Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычыны рэзкай крытыкі Лукашэнкам дзейнасьці КДБ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька і Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мячыслаў Грыб.

(Валер Карбалевіч: ) “Добра вядома, што Лукашэнка надае сілавым ведамствам значна больш увагі, чым эканамічным. Пра гэта можна меркаваць і па аб’ёмах фінансаваньня, і па тым, якіх кіраўнікоў часьцей прымае кіраўнік дзяржавы.

Комплексную праверку дзейнасьці КДБ можна было б лічыць звычайнаю справаю. Некалькі гадоў назад таксама правяралі працу Міністэрства ўнутраных справаў. Незвычайна тое, што камісія знайшла такую вялікую колькасьць недахопаў. І галоўнае, што разнос КДБ быў зроблены публічна, паказаны па тэлевізіі. У чым прычына такой дэманстратыўнай незадаволенасьці Лукашэнкі дзейнасьцю КДБ?"

(Тацьцяна Процька: ) "Публічнае выказваньне незадаволенасьці дзейнасьцю КДБ сьведчыць найперш пра тое, што Лукашэнку не падабаецца праца кіраўніцтва Камітэту дзяржбясьпекі. Звычайна такая незадаволенасьць выказваецца келейна.

Зь іншага боку, публічная незадаволенасьць дзейнасьцю КДБ сьведчыць пра тое, што такім чынам кіраўніцтва краіны хоча забясьпечыць ляяльнасьць супрацоўнікаў Камітэту дзяржбясьпекі, папярэдзіць магчымыя пратэсты ў спэцслужбах".

(Мячыслаў Грыб: ) "Тут існуе некалькі чыньнікаў. Найперш, трэба зьвярнуць увагу на расейскі чыньнік. Існавалі цесныя кантакты паміж беларускімі і расейскімі спэцслужбамі. Але ў апошні час пачалі рушыцца інтэграцыйныя дачыненьні. Адносіны паміж кіраўнікамі дзьвюх дзяржаваў перайшлі і на адносіны паміж спэцслужбамі.

Другі чыньнік. У СССР існавала тры ведамствы, якія займаліся апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю: КДБ, МУС, Міністэрства абароны. Сёньня ў Беларусі апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю займаецца больш ведамстваў: Савет бясьпекі, памежная служба, мытная служба, пракуратура. І яны сочаць адно за другім, зьбіраюць кампрамат. Пра канкурэнцыю спэцслужбаў казаў і Лукашэнка на нарадзе. І, магчыма, на КДБ зьявілася шмат крытычных матэрыялаў".

(Карбалевіч: ) "Акрамя тых службаў, якія пералічыў спадар Грыб, я мог бы дадаць, што апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю ў Беларусі могуць займацца Служба бясьпекі прэзыдэнта, Камітэт фінансавых расьследаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, служба выведкі і контрвыведкі Міністэртва абароны. Сем службаў налічылі.

У СМІ выказваюцца вэрсіі, што ў апошні час беларускі КДБ страціў крыніцы інфармацыі з Масквы, з вышэйшых колаў расейскай ўлады. І нават больш таго, канфідэнцыйная інфармацыя ад кіраўніцтва Беларусі перадаецца ў Маскву. І менавіта гэтым незадаволены Лукашэнка.

Але публічна кіраўнік Беларусі вылучыў наступныя прэтэнзіі да КДБ: не дае своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці апазыцыі і яе сувязях з замежжам; не адсочвае эканамічную вайну супраць Беларусі; займаецца дробнымі эканамічнымі злачынствамі і гуляе ролю трэцейскага судзьдзі ў разборках паміж гаспадарчымі суб’ектамі; існуюць унутраныя канфлікты і канфлікты паміж КДБ і іншымі сілавымі ведамствамі; здрадніцтва, уцёкі супрацоўнікаў за мяжу, перадачу канфідэнцыйнай інфармацыі ў СМІ, нават удзел у злачынных групоўках. Як можна ацаніць гэтыя абвінавачаньні?"

(Процька: ) "Я мяркую, што дыма без агню не бывае, і тое, што казаў Лукашэнка, сапраўды мае месца. Але чаму менавіта цяпер узьніклі гэтыя пытаньні? Усе гэтыя недахопы існавалі і раней.

Я пагаджаюся з выказанаю думкаю аб існаваньні расейскага чыньніку. Расейская агентура працуе ў Беларусі ўжо ня першы год. Але іх не лічылі шпіёнамі. Гэта былі нашыя брацкія спэцслужбы, зь якімі супрацоўнічалі. Але цяпер інтэрэсы, палітычныя курсы Масквы і Менску ўсё больш разыходзяцца. Таму ўзьніклі праблемы і паміж спэцслужбамі дзьвюх краінаў.

Тое, што шмат ведамстваў могуць займацца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю, ня дрэнна. Існуе канкурэнцыя, і не адна спэцслужба ня будзе мець перавагу ў дзяржаве".

(Грыб: ) "Абвінавачаньні Лукашэнкі на адрас КДБ – звычайныя. Такія абвінавачаньні можна вылучыць на адрас любой спэцслужбы. Супрацоўнікі КДБ найбольш адукаваныя і падрыхтаваныя сярод усіх спэцслужбаў краіны. І злачынстваў яны зьдзяйсьняюць менш, чым супрацоўнікі іншых службаў, асабліва ў параўнаньні з МУС.

Што тычыцца расейскага чыньніка. Да гэтага часу, мусіць, КДБ карысталася апэратыўнаю інфармацыяй з ФСБ Расеі. А цяпер, мне здаецца, такая інфармацыя перастала паступаць. І гэта вельмі занепакоіла кіраўніцтва Беларусі".

(Карбалевіч: ) "Спадарыня Процька выказала думку, што існаваньне некалькіх спэцслужбаў і канкурэнцыя паміж імі – гэта нядрэнна. Я хацеў бы заўважыць, што гэта нядрэнна пры ўмове, калі існуе грамадзянскі кантроль над сілавымі структурамі, спэцслужбамі. А гэтага як раз і няма.

На гэтай нарадзе Лукашэнка фактычна паставіў перад КДБ задачу сачыць за дзейнасьцю палітычнай апазыцыі. Гэта азначае, што роля і месца КДБ у палітычнай сыстэме краіны становяцца такімі, якімі яны былі ў савецкія часы. Спадарыня Процька, вы доўгі час вывучалі дзейнасьць савецкіх спэцслужбаў, асабліва ў сталінскі пэрыяд, напісалі кнігу. Параўнайце дзейнасьць беларускіх і савецкіх спэцслужбаў".

(Процька: ) "У пачатку 90-х гадоў была зробленая спроба разбурыць савецкую мадэль КДБ. Напрыклад, спэцслужбы перасталі сачыць за дзейнасьцю святароў, палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў. Цяпер крок за крокам усё гэта ўзнаўляецца.

Напрыклад, як і ў савецкія часы, спэцслужбы ўмешваюцца ў эканамічныя працэсы. Як і тады, яны сочаць за выкананьнем плянаў. Хоць гэтым займаецца і Камітэт дзяржаўнага кантролю, але ў яго няма такога апарату агентаў, як у КДБ.

Акрамя таго, КДБ займаецца палітычным вышукам. У дэмакратычнай краіне спэцслужбам забаронена законам займацца такою працаю. Статус апазыцыі ў Беларусі набліжаецца да статусу апазыцыі савецкіх часоў. Яшчэ некалькі крокаў, і апазыцыя апынецца па-за межамі беларускага заканадаўства. Хутка ўсе партыі ў Беларусі будуць пад пільным вокам спэцслужбаў, каб зьменшыць уплыў апазыцыі. Але прэтэнзіі Лукашэнкі да КДБ сьведчаць пра тое, што гэтая спэцслужба ня вельмі хоча гэтым займацца".

(Грыб: ) "У савецкія часы КДБ называў сябе "ўзброеным атрадам партыі". Але ў 90-е гады, з разьвіцьцём дэмакратызацыі роля КДБ ў дзяржаве зьмянілася. Пятае ўпраўленьне (пятыя аддзелы ў рэспубліканскіх КДБ), якое сачыла за "антысавецкімі" праявамі ў грамадзтве, было скасаванае. І большасьць супрацоўнікаў КДБ было задаволена такім рашэньнем, таму што ня вельмі ім гэтая справа падабалася.

Але пасьля абраньня прэзыдэнтам Лукашэнкі, пасьля прыняцьця Канстытуцыі 1996 году зноў аднавілася праца пятых аддзелаў КДБ, стварылася адпаведнае ўпраўленьне. Такія структуры створаныя і ў абласных цэнтрах. Уся апазыцыя ўпэўненая, што праслухоўваюцца памяшканьні палітычных партыяў, тэлефоны і інш. Усё робіцца для таго, каб апазыцыі, апазыцыйных грамадзкіх аб'яднаньняў ў Беларусі ўвогуле не было".

(Карбалевіч: ) "Такім чынам ва ўмовах адсутнасьці грамадзянскага кантролю над сілавымі структурамі, спэцслужбамі, КДБ служыць ня толькі і ня столькі грамадзтву, колькі кіроўнаму рэжыму. Як і ў СССР, КДБ ператвараецца ў інструмэнт барацьбы за ўладу, яе ўтрыманьне, зброю ў барацьбе з палітычнымі апанэнтамі. А гэта азначае, што краіна ўсё далей адыходзіць ад традыцый і прынцыпаў дэмакратычнай прававой дзяржавы".
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG