Паводле тапанімічнага слоўніка Вадзіма Жучкевіча, назва вёскі Тулава мае некалькі варыянтаў паходжаньня. Першы – ад беларускага слова “туляцца”, бадзяцца беспрытульнаму…
Сёньня ў Тулаве “маюць прытулак” каля дзьвюх тысячаў чалавек. Але, хаця жывуць тут тулаўцы даўно ды стала, толькі палова зь іх ёсьць карэннымі насельнікамі: пасьля апошняе вайны разбураная вёска адбудоўвалася на новым месцы, дый засялялася яна нанова – і патомнымі тулаўцамі, і вяскоўцамі-суседзямі, і нават прыежджымі здалёку, якіх завабілі тутэйшыя краявіды або іншыя акалічнасьці…
“Я пакахаў дзяўчыну віцебскую ды прыехаў во сюды!” – гаворыць спадар Труханавец. Ён працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам на тулаўскай сельскагаспадарчай досьледна-экспэрымэнтальнай станцыі. І на ягоны погляд нетутэйшага чалавека, жыцьцё ў Тулаве істотна розьніцца ад таго, да якога ён звык на сваёй малой радзіме.
(Труханавец: ) “У нас, да прыкладу, у нашай вёсцы на беларускім Палесьсі, як грошы зарабляюць? У кожнай сям’і свая цяпліца вялікая… А тут усе прывыклі з гораду ў горад – ніхто ў сябе працаваць ня хоча. Хочуць, каб нехта ім усё даваў…”
Як на мой погляд, дык горад больш забірае ў тулацаў, чым дае: да гарадзкое ўскраіны адсюль ня больш як 5 кілямэтраў, і большасьць тулаўцаў езьдзіць у Віцебск і на працу. Бо саўгас Тулава ды тая досьледна-экспэрымэнтальная станцыя, на якой працуе спадар Труханавец, а яшчэ станцыя хімізацыі сельскае гаспадаркі – гэта адзіныя прадпрыемствы на ўсю вёску. Такім чынам, працаздольнае насельніцтва вязе ў абласны цэнтар сваю працоўную сілу, а пенсіянэры – малако, сьмятану й разнастайную гародніну, вырашчаную на ўласным падворку. Так во і езьдзяць тулаўцы туды-сюды, з гораду ды ў горад. “Туляюцца”, адным словам.
(Кабета: ) “І зіму прадаеш, і лета прадаеш, і вясну прадаеш… Як няма капейчыны, дык і вязеш. Яблыкі вязеш, гуркі вязеш, бульбу вязеш, памідоры вязеш… Казу трымаем, курэй трымаем… А што рабіць? Іначай як жыць?”
(Карэспандэнтка: ) “Як жывецца пэнсіянэрам, раскажыце?”
(Кабета: ) “А што толку, што я вам распавяду, вы мне хіба дапаможаце? Пэнсія ў мяне 112 тысяч. Як за кватэру заплаціш – пэнсіі толькі й хапае, каб заплаціць за кватэру, за сьвятло ды за тэлефон… Як заплаціш 70 тысяч за кватэру, дык канечне, мала!”
(Карэспандэнтка: ) “Дык вы жывяцё ў кватэры, ды яшчэ маеце сваю гаспадарку?”
(Кабета: ) “Ну а як жа? 45 сотак зямлі, можа, маем. Дачка зь зяцем сеюць, пашуць, а баба ўнукаў глядзіць!”
…Унукі ў тулаўскіх бабуляў вельмі рана робяцца дарослымі: у Тулаве няма сваёй школы, і ўся дзятва ад 6 гадоў самастойна вандруе па школах Віцебску. Кагосьці, як кажуць, “выхоўвае вуліца”, а тулаўскіх дзетак – пераважна грамадзкі транспарт… А бабулі – бабулі праводзяць сваіх унукаў толькі да аўтобуснага прыпынку.
(Кабета: ) “Вось ён, школьнік, стаіць…”
(Карэспандэнтка: ) “І так во штодня трэба езьдзіць! Гэта ж страшэнна нязручна…”
(Кабета: ) “А што рабіць? Сам во дабіраецца, а вучыцца шчэ толькі ў пятым класе. Ды вучыцца на адны “дзявяткі ды “дзясяткі”!
(Карэспандэнтка: ) “Паслухайце, гэта ён едзе на другую зьмену? А вяртаецца як? Ды зь перасадкамі! Ужо ж цёмна, страшна…”
(Кабета: ) “Ужо прызвычаіўся… Вяртаецца калі а восьмай вечара, калі а дзявятай”.
(Карэспандэнтка: ) “А хатнія заданьні калі рабіць?”
(Кабета: ) “А ён ужо ўвечары ўсё й робіць!”
(Карэспандэнтка: ) “Дзіцёнак, ты не замучыўся так во езьдзіць?”
(Хлопчык: ) “Замучыўся…”
(Кабета: ) “Канечне, замучыўся, а што рабіць?”
Пытаньне “А што рабіць?” тулаўскія жыхары паўтараюць так часта, што міжволі задумваешся: мусіць жа быць нехта, хто павінен клапаціцца пра вырашэньне гэткіх пытаньняў! Інакш кажучы, ва ўсялякага “тулава” мусіць быць “галава”. Асабліва, калі прыгадаць яшчэ адзін варыянт паходжаньня назвы вёскі Тулава – наўпрост ад адпаведнай часткі цела…
Спыніўшыся якраз насупраць будынку сельсавету, задаю тулаўскім мінакам адно й тое самае пытаньне:
(Карэспандэнтка: ) “Як завуць вашага старшыню сельсавету?”
(Спадар: ) “Старшыню сельсавету? Як жа гэта яго завуць… Вы думаеце, я знаю?”
(Дзяўчына: ) (сьмяецца) “Ня ведаю!”
(Карэспандэнтка: ) “Дык вы, мабыць, ды яго ніколі й не зьвярталіся…”
(Дзяўчына: ) “Ну, па даведкі ў сельсавет ходзім, а так – нашто ён нам?”
(Першая спадарыня: ) “Мы да яго асабліва й не зьвяртаемся…”
(Другая спадарыня: ) “Даведкі бярэм, грошы плоцім…”
(Першая спадарыня: ) “Так! Прыйшоў, узяў даведку, грошы заплаціў ды пайшоў!”
(Карэспандэнтка: ) “А дэпутатаў вашых ведаеце? Можа, яны чым вам дапамагаюць? Раскажыце”.
(Першая спадарыня: ) “Нічым! Што тут расказваць? Я нават і ня ведаю, хто ў нас дэпутат? Валя, а хто ў нас дэпутат?”
(Другая спадарыня: ) “Я ўжо сорак гадоў тут жыву, у Тулаве, і каб я ведала, хто ў нас дэпутат, дык і ня ведаю!”
(Карэспандэнтка: ) “І вы ніколі ды яго не зьвярталіся? Можа, дапамог бы чым?”
(Спадарыня: ) “Дык а да каго тут зьвяртацца?”
Размова пра нядаўнія мясцовыя выбары таксама не дапамагла ўзгадаць імёны дэпутатаў. Ні старых, ні новых. Хаця, паводле зьвестак абласнога друку, амаль 95% выбарцаў Віцебскага раёну, і ў тым ліку вёскі Тулава, наведалі выбарчыя ўчасткі ды прагаласавалі за новую ўладу.
(Карэспандэнтка: ) “Вы ж, напэўна, кагосьці тут вылучалі…”
(Спадарыня: ) “Нікога я не вылучала, ні за каго не галасавала, нічога ня ведаю!”
(Другая спадарыня: ) “А што толку, што мы ўсё выбіраем, што мы галасуем… Усё тае самае!”
(Карэспандэнтка: ) “Дык што, народу на выбары прыйшло няшмат?”
(Дзяўчына: ) “Ды ну! Раней дык нармалёва хадзілі. А цяпер хіба толькі алкашы – бо да крамы блізка”.
(Карэспандэнтка: ) “І як гэта ў вас толькі атрымліваецца: каго ні спытаеш, ніхто на выбары не хадзіў, а ў газэце пішуць: “яўка выбарцаў 90%…”
(Спадарыня: ) (сьмяецца) “Дык а што вы думаеце, гэта ўпершыню, ці што?”
Тады як бальшыня тулаўцаў палітычныя падзеі проста ігнаруе, у вёсцы ёсьць адзіны прадстаўнік цяперашняй апазыцыі. Гэта доктар Сяргей Кушняроў, сябар КХП БНФ.
(Кушняроў: ) “Людзі нейкія лянівыя ды кансэрватыўныя, зусім палітыкай не цікавяцца…”
Спадар Кушняроў, які ўжо доўга займаецца краязнаўствам, мае ўласнае тлумачэньне гэткае апалітычнасьці. На ягоную думку, палітычныя погляды ў Тулаве проста няма на чым выхоўваць: тут, да прыкладу, няма й ніколі не было музэю, нават якой “рэвалюцыйнай” або “працоўнай славы”. Ды што там музэю! У Тулаве няма й ніколі не было ніводнага помніка – ні хрэстаматыйнага савецкага Леніна, ні сымбалічнае магілы палеглых на мінулай вайне землякоў. А ўсе тутэйшыя вуліцы маюць выключна паныла-казённыя назвы: Цэнтральная, Садовая, Тэхнічная, Юбілейная…
(Кушняроў: ) “Сельскі савет, напэўна, называў іх паводле мясцовай тапанімікі: вось Цэнтральная вуліца, вось там на горцы быў сад – там Садовая. А там Тэхнічная вуліца. Там майстэрні былі, таму й назвалі – Тэхнічная…”
Тым часам сапраўдная, гістарычная тапаніміка ў Тулаве была зьнішчаная дарэшты разам са сваімі аб’ектамі: да прыкладу, на загад віцебскага кіраўніцтва тут у літаральным сэнсе зраўнялі зь зямлёю гэтак званыя Царскія Горы, зрабіўшы на іхным месцы аўтатрасу для аматараў экстрэмальных відаў спорту.
(Кушняроў: ) “Былі тут Царскія Горы – харошы жоўты пясок… дык вось пясок адсюль забралі, гор практычна ня стала, а на гэтым месцы зрабілі трасу для мотакросу…”
Царскіх Гор у Тулаве ня стала. Але зьявілася гэтак званае “Царскае сяло” – у Тулаве разбудаваўся цэлы катэджны гарадок, дзе жывуць буйнейшыя ды драбнейшыя віцебскія начальнікі, якія сьціпла называюць сваё паселішча “Тулава-2”.
Ну, як тут не прыгадаць апошнюю версію з тапанімічнага слоўніка пра тое, што назва “Тулава” паходзіць ад літоўскага слова “tula” – паселішча на новым месцы!
(Спадарыня: ) “Тут Тулава, і туды Тулава, і сюды Тулава…”
(Карэспандэнтка: ) “А во тое Тулава, дзе стаяць катэджы розных начальнікаў?”
(Спадарыня: ) “Гэта Тулава-2, гэта туды далей”.
Рэйсавы аўтобус да канцавога прыпынку ў Тулаве-2 ідзе заўсёды пусты. Затое яго ўвесь час абганяюць бліскучыя іншамаркі… Жыхары “Тулава-2” і “Тулава-1” практычна ня зносяцца. Займаючыся сваімі справамі ды праблемамі, вяскоўцы ставяцца да сваіх заможных суседзяў прыкладна як да іншаплянэтнікаў: маўляў, яны, можа, недзе і ёсьць, але дужа далёка! А калі ўжо яны ўсё-ткі ёсьць, то што з гэтым зробіш…
(Карэспандэнтка: ) “Ці дужа багатыя людзі там жывуць?”
(Спадарыня: ) “Ня ведаю, мы там не бываем”.
(Карэспандэнтка: ) “І хто канкрэтна, таксама ня ведаеце, ці вялікія начальнікі?”
(Спадарыня: ) “Канечне, вялікія! Старшыня аблвыканкаму ды старшыня гарвыканкаму, ды яшчэ хтосьці там… Галоўны лекар нейкі…”
(Другая спадарыня: ) “Ды яны ж ня тулаўскія ўсе! Каб хто зь мясцовых пабудаваў сабе там катэдж, такога няма! Яны так, прыблудныя нейкія…”
(Першая спадарыня: ) “Але ж тое была раней наша зямля!”
“Тулаўская зямля” сёньня – гэта невялікая выспачка, так і не заваяваная вялікім горадам. Але гэта ўжо і ня вёска на ўлоньні прыроды. Хаця прырода тут сапраўды адметная – адсюль пачынаецца Віцебскае ўзвышша, а ўнізе ляжыць невялікае возера з празрыстай ды чыстай вадою… Нездарма гэтае ўтульнае мястэчка прыйшлося даспадобы і першым тутэйшым насельнікам 4 стагодзьдзі таму, і апошнім, якія прыехалі сюды на “джыпах” ды “мэрсэдэсах”.
Дарэчы, чаму б не прапанаваць тапанімістам і вось такое тлумачэньне назвы Тулава: “Тулава” паходзіць ад слова “утульны”.