Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бобрык.


Ягор Маёрчык

Заходжу я ў вясковую школу. Настаўнікі й тэхнічка пазнаюць ува мне раённую кантрольную камісію ў адной асобе. І гэта не зважаючы на зьнешні выгляд — доўгавалосага, у красачах, джынсах, швэдры й з заплечнікам. Ужо пасьля высьветлілася, што ў той дзень зь Пінску ў Бобрык мусіла прыехаць нейкая праверка. Але да аддаленай вёску за 70 кілямэтраў яна так і не дабралася.

Паміж прадстаўнікамі сельскіх саветаў, дзяржаўных прадпрыемстваў ды ўстановаў кшталту калгасаў, школаў даўно існуе джэнтэльмэнскае пагадненьне: перад раённым начальствам прыкрываць адзін аднаго ды ня ўказваць на хібы іншага. А тут на паседжаньні сельскага савету старшыня вытворчага каапэратыву “Бобрык” (ён жа былы кіраўнік калгасу) Міхаіл Неўдах, як кажуць, “здаў” вэртыкальным дырэтара школы й старшыню вясковага парлямэнту. І цяпер Бобрык жыве ў прадчуваньні праверак рознага кшталту.

(Неўдах: ) “Ёсьць у мяне непаразуменьні са школай. Сэсія прайшла. Я на гэтай сэсіі вельмі бурна выступіў. Дырэктар школы ўжо мусіць быць на пэнсіі. Трэба яго туды і адпраўляць, каб новыя прыходзілі, каб былі новыя ўплывы, а ён ня хоча”.

І каапэратыў, і Неўдаха можна назваць піянэрамі рэформаў сельскай гаспадаркі. Новае ўтварэньне зьявілася на рэштках разбуранага калгасу імя Чапаева. У размове са мной старшыня доўга і натхнёна пералічваў свае посьпехі ў выкананьні пастановы Аляксандра Лукашэнкі. Аднак сяброўскі тон зьнік, як толькі Міхаіл Неўдах пачуў ня вельмі зручнае для сябе пытаньне:

(Карэспандэнт: ) “Любая справа разьлічаная на посьпех. Празь які час вы дасягнеце гэтага самага посьпеху?”

(Неўдах: ) “Лічу, што посьпеху дасягнем. Дзесьці гады праз 2–3. Будучыня ў нас за буйной таварнай вытворчасьцю й у сельскай гаспадарцы. Тут павінна прайсьці рэформа, кто кім хоча быць. Фэрмэрам дык фэрмэрам, у каапэратыве дык у каапэратыве”.

(Карэспандэнт: ) “А якімі словамі вы можаце апісаць стан гаспадаркі? Якія праблемы ёсьць? Як у людзей з заробкамі?”

(Неўдах: ) “Ну, на гэтую тэму я гаварыць ня буду. Так, пасьведчаньне вашае пакажыце!”

(Карэспандэнт: ) “Калі ласка. А вы падумалі, што я самазванец?”

Дырэктар школы, пасьля таго сходу ў сельскім савеце, захварэў. Я наведаў Генадзя Лецьку.

На якую б тэму мы зь ім ні пачыналі гутарыць — ці то рэфармаваньне школы, ці то дачыненьні паміж тутэйшым насельніцтвам і вэртыкальлю — ён раней ці пазьней выходзіў на ўладны разлад у Бобрыку.

(Лецька: ) “Наконт старшыні былога калгасу, стаўленьне бальшыні людзей адмоўнае. Яны ня бачаць ніякай пэрспэктывы ў ягонай працы. Чалавек, які прапрацаваў сем гадоў, цалкам разваліў калгас. З сарака трактароў і сарака аўтамабіляў засталося тры трактары й два аўтамабілі. Калі ты так разваліў калгас, уцякай ты адгэтуль! Чаго ты тут сядзіш! Мара пра пасаду старшыні сельскага савету, каб уцячы з разбуранага калгасу, у яго ня спраўдзілася. Таму старшыня каапэратыву зараз марыць пра школу. Калісьці, год 20 таму быў настаўнікам. І вось выступіў супраць мяне як цяперашняга дырэктара”.

Каб пачуць меркаваньні трэцяга боку — старшыні сельскага савету — скіроўваюся ў будынак, над якім лунае чырвона-зялёны сьцяг.

Цэнтральны пляц — гэта вытаптаная латка зямлі, дзе ў дадатак месьцяцца маленькі шпіталь, крама ды некалькі прыватных шапікаў. А на золку гэтае месца пераўтвараецца ў вясковую біржу працы.

З паўтысячы насельнікаў Бобрыку траціна — пэнсіянэры, яшчэ 10% афіцыйна робяць у каапэратыве. А астатнія 300 чалавек — беспрацоўныя. Калі вы пэнсіянэр, і ў вас ужо не хапае фізычных сілаў пакалоць дровы ці пачысьціць хлеў, але пры гэтым вы здольныя заплаціць тысячу рублёў альбо паставіць пляшку, гэтыя цімураўцы сярэдняга веку навыперадкі будуць прапаноўваць свае паслугі.

Мікалай Палавінкін самотна стаіць на ганку будынку сельскага савету. На 11 гадзінаў раніцы ягоны працоўны дзень ужо скончаны. За тое, што вывез гной на палеткі, расплаціліся зь ім сьнеданьнем і грошамі, якіх хапіла на пачак цыгарэтаў.

(Палавінкін: ) “Заробку не даюць. Я — шараговы палявод. Мне выходзіла 300 рубляў днёўка. А за 300 рублёў булкі хлеба не атрымліваецца”.

(Карэспандэнт: ) “300 на дзень вам плацілі?”

(Палавінкін: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А на месяц гэта колькі атрымлівалася?”

(Палавінкін: ) “9 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “А на што спадзяваньні?”

(Палавінкін: ) “На лёс і толькі на лёс. Калі ня будзе лёсу, будзем як гэтыя... бізуны голыя”.

(Карэспандэнт: ) “Кажаце, што сельскі савет нічым не дапамагае. А мы жа гутарым у будынку сельскага савету. Навошта вы сюды прыйшлі?”

(Палавінкін: ) “Ну, можа хто найме, па кантракце пайду. Будучыня ня бачная, нават за туманам нічога”.

(Карэспандэнт: ) “А што ёсьць добрага ў жыцьці Бобрыку?”

(Палавінкін: ) “Добрае, як вып’еш. Больш нічога добрага ня бачу”.

(Карэспандэнт: ) “А часта п’яце?”

(Палавінкін: ) “Ня часта, але стараюся. А гэтае намаганьне заўсёды ў пралёце”.

(Карэспандэнт: ) “Ну выпіў чалавек, чым гэта дапамагае?”

(Палавінкін: ) “Мне тады лягчэй. І жонка ня так сварыцца. Можа, пабаіцца ці што? Ня ведаю, як жыць, ня ведаю. Я малады, мне яшчэ 50 год няма — а як жыць, уяўляньня ня маю”.


* * *
Прыходзіш да чыноўніка, прадстаўляесься, тлумачыш мэту візыту. Увогуле, гэтыя самыя чыноўнікі бываюць розныя, як і нагоды завітаць да іх. А вось выразы твараў пасьля ўступных словаў, — адно да аднаго.

У сытуацыі, калі ў вёсцы пасварыліся тры ўплывовыя асобы, журналіста ўважаюць за, так бы мовіць, агента, засланага супрацьлеглым бокам.

Адказваючы на мае пытаньні, старшыня сельсавету Сяргей Сідарэвіч узважваў кожнае слова.

(Карэспандэнт: ) “Я чуў такое, што ідзе суперніцтва са старшынём былога калгасу, што ён хоча на вашае месца сесьці…”

(Сідарэвіч: ) “Штосьці ёсьць такое. Ён накаляе сытуацыю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці мае ўлада аўтарытэт?”

(Сідарэвіч: ) “Мае. Якая б яна ні была, але яна — ўлада. Іншай жа няма”.

(Карэспандэнт: ) “У Бобрыку ёсьць апазыцыя?”

(Сідарэвіч: ) “Ёсьць таварыства. Прагагандуе беларускую мову. Прапануюць на ёй весьці ўсе нашыя паперы. Але гэта ня так проста. Мы выконваем загады зьверху. Пакуль у нас такога няма”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж таксама былі ў суполцы...”

(Сідарэвіч: ) “Быў”.

(Карэспандэнт: ) “А чаго выйшлі?”

(Сідарэвіч: ) “Не хачу. У мяне зараз праблемы, вельмі шмат нядобразычліўцаў”.

Згаданая суполка Таварыства беларускай мовы — бадай адзіная зьява грамадзянскай супольнасьці ў аддаленай вёсцы Пінскага раёну. Старшыня Ўладзімер Гук хваліцца, што ў ёй 19 чальцоў. Ня так даўно мясцовыя вэртыкальнікі націснулі на трох чытачоў газэты “Народная воля”, каб тыя адмовіліся ад падпіскі. Пасьля гэтага інкогніта ў шэрагах суполкі паболела.

(Гук: ) “Сёньня адзіная праблема — як выжыць. У людзей няма працы, няма заробкаў. Людзі ў вёсцы жывуць за кошт бульбы й лесу. Ідзем да дна, калі казаць проста й двума словамі. Ну а як тут намаляваць яшчэ гэтае жыцьцё? Няма ні ў кога пэрспэктывы. Вось людзі й жывуць адным днём”.

(Карэспандэнт: ) “На што людзі спадзяюцца?”

(Гук: ) “Самі на сябе, на выпадак і... а раптам нешта зьменіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Улада — як людзі да яе ставяцца? Ці карыстаецца яна аўтарытэтам?”

(Гук: ) “Улада ёсьць улада, на яе ўжо мала хто спадзяецца, бо яны толькі пра сябе думаюць. Мяняй старшыню ці не — а ўсё адно будзе тое самае”.

(Карэспандэнт: ) “Хацеў бы распытаць пра старшыню вашага сельсавету. Ён жа пэўны час быў сябром суполкі Таварыства беларускай мовы”.

(Гук: ) “Ну, быў! У яго ёсьць пасьведчаньне, што ён — сябра суполкі, калі яшчэ не закінуў. А цяпер стаў чыноўнікам. Ён нашай суполкі ўжо баіцца так, як чорт ладана. Беларуская мова не ў пашане вышэйшых уладаў, а ніжэйшыя баяцца, аглядаюцца”.

Апошні час у Бобрыку часта вымаўляюцца імёны Алега Завадзкага, Мікалая Мармузевіча і Леаніда Кахновіча. У наваствораны каапэратыў яны не пайші, зранку на пляц за падзённай працай ня ходзяць. Гэтыя трое напісалі заявы з просьбай выдзеліць ім ва ўласнае карыстаньне 3 гектары зямлі кожнаму. Фэрмэрамі яны сябе ня лічаць. Кажуць, што для іх — гэта вельмі гучна. Ужываюць больш сьціплае слова — арандатар.

Сабраліся ў хаце Алега Завадзкага. Мікалай Мармузевіч і Леанід Кахновіч дэлегавалі права размаўляць пры мікрафоне гаспадару.

(Завадзкі: ) “Калі людзі робяць у калгасе, ці ў гэтым… каапэратыве — значыць, людзей такія заробкі задавальняюць. Мабыць, хапае, калі трымаюцца гэтых працаў. А хто ня хоча рабіць, каго не задавальняюць гэтыя заробкі, яны шукаюць сваё”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вы вырашылі ўзяць зямлю?”

(Завадзкі: ) “Ну, не хадзіць жа туды за капейкі. Мо што й атрымаецца. Хаця б для сябе. У нас амаль у кожнага амаль па тры гектары і ёсьць: там 15, там 20, там 30 сотак. Проста такія маленькія кавалачкі, незаконныя ніўкі ў лясах”.

(Карэспандэнт: ) “А вы вырашылі рабіць усё гэта афіцыйна?”

(Завадзкі: ) “Так. Каб была зямля й я ведаў, што гэта — маё. Сею: хачу з гноем, хочу не. А так на калгаснае поле гной ці ўгнаеньні завязеш, апрацоўваеш яго, полеш, чысьціш. Год адсадзілі, яго забіраюць — калгас мяняе севазварот”.

(Карэспандэнт: ) “Ад калгасу, ад сельскага савету можа нейкую дапамогу чакаеце?”

(Завадзкі: ) “Не дачакаесься ад іх! А чым яны дапамогуць? Яны самі ходзяць, каб ім дапамаглі. Звыйна, як толькі пачне атрымлівацца, яны дададуць падаткаў ці яшчэ чаго плаціць, каб не выходзіла шмат”.

Кіраўнік капэратыву Міхаіл Неўдах штурмуе школу й сельскі савет. Дырэктар школы Генадзь Луцька і старшыня сельсавету Сяргей Сідарэвіч занялі кругавую абарону.

Былыя ж калгасьнікі, а цяпер ужо арандатары, з большымі зацікаўленасьцю й клопатам пазіраюць на сваю веснавую ральлю, чым на ўладныя інгрыгі ў роднай вёсцы Бобрык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG