Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнае бясплённасьць барацьбы з карупцыяй у рэгіёнах


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: дацэнт Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Лысюк і менскі палітоляг Уладзімер Роўда.

(Валер Карбалевіч: ) “Нарада ў Берасьці, якую правёў Лукашэнка з удзелам усіх кіраўнікоў сілавых структураў краіны, пакінула ўражаньне надзвычайнасьці сытуацыі, якая склалася ў вобласьці. Галоўная выснова, да якой прыйшоў кіраўнік дзяржавы: сыстэма мераў умацаваньня бясьпекі і дысцыпліны не спрацоўвае ў рэгіёнах, там квітнее карупцыя. То бок, сытуацыя на Берасьцейшчыне не выключэньне, а правіла. А сытуацыя ў Берасьцейскай вобласьці, паводле высноваў Лукашэнкі, амаль крытычная. Карупцыя наскрозь паразіла органы ўлады. Адбылася крыміналізацыя праваахоўчых органаў. Узровень злачыннасьці на сяле ўзрос на 70%, а ў памежных войсках — утрая. Чыноўнікі на месцах больш дбаюць пра свае інтарэсы, чым пра інтарэсы людзей. Спадар Лысюк, сапраўды сытуацыя ў Берасьцейскай вобласьці такая крытычная ў параўнаньні з іншымі рэгіёнамі Беларусі, як гэта падае кіраўнік дзяржавы?”

(Анатоль Лысюк: ) “Я мяркую, што сытуацыя на Берасьцейшчыне мала адрозьніваецца ад сытуацыі ў іншых рэгіёнах Беларусі. Але Лукашэнка зьвярнуў увагу на Берасьце зусім невыпадкова. У сілу свайго геапалітычнага становішча нашая вобласьць мяжуе з НАТО і хутка — з Эўразьвязам. І гэта можа выклікаць спакусу ідэалягічнага распуцтва як у намэнклятуры, так і ў насельніцтва. Таму на тое і кошка, каб мышэй лавіць. На тое і кіраўнік дзяржавы, каб пільна сачыць за ідэалягічным адзінствам і краіны, і нашага рэгіёну.

Але я магу ў нечым пагадзіцца з Лукашэнкам. Узровень карумпаванасьці нашага рэгіёну досыць высокі. Аб гэтым сьведчаць вынікі праведзенага намі сацыялягічнага апытаньня. Паводле яго, амаль 40% рэспандэнтаў лічаць, што ў апошнія гады карупцыя ў нашым рэгіёне вырасла. Прычым, найбольш карумпаванай людзі лічаць менавіта мясцовую ўладу. 70% апытаных абвінавачваюць мясцовую ўладу ў карупцыі”.

(Карбалевіч: ) “Сытуацыя трохі дзіўная. Вядома, што галоўным кірункам палітыкі Лукашэнкі на працягу ўсіх амаль дзесяці гадоў ягонага кіраваньня была барацьба за ўмацаваньне парадку, дысцыпліны, барацьба з карупцыяй. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся жорсткія адміністрацыйна-камандныя мэтады, ажыцьцяўляўся моцны ціск на ўсе органы ўлады. Лукашэнка прымае з дакладамі генэральнага пракурора Шэймана і старшыню Дзяржкантролю Тозіка значна часьцей, чым, напрыклад, кіраўніка ураду. І вось цяпер высьвятляецца, што ўся гэтая палітыка дае амаль нулявы вынік. Калі карупцыя паразіла наскрозь увесь дзяржаўны апарат, то як можна казаць аб эфэктыўнасьці палітыкі?”

(Уладзімер Роўда: ) “Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Існаваньня жорсткай адміністрацыйнай сыстэмы недастаткова для эфэктыўнага змаганьня з карупцыяй. Таму што ў гэтай сыстэме адсутнічаюць такія важныя чыньнікі як грамадзкі кантроль, незалежныя СМІ, свабодная дзейнасьць апазыцыі. Менавіта такія чыньнікі спрацоўваюць ў дэмакратычных краінах. А ў нашай сыстэме адсутнічае тое, што ў дэмакратычных краінах называецца “зваротная сувязь”. І любы чалавек, які прызначаецца на пасаду ў дзржапараце, як бы часта Лукашэнка не мяняў кадры, становіцца закладнікам сыстэмы і вымушаны працаваць па яе правілах. Паколькі кантролю зьнізу, з боку грамадзтва няма, то чыноўнікі спакушаюцца на карупцыю”.

(Лысюк: ) “Праблема карупцыі — гэта не праблема якасьці таго ці іншага чыноўніка. Гэта праблема якасьці палітычнай сыстэмы, ад якой залежыць узровень карупцыі. Але барацьба з карупцыяй і начальствам, якую ўвесь час вядзе Лукашэнка, — гэта эфэктыўны палітычны ход, які адным стрэлам забівае двух зайцоў. З аднаго боку, чыноўнікі трапляюць у атмасфэру страху. А як вучыў яшчэ Макіявэлі, страх — гэта найбольш эфэктыўны сродак кіраваньня дзяржавай. А зь іншага боку, барацьба з начальствам заўсёды выклікае захапленьне простага чалавека. І як жаданы вынік — умацаваньне ўлады. Гэты чыньнік асабліва выглядае прывабным на фоне скарачэньня другіх рэсурсаў, якія падсілкоўвалі ўладу да гэтага часу. Найперш, маю на ўвазе рэсурсы матэрыяльныя і інтэграцыйныя”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы яшчэ заўважыць, што ў Беларусі такая вялікая ўлада чынавенства над эканамічнымі працэсамі, якой не існуе ў краінах з рынкавай эканомікай. А гэта стварае вельмі спрыяльную глебу для карупцыі. Хацеў бы задаць наступнае пытаньне, на якое ўжо часткова адказаў спадар Лысюк. У чым сэнс гэтых выказваньняў Лукашэнкі? Ён прызнаўся ў неэфэктыўнасьці палітыкі, але меў на увазе нейкі піяр. У чым сэнс гэтага піяру?”

(Роўда: ) “Нічога новага ў гэтых заявах Лукашэнкі няма. Гэты піяр працягваецца з 1994 году. У гэтай сыстэме вельмі важна пазбавіць чынавенства нават мінімальнай аўтаноміі. Лукашэнка баіцца яе, таму што могуць узьнікнуць незалежныя ад яго кляны. Барацьба з карупцыяй, чынавенствам давала раней палітычны эфэкт. І пакуль што ў гэтай палітыкі яшчэ ёсьць рэзэрвы. Барацьба з карупцыяй патрабуе ахвяраў. Цяпер Лукашэнка прызнаўся, што посьпехаў у такой палітыцы няма. Мы апынуліся ў такім стане, зь якога ён пачынаў гэтую палітыку ў 1994 годзе. Таму ў абываталя, які адчувае карупцыю на сваёй скуры, можа ўзьнікнуць пытаньне: мусіць, ня толькі баяры вінаватыя, але і цар дрэнна кіруе?”

(Карбалевіч: ) “Выснова, якую зрабіў Лукашэнка з той крытычнай, як ён лічыць, сытуацыі ў Берасьцейскай вобласьці, — гэта ўзмацненьне кантролю, патрабавальнасьці, ціску на чынавенства. Які эфэкт дасьць узмацненьне ціску на чынавенства? Да якіх наступстваў яны могуць прывесьці?”

(Лысюк: ) “Я мяркую, што адміністрацыйны рэсурс вычарпаны да дна. І чарговае ўзмацненьне адміністрацыйнага ціску ніякага эфэкту ня дасьць ні ў эканоміцы, ні ў іншых сфэрах нашага жыцьця”.

(Роўда: ) “Ідзе чарговая палітычная кампанія. І Лукашэнка кажа пра вялізарную карупцыю. Мусіць, будуць прынесеныячарговыя ахвяры. У афіцыйным паведамленьні сказана пра ўзмацненьне “ў сто крат” патрабавальнасьці да чыноўнікаў. Калі Лукашэнка далей пойдзе гэтым шляхам, то магчымыя паказальныя рэпрэсіі кшталту сталінскіх. Але я думаю, што Беларусь ня мае такіх рэсурсаў, каб вытрымаць гэтыя рэпрэсіі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, падчас нарады ў Берасьці Лукашэнка прызнаў, што ягоны палітычны курс ня даў эфэкту. Але высновы зробленыя такія: гэты курс будзе працягвацца і нават узмацняцца. Як лічаць мае суразмоўцы, наступствы гэтай палітыкі будуць такія ж, як іх характарызаваў сам кіраўнік дзяржавы ў Берасьці”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG