Удзельнікі: галоўны рэдактар “БДГ” Сьвятлана Калінкіна і галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько.
(Цыганкоў: ) “Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла на тры тыдні выхад “БДГ” — аднаго з найбольш аўтарытэтных беларускіх незалежных выданьняў. На пачатку нашай размовы я папрашу галоўнага рэдактара “БДГ” Сьвятлану Калінкіну распавесьці, як выглядае сытуацыя на цяперашні момант, якія далейшыя дзеяньні калектыву, ці ёсьць магчымасьці ў рэдакцыі апратэставаць рашэньні Міністэрства”.
(Калінкіна: ) “На гэты момант рэдакцыя працуе, нават выкліканыя з адпачынку тыя, хто там знаходзіўся. Мы лічым, што самым дзейсным пратэстам будзе выхад газэты, і мы рыхтуем наступны нумар, які, я спадзяюся, выйдзе ўжо на наступным тыдні. Усе рашэньні міністэрства інфармацыі мы абскарджваем у судзе — некаторыя пазовы ўжо паданыя, некаторыя яшчэ рыхтуюцца. Аднак гэтая судовая працэдура зойме ня менш месяца — для газэты ў пэрыяд падпісной кампаніі гэта вельмі вялікія страты, у тым ліку фінансавыя”.
(Цыганкоў: ) “Вы сказалі, што хутка выйдзе наступны нумар “БДГ”. Аднак у вашым прэс-рэлізе я чытаў, што калі газэта атрымала паведамленьне з Міністэрства, яна вырашыла не выпускаць чацьвярговы нумар, бо гэта магло стаць падставаю для закрыцьця “БДГ”. Чаму вы зараз гаворыце, што газэта зноў выйдзе на наступным тыдні? Няўжо гэта ня стане падставаю для закрыцьця, ці тут ёсьць іншыя варыянты?”
(Калінкіна: ) “Ёсьць іншыя юрыдычныя і цалкам легальныя варыянты. Мы ня маем аніякага намеру выходзіць у падпольлі”.
(Цыганкоў: ) “Нагадаю, што за апошнія колькі тыдняў было выдадзена 6 папярэджаньняў прадстаўнікам незалежных выданьняў. Як можна ацаніць тое, што адбываецца з БДГ ў рэчышчы агульнай сытуацыі вакол незалежнай прэсы? З чым гэта можна зьвязаць?”
(Дынько: ) “Газэты ў Беларусі зачыняюць ужо не адзінкава, а сэрыйна, па канвэеры. Гэта вельмі прыкра, і безумоўна шкодзіць нацыянальным інтарэсам нашай краіны. Я не ўяўляю, якім чынам “БДГ” можна замяніць на рынку нейкім дзяржаўным выданьнем, бо, па-мойму, немагчыма выдаваць дзяржаўнае бізнэс-выданьне. Гэта значыць, што яшчэ адную нішу на газэтным рынку Беларусі аддаюць расейскім выданьням, якія дзейнічаюць у той самай сфэры. Стратэгічна гэта вельмі памылкова”.
(Цыганкоў: ) “Выдавец “БДГ” Пётар Марцаў у адзін з крытычных для газэты момантаў некалькі гадоў таму пісаў, што газэту немагчыма зачыніць, бо ва ўладзе заўсёды будзе групоўка, якой гэта будзе невыгадна. І абапіраючыся на гэтыя супярэчнасьці, “БДГ” працягвала выходзіць. Што зараз здарылася? Можа, нейкі балянс унутры ўлады зьмяніўся? Чаму гэтая схема больш не працуе?”
(Калінкіна: ) “На мой погляд, сапраўды, балянс розных клянаў ва ўладзе стаў не такім выразным. Агонія ўлады прымушае іх неяк трымацца адзін за аднаго, асабліва калі справа йдзе пра бізнэс. У “БДГ” сапраўдныя праблемы пачаліся тады, калі мы сталі пісаць пра бізнэс вышэйшых асобаў краіны. Тады яны супраць нас і сталі адным шэрагам”.
(Цыганкоў: ) “Вы можаце прыпусьціць, хто канкрэтна найбольш зацікаўлены ў закрыцьці “БДГ”?”
(Калінкіна: ) “Міністэрства інфармацыі вынесла сваё рашэньне на падставе “прадстаўленьня” Пракуратуры. Паводле нашых дадзеных, на гэтай паперы была віза “выканаць тэрмінова”.
(Цыганкоў: ) “Чыя віза?”
(Калінкіна: ) “Віктара Шэймана. Я сама гэта ня бачыла, гэта нам паведамілі нашыя людзі ў Міністэрстве інфармацыі. Таму ў першую чаргу кампанію супраць нас я зьвязваю зь Віктарам Шэйманам, Анатолем Тозікам, Уралам Латыпавым. Гэтыя тры асобы апошнім часам найбольш часта ўзгадваліся ў нашых матэрыялах”.
(Цыганкоў: ) “У мяне такое ўражаньне, што Аляксандар Лукашэнка пачаў перадвыбарчую кампанію. Маецца на ўвазе, неабавязкова гэта будуць выбары, гэта можа быць рэфэрэндум, але відавочна, што пачалася нейкая моцная палітычная кампаніі. Можа, менавіта з гэтым варта зьвязваць наступ на прэсу, якім адбываецца апошнія тыдні?”
(Дынько: ) “Сапраўды, складваецца ўражаньне, што рыхтуецца нейкая буйная палітычная кампанія, у выніку якой улады зусім ня пэўныя. Яны баяцца, што могуць прайграць, і імкнуцца выбіць усіх, хто можа ў гэтай кампаніі згуляць супраць іх”.
(Цыганкоў: ) “Выхад “БДГ” быў прыпынены ў той самы дзень, калі закончыўся візыт у Беларусь дэлегацыі ПА АБСЭ. Зразумела, што падчас візыту беларускія афіцыйныя асобы пераконвалі эўрапейскіх дэпутатаў, што робяць пэўныя крокі насустрач грамадзянскай супольнасьці. Наколькі сур’ёзным можа быць міжнародны аспэкт у абароне прэсы ў Беларусі?”
(Калінкіна: ) “Нажаль, нашыя ўнутрыбеларускія сродкі амаль вычарпаныя. Таму ўся надзея, калі гаварыць пра нейкі рэзананс, толькі на міжнародныя структуры і арганізацыі… Аднак, беларускія ўлады заўсёды сьвядома хлусяць прадстаўнікам гэтых структураў — тут вы маеце рацыю”.
(Дынько: ) “Усё залежыць ад нас саміх. Калі беларускае грамадзтва дасьць адэкватныя адказы на тыя выклікі, якія ставіць перад ім улада — дык тады з сымпатыяй і дапамогаю прыйдуць людзі добрай волі з розных краінаў сьвету. Абараніць апошнія свабодныя палітычныя газэты азначае абараніць зачаткі палітычнага мысьленьня і дэмакратыі ў краіне. На маю думку, ніякія захады пратэсту і супраціву ў гэтай сытуацыі не былі б лішнімі. Хаця безумоўна, апошняе слова мусіць заставацца за выдаўцамі “БДГ”, якія самі мусяць ацаніць, сказаць, што ў такой сытуацыі трэба рабіць. Я пэўны, што ўся журналісцкая супольнасьць падтрымае любыя заклікі й просьбы, зь якімі выступяць выдаўцы “БДГ”.
Адначасова мы назіраем яшчэ дзьве справы, у якіх таксама гаворка йдзе пра прынцыпы і вынікі цэлых дзесяцігодзьдзяў. Гэта Курапаты, якім па-ранейшаму пагражае небясьпека і якія ёсьць пачаткам нашай новай гісторыі. І вось новая справа — канфлікт у беларускім ліцэі, які пагражае разбурэньнем гэтай унікальнай навучальнай установы, якая рыхтуе нацыянальную эліту. Калі грамадзтва здолее прыняць выклік улады ў гэтых трох справах, тады яно дакажа сваю сьпеласьць, і тады тая палітычная кампанія, якая рыхтуецца, ня будзе мець посьпеху”.
(Цыганкоў: ) “Спадар Дынько казаў пра магчымыя акцыі пратэсту, але вы, Сьятлана, кажаце, што лепшым пратэстам будзе выхад газэты…”
(Калінкіна: ) “Я сказала — “лепшым нашым пратэстам”. Кожны павінен займацца сваёй справаю. Мы журналісты, і мы мусім займацца журналістыкай. Ёсьць грамадзкія арганізацыі, палітыкі, дэпутаты, правааборонцы. Кожны павінен рабіць сваю справу”.