Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не задаволены праектам стварэньня сыстэмы ідэалягічнай вэртыкалі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леанід Арлоў і аглядальнік радыё "Свабода" Юры Дракахруст.

(Валер Карбалевіч: ) “На ідэалягічным сэмінары, які адбыўся ў сакавіку, Лукашэнка абвесьціў аб неабходнасьці распрацоўкі дзяржаўнай ідэалёгіі ды стварэньня ідэалягічнай вэртыкалі. З таго часу ў гэтым кірунку была зробленая пэўная праца. Курс “Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы” ўводзіцца ў ВНУ. У працоўных калектывах уводзіцца пасада намесьніка кіраўніка ідэалёгіі. І вось у сераду чарговая нарада ў Лукашэнкі была прысьвечаная распрацоўцы, як было адзначана, “сыстэмы і тэхналёгіі ідэалягічнай працы”, падрыхтоўцы адмысловага ўказу прэзыдэнта.

Чаму цяпер, задавалася б, у напружаны час уборкі ўраджаю, калі ўсе кадры задзейнічаныя ў гэтай кампаніі, усё найвышэйшае кіраўніцтва дзяржавы зьвярнулася да тэмы ідэалягічнай працы?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Мне бачыцца тут пэўная заканамернасьць. Ва ўсе часы людзі жадалі хлеба і відовішчаў. І калі ў дзяржаве дрэнна с хлебам (у пераносным сэнсе), то на замену яму, як звычайна бывае ў дыктатарскіх рэжымах, прыходзіць тое, што Лукашэнка называе “ідэалёгіяй”. Гэта ніякая не ідэалёгія. Гэта курс на мэтанакіраваную апрацоўку грамадзкай думкі на карысьць кіроўнага правадыра. Калі восеньню Лукашэнка зьбіраецца праводзіць рэфэрэндум ці нейкія іншыя мерапрыемствы, то ў самы раз узмацненьне працы з галовамі людзей.

За апошнія гады шмат зроблена ў гэтым кірунку. Апрацоўваецца моладзь, прафсаюзы, зь якіх стварылі частку дзяржаўнай машыны. Пазбаўляюцца самастойнасьці й маёмасьці грамадзкія арганізацыі. Напрыклад, узноўлены ранейшы ДТСААФ. Таму калі ўлада ня ў стане накарміць народ, то трэба яго забаўляць байкамі й замбаваць грамадзкую думку”.

(Леанід Арлоў: ) “Зразумела, паміж сацыяльна-эканамічным станам грамадзтва і неабходнасьцю ўзмацненьня ідэалягічнай працы сувязь ёсьць. Але я хацеў бы адзначыць яшчэ адну акалічнасьць. Неабходнасьць зьвяртаньня да гэтай праблемы абумоўлена яшчэ і падзеньнем рэйтынгу ўлады, прычым, рэзкім падзеньнем. Апошнія гады ўлада абыходзілася безь дзяржаўнай ідэалёгіі. Улада была трывалаю, і не было прычын яе фармуляваць. Цяпер сытуацыя зьмянілася”.

(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, што сама лёгіка эвалюцыі аўтарытарнага рэжыму падштурхоўвае да ўзмацненьня ціску на сьвядомасьць людзей. Пашырэньне антыдэмакратычных захадаў непазьбежна падводзіць да неабходнасьці ўстанаўленьня кантролю за духоўным жыцьцём людзей. Гэта па-першае.

Па-другое, гэта інстынктыўная рэакцыя на зьмяншэньне даверу да ўлады, падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі. Гэтыя людзі ня могуць выйсьці за межы свайго жыцьцёвага досьведы. А гэты досьвед падказвае, што калі насельнітва перастае давяраць уладзе, трэба ўзмоцніць прапагандысцкі прэсінг.

Але па тэлебачаньню паказалі вельмі цікавы сюжэт з гэтай нарады. Лукашэнка падкрэсьліў, што ўзмацненьне ідэалягічнай працы павінна адбывацца ня коштам пашырэньня кола работнікаў, якія павінны адмыслова займацца гэтымі пытаньнямі, а за кошт таго, што прапаганду павінны ажыцьцяўляць кіраўнікі ўсіх узроўняў. Потым Лукашэнка запытаў у шэрагу людзей, якія знаходзяцца на вышэйшых пасадах (Мясьніковіча, Латыпава і іншыя), як яны разумеюць гэты працэс.

Пасьля такога экзамэну Аляксандар Рыгоравіч застаўся вельмі не задаволены як пачутым, так і праектам адпаведнага ўказу прэзыдэнта. Гучала думка, што трэба браць лепшае з савецкага досьведу — а што менавіта, так і засталося нявысьветленым. Узьнікае натуральная выснова, што калі вышэйшыя кіраўнікі не разумеюць, што ім трэба рабіць, то чаго можна чакаць ад кіраўнікоў ніжэйшага ўзроўню. І самае цікавае, сам Лукашэнка вымушаны прызнаць, што тут у яго нешта не атрымліваецца Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю?”

(Нісьцюк: ) “Я былы вайсковы палітработнік, нават нейкі час працаваў прапагандыстам. Таму добра ведаю досьвед ідэалягічнай працы савецкага часу. Нельга блытаць паняцьці “ідэалёгія” і “ідэалягічная праца”. Ідэалягічная праца — гэта практыка прапаганды нейкіх ідэяў.

Цяпер мне бачыцца, што паўтараецца тая практыка, якая існавала ў савецкі час. Адзін чалавек у краіне кажа на жалеза, што гэта алюміні, і ўсе ідэалягічныя работнікі вымушаныя паўтараць. Таму можна сказаць, што вось такая “алюміневая” цяпер у нас ідэалягічная праца”.

(Арлоў: ) “Я лічу, што гэты сюжэт па тэлебачаньню яшчэ раз падкрэсьліў як адсутнасьць у нас дзяржаўнай ідэалёгіі, так і неразуменьне сэнсу ідэалягічнай працы. Не выключаю, што нейкія высокія чыноўнікі наўмысна даводзілі сваё няведаньне да абсурду.

Адзіная ідэалёгія, якая існуе цяпер у дзяржаве, фармулюецца так: “Я начальнік — ты дурань, ты начальнік — я дурань”. Рэалізацыя гэтай формулы і няёмкая, і небясьпечная для гэтай улады. Аўтарытэт улады, яе рэйтынг рэзка зьніжаюцца, таму патрэбныя нейкія ідэалягічныя падпоркі”.

(Юры Дракахруст: ) “Учорашняя нарада паказала, што ў гэтай праблемы ёсьць яшчэ адзін аспэкт. Наколькі ўвогуле сучаснаму беларускаму грамадзтву можна навязаць гэтую самую ідэалёгію? Як мы ведаем з досьведу СССР, нацысцкай Нямеччыны, ідэалёгія зьяўляецца вельмі моцным стымулам для людзей. Зь яе дапамогай можна прымусіць людзей ахвяраваць сабою, гінуць і забіваць іншых, калі казаць простаю грубаю брутальнаю моваю.

І ўчорашнія заявы Лукашэнкі сьведчаць пра ягоную разгубленасьць. Высьветлілася, што той указ, які ён даручыў падрыхтаваць, рыхтавалі людзі, якія маюць досьвед савецкай ідэалёгіі, прычым ідэалёгіі 1970–80-х гадоў. То бок ідэалёгіі, якая ўжо памірала. І таму Лукашэнка і адчуў подых сьмерці ідэалёгіі, у тых матэрыялах, якія яму падрыхтавалі. Ён наўпрост, простым тэкстам пра гэта сказаў, што вы рыхтуеце новыя месцы для вялікай колькасьці новых чыноўнікаў, якія будуць атрымліваць вялікія дзяржаўныя грошы бяз толку. Прычым бяз толку зь ягонага дыктатарскага гледзішча. Гэтыя людзі ня будуць мацаваць ягоную ўладу дыктатара. І будзе тое, што адбылося з СССР, які разваліўся як картачны дамок у 1991 годзе.

Тое ж самае мы бачым і на прыкладзе той жа афіцыйнай моладзевай арганізацыі. БРСМ ня стаў не “Гітлерюгендам”, не камсамолам 1920-х гадоў. Ён стаў нармальным камсамолам 1970–80-х гадоў, камсамолам цынікаў і кар’ерыстаў.

Я бы зьвярнуў увагу на яшчэ адзін цікавы момант. Калі Лукашэнка казаў пра адсутнасьць патрэбы ў партыі ўлады, то ён аргумэнтаваў гэта і няўдалым досьведам Расеі, і тым, што нашае грамадзтва яе не ўспрымае. Я б тут дадаў, што і ідэалёгію як такую нашае грамадзтва таксама не ўспрымае. Савецкае грамадзтва было іншым з сваёй прыроды. А ў цяпершнім беларускім грамадзтве навязаць ідэалёгію ніяк не атрымліваецца.

Магу адзначыць, што гэтае грамадзтва ня надта ўспрымае і адваротныя, апазыцыйныя ідэі. Мы бачым, як цяжка растуць шэрагі беларускіх партыяў, як цяжка стварыць новыя арганізацыі. І справа тут ня толькі ў ціску з боку дзяржавы. Гэта проста іншае грамадзтва”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы нагадаць, што яшчэ падчас ідэалягічнага сэмінару ў сакавіку Лукашэнка сказаў, што ідэалягічны работнік — гэта штучны работнік. Даверыць гэтую працу нельга альбы каму. І гэта павінны быць апантаныя людзі, якія вераць у тое, што яны спрабуюць давесьці да людзей. Але дзе ж знайсьці столькі добрасумленных прафэсіяналаў?

Што ж з усяго гэтага можа атрымацца? Як бы там ні было, але машына запушчаная, нейкі ўказ будзе падпісаны, ідэалягічная вэртыкаль створаная. І што ж застанецца, як кажуць, у сухім астатку? Ці сыстэма ідэалягічнай вэртыкалі можа вырашыць задачу павышэньня даверу да ўлады?”

(Нісьцюк: ) “Мне бачыцца, што вынік будзе дакладна адваротны таму, які заплянаваны. Ідэалёгія, ідэалягічная праца мае плён, калі супадае з павышэньнем дабрабыту людзей, калі яны нядрэнна зарабляюць, вольна пачуваюцца, жывуць у краіне, у якой бачны заўтрашні дзень.

А ва ўмовах Беларусі ідэалягічная праца — гэта зялёнка для чалавека, які ўжо сканаў. То бок, яна не дапаможа. Навязваньне ідэалёгіі будзе выклікаць у людзей пратэст. Таму што гэта ня своечасова. Ніхто не разумее, што гэта такое ўвогуле. Людзі абразяцца і ня будуць гэта ўспрымаць.

Акрамя таго, ідэалягічнай працай павінны займацца людзі самастойныя, творчыя, з гнуткай думкай, якія маюць палітычны досьвед, валодаюць словам, псыхалёгіяй узаемадносінаў зь людзьмі. Такіх людзей цяпер ва ўладзе няма. Нават тыя, хто мог гэта рабіць 8–10 гадоў назад, цяпер дыскваліфікаваліся. Таму слухаць іх ня будуць, а будуць сьмяяцца. Калі ў людзей няма цікавасьці да ідэалягічных выступаў, то ніякім стварэньнем новых інстытутаў нічога ня зробіш”.

(Арлоў: ) “Я лічу, што ідэалягічная вэртыкаль ня выканае тых задачаў, якія перад ёй пастаўленыя. Усё цяжэй знайсьці людзей, накшталт Зімоўскага, якія бы маглі даводзіць афіцыйнае гледзішча. І ўладзе нічога не застанецца, як зноў усе грамадзкія зьявы перавярнуць з ног на галаву. Будуць выкарыстоўваць нейкія іншыя аргумэнты, якія б адцягнулі ўвагу ад існоўнага становішча, маглі б “пудрыць мазгі”.

(Дракахруст: ) “Мы з вамі, як і шмат нашых слухачоў, пажылі ў СССР у 1970–80-я гады. І мы памятаем, як “атрымлівалася” ідэалягічная праца. Яна рабілася прадметам кпінаў, зьдзекаў. А ўрэшце тыя ж самыя камуністычныя ідэолягі, скажам, той жа Аляксандар Якаўлеў, ды й Гарбачоў, Ельцын, пахавалі і тую ж ідэалёгію, і самую сыстэму. Мяркую, што ў дадзеным выпадку тут будзе нешта падобнае”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, што сама ідэя ідэалягічнай працы ў посткамуністычным трансфармацыйным грамадзтве ня мае плёну. Пры адсутнасьці вызначанай ідэалёгіі, узмацненьні сацыяльна-эканамічных праблемаў у краіне, усеагульным зьняверу спробы наладзіць сыстэму ідэалягічнай працы прывядуць да такога фармалізму, цынізму, двайной маралі, якіх ня ведалі і ў савецкі час. І часткова гэта разумее і сам Лукашэнка, што ён і вымушаны быў прызнаць”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG