(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія радыё-слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”.
1968 год выдаўся неспакойным. Для Ўсходняй Эўропы гэта – найперш год Праскай вясны, год здушанай надзеі на магчымасьць існаваньня сацыялізму з чалавечым тварам. У Савецкім Саюзе спынілася крытыка Сталіна, пачаўся ўціск толькі што ўзьніклага дысыдэнцкага руху.
У беларускай рэдакцыі Радыё Свабода адбылася зьмена кіраўніцтва – замест Уладзімера Цьвіркі дырэктарам стаў паэт Масей Сяднёў. У адрозьненьне ад Цьвіркі, ён без праблемаў знайшоў агульную мову з кіраўніцтвам і пачаў праводзіць лінію на далейшае зьмякчэньне тону перадачаў. Пачаліся калізіі на моўным фронце – Сяднёў патрабаваў ад падначаленых ужываньня савецкага варыянту беларускай мовы, як бы сказалі сёньня – наркамаўкі. Калектыў радыё, аднак, у большасьці сваёй застаўся на старых традыцыйных моўных пазыцыях.
У 1968 годзе радыё стала трыбунай палемічных дыялёгаў – дырэктара Масея Сяднёва і кіраўніка Радыё Савецкая Беларусь Анатоля Стука. Стук выступіў з адкрытым лістом да дырэктара “Свабоды”, ліст быў зачытаны на ”Свабодзе” і адпаведным чынам пракамэнтаваны. Падобная завочная дыскусія адбылася паміж літаратуразнаўцам Станіславам Станкевічам і пісьменьнікам Іванам Пташнікавым.
Гэты год быў, мабыць, самым багатым на прапагандысцкія выступы савецкага друку супраць “Свабоды”. Тут варта адзначць адзін красамоўны факт: у 1968 годзе 30% усіх выступаў супраць Свабоды ў савецкім друку былі скіраваныя супраць Беларускай рэдакцыі. Вось некаторыя загалоўкі:
РАДЫЁДЫВЕРСІІ: СТАЎКА НА БІТУЮ КАРТУ
НА ХВАЛІ ПАКЛЁПУ
А КАРАВАН ІДЗЕ
ХАЛУІ ЛЯ МІКРАФОНА
КАМЕДЫЯНТЫ ЗЬ МЮНХЕНСКАЙ ПАДВАРОТНІ
ТАК ЗАГАДАЛІ ГАСПАДАРЫ
І адна шырэйшая цытата:
Міхась Шыманскі. Хлусьня за доларавую поліўку.
ЗЬВЯЗДА, 23 лістапада 1968
“Нездарма кажуць: вільнуў языком, як сабака хвастом. Вось так і доларавыя паслугачы, што заселі ў мюнхенскай “Свабодзе”. Яны штодзень плявузгаюць на нашу рэчаіснасьць. Небаракам трэба ж чымсьці адрабляць за тыя аб’едзеныя кавалкі, якія ім кідаюць гаспадары. Вось і нясецца брэх зь мюнхенскай радыёпадваротні.... Зарубіце сабе на носе, падбрэхічы зь мюнхенскіх задворкаў: кожны наш чалавек сьмяецца з вашага гугнявага скогату, з вашага лісьлівага віляньня, бо за ўсім гэтым вельмі ўжо выразна бачыць ваша зьвярынае аблічча”.
Мы гарталі старонкі савецкага друку 1968 году.
Сёньня мы працягваем распачатую ў мінулай перадачы гутарку з колішняй супрацоўніцай нашага радыё Янінай Каханоўскай. Тыдзень таму яна распавяла, з кім ёй давялося працаваць у канцы 1960-х гадоў. Слухаем далей.
(Каханоўская: ) “Мы сядзелі адной вялікай сям’ёй. Адзін быў вялікі такі пакой. Там былі ўкраінцы, татары, узбэк. Прозьвішча я ягонае запамятала, але помню, што пры нагодзе ён варыў такі вельмі смачны плоў з рыжам і баранінай. Часта запрашаў гасьцей да сябе, у свой куток, калі здаралася нагода. Цікава, што на радыё заўсёды круціліся людзі. Заўсёды! Прыходзілі, прыносілі ўсялякія весткі, дазнаваліся ад нас тое-сёе. Напрыклад, Сьвятлана Алілуева была, быў Галіч са сваёй гітарай, сьпяваў усякія рамансы. Наагул у нас былі такія амэрыканцы расейскамоўныя, якія езьдзілі па даручэньні адміністрацыі, напрыклад, у Менску, на фабрыкі, як там з мовай, ці гавораць па-беларуску, ці па-расейску. Часта прыяжджалі і казалі: адказ адзін – “какая разьніца”. Мы пытаемся, чаму вы не гаворыце па-беларуску ў Менску, а яны нам – “какая разьніца”. І таму нам доўгі час не давалі месца ў “Голасе Амэрыкі”. Казалі: “нашто вам, там жа гэтага не патрабуюць”.
Гутарку зь Янінай Каханоўскай мы працягнем крыху пазьней, а зараз – аўтэнтычны эфір 1968 году.
(Дыктар: ) “Праблемы беларусаведыі і беларускай культуры. Вадзім Круталевіч ў артыкуле “Без народнай апоры”, надрукаваным у сёлетнім лютаўскім нумары “Полымя” піша: “Неадменна і ўпарта ў нацыяналістычнай літаратуры культывуецца ідэя аб тым, што нібыта савецкая ўлада прынесена ў Беларусь звонку”. Так у аднэй са сваіх работ Цьвікевіч пісаў: “Дзякуючы дапамозе Масквы і маскоўскай Чырвонай арміі, на Беларусі пануе невыразны рэжым гаспадарства маленькай партыі, лічучайся з партыйнай шпаргалкай, апрацаванай у Маскве і адсуваючай беларускае сялянства далёка на другі ці нават трэці плян”. Гэтак пісаў у 1921 годзе выдатны беларускі нацыянальны дзеяч і публіцысты Аляксандар Сянкевіч, зьліквідаваны пасьля бальшавікамі як беларускі нацыянал-дэмакрат. Але паглядзем, што пісалі на гэтую тэму самі савецкія кіраўнікі. Былы міністар МВД [МУС] БССР Цанава ў другім томе свайго опусу “Усенародная партызанская вайна супраць фашысцкіх захопнікаў”, выдадзенага ў Менску ў 1951 годзе, на балоне 726 піша: “Перамогу савецкай улады ў Беларусі ў значнай меры забясьпечыла тая акалічнасьць, што тут праходзіў Заходні фронт, на якім былі сканцэнтраваныя масы работнікаў і сялянаў цэнтральных раёнаў Расеі, апранутых у жаўнерскія шынэлі”. А шматгадовы сакратар ЦК КПБ Вільгельм Кнорын, які зрабіў сабе кар’еру ў змаганьні зь беларускім рухам ды выслужыўся быў да адказнага становішча ў Камінтэрне, у сваёй працы “1917 год у Беларусі і на Заходнім фронце”, выдадзенай у Менску ў 1925 годзе, пісаў..”. (Шум глушылак.)
Праз колькі хвілінаў мы вернемся да ўспамінаў Яніны Каханоўскай, а зараз – панарама падзеяў у сьвеце ў 1968 годзе.
Год 1968 у сьвеце
Палітыка
Сілы Паўночнага Віетнаму пераходзяць у наступ, у віетнамскай вайне настае пераломны момант. – Амэрыканскія салдаты забіваюць 347 цывільных жыхароў вёскі Сонгмі. – Праская Вясна, войскі краінаў Варшаўскай дамовы акупуюць Чэхаславаччыну. – У Мэмфісе забіты Марцін Лютэр Кінг. У Францыі адбываюцца студэнцкія хваляваньні. У Лёс-Анджэлесе сьмяротна паранены сэнатар Робэрт Кенэды. Прэзыдэнтам ЗША абраны Рычард Ніксан.
Навука і тэхналёгія
Выпрабаваны першы звышгукавы авіяляйнэр Ту-144. – У пустыні Нэвада адбываецца выпрабаваньне мэгатоннай атамнай бомбы.
Літаратура і культура
Фільмы году – “2001: Касьмічная адысэя”, “Рамэо і Джульета”, “Сьмешная дзяўчына”, “Олівэр”, “Плянэта малпаў”.
Нобэлеўскую прэмію атрымвае японскі пісьменьнік Ясунары Кавабата. Выходзяць раманы “У Сэрцы сэрца краіны” Уільяма Гэса, “Міра Брэкенрыдж” Гора Відала.
Папулярная музыка: на экраны выходзіць фільм Beatles ”Жоўтая субмарына”. Песьні году –
Beatles / Hey Jude
Tom Jones / Delilah
А зараз працягнем гутарку зь Янінай Каханоўскай, якая працавала на нашым радыё ў канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў...
(Карэспандэнт: ) “Як вашая праца выглядала? Што вы канкрэтна рабілі? Як ваш дзень выглядаў?”
(Каханоўская: ) “Называлі мяне research assistant і announcer. Як трэба было начытаць які скрыпт, так мяне запрашалі чытаць. Тады мы з Адамовічам (ён быў дзядок, а я – бабка) чыталі фельетоны, якія пісаў Бальшухін. Гэта быў такі аўтар скрыптоў, freelancer, які прыходзіў да нас, пісаў фельетоны. Потым што яшчэ? Я набівала матрыцы. У той час не пісалі ж так на машынках. Трэба было матрыцу адбіць, копіі зрабіць. І гэта ўсё пасылалася ў Мюнхен, бо гэта ж быў Камітэт, а не там, дзе стаяць гэтыя вежы-перадатчыкі. Мы пасылалі туды, а яны перадавалі”.
Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы – колішняя супрацоўніца нашага радыё, бабуля нашага калегі Данчыка Яніна Каханоўская. А зараз – зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1968 году паслухайце фрагмэнт перадачы, дзе Антон Адамовіч распавядае пра кампазытара Міколу Равенскага.
(Адамовіч: ) “Нябожчыка Міколу Равенскага я памятаю ад 1920 году, у якім і пачалася фактычна ягоная дзейнасьць беларускага хармайстра і кампазытара. Тады пачаў ён паказвацца менскаму грамадзтву із сваім хорам, другім пасьля крыху раней паўсталага хору Ўладзімера Тэраўскага. Хор Равенскага проста суіснаваў з хорам Тэраўскага: не было між імі ані супрацы, ані таго, што можна было б назваць прыязнай канкурэнцыяй ці хоць бы спаборніцтвам. Была аднак зусім выразная вырознасьць, адменнасьць, што выплывала ўжо з вырознасьці індывідуальнасьцяў іхных кіраўнікоў хармайстраў: Тэраўскага і Равенскага. Ужо над самымі сваімі фізычнымі постацямі яны розьніліся вельмі. Хоць збольшага аднолькава невялікага росту на першы пагляд здаваліся рознымі нават у гэтым. Бо Тэраўскі быў вельмі сабе круглаваты, круглы і лысагаловы, даволі мажны. Тымчасам як Равенскі ўжо і тады шчупленькі, на’т сухенькі з купінай густых і даўгаватых, назад зачэсаных валасоў. Тэраўскі любіў апранацца ў тон усяму хору па-народнаму: белая беларуская сьвітка, пад ёй вышываная кашуля з саматканым паясом. Равенскі найчасьцей быў у звычайным тады фрэнчы ці марынарцы, ды ў нацыяналізацыі вопраткі далей за сьціпла вышытую кашулю і вузенькі паясок-саматканчык ніколі ня ішоў. Ад усяе постаці Тэраўскага тхнула павагай, часам як бы і сурававатай нават. Ад постаці Равенскага павявала ціхой сьціпласьцяй і нейкай асаблівай ветласьцей, мо нават нацыянальнай, духам тае краіны – “Беларусі ціхой і ветлай”, кажучы словамі паэта, пасьля пакладзенай ім на музыку. Тый жа ж лініяй ішла вырознасьць кірунку абодвух, найперш як хармайстраў..”. (Шум глушылак.)
1968 ГОД У БЕЛАРУСІ
У Берасьці ўведзеная ў дзеяньне панчошная фабрыка. – У Менску заснаваны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі Беларусі. – Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоеныя званьні народных паэтаў Беларусі. – Пачала трансьляцыю Гарадзенская абласная тэлестудыя. – У Менску адкрылася сталая Выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі.
А зараз – менскі эфір 1968 году. У сьнежні на ўрачыстасьці з нагоды 50-годзьдзя БССР у Менск прыехаў Леанід Ільіч Брэжнеў.
(Брэжнеў: ) “Дарагія сябры! Беларусь была ўрачыста абвешчаная савецкай рэспублікай у першы дзень студзеня, нібыта самая гісторыя паклапацілася пра тое, каб гэткім чынам ярчэй адзначыць вялікую мяжу, зь якога беларускі народ пачаў свой сацыялістычны адлік часу. У справаздачы таварыша Машэрава пераканаўча расказана пра посьпехі, якіх дасягнуў за пяць дзесяцігодзьдзяў беларускі народ. Беларусь пераўтварылася ў квітнеючую краіну, з моцнай індустрыяй, перадавой сельскай гаспадаркай, высока разьвітай навукай ды тэхнікай. Усе народы нашае шматнацыянальнае радзімы ганарацца цудоўнымі дасягненьнямі братоў-беларусаў. Паўсюль у нашай краіне шануюць і любяць беларускі народ”. (Гучныя воплескі.)
Гэта быў выступ Леаніда Брэжнева на ўрачыстым паседжаньні з нагоды 50-годзьдзя БССР.
Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы – колішняя супрацоўніца нью-ёркскага бюро Радыё Свабода Яніна Каханоўская. Мы гаворым зь ёй далей.
(Карэспандэнт: ) “Пад якім псэўданімам вы выступалі?”
(Каханоўская: ) “Можа ня ўсё памятаю, але, здаецца, у мяне не было ніякага псэўданіму. Я ж не была сталай такой супрацоўніцай, якая чытае. Як трэба было, замяняла некаторых. Я лічылася як research assistant і announcer [асыстэнтка-дасьледніца і дыктарка]. Але фактычна я была сакратаркай на той час. Але ж гэта ўжо была найвышэйшая катэгорыя, бо я магла і чытаць [у эфір], ня ўсе ж сакратары маглі чытаць. Трэба было мову ведаць”.
(Карэспандэнт: ) “Як доўга вы працавалі?”
(Каханоўская: ) “Сем з паловай год. А далей я яшчэ працавала як freelancer, але гэта я не лічу. А чаму? У мяне скончылася 65 год і не трымалі больш. Толькі да 65 год трымалі”.
I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт фэльетону Васіля Крыцкага – на пачатку вы пачуеце голас Яніны Каханоўскай, а тэкст фэльетону чытае Антон Адамовіч...
(Дыктарка: ) “Дзядзька Васіль выступае сёньня ў досыць, здавалася, дзіўным, але ж тымчасам зусім натуральным амплуа... Як былы малады хлапец”.
(Крыцкі: ) “‘Усё цячэць, усё зьмяняецца’, як добра сказаў філёзаф. Паважусыя дадаць, пра немаўлётка ў калысцы можна, пажадаўшы малому здароўя і сталога веку, сказаць, што яно – будучы дзядуля ці бабуля. А за тое пра чалавека сярэдняга веку чаму б ня выказацца ў тым сэнсе, што ён, чалавек гэты, былы, калішні ну хаця б малады хлапец ці дзяўчына. У маім выпадку – хлапец. Я ўсачыў, што на моладзць часьцей наракаюць як, скажам, на старых. Не, не, я ня маю на ўвеце тых фатаграфіяў у ілюстраваных часапісах, на якіх гэткія сабе, ведаеце, сымпатычна бадзёрыя хлапцы і дзяўчаты, што прастуюць на завод ці да ўнівэрсытэту або бяруць удзел у лыжнай вылазцы, ці ўстанаўляюць спартыўныя рэкорды ну і гэткае іншае. Пад гэткімі фатаграфіямі заўсёды падпісана нешта вельмі ўлёснае, прыемнае, наводле “брыгада Алёшы Козьлікава – спрэс перадавікі на вытворчасьці, на вучобе, на спортпляцоўцы”. І пералічаюцца зьлева направа: “Дуся Маладзечка, Лена Хвораст, Пеця Гарабоўскі”. А паслухайце, што кажуць на тую Дусю, Лену, Пецю або і на самога Алёшу-брыгадзера ў іх у хаце. Прыляцеў (прыляцела) як падсмаленая. Куртку – туды, шапку (ці хустку) – сюды! “Мамка, дай чаго хуценька, мне часу няма!” “Цёця, прышый мне гузіка!” “Тата, ня бачыў сам маёй кніжкі?” Што за моладзь гэткая пайшла. Эгаісты. Заміж памагчы бацьком хоць бы ў хаце агледзіцца, прыбраць, куды! Ні за халодную ваду. А хіба мала наракаюць на грубіянскасьць, неачасанасьць, на п’янчаньне. “Міколка ўчорачы а трэцяй гадзіне ўначы вярнуўся, ледзь на нагах адстойваецца, гарэлкай ад яго – як з бровара!” “Ох, і не кажэце, суседачка! Мая Настулька – таксама цаца. А скажы ёй хоць слова ўпоперак, зараз – “ты, мамка, нічога не разумееш, культурна адсталы тып”. Ды ўзяць бы за тыя патлы ды вывазіць як трэба, во тады б яна пабачыла, якія я ёй тып..”. (Шум глушылак.)