Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 ГАДОЎ БЕЛАРУСКАЙ СВАБОДЫ – ЛІСТ НАШАГА СЛУХАЧА


Ул. інф.

Прывітаньне!

У гэтым годзе адзначаецца 50-годзьдзе радыё Свабода на беларускай мове. З гэтай нагоды хачу прыгадаць, як упершыню даведаўся пра Свабооду і пачаў яе слухаць.

Я нарадзіўся ў в. Галалобаўка Дрыбінскага раёну, Магілёўскай вобласьці ў 1938 годзе ў сям’і настаўніка. У Галалобаўцы была сямігодка, а ў 8-10 клясы прыйшлося хадзіць за 10 км у мястэчка Расна. Зімою мы з бацькам кватаравалі ў вёсцы Малое Запольле, што мяжуе з Раснай. Кватаравалі ў Гракава Фядота Ермалаевіча. Бацьку камуністы не дазвалялі працаваць у Галалобаўскай школе, і ён хадзіў за 10 км на працу. Бацька мусіць у настаўніцкім асяродзьдзі даведаўся, што працуе радыё Свабода і пачаў угаворваць Фядота Ермалаевіча наладзіцца на гэтую хвалю. Брат Фядота Ермалаевіча – Мікіта працаваў выкладчыкам гісторыі БДУ ў Менску. Я і цяпер ня ведаю, ці быў ён прыхільнікам Лаўрэна Абэцэдарскага, нашага земляка з Горак, ці займаў іншую пазыцыю ў гісторыі. Пазьней я чытаў працу Лаўрэна Абэцэдарскага “У сьвятле неабвержаных фактаў” і адразу адмоўна да яе паставіўся пад уплывам таго, што чуў па радыё Свабода. Дык вось, Фядота Ермалаевіч баяўся слухаць новую хвалю ўвесь пасьляваенны час і да самай сьмерці Сталіна – гэта быў час масавых рэпрэсіяў супраць “ворагаў народа”. Людзі калаціліся ноччу ў сваіх хатах, калі празь вёску праходзіла якая-небудзь машына, баяліся “чорнага ворана”.

У Фядота Ермалаевіча быў прымач “трафэйны”, здаецца, бэльгійскай вытворчасьці. Нарэшцэ наступіў дзень, калі бацьку ўдалося ўгаварыць Фядота Ермалаевіча. Мяне адправілі гуляць па двары і наглядаць за вуліцай Запольскай. Сказалі мне, каб я адразу бег у хату, калі хто загляне ў наш дом. Я хадзіў па двары, на мяне брахаў белы як снег сабака гаспадара. Ён быў вельмі недаверлівы і брахаў на нас з бацькам амаль два гады. Мы зь ім памірыліся толькі тады, калі я быў ужо ў 10 класе. І вось у перапынках паміж выскатаньнямі Жуліка (так звалі сабаку) я пачуў у хаце гудзеньне глушылак і нейкія новыя незнаёмыя галасы ў эфіры. Жулік павярнуў галаву і таксама пачаў прыслухоўвацца да новых гукаў, зрабіўшы прыпынак у выскатаньні. Чулася нейкая песня. Я не вытрымаў і зайшоў у хату. “А помирать нам рановато, есть у нас ещё дома дела!” – пачуў я з ганку. На мяне замахалі рукамі, і я зноў адправіўся на “шухер”.

Ня вельмі старанна выконваючы даручэньні старэйшых, я стаў раз за разам прыкладываць вуха да вакна з надзеяй зноў пачуць тую песьню. Сабака крыху супакоіўся, і раптам пачуўся нейкі шоргат каля ўваходу ў двор. На двары ўжо цямнела, і я ня вельмі выразна ўбачыў, што паўзе па зямлі чалавек у мой бок. Жулік падняўся на заднія лапы на ланцугу і аж захлынаўся ад брэху. Я ўскочыў у хату і замахаў рукамі, каб пераключылі хвалю, шапнуўшы бацьку: “Міліцыя падпаўзае!” Радыё выключылі, гаспадар выйшаў з хаты, потым вярнуўся, узяў запалкі і зноў пайшоў на двор. Мы напружана чакалі і нават не размаўлялі паміж сабой. Нарэшцэ вярнуўся гаспадар і сказаў, што бязногая суседка прыпаўзала пазычыць запалкі. Толькі тады я даведаўся, што па суседству жыве бязногая жанчына. Ёй цягніком адрэзала ногі, і ўсе хатнія і гаспадарчыя справы яна робіць, поўзаючы па зямлі.

Напружанне прайшло. Зноў уключылі прымач. Мне дазволілі крыху паслухаць перад тым, як зноў ісьці на варту. Прымач быў стары, глушылкі равелі бесперапынна, і бацька зь Фядотам Ермалаевічам сядзелі, прыставіўшы вушы да прымача, каб зразумець хоць якія словы. Мне і цяпер, праз 50 год, часта ўспамінаюцца і сняцца іх сівыя напружаныя галовы, схіленыя да прымача. Прага да праўдзівага слова прымушала іх гадзінамі сядзець і лавіць за ровам глушылак хоць якія зразумеля словы.

Я таксама слухаў разам зь імі. Мой абавязак – ахоўваць патаемныя слухалкі перайшоў да Жуліка, і ён яго даволі старана выконваў. Ён брахаў нават на людзей, якія праходзілі па вуліцы і не заходзілі ў наш двор. Тады прымач пераключалі на маскоўскую хвалю ці зусім выключалі, і я ішоў на сваё працоўнае месца, каб дазнацца пра нагоду брэху. Пачутае па радыё перавярнула ўсе мае ўяўленьні пра жыцьцё і ўладу. “Умер суровый диктатор!” – гаварыла радыё пра сьмерць І. Сталіна. Тымчасам нас жа прымушалі ў школе пець пра яго песьні, завучваць вершы і “Пісьмо беларускага народу вялікаму Сталіну”, якое паэты П.Броўка, Глебка і іншыя напісалі ад імя беларускага народу.

Мы зьбіралі гнілую бульбу на калгасных палях раньняй вясной і елі яе, саматугам цягалі дровы, траву, мурог ірвалі рукамі на межах і ў хмызняках ноччу і насілі дамоў ахапкамі і ношкамі на плячах, каб карміць худобу зімою. А старшыня калгаса і брыгадзір ездзілі ад двара да двара і адбіралі гэты мурог у калгас. Стогн і выцьцё зьмяшаліся над абшарамі беларускіх вёсак. І “чорныя вораны” хапалі людзей па начах. І за гэтае жыцьцё беларускія паэты дзякуй пісалі дыктатару і праслаўлялі яго.

Нам забівалі галовы непатрэбшчынай, гвалтавалі нашыя душы, адурманьвалі ў школах і ВНУ. І адзіным прыемным і сьветлым успамінам засталіся тыя слуханьні трафэйнага прымача.

Аднойчы, калі гаспадары дзесьці гасьцявалі, я ўключыў прымач і пачаў лавіць “варожыя” (як іх называлі савецкія прапагандысты) галасы, злавіўшы голас беларускай Свабоды. Я вучыўся ў беларускай школе і някепска ведаў родную мову. У 1955 годзе здаваў іспыты па матэматыцы ў Мінскім ЛТІ. “Перестань брехать на этом собачьем языке! Говори по-русски!” – закрычэў выкладчык. Я добра ведаў адказ на пытаньне, але ня ведаў, як адказаць па-расейску. Тройку паставіў мне выкладчык, і дарога ў інстытут была для мяне закрытая.

Я рэгулярна слухаў радыё Свабода на беларускай мове. Памятаю дыктараў: Язэпа Барэйку, Асю Ігнацёнак, Янку Запрудніка ды іншых. Спадзяюся, што цяперашняму дырэктару беларускай службы радыё Свабода Аляксандру Лукашуку ў хуткім часе зноў будуць адкрыты архівы НКУС. Можа яго зацікавіць факт зь гісторыі маёй роднай вёскі Галалобаўкі.

Аднойчы мне бацька паказаў месца, дзе пахаваныя сямёра (ці нават 10) сяльчан. Яны былі “зялёнадубаўцы” і пахаваныя недалёка ад хаты мясцовай жыхаркі Канцавай Анастасіі. На мясцовых могілках іх забаранілі хаваць чэкісты. З раённага цэнтру Дрыбін прыехалі чэкісты і стралялі гэтых людзей у хатах на вачах у дзяцей і жонак. Аднаго застрэлілі на печы, другі выскачыў з хаты, і яго забілі на плоце, церазь які ён не пасьпеў пералезьці. Гаварылі, што ніякай віны за імі не было. Усё рабілася з мэтай запалохаць іншых. Гэта было ў дваццатым стагодзьдзі.

Цяпер я інвалід 2-й групы. Летам жыву ў вёсцы Малое Сітна, Полацкага раёна на хутары Мураўішча. Зімой жыву ў г.Наваполацку. У в.М.Сітна нарадзіўся ў 17 стагодзьдзі Сімяон Полацкі, так мяркуюць некаторыя дасьледчыкі, зыходзячы з таго, што яго дакладнае прозьвішча было Пятроўскі-Сітняновіч. 7 верасьня 2003г. у Полацку яму быў адкрыты помнік. У гэты дзень у Полацку адзначалі сьвята беларускага пісьменства.

За двухпакаёвую кватэру у Новаполацку я плачу прыблізна 30$. Пэнсія складае прыблізна 50$. Куліда чорнага хлеба каштуе 600 рублёў. Умовы жыцця пагаршаюцца з кожным годам, з кожным днём. Але радыё з Менску пра гэта не гаворыць. Адтуль вяшчаюць бадзёрым голасам, і ўсё у нас добра. Савецкая ўлада прадаўжае сваё шэсьце на абсягах Беларусі. Але гнілую бульбу вясною няма дзе збіраць. На калгасных палях нічога ня сеюць. Яны ўжо даўно зарастаюць хмызняком і лесам у М. Сітнянскім і Трудаўскім с/с. А на гэтых жа палях людзі стагодзямі сеялі і зьбіралі ўраджай. А цяпер няма каму сеяць. Гаспадары гэтых зямель ляжаць на Салаўках і Калымскіх “маўзалеях”, а новых не падрыхтавалі… Моладзь адвучана ад зямлі і прывучана да алькаголю.

Зараз, калі я дапісваю ліст на “Свабоду”, дзьве сайкі справілі вэрхал ля майго вакна ў Мураўішчы. Я гляджу на іх і бачу свой задзірванелы агарод, які няма на чым араць. Няма ні каня, ні трактара свайго, а лапатай ужо даўно як няма моцы і сіл капаць.

Гляджу ў вакно і думаю. І ўспамінаю сваю родную вёску Галалобаўка на Магілёўшчыне. Там я сустрэўся са сваёй каханай – беларускай Свабодай. І зараз, у сталым узросьце, я кожны вечар сьпяшаюся да яе на спатканьне, цяпер ужо бяз бацькі, без Фядота Ермалаевіча, без Жулікавай аховы.

Зараз на гадзінніку 17:48, хутка 18 гадзін…

Жадаю ўсім супрацоўнікам беларускай службы радыё “Свабода” і яе дырэктару Аляксандру Лукашуку моцнага здароўя і плённай працы на карысьць нашай Бацькаўшчыны! Жыве Беларусь!

З павагай да Вас,
Багарадаў Роберт Пятровіч.
14.10.03г. хутар Мураўішча
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG