалкоўскі: ) “Польскасьць там і цяпер мацней за беларускасьць!”
У эмацыйным запале спадар Аляксандар – рэдактар мясцовай раёнкі савецкіх часоў – несьвядома падмяніў паняцьці. Ягоныя словы ілюструюць хутчэй прытоенае раздражненьне тагачасных функцыянэраў супроць васілішкаўцаў, у псыхалёгіі, мове, нацыянальнай ды рэлігійнай прыналежнасьці якіх так і не прыжыліся ані савецкасьць, ані расейскасьць ды праваслаўе. Дарэчы, да другой сусветнай, калі Васілішкі былі раённым цэнтрам, 70 адсоткаў з двухтысячнага насельніцтва складалі заможныя габрэі. Негаспадарлівы чалавек тут традыцыйна доўга не затрымліваўся. А з храмаў быў ды ёсьць толькі касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля. Я і сёньня сустрэў тут прыбраныя падворкі, чыстыя вулкі, на якіх – дайце веры – і ў нядзелю, калі прыехаў, ня ўбачыў тых, хто паўзе з крамы, як кажуць, на чатырох кропках. Не, ня тое, што іх няма. На свае вочы на звалцы ў вулкавым тупіку ўбачыў скарыстаныя шпрыцы і пачуў пра трох тутэйшых маладзёнаў-наркаманаў. Але, калі хочаце, узровень унутранай культуры месьцічаў не дае тым магчымасьці паказваць свае заганы публічна. Між іншым, першае, што трапіла на вочы – сьвежавыкарчаваныя пні на пляцы перад храмам. Аказалася, гаёчак з таполяў, клёнаў ды ясеняў высеклі самі жыхары, бо на дрэвах панадзіліся сядзець дзясяткі крумкачоў, якія раздражнялі шлюбныя ці пахавальныя працэсіі. Адзінае, што майму знаёмцу – 14-гадоваму Андрэю, у якога з гэтым месцам зьвязаныя самыя рамантычныя ўспаміны, прыдзецца, так бы мовіць, мяняць геаграфію...
(Андрэй: ) “Красіва тут было, калі дрэвы распускаюцца...”
(Карэспандэнт: ) “У цябе была дзяўчына?”
(Андрэй: ) “Так, першае каханьне... Хораша тут...”
Сярод іншага, у Васілішках я спадзяваўся адшукаць сьведкаў дзейнасьці кагосьці Пясецкага, якога ў Польшчы дагэтуль называюць Джэймсам Бондам 30-40-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Дзёрзкі шпіён аказаўся так званым "двайным тузом". Працуючы на польскую дэфэнзіву, ён, па дамоўленасьці, са сталінскім НКУС пераводзіў падманутых прапагандай пра заможнае жыцьццё ў СССР беларусаў праз польска-савецкую мяжу і, кажуць, меў на гэтым добры бізнэс. Польскія ўлады прысудзілі яго да сьмяротнага пакараньня, але пасьля прысуд быў зьменены. У турме Пясецкі напісаў кнігу пра свае паходжаньні пад назовам "Каханак Вялікай Мядзьведзіцы", якая тут жа стала бэстсэлерам на Захадзе.
(Жалкоўскі: ) “У Васілішках ён меў свой бункер. А родам з-пад Ляхавіч, маці беларуска. Нядаўна вычытаў, што пад Васілішкамі ён і пагарэў – займаўся рабаваньнем і яго польскія ўлады цапнулі ў 36 годзе...”
Іду па вуліцы Камсамольскай, дзе, паводле кнігі запісаў, дарэчы, няма ніводнага чалавека, маладзейшага за 65 гадоў. Тут жывуць 78-гадовы Хведар Антонавіч і 80-гадовая Яніна Зіноўеўна Паўловічы. Былых настаўнікаў у мястэчку паважаюць. У свой час спадар Хведар першым сярод вясоўцаў набыў аўтамабіль "Запарожац". А нядаўна ўласнаруч сабраў невялікі трактарок.
За кубкам гарбаты ўзгадваем пра польскага караля Станіслава Аўгуста, які ў 1706 годзе меў рэзыдэнцыю ў Васілішках. Пра спальваньне вёскі ды расстрэлы габрэяў у 1944-ым. Пра Элаізу Пашкевіч (Цётку), якая вучылася тут. Пра сёньняшняга ксяндза –айца Станіслава, якога міжсобку васілішкаўцы называюць мэрам. Ён разам зь вернікамі акультурыў могілкі, зарганізаваў будаўніцтва лодачнай станцыі, танны распродаж нямецкіх ровараў, а таксама рэгулярную гуманітарную дапамогу шматдзетным сем’ям. Пані Яніна ўзгадвае пра сваяка, вучня ды аднавяскоўца – зорку польскай ды сусьветнай рок-музыкі Чэслава Нэмана. У 80-ых гадах падчас першых гастроляў у Горадні той нават бясплатна зарэзэрваваў на сваім канцэрце першыя шэрагі для васілішкаўцаў. Праўда, змаглі прыехаць адзінкі. Зрэшты, цьвердзіць пані Яніна, Чэславу было сумна ў Савецкай Беларусі…
(Яніна Паўловіч: ) “Яму лёгка давалася ўсё і ён быў гультай сьмяецца. Пасьля ў Гарадзенскае музпэдвучылішча паступіў, і яго выключылі за няўсьпявальнасьць. Але як ён пеў тут, дык, відаць, ня пеў ніколі. Каб не савецкія часы, то можа Нэман быў бы ня польскай, а беларускай "зоркай" – канечне!”
Гамана заходзіць пра палітыку. Партыйных суполак у Васілішках няма. Мае ж суразмоўцы у 94-ым галасавалі за Пазьняка, як і большасьць вяскоўцаў. У спадара Хведара раптам у вачох мільгае хітрынка – прагучала прозьвішча Лукашэнкі…
(Хведар Паўловіч: ) “Ад рускамоўных нейкіх я чуў, што называлі яго палітыкам вялікім…”
(Карэспандэнт: ) “А вы самі як думаеце?”
(Хведар Паўловіч: ) “(сьмяецца) Не…”
(Яніна Паўловіч: ) “Я не галасавала і ніколі ня буду галасаваць за яго, таму што ён баўтун: адно думае, другое гаворыць”.
(Хведар Паўловіч: ) “Ён сёньня гаворыць, заўтра, пэўна, забыўся што гаварыў. Абяцае адно, а робіць другое. А на самой справе як жылі 10 гадоў таму – пэўна сталі горш. Я некалі палучаў 40 даляраў пенсію, а цяпер 50 даляраў. Але ж цэны вырасьлі можа ў 100 разоў!”
Са старшынём мясцовага калгаса імя Суворава спадаром Кучурам мне ўдалося сустрэцца, але не пагаварыць. Ён адкрыта папрасіў мяне з кабінэта з прычыны адсутнасьці камандзіровачнага пасьведчаньня, якое, паводле ягонай вэрсіі, чамусьці яшчэ мусіла быць завераным ў Шчучынскае прэзыдэнцкае вэртыкалі. Няведаньне Закону аб друку не пашкодзіла, праўда, бела-блакітнай "Ніве" Кучуры цікаваць за мной падчас усяго перабываньня ў Васілішках. Аднак перастрахоўка не дапамагла. Жыхары мястэчка сёньня ня маюць патрэбы, як той казаў, глядзець у рот кіраўніку, які калгас-мільянэр зрабіў стратным. Вось што пра стыль кіраваньня Кучуры расказаў мне адзін з двух тутэйшых фэрмэраў спадар Вацлаў Яцукевіч…”
(Яцукевіч: ) “У мяне быў выпадак з нашым старшынём калгасу. На складзе ёсьць два трактары – раскіданыя ды паламаныя. А мне хацелася "Беларуса". Тут рашае прадсядацель. Я пайшоў і гавару Кучуру: я вам дам 5 галоў ската – 3 каровы і 2 бычкі, а вы мне прадайце трактар. А ён гаворыць: вы можаце скот рэзаць і есьці, а мы свой трактар самі разьбярэм. Сьмешна стала. Я купіў за мяса другі трактар – безь яго не застаўся…”
Усё гэта пры тым, што пагалоўе ската ў калгасе няўхільна зьніжаецца. А загадчыца жывёлагадоўчай фэрмы спадарыня Лідзія Жамойда апошнімі гадамі вымушаная браць на працу вольнапаселеных з калёніі, што ў некалькіх кілямэтрах ад Васілішак. Яна таксама не адмовілася гаварыць перад мікрафонам радыё "Свабода”.
(Карэспандэнт: ) “Як вам жывецца з "зэкамі"?
(Жамойда: ) “Цяжкавата работаць… Праблема ў тым, што часам могуць запіць яны. Але трэба зь імі работаць, бо сваіх людзей няма… Раней мы маглі купіць за літар малака 5 літраў бэнзыну. А зараз за 5 літраў малака – літар бэнзыну. Адкуль тыя калгасы будуць?А трэба ж і заробак выплаціць!”
(Карэспандэнт: ) “Карацей, каб жывёлагадоўчы комплекс вырашыў ва ўмовах рынку "зьесьці" вашую фэрму, былі б ня супраць?”
(Жамойда: ) “Заробак своечасовы быў бы – я думаю, ніхто ня быў бы супраць…”
Патлумачу апошнюю частку размовы са спадарыняй Жамойдай. У калгасе насмрэч працуюць толькі былыя каляністы ды пэнсіянэры. Практычна ж усё працаздольнае насельніцтва Васілішак – а гэта каля шасьці соцень чалавек – у саўгасе-камбінаце сэлекцыйна-гібрыднае скіраванасьці на вытворчасць племянных сьвіньняў. Посьпех справы называюць тут фантастычным. За 10 гадоў статак вырас з тысячы да 40 тысячаў галоваў. Неверагоднымі пры сёньняшнім заняпадзе выглядаюць і заробкі працаўнікоў. Бадай, у кожнай сям’і уласны аўтамабіль, таму рух іх у Васілішках, як у горадзе. Пабудаваны катэджавы гарадок на 40 дамоў. Кармы для ўласных сьвінафэрмаў, а таксама зерне, сена выдавалі ў дадатак да заробку. Але лепш паслухайце самі. Спадарыню Сьвятлану Гладкіх я спыніў ля яе ўласнага "аўды"…
(Гладкіх: ) “Мы сюды прыехалі 14 гадоў назад і нам далі кватэру праз 6 гадоў. Я раблю даглядчыцай падсосных сьвінаматак, дык бывае адзін месяц я палучаю тысяч 160, а другі – каля 500 тысяч. А муж на кармазьмяшальнай станцыі бяз вылікаў 240 тысяч. Прыватная гаспадарка – чацьвёра сьвіней, куры, гарод – 30 сотак нам даюць. Што кепска – няма гарачай вады. Кацельная далёка ад пасёлку, таму шмат страт, пакуль дойдзе гарачая вада. Зімой бывае вечарам толькі…”
(Карэспандэнт: ) “Ну а так усе калгасьнікі, якія слухаюць перадачу, могуць вам пазайздросьціць?”
(Гладкіх: ) “(сьмяецца) Можа быць…”
Тым ня менш, моладзь альбо займаецца перакупкай сьвінога мяса месьцічаў ды продажам яго ў горад, ці наагул зьяжджае. Спадарыня Гладкіх тлумачыць гэта так…
(Гладкіх: ) “Напрыклад, з Кахазстану не прывыклі да такой цяжкай работы, і прадаюць кватэры. Цяжкасьць у тым, што мы цягаем тачкі ўручную, чыстка сьвіней цяжкая на рукі…”
Я паспрабаваў падысьці да адной з фэрмаў. І, шчыра прызнаюся, з-за надзвычай вострага паху аміяка ў сумесі зь нечыстотамі туды ўвайсьці ня змог…
Але галоўная – ня лыжка нават – бочка дзегцю чакае жывёлаводаў, выглядае, у недалёкім будучым. Адхілены ад пасады сп. Уладзімер Сянюта, зь імем якога зьвязваюць усе вытворчыя ўзьлёты. Па выніках крымінальнае справы ў фэрмэра Сімянюка адабраная маёмасьць. Праз асабісты рахунак апошняга гадамі сплаўлялася саўгасная сьвініна без падаткавых выплатаў – а гэта да 20% сабекошту. Пад пагрозай пагадненьне зь Лідзкім камбінатам хлебапрадуктаў, які бартэрам пастаўляў на сьвінакомплекс камбікармы. Іх напярэдадні маяго прыезду ўжо перасталі выдаваць людзям. Першыя трывожныя сыгналы адчула і выхавацелька дзіцячага садка спадарыня Ірына Гінэль. Садок нядаўна зьняты з саўгаснага балянсу…
(Гінэль: ) “Мужу на жывёлагадоўчай фэрме затрымліваюць зарплату – такога раней не было…”
(Карэспандэнт: ) “Беспрацоўе вам не пагражае?”
(Гінэль: ) “Гадоў пяць хопіць. Дзяцей у ясельную групу набрана 18 зноў, заяваў шмат. Яшчэ ў Васілішках можна пажыць…”
Чуйна рэагуе на зьмену пакупніцкай кан’юнктуры і чароўная Ядзьвіга – так яе тут называюць. Імем гэтай абаяльнай жанчыны – дачкі першага прадпрымальніка Васілішак спадара Жоліка – названая першая прыватная крама. Цяпер новая заля амаль падрыхаваная да прыёму пакупнікоў. Ад іх пакуль няма адбою…
(Карэспандэнт: ) “Вы да Ядвігі часта ходзіце?”
(Галасы: ) “Канечне. Мне тут больш падабаецца – выбар шырокі, абслугоўваньне добрае і цэны прымальныя
(Карэспандэнт: ) “Вы таксама так лічыце?”
(Галасы: ) “Таксама…”
(Карэспандэнт: ) “Ядвіга, ты лічыш, твае справы ўдала сёньня ідуць?”
(Ядвіга: ) “Я лічу, удала. Маю пастаянную работу, прыбытак непастаянны, бо расходы часта не пакрываюць даходы. Пакуль на нагах. Калі ня будзе горш з законамі, жыць можна…”
Апошняя сустрэча – зь вядомым вам ужо фэрмэрам Вацлавам Ясюкевічам. Чалавекам, які, можа, найбольш упэўнена глядзіць тут у будучыню.
(Ясюкевіч: ) “Бачыце, у мяне сарайчык, 2-3 каровы, зямлю выдзелілі 7 гектараў. Даю малачко – астатняе сабе… Я не вялікі гаспадар…”
(Карэспандэнт: ) “А вялікім хацелі б стаць?”
(Ясюкевіч: ) “Я да 30 га мог бы падняць. Але далі зямлю далёка, у кустах. Зямля такая, што бульбу не пасадзіш. Можна пад лес аддаваць тую зямлю, дык яе аддалі фэрмэру. Я хацеў бы і сад пасадзіць. А тут за 3 км каровы ганяць. Які гэта фэрмэр зь дзьвюма-трыма галовамі ската?! Раней 5-6 мелі. А захочаш прадаць, дык справаздачы пішы, падаткі плаці. Фэрмэр і калгас – іншыя краіны. Фэрмэр – Кітай, калгас – Савецкі Саюз…”
(Карэспандэнт: ) “Але вы ж ня кінулі гэтай справы…”
(Ясюкевіч: ) “Не-не. Я люблю гэтую справу, не люблю нікому падчыняцца, калі недастойны прыдзе камандаваць. Не люблю кланяцца…”
Я ад’яжджаў з Васілішак зь дзіўным пачуцьццём. Усё, што адбываецца сёньня – для васілішкаўцаў нейкая прамежкавая станцыя. Унутрана яны глядзяць, так бы мовіць, праз галовы прэзыдэнтаў ды ўрадаў. Падрыхтаваныя і да свабоднага рынку, і да новых грамадзкіх ды чалавечых адносінаў. І вераць, што іхная будучыня настане...