Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1955


Сяргей Шупа, Прага

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Вызваленьне. Вы слухаеце сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету. Наш голас ёсьць вашым голасам, бо мы зьяўляемся часткай вас, часткай усіх беларусаў”.

1955 год у гісторыі Радыё Вызваленьня адзначыўся некалькімі важнымі падзеямі. Радыё ўпэўнена заявіла пра сябе як пра эфэктыўны сродак інфармацыі й пра дзейсную зброю ў руках эмігрантаў з Савецкага Саюзу і пра кантраляваную імі тэрыторыю. У гэтым годзе Савецкі Саюз зьвярнуў на радыё самую пільную ўвагу і зрабіў энэргічыя захады контарпрапаганды.

Увесну 1955-га ў Бэрліне савецкія спэцорганы заснавалі адмысловы “Камітэт за вяртаньне на Радзіму”, які вёў сярод эмігрантаў агітацыйна-вэрбовачную дзейнасьць і выдаваў газэты для эмігрантаў з розных падсавецкіх народаў, у тым ліку і па-беларуску. Дарэчы, ад назвы газэты “За вяртаньне на Радзіму” (пазьней “Голас Радзімы”) паходзіць ужываны ў эміграцыі тэрмін “завяртанцы”, якім адзначаліся згаданыя агітатары і тыя, хто купляўся на іхную агітацыю.

Савецкія агенты ладзілі правакацыі супраць супрацоўнікаў радыё, не спыняючыся перад забойствамі. Зьявіліся першыя выкрывальніцкія артыкулы ў савецкім друку, што як найменей сьведчыла пра адно: праграмы Радыё Вызваленьня дасгаюць сваёй аўдыторыі, і савецкія ўлады не на жарт гэтым занепакоеныя.

Сёньня мы пачынаем знаёміць вас з успамінамі былых супрацоўнікаў Радыё Вызваленьне/Радыё Свабода. Адзін з вэтэранаў беларускага вольнага эфіру – Галіна Руднік, жыве ў Мюнхене. Яна адпрацавала на Радыё 41 год – ад самага першага году да пераезду радыё ў Прагу. Галіна Руднік прыгадвае:

(Руднік: ) “Гэта было дзесьці ў 1953 годзе. Ініцыятарам гэтага ўсяго быў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Амэрыканцы тады вырашылі, што трэба нешта рабіць, і паўстала ідэя зарганізаваць радыё. Ну, у расейцаў вялікіх праблемаў не было, таму што была вялікая эміграцыя, ва ўкраінцаў таксама, а беларусам было цяжэй.

Ясна, ідэя была кадры набраць больш у Эўропе, каб таньней было. А беларусам было вельмі цяжка, бо вельмі мала засталося – тых, што пішуць, камэнтатараў яшчэ знайшлі. А такія вось дапамаговыя сілы – друкаваць на машынцы ці чытаць – абсалютна не было, нікога не было. Ну й тады спадар Абрамчык кажа: “Слухай, ты б не паехала ў Эўропу?” О, я загарэлася, бо будучы студэнткай, па абмену езьдзіла ў Парыж, Сарбону, паглядзела на Эўропу пасьля вайны, вельмі мне гэта спадабалася, бо мы ж тады нічога ня бачылі. Калі мы раней жылі ў Эўропе, абсалютна нічога ня бачылі, нідзе не былі.

Я так захапілася, кажу: “Цёця!” А цёця паслухала, кажа: “А, добра, добра...” І тады спадар Абрамчык кажа: “Ну калі ж ты зможаш?” Адказваю: “Вось у мяне град’юэйшн, я канчаю ўнівэрсытэт у чэрвені...” – “О, ужо трэба адчыняць, ня ведаю, ня ведаю”. Адным словам, ён гэтак націскаў, казаў мне: “Слухай, ты паедзеш, мы адчынім рэдакцыю, а пасьля ты вернесься скончыш!” Але цёця ў мяне была вельмі строгая, сказала: “Дыплём на стол, тады можна ехаць”.

Да ўспамінаў Галіны Руднік мы вернемся крыху пазьней. А зараз – фрагмэнт аўтэнтычнага эфіру 1955 году:

(Карэспандэнт: ) “Гаворыць карэспандэнт Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку. Амэрыка – гэта перш за ўсё край вялікага матэрыяльнага дабрабыту. Калі беларускія эмігранты прыехалі сюды ў канцы 40-х і пачатку 50-х гадоў, яны сустрэліся з самымі рознымі заняткамі, часамі даволі кур’ёзнымі. Сёньня вось мы запрасілі да нашага мікрафону спадарыню Яніну Каханоўскую, якая ўжо пяты год працуе ў галіне вытворчасьці ежы і прадметаў камфорту для хатняй жывёлы і птушак. Так-та? Спадарыня Каханоўская, што фактычна вырабляецца на фабрыцы, дзе вы працуеце?”

(Каханоўская: ) “У нас вырабляюць ежу, пітво, мэдыкамэнты, а таксама прадметы туалету і забаўкі для катоў, сабак, залатых рыбак, марскіх сьвінак, канаркаў, папугаяў, і нават для чарапахаў”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава, што ж там могуць вырабляць ужо?”

(Каханоўская: ) “Ну, ёсьць, напрыклад, для канаркаў. Дзеля таго, каб канарак лепш пяяў, яму даецца адмысловае збожжа, якое і завецца “song food” – гэта значыць, пяяльныя харчы, так сказаць. Для папугаяў, прыкладам, вырабляюцца рознага гатунку вітаміны. Вырабляюць таксама кроплі з жалезам і цукрам, што падліваюць птушкам у ваду. Пасьля вырабляюць спэцыяльны парашок супраць зьвярыных і птушыных блохаў, мыла, дэзінфэкцыйныя вадкасьці.

Вырабляюць таксама забаўкі. Для катоў, напрыклад, вырабляюць штучных мышэй, напханых травой, якую каты вельмі любяць, нешта на манер валяр’янкі. Нашыйнічкі, напоўненыя дэзінфэкцыйным парашком, люстэркі для папугаяў – словам, усё, што толькі можна прыдумаць для птушкі ці зьвяра”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам, спадарыня Каханоўская, зычу вам усяго найлепшага. Бывайце!”

Так жылося нашым суродзічам у Амэрыцы ў 1955 годзе. А што ў тым самым годзе дзеялася ў сьвеце? Вось кроніка падзеяў:


Год 1955

Палітыка
Зьмена прэм’ераў: Мікалай Булганін зьмяняе Малянкова на пасадзе кіраўніка савецкага ўраду.
Прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі пасьля адстаўкі Ўінстана Чэрчыла становіцца Энтані Ідэн.
Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына становіцца сувэрэннай дзяржавай.
Савецкі Саюз і сем усходнеэўрапейскіх краінаў падпісваюць Варшаўскае пагадненьне і ствараюць ваенны блёк.
У Аргентыне адхілены ад улады дыктар Хуан Пэрон.

Літаратура
Нобэлеўская прэмія прысуджаная ісьляндзкаму пісьменьніку Гальдэру Лякснэсу.
Выходзіць у сьвет раман Уладзімера Набокава “Лаліта”.

Навука
Вынаходзтва валакнянай оптыкі і адкрыцьцё антыпратону.

Папулярная музыка
Ва ўсім сьвеце найбольш слухаюць песьні “Only You” гурту “The Platters” і “Rock Around The Clock” Біла Гэйлі і “Камэтаў”.



І зноў ля мікрафону Галіна Руднік. Ці прыдалася ёй падчас прыёму на працу ейная адукацыі і ўмельствы?

(Руднік: ) “Я вывучала раманскую філялёгію. Я вельмі люблю мовы – францускую, гішпанскую мовы вывучала. Цяпер гэта называецца Нью-Ёрскі ўнівэрсытэт, а тады гэта быў каледж. Гэта была вельмі добрая ўстанова, вельмі добра там выкладалі. Тады былі некаторыя нават сьмешныя рэчы. Я там, у Мюнхене, кіравала хорам, іграла на акардэоне. Калі Абрамчык сказаў амэрыканцам, што ён мае кандыдатку на працу ў Радыё, у яго спыталі, што яна ўмее рабіць. Ен адказаў : “Усё”.

Пра тое, як кандыдатуру Галіны Руднік разглядаў Амэрыканскі Камітэт, мы пачуем крыху пазьней. А зараз зноў наш гістарычны эфір. У 1955 годзе праграмы беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьне ўразнастаіліся літаратурна-мастацкімі перадачамі.

(Дыктарка: ) “Праслухайце літаратурна-музыкальны мантаж “Ля чужых берагоў”. Нядаўна, як мы ўжо паведамлялі, у Нямеччыне выйшаў з друку літаратурны альманах “Ля чужых берагоў”. У гэтым алманаху зьмешчаныя творы беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў з новай эміграцыі. Прыгожа выдадзеная і памерам ёмістая кніга рэпрэзэнтуе 17 аўтараў.

Большую чатску зборніка абымае паэзія. У сваіх вершах паэты-эмігранты выказваюць бязьмежную любоў да роднага краю, боль і тугу па ім, а разам з тым цьвёрдую непахісную веру ў сьветлую будучыню, у блізкі час вызваленьня паняволенай Беларусі. Выдатная паэтка Натальля Арсеньнева адчыняе разьдзел паэзіі вершам “Разьвітаньне”:

Шмат нам цьвіло,
шмат нам сьвяціла
ужо ў жыцьці трымцівых зор,
ды ўсе сыпкім,
нясталым пылам
разьмёў па ростанях віхор.
Ён долю ўсьпеніў,
пакамечыў,
нас, як лісьцё, сарваў з гальля,
пагнаў па пушчах, па пустэчах,
дзе не аруць і не сьпяляць.
Мы дапаляліся і гасьлі,
мы зноў шугалі угару,
Зьмянялі выганы
і ясьлі
ў вадным імкненьні: “Беларусь!”
З аднэю думкай:
“зноў пабачыць”,
з адной надзеяю: “дажыць”,
зь ліпнёвай радасьцяй
гарачай
прыйльгнуць да роднае мяжы.
І вось сягоньня
чабарэе
нам не яна, а далечынь
салоных мораў,
плачуць рэі,
віхор у ветразях гучыць.
І ўсё далей
сплывае ў шэрасьць,
у змрок той Край, дзе люба ўсё.
О Беларусь, хай так,
мы зь верай
Цябе і ў далеч панясём!”


А зараз ўсьледам за хвалямі Радыё Вызваленьня перанясемся ў тагачасную Беларусь.

1955 год у Беларусі

У Маскве праходзіць дэкада беларускага мастацтва і літаратуры.
Закончанае будаўніцтва Заслаўскага вадасховішча.
У Менску адчыненая дзіцячая чыгунка імя Канстанціна Заслонава.
Зацьверджаны тэкст і музыка гімну БССР “Мы беларусы з братняю Русьсю”.
Пачалі выпускаць прадукцыю Менскі камвольны камбінат і Менскі гадзіньнікавы завод.
У Акадэміі навук заснаваны Інстытут фізыкі.



На дэкаду беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскву беларускія творцы павезьлі ўзоры сваіх мастацкіх дасягненьняў. Напрыклад, гэткі:

Дзень добры, Масква –
Як вясна маладая!
Дзень добры, крамлёўскія зоры!
Мы песьню табе, Масква наша, складаем
А песьня аб шчасьці гаворыць!

Табе шлюць прывет
Нашы пушчы, крыніцы,
Калгасныя нівы і хаты!
І дзякуй табе, маладая сталіца,
Мы хлебам і шчасьцем багаты!

Важнай культурнай падзеяй году ў Беларусі сталася адзначахньне сотай гадавіны з дня сьмерці Адама Міцкевіча. На ўрачыстасьцях у Наваградку галоўным прамоўцам быў Якуб Колас:

(Колас: ) “Таварышы! Сягоньняшні наш вечар мы прысьвячаем стагодзьдзю з дня сьмерці геніяльнага польскага паэта Адама Міцкевіча. Адам Мцкевіч – адзн з геніяльнейшых славянскіх паэтаў. Па ахопу ўсеабдымнага таленту, па яго шырыні Адам Міцкевіч па справядлівасьці займае адно зь першых месцаў сярод паэтаў. Нашы вялікія папярэднікі – Пушкін і Гогаль, Рылееў і Бястужаў, Герцэн і Чарнышэўскі з павагай ставіліся да таленту Міцкевіча, высока цанілі яго народнасьць, яго свабодалюбівыя імкненьні. Нам, сучасьнікам, членам вялікай сям’і савецкіх народаў і народаў, зьвязаных з намі дружбай і адзінствам ідэі, блізка і дорага слаўнае імя Адама Міцкевіча”.

На жаль, сьпіс гітоў беларускай папулярнай музыкі сярэдзіны 50-х скласьці надзвычай цяжка. Таму прапануем паслухаць узор вельмі характэрнай для таго часу беларускай музычнай прадукцыі – “Зоры залацістыя”.

Гучыць песьня “Зоры залацістыя”.

* * *
А зараз вяртаемся зноў да ўспамінаў Галіны Руднік, якія яна спыніла на тым месцы, дзе Амэрыканскі Камітэт правяраў яе прафэсійныя здольнасьці:

(Руднік: ) “Ну, і яны захацелі паглядзець, што гэта за цуд такі, што ўсё ўмее. Запрасілі мяне і кажуць – пачытайце па-расейску. Я па-расейску ўмела, бо тры гады вучылася ў расейскай школе. Потым па-беларуску – добра, а можа яшчэ па-ўкраінску? У мяне было шмат сяброў-украінцаў у лягерох перамешчаных асобаў, і я таксама ведала ўкраінскую. Потым запыталі: а машынку ведаеце ангельскую? О, ангельскую – калі ласка, Я на ўсякі выпадак дадала, што яшчэ стэнаграфію вывучала.

Запыталі ў канцы, ці магу друкаваць па-беларуску. Тут ужо я сказала: “Ой, мушу бегчы!”, бо беларускую машынку я нават у вочы ня бачыла, дзе нам было бачыць беларускую машынку ці расейскую. Кажуць – ну, нічога, наступны раз прыйдзеце.

Думаю, Божа ж мой, а ім-та якраз гэта і патрэбна! І вось тая Галіна, якая ўсё умее, самага галоўнага ня ўмее. Я ж не магла сказаць, што спадар Абрамчык памыліўся. Што рабіць? Я ўзяла машынку напракат, але я толькі што навучылася друкаваць па-ангельску, і пераходзіць на славянскую мову было проста немагчыма, блыталася жахліва. А тыя ўсё націскаюць, бо яны мусяць паперы паслаць на мяне ў Мюнхен, пытаюцца, ці не магу я прыйсьці на тэст. А я адказваю, што маю іспыты. Урэшце, я мусіла ісьці, але друкаваць яшчэ ня ўмела, не выходзіла.

І што я зрабіла – узяла заматала бінтом руку, прыйшла ў Камітэт. Там зьдзівіліся – што гэта з Вамі? Я кажу, што адчыняла кансэрвную банку, парэзалася. Яны кажуць – нічога, мы напішам, што ўмееце. Прыехала сюды, узялі машынку, і праз два тыдні я ўжо хутчэй за ўсіх друкавала”, – гаварыла Галіна Руднік, вэтэран нашага радыё, якая цяпер жыве ў Мюнхене.

Працяг успамінаў – пра тое, якая была праца на Радыё ў сярэдзіне 1950-х гадоў, вы пачуеце ў нашай наступнай праграме.

А зараз яшчэ адзін фрагмэнт нашага аўдыёархіву – працяг літаратурна-мастацкай кампазыцыі “Ля чужых берагоў”:

(Дыктарка: ) “Паэты, стоячы ля чужых берагоў, прыгожа сьняць аб рэках Беларусі, залатых палёх і зялёных лясох. Успамінаюць родных і каханых, зь любасьцяй апяваюць беларускую восень. У вялікім змаганьні нашага народу паўстане перамога! Прыйдзе дзень вызваленьня! Аб гэтым з глыбокай верай гавораць беларускія паэты на чужыне. Аб гэтым таксама заключным акордам гучыць верш Сяргея Ясеня “Гімн змаганьня”:

Што аб стрэхах пяяць саламяных
Ды аплакваць іх песьнямі нуднымі, –
Калі сяньня зямлянкамі бруднымі
Яны ў землю жыўцом закапаны!

Што пяяць, што шырокія гоні
Мы пакінулі дзесь недажатыя, –
Калі сяньня над імі гаратыя
Ланцугамі іржавымі звоняць!

Што пяяць аб прасторах Радзімы,
Аб гасьцінцах шырокіх, бярэзінах, –
Калі лісьце, вятрамі падрэзана,
Расьсяваюць сібірскія зімы!

Не! Ня час на такія нам песьні:
Век суровы цяпер, сэрцы – дзікія,
Выбар спрошчаны нам: волю выкаваць
Ці ў няволі анучаю сплесьніць.

Гімн змаганьня – вось песьня на сяньня! –
З нашых путаў яна нарадзілася,
Перазвонам іх з турмаў прабілася
І зруйнуе няволю дазваньня.

Калі ночы ёсьць – мусіць быць Раньне,
Мусім крыўды зьлічыць векапомныя!
Дык жа чуйце вы, сэрцы нязломныя,
Гімн змаганьня – вось песьня на сяньня!”

Вы праслухалі літаратурна-музыкальны мантаж “Ля чужых берагоў”. Гаворыць Радыё Вызваленьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG