Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія мэты праекту “Эўрапейскі выбар для Беларусі”?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: адзін з каардынатараў праекту філёзаф Алесь Анціпенка і адзін з аўтараў кнігі філёзаф Максім Жбанкоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія гады ў беларускім інтэлектуальным і палітычным асяродзьдзі створана шмат праектаў і праграмаў аб пэрспэктывах разьвіцьця Беларусі. Існуюць партыйныя праграмы, перадвыбарчыя праграмы. Розныя аналітычныя цэнтры прапануюць свае праекты, якія тычацца розных бакоў грамадзкага жыцьця. Напрыклад, аналітычны цэнтар “Стратэгія” ў свой час займаўся пытаньнем нацыянальнай бясьпекі. Фонд імя Сапегі прапануе праграму рэформаў мясцовага самакіраваньня. Шмат існуе праграмаў эканамічных рэформаў.

І вось 3 лістапада адбылася прэзэнтацыя кнігі “Беларусь: сцэнары рэформаў” па выніках праекту “Эўрапейскі выбар для Беларусі”. Праект ажыцьцёўлены групай беларускіх экспэртаў і польскім Фондам імя Стэфана Баторыя. Якія асноўныя мэты і сэнс гэтай працы? Што дадае яшчэ адна праграма рэформаў да тых, што ўжо існавалі? У чым унікальнасьць праекту?

(Алесь Анціпенка: ) “Пачну з унікальнасьці праекту. На нашае разуменьне, гэта першы такі праект у Беларусі, які ўтрымлівае ў сабе дэталёва распрацаваныя сцэнары рэформаў па чатырох асноўных блёках альбо сэгмэнтах грамадзтва: эканоміка, адміністрацыйна-палітычная сфэра, сацыяльная сфэра, сыстэма адукацыі.

Што тычыцца мэтаў праекту. Па-першае, мы хацелі актуалізаваць тыя праблемы, якія існуюць у пералічаных вышэй сфэрах. Па-другое, акцэнтаваць увагу на неабходнасьці думаньня ў кірунку рэфармаваньня беларускага грамадзтва, правядзеньня дэмакратычных рэформаў. Па-трэцяе, ажывіць цікавасьць, распачаць новую дыскусію адносна гэтых праблемаў. І можа, самае галоўнае, без чаго гэта праект не паўстаў бы, ці ўзьнік пазьней. Год таму стала зразумела, што ў Беларусі зьявіўся шанец захаваць нашую незалежнасьць. І гэта азначае, што рэформы ў Беларусі будуць праводзіцца не з Масквы, а зь Менску”.

(Максім Жбанкоў: ) “Я хацеў бы адмыслова падкрэсьліць, што гэты праект неідэалягічны і непартыйны. Найбольш істотна тое, што гэта спроба комплекснага інтэлектуальнага падыходу да найбольш істотных сфэраў жыцьця грамадзтва. Мы адбудавалі нейкую цэльную інтэлектуальную прастору. Натуральна, кніга не зьяўляецца адказам на ўсе мажлівыя пытаньні. Тым больш гэта не ёсьць нейкай безальтэрнатыўнай прапановай да адбудовы нашай краіны. Гэтая кніжка стварае прастору для дыскусіяў, актывізуе нашыя інтэлектуальныя высілкі ў кірунку найбольш істотнага для будучыні нашай краіны сюжэту”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае натуральнае пытаньне: наколькі беларускае грамадзтва гатовае да эўрапейскага выбару, інакш кажучы, прынцыповага цывілізацыйнага выбару? Ці хочуць беларусы жыць ў Эўразьвязе? Ці гатовыя грамадзтва і эліта нечым ахвяраваць дзеля гэтага?”

(Анціпенка: ) “Думаю, што на ўчорашняй прэзэнтацыі вельмі слушна сказаў Хадыка, які адзначыў, што эўрапейскі выбар — выбар, даўно зроблены нашымі продкамі. Іншымі словамі, можна сказаць, што код нашай культуры — эўрапейскі. Што да рэальнай сытуацыі, то можна адзначыць, што ў грамадзтва ёсьць інтэнцыя рушыць у бок Эўропы. Пра гэта сьведчаць вынікі некаторых сацыялягічных дасьледаваньняў. Але ёсьць праблемы. Для рэальнага ўсьведамленьня гэтага руху ў кірунку Эўропы трэба шмат зрабіць. Большасьць насельніцтва не ўсьведамляе, якая праца мусіць быць зробленая ўнутры нашага грамадзтва, каб адпавядаць тым вымогам, якія неабходныя для ўступленьня ў Эўразьвяз. Таму інтэнцыя да руху ў Эўропу і рэальны шлях — гэта розныя рэчы і вялікая праблема для нашага грамадзтва”.

(Жбанкоў: ) “Мне падаецца, што тут ёсьць вельмі сур’ёзнае пытаньне. З аднаго боку, як слушна адзначыў на прэзэнтацыі Мацкевіч, існуюць нейкія інтуітыўныя рухі ў бок эўрастандарту жыцьця, працы. Зь іншага боку, існуе непаразуменьне таго, колькі гэта будзе каштаваць для грамадзтва і што гэта павінна, урэшце, прынесьці нашай краіне.

Такім чынам, нашая сёньняшняя праца і тая, якую яшчэ трэба зрабіць, скіраваная на тое, каб адбудаваць сустрэчу масавай сьвядомасьці й інтэлектуальных посілкаў эліты. Іншымі словамі, грамадзтва павінна атрымаць нармальны, яскравы, нескладаны малюнак рэальных пэрспэктываў уваходу ў Эўразьвяз. Зь іншага боку, эліта павінна вызначыць сваё месца ў гэтым працэсе. Такім чынам, гэта адначасова адбудова нейкіх прыярытэтаў для масавай сьвядомасьці і ўсьведамленьне інтэлектуальнай элітай месца ў гэтым працэсе. Калі гэта адбудзецца, то адбудзецца такая сустрэча. Калі такая сустрэча адбудзецца, то пойдуць рэальныя працэсы”.

(Карбалевіч: ) “Каб адбылася інтэграцыя Беларусі ў Эўразьвяз, неабходнае жаданьне двух бакоў. А ці патрэбная Беларусь Эўропе? Якія чыньнікі могуць падштурхнуць пашыраны Эўразьвяз да імкненьня інтэграваць Беларусь?”

(Анціпенка: ) “Па-першае, я лічу, што ўжо першы сыгнал з Эўропы мы атрымалі. Я маю на ўвазе, што ўжо з 1траўня наступнага году мы будзем суседзіць з Эўразьвязам. Беларусь, Украіна і Малдова ўжо сёньня разглядаюцца як краіны, памежныя з Эўразьвязам. Для Беларусі гэта станоўчы знак. Таму што мяжа Беларусі з Эўразьвязам можа актуалізаваць у панэўрапейскіх структурах усьведамленьне тых праблемаў, якія ёсьць у Беларусі, актывізаваць гэтыя структуры для правядзеньня больш эфэктыўнага і інтэнсіўнага дыялёгу.

Па-другое, хачу адзначыць, што ўжо ёсьць ініцыятыва, якая сыходзіць ад Польшчы. Варшава фактычна ўжо сёньня выступае ў Эўразьвязе як прамотар ідэі ўступленьня Беларусі ў пэрспэктыве ў Эўразьвяз. Зь іншага боку, тут у Беларусі мусяць распачацца дэмакратычныя рэформы. Гэта будзе вельмі моцным знакам для Эўропы, што Беларусь набывае рэальныя пэрспэктывы для разгляду ў будучыні як патэнцыйнага сябра Эўразьвязу”.

(Жбанкоў: ) “Галоўнае ў тым, што Эўразьвяз павінен знайсьці ў нашай краіне нармалёвых суразмоўцаў, эліту, якая ведае эўрастандарты і ўсьведамляе, якім шляхам весьці да іх краіну з улікам той цаны, якая патрэбная. І тая кніжка, з нагоды якой мы цяпер размаўляем, зьяўляецца візытоўкай магчымай пасіянарнай меншасьці, так бы мовіць, якая падрыхтаваная дзеля працы на рэформы. Пакуль што гэта альтэрнатыўная эліта, якая ня мае сапраўдных мажлівасьцяў уплываць на рухі ўлады. Контарэліта і ўлады пакуль што ня чуюць і не разумеюць адзін аднаго. Калі гэты сытуацыя зьменіцца, можна будзе размаўляць аб тым, каб Эўропа нас убачыла, пазнала і пагадзілася працаваць з намі на роўных. Пакуль што гэта малюнак будучага. Але дзеля гэтага трэба працаваць”.

(Анціпенка: ) “Хацеў бы дадаць, што калі мы працавалі над гэтым праектам, то адну з задачаў мы бачылі ў тым, каб заманіфэставаць існаваньне інтэлектуальнага суб’екту ў Беларусі, які насамрэч зацікаўлены ў эўрапеізацыі краіны і ў шляху ў Эўропу”.

(Карбалевіч: ) “Апошні час пра неабходнасьць інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць разважаюць шмат палітыкаў, публіцыстаў, журналістаў. Але такое жаданьне пакуль не падмацаванае распрацаванай стратэгіяй. На мой погляд, у гэтым праекце зробленая першая спроба калі не распрацаваць такую стратэгію, то абазначыць падыходы да такой працы, асабліва з гледзішча ўнутранай падрыхтаванасьці краіны да эўрапейскіх стандартаў. Можна меркаваць, што гэтая праца стане яшчэ адным крокам дзеля асэнсаваньня пэрспэктывы эўрапейскага выбару Беларусі”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG