Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашырэньне Эўразьвязу на ўсход і наступствы для новых суседзяў


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Улаховіч і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў.

(Валер Карбалевіч: ) “Сёлета адбудзецца пашырэньне Эўразьвязу на Ўсход, і Беларусь зробіцца суседкай гэтага вялікага эўрапейскага аб’яднаньня. Адным з наступстваў такога пашырэньня стала канцэпцыя “новага суседзтва”, якая была вылучаная гэтай арганізацыяй. 3 сакавіка старшыня Эўрапейскай камісіі Раман Продзі заявіў, што Эўразьвяз хоча даць новым суседзям усе перавагі, якія маюць ягоныя сябры, за выключэньнем удзелу ў прыняцьці рашэньняў. На думку спадара Продзі, доўгатэрміновай мэтай новай палітыкі Эўразьвязу зьяўляецца распаўсюд на ягоных суседзяў чатырох свабодаў, на якіх заснаваны гэты зьвяз: свабода перамяшчэньня тавараў, паслугаў, людзей і капіталу.

Беларусь гэтая палітыка закранае наўпрост. Падаецца, што цьверджаньні аб новай сьцяне, новай лініі падзелу ў Эўропе былі заўчасныя, былі перабольшваньнем? Які сэнс гэтых льготаў, якія Эўразьвяз гатовы даць сваім суседзям? Якая справа ўвогуле Брусэлю да супрацоўніцтва з Украінай, Беларусьсю, Малдовай, Расеяй? У чым сэнс канцэпцыі “новага суседзтва”?”

(Уладзімер Улаховіч: ) “Я лічу, што да выказваньняў спадара Продзі трэба паставіцца крытычна. Справа ў тым, што гад таму ў сакавіку 2003 году Эўразьвяз вызначыў сваю стратэгію пашырэньня, якая была сур’ёзна раскрытыкаваная. Таму што быў прапанаваны такі, як быццам, фармальна геаграфічны падыход. Згодна гэтай стратэгіі далучэньне новых дзяржаваў да Эўразьвязу можа адбыцца праз 10–15 гадоў. Сур’ёзна крытыкавала гэты дакумэнт Украіна. Таму што ў лік суседзяў трапілі 14 краінаў. Сярод іх былі дзяржавы, якія імкнуцца да ўступленьня ў Эўразьвяз, як Украіна, і такія, як Лібія альбо Палестынская аўтаномія. І іх паставілі ў адзін шэраг. У гэтым шэрагу і Беларусь, якая афіцыйна не дамагаецца стаць сябрам Эўразьвязу. Таму гэтыя выказваньні Продзі — пэўны адказ на крытычныя заявы Ўкраіны, Расеі, крытыку і ў самім Эўразьвязе”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Можна пагадзіцца з тым, што Продзі тлумачыць першапачатковую ініцыятыву, якая была вылучаная год таму і адказвае на крытыку. Чаму Эўразьвяз увогуле імкнецца далучыць да сваіх інтэграцыйных прынцыпаў краіны-суседзі? Найперш таму, што ён хоча ўмацоўвацца, атрымліваць новыя рынкі і ўзмацняць свой уплыў у сьвеце. Па-другое, Эўразьвяз хоча падштурхнуць краіны-суседзі да дэмакратычных пераўтварэньняў і гэтак гарантаваць бясьпеку сваіх межаў.

Але трэба зьвярнуць увагу на тое, што Продзі казаў пра доўгатэрміновыя пэрспэктывы. Пакуль што мы бачым, што дачыненьні Эўразьвязу з Расеяй пагаршаюцца, адносіны зь Беларусьсю таксама ня ў лепшым стане. Тут можна згадаць справу Эўрапейскай камісіі аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі, якая можа скончыцца ўвядзеньнем санкцыяў супраць Беларусі. Так што, мне здаецца, пакуль што гэта больш тэарытычныя разважаньні”.

(Карбалевіч: ) “Галоўнае пытаньне канцэпцыі “новага суседзтва” альбо канцэпцыі “ўсходняга вымярэньня” — гэта пытаньне аб пэрспэктывах уступленьня гэтых новых суседзяў у Эўразьвяз. Аб гэтым нагадаў спадар Улаховіч, які адзначыў, што 10–15 гадоў — гэта шмат. Але калі паглядзець на нашых суседзяў (Польшча, краіны Балтыі), то можна адзначыць, што прыкладна 15 гадоў таму яны вызначылі мэту ўступленьня ў Эўразьвяз, і вось цяпер яна зьдзяйсьняецца. Можа, 10–15 гадоў — гэта і няшмат? І ўвогуле, якія тут пэрспэктывы ў новых суседзяў?”

(Улаховіч: ) “З эўрацэнтрысцкага гледзішча 10–15 гадоў сапраўды няшмат. Але для краінаў, якія жывуць у транзытным стане, для іхных палітычных элітаў — гэта шмат. Акрамя таго, выказваньне Продзі зьвязанае і з тэхнічным момантам. У адпаведнасьці з канцэпцыяй пашырэньня Эўразьвязу, надыходзіць час для распрацоўкі плянаў для кожнай краіны. І менавіта гэтая сытуацыя падштурхнула Продзі выказацца на гэты конт.

Хачу выказацца наконт магчымасьці далучэньня да Эўразьвязу новых краінаў. Паглядзім на гэтую праблему з гледзішча Ўкраіны. Яна распрацавала праграму далучэньня да Эўразьвязу. Прызначаныя адмысловыя чыноўнікі, якія працуюць у гэтым кірунку. Дзяржава мае ў нейкім сэнсе агульнанацыянальны кансэнсус у пытаньні далучэньня да Эўразьвязу. Ёсьць зварот прэзыдэнта “Эўрапейскі выбар Украіны”, які падтрыманы парлямэнтам. І вось, разам з тым, сытуацыя з далучэньнем Украіны да Эўразьвязу ня вызначаная канкрэтна. Яна знаходзіцца ў агульным шэрагу новых суседзяў, і гаворка ідзе агулам аб 10–15 гадах.

Акрамя таго, Эўразьвяз пазначыў, што канкрэтна на працягу гэых гадоў можа далучыцца Баўгарыя, Румынія, а таксама, умоўна, Турэччына. І вось на працягу гэтых 10–15 гадоў паміж Эўразьвязам і новымі суседзямі будзе існаваць даволі жорсткая мяжа, такая, напрыклад, як паміж Беларусьсю і Польшчай, Украінаю і Польшчай”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, нават калі бы цяпер Эўразьвяз заявіў, што гатовы прыняць Украіну ў свой склад, наўрад ці яна змагла бы падрыхтавацца да ўступленьня хутчэй, чым праз 10 гадоў”.

(Фёдараў: ) “Я стаўлюся да такіх пэрспэктываў больш крытычна. Не выключаючы такой магчымасьці, я ня бачу зрухаў у гэтым кірунку ў палітычных элітаў і найперш у Беларусі. Калі Расея робіць пэўныя крокі ў гэтым кірунку, Украіна таксама, хоць і недастаткова, то Беларусь увогуле ня ставіць такога пытаньня. Адзіны чыньнік, які можа падштурхнуць Беларусь, гэта палітыка Расеі, якая, не зважаючы на сёньняшнія напружаныя дачыненьні з Эўразьвязам, пачне рухацца ў гэтым кірунку. Тады і Беларусі, каб не апынуцца ў поўнай ізаляцыі, давядзецца рабіць нейкія крокі ў той бок. Таму я з сумневам стаўлюся да тых тэрмінаў, аб якіх ішла гаворка: 10–15 гадоў”.

(Карбалевіч: ) “Як тут ужо адзначыў спадар Фёдараў, канцэпцыя “новага суседзтва” патрабуе ўзаемнага імкненьня да супрацоўніцтва. Але, здаецца, такога моцнага імкненьня з боку Беларусі не заўважана. Нават калі вынесьці за дужкі праблему дэмакратычных каштоўнасьцяў, якая зьяўляецца галоўнай перашкодай да інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць, увага афіцыйнага Менску да праблемы набліжэньня Эўразьвязу да беларускіх межаў зусім непараўнальная маштабам гэтага важнага геапалітычнага зруху.

Калі параўнаць час, які трацяць найвышэйшыя дзяржаўныя асобы на супрацоўніцтва з Эўразьвязам і з такімі беспэрспэктыўнымі, на мой погляд, арганізацыямі на постсавецкай прасторы, як ЭўрАзЭС альбо стварэньне адзінай эканамічнай прасторы ў рамках “чацьверкі”, то бачны яўны перакос на карысьць апошніх. Ужо ня кажучы пра беларуска-расейскую інтэграцыю. А калі паглядзець беларускія тэлеканалы, то ўзьнікае ўражаньне, што галоўнай замежнапалітычнай праблемай Беларусі ў мінулым годзе была вайна ў Іраку. Ці згодныя вы з такою высноваю?”

(Улаховіч: ) “Я хачу вызначыць, можа, найболш істотны момант. Рэч нават ня ў тэрмінах, а ў тым, што зьмяняецца прынцып дачыненьняў Эўразьвязу з новымі суседзямі. Калі паглядзець на асноўныя дакумэнты, якія вызначаюць дачыненьні яго з новымі суседзямі, то я хацеў бы зьвярнуць увагу на “Дамову аб супрацоўніцтве і партнэрстве”. Дык там адзначаны прынцып адаптацыі гэтых краінаў да каштоўнасьцяў Эўразьвязу. А ў плятформе пашырэньня Эўропы адзначаны іншы падыход, які фармулюецца як узаемазалежнасьць.

На такім фоне ўзьнікае пытаньне аб дачыненьнях Эўразьвязу зь Беларусьсю. Сапраўды, выглядае так, што Беларусь ня вельмі актыўна спрабуе выкарыстаць гэты момант, каб распрацаваць новы парадак дня для адносінаў з Эўразьвязу. Але, між іншым, існуе дакумэнт МЗС Беларусі, які ў тэхнічным стылі выкладае пазыцыі Беларусі ў дачыненьні да пашырэньня Эўразьвязу і супрацоўніцтва зь ім.

Але хачу адзначыць, што цяпер увогуле ня вельмі спрыяльны момант для разьвіцьця дачыненьняў паміж Эўразьвязам і новымі суседзямі. Па-першае, Беларусь не выказвае жаданьня далучацца да Зьвязу. Па-другое, Эўразьвяз трапляе ў такую тэхнічную фазу разьвіцьця — яму трэба абсарбаваць гэтыя новыя краіны, якія далучаюцца да яго, і пры тым ня страціць свайго эканамічнага росту. І адначасова, трэба вызначыць супрацоўніцтва з новымі суседзямі. Таму на працягу гэтых 10 гадоў дачыненьні Эўразьвязу зь Беларусьсю будуць складаныя. Але гэтая складанасьць выцякае не з палітычных падыходаў, а вызначаная аб’ектыўнымі чыньнікамі”.

(Фёдараў: ) “Фактычна, тыя умовы супрацоўніцтва, якія вылучаныя Эўразьвязам на адрас новых суседзяў, супадаюць з патрабаваньнямі да новых сяброў: палітычны плюралізм, рынкавыя дачыненьні ў эканоміцы і іншае”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, у Эўропе адбываюцца значныя геапалітычня, геаэканамічныя зьмены, якія ставяць перад Беларусьсю пытаньне аб сур’ёзных карэктывах як у замежнай палітыцы, так і ў палітыцы ўнутранай. Ці гатовыя да гэтага беларускае грамадзтва і беларуская эліта?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG