Удзельнікі: былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір і палітоляг Віталь Сіліцкі.
(Віталь Цыганкоў: ) “На ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі была скліканая пазачарговая сэсія Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Сьпікер палаты Аляксандар Вайтовіч быў вызвалены ад абавязкаў чальца Савету Рэспублікі. Як паведамілі ў прэсавай службе Савету, Вайтовіч дасягнуў гранічнага ўзросту для працы на дзяржаўнай службе — 65 гадоў. Новым старшынём Савету Рэспублікі адзінагалосна быў абраны былы прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі.
Ці можна лічыць сапраўднай афіцыйную прычыну звальненьня спадара Вайтовіча, ці на справе Вайтовіч быў зьняты за тое, што дазваляў сабе пэўныя неляяльныя выказваньні — напрыклад, ён выказаўся супраць закрыцьця “Белорусской деловой газеты”.
(Міхаіл Чыгір: ) “Я думаю, Савет Рэспублікі стане нашмат болей паслухмяным, чым быў пры Вайтовічы. І гэта асноўная прычына, чаму Лукашэнка зрабіў такую перастаноўку. І па-другое, прэзыдэнт абяцаў знайсьці добрую працу для былога кіраўніка ўраду Навіцкага, так што тут ён выканаў сваё абяцаньне”.
(Цыганкоў: ) “Аднак Аляксандар Лукашэнка далёка не заўсёды прапаноўваў добрыя пасады чыноўнікам, якіх ён накіроўваў у адстаўку. Чаму цяпер ён “задобрыў” Навіцкага? Ці кажа гэта нешта пра стаўленьне Лукашэнкі да намэнклятуры?”
(Чыгір: ) “Да розных чыноўнікаў розныя падыходы. Навіцкі выконваў усе загады і даручэньні — можа, што і не атрымлівалася, але ён спрабаваў выканаць любое заданьне, ня быў самастойным. Да яго адзін падыход. А калі з Вайтовічам усё было па-іншаму, вядома ж, ніхто яму працу шукаць ня будзе, і такую пасаду ня знойдуць, як у свой час для Лінга альбо таго ж Навіцкага. Таму ўсё добра тлумачыцца — Лукашэнка дае зразумець людзям, што “ўсё залежыць ад вашых паводзінаў, і мае адносіны будуць будавацца толькі на гэтым падмурку”.
(Цыганкоў: ) “Віталь Сіліцкі, наколькі істотная гэтая перастаноўка: Навіцкі замест Вайтовіча? Наколькі яна значная для беларускай палітыкі?”
(Віталь Сіліцкі: ) “Я б сказаў, што зьмяшчэньне Вайтовіча — больш істотнае за прызначэньне Навіцкага. Бо Навіцкі — чалавек, абавязак якога быў у тым, каб выконваць любы загад прэзыдэнта і быць “ахвярным казлом”, калі загад ня ўдасца выканаць.
Зь іншага боку, не сакрэт, што шмат хто з чыноўнікаў проста ня хоча займайць пэўныя пасады, бо ўсе ведаюць, чым гэта скончыцца. Таму Лукашэнку ў гэтай сытуацыі прыходзіцца быць троху мякчэйшым.
Што да спадара Вайтовіча, то сапраўды — ён паказаў сваю пэўную незалежнасьць. Паглядзіце, як абмяркоўваюцца ўсе гэтыя варыянты трэцяга тэрміну. Яны ўжо проста хочуць зрабіць з Канстытуцыі 1996 году тое, што ў свой час зрабілі з Канстытуцыяй 1994-га — проста выкінуць яе на сьметніцу. І калі чалавек з такой пасадай, як Вайтовіч, скажа : “Хлопцы, што ж вы робіце, гэта ж неканстытуцыйна”, то гэта быў бы вялікі інфармацыйны выбух. На ўсялякі выпадак ня лішне яго зьняць, а заадно “сумясьціць прыемнае з карысным” — паказаць, які лагодны “бацька” да чыноўнікаў, прызначыўшы Навіцкага”.
(Чыгір: ) “Я цалкам згодны, што гэтая перастаноўка зьвязаная з падрыхтоўкай да трэцяга тэрміну Лукашэнкі. На справе Вайтовіч мог выказацца і выказваўся ў многіх пытаньнях, і гэта не супадала з гледзішчам прэзыдэнта. Таму з пункту гледжаньня працягненьня паўнамоцтваў прэзыдэнта гэта зроблена слушна і мэтанакіравана”.
(Цыганкоў: ) “Варта задумацца, чаму такі адносна незалежны чалавек, як Вайтовіч, патрапіў на такую пасаду. Чаму раней Аляксандар Лукашэнка ня ўбачыў у ім пагрозы?”
(Сіліцкі: ) “Да пачатку гэтага году я не ўзгадаю, каб Вайтовіч выяўляў нейкія прыкметы незалежнасьці. Вядома ж, гэта інтэлігентны чалавек, гэта вядомы навуковец, які адрозьніваўся ад сёньняшняй прэзыдэнцкай намэнклятуры. Ня памятаю, аднак, каб ён неяк сябе “апазыцыйна” праяўляў на пасадзе прэзыдэнта Акадэміі Навук, быў даволі ляяльны, таму сюды і патрапіў...”
(Цыганкоў: ) “Што тады здарылася з чалавекам, калі ён апошнія месяцы раптам, напрыклад, выказаўся супраць закрыцьця “БДГ”, супраць закрыцьця ліцэю? І нават даволі няпэўна выказаўся наконт трэцяга тэрміну. Адказваючы ў мінулую пятніцу на прэсавай канфэрэнцыі на пытаньні пра трэці тэрмін Лукашэнкі, Вайтовіч словамі Чэрчыла заклікаў думаць не пра пра будучыя выбары, а пра будучыню краіны”.
(Сіліцкі: ) “Так, ведаеце, штосьці здараецца з нашымі палітыкамі, калі чалавек,частка той сыстэмы, робіцца больш самастойным. Тут я нагадаю і прыклад спадара Чыгіра, які быў прэм’ер-міністрам у Лукашэнкі і потым пайшоў у адстаўку. Тут і дэпутаты групы “Рэспубліка”, якія абіраліся ад улады, а цяпер сталі апазыцыянэрамі.
Ёсьць пэўная тэндэнцыя, калі чалавек мяняе погляды, можа, паводле ўласнага перакананьня, можа, з-за таго, што зьяўляецца пэўная магчымасьць павесьці сваю палітычную гульню. Хаця што да спадара Вайтовіча, то я не разумею, якую гэты чалавек мог павесьці палітычную гульню”.
(Цыганкоў: ) “Магчыма, ён ужо ведаў, што ягоныя дні на гэтай пасадзе зьлічаныя?”
(Сіліцкі: ) “Магчыма і так, і атрымалася, як у той савецкай “сьмяшылцы” — “дедушка старый, ему всё равно”.
(Цыганкоў: ) “Спадар Чыгір, узгадваючы вашае знаходжаньне на пасадзе прэм’ера, скажыце, як, напрыклад, да вас прыходзіла разуменьне, што Аляксандар Лукашэнка робіць нешта ня тое, і трэба падняць свой голас супраць гэтага? Што тут было апошнім штуршком?”
(Чыгір: ) “Найперш я хачу сказаць, што калі прызначаецца новы чалавек, то як ён сябе потым павядзе, ня ведае ніхто, часам нават ён сам. Я як пачынаў працаваць з Лукашэнкам, мне адразу спадабалася, што мы дамовіліся пра многія ўмовы (чым я буду займацца, чым будзе займацца ён), якая ступень свабоды будзе ва ўраду. І першы год быў даволі спакойны, урад прымаў рашэньні, якія лічыў мэтазгоднымі, хаця часам іх даводзілася прымаць, калі Лукашэнка пакідаў краіну. А потым пачаліся разыходжаньні, прэзыдэнт адышоў ад сваіх абяцаньняў, стаў умешвацца ў працу ўраду, блякаваць рашэньні. З часам, калі я зразумеў, што ўрад працаваць самастойна ня можа, а рашэньні Лукашэнкі нічога добрага краіне не нясуць, я і сышоў у адстаўку. Ну, а чару цярпеньня перапоўніў рэфэрэндум 1996 году.
Так што калі Лукашэнка прызначаў Вайтовіча, ён вядома ж, ня ведаў, што скажа Ватовіч, калі на пасаду прэзыдэнта Акадэміі Навук будзе прызначаны Мясьніковіч. Бо Вайтовіч менавіта тады ўпершыню выказаўся, што гэта няправільна, і так нельга рабіць. Лукашэнка ня мог ведаць, што скажа Вайтовіч, калі паўстане пытаньне пра трэці тэрмін. Таму калі чалавек ужо некалькі разоў выказаўся супраць, то тое, што ён і надалей у складаны момант можа выступіць супраць, можна не сумнявацца”.
(Цыганкоў: ) “З гэтага гледзішча паспрабуем ацаніць, які чалавек патрэбны цяпер Аляксандру Лукашэнку на пасадзе прэм’ера замест зьмешчанага Навіцкага? Ці гэта павінна быць больш моцная фігура, якім называюць Сідорскага, ці гэта мусіць быць асоба падобная на Лінга, Навіцкага, што будзе выконваць абавязкі “тэхнічгнага прэм’ера” і не выяўляць стратэгічнай самастойнасьці?”
(Чыгір: ) “Было б вельмі добра, калі б Лукашэнка зразумеў, што павінен быць незалежны самастойны ўрад на чале з моцным кіраўніком. Бо цяжка нават прадбачыць, што будзе з эканомікай гэтай зімой. Але, ведаючы Лукашэнку, я ўпэўнены, ён паставіць тэхнічнага прэм’ера, і гэта будзе вельмі дрэнна і нават для яго самога”.
(Сіліцкі: ) “Паводле статусу ў нас любы прэм’ер — тэхнічны. Так у нас законы напісаныя і Канстытуцыя. Чыгір і Ярмошын былі больш незалежныя толькі дзякуючы сваім пэрсанальным якасьцям. Лінг і Навіцкі былі прэм’ерамі, як я кажу, “палітычнага застою”, калі асноўная задача была працягваць курс і трымаць сытуацыю, як яна ёсьць.
Цяпер надыходзіць больш гарачая палітычная пара, і прэзыдэнту спатрэбіцца больш моцны прэм’ер. Як Ярмошын у свой час дасягнуў пэўнай стабілізацыі з коштамі і курсам даляру. Дык цяпер старшыня ўраду павінен не дапусьціць правалу на нафтагазавым кірунку. Калі там будзе правал, то ўсе палітычныя пляны Лукашэнкі будуць цяжкавыканальнымі”.
(Цыганкоў: ) “Але вяртаючыся да асноўнай тэмы нашай размовы, варта заўважыць, што сярод галоўных якасьцяў кандыдата на прэм’ера павінна быць безумоўная ляяльнасьць прэзыдэнту”.
(Сіліцкі: ) “Тут Лукашэнку прыйдзецца выбіраць, бо чалавек высокапрафэсійны ня можа быць бязьмежна ляяльны да такога прэзыдэнта. Таму прыйдзецца дзесьці ісьці на кампраміс”.
(Чыгір: ) “Я лічу, што прэм’ерам будзе Сідорскі. Іншага чалавека Лукашэнка шукаць ня будзе. Яшчэ працуючы на прадпрыемстве, Сідорскі зарэкамэндаваў сябе моцным чалавекам, досьвед працы ва ўрадзе ў яго таксама ёсьць. А тое, што ён ляяльны да прэзыдэнта,у мяне сумневаў у гэтым няма”.