Талент Рыгора Барадуліна цешыць прыхільнікаў ужо больш за паўстагодзьдзя. Дзясяткі кніг арыгінальнае паэзіі, некалькі тамоў вясёлае прозы, тысячы пераствораных па-беларуску вершаў клясыкаў сусьветнае літаратуры. З пытаньня, калі для яго нястомнае Музы быў найбольш спрыяльны час, і пачалася нашая гутарка.
(Барадулін: ) “Калі браць па высокім рахунку, то для беларускае паэзіі спрыяльнага часу не было ніколі. Нас ціснулі то зьлева, то справа. І наша беларуская паэзія, нават самая лірычная, яна ўсё роўна гучыць як пратэст, як жаданьне выжыць і сьцьвердзіцца, што мы эўрапейцы ня толькі па сваім паходжаньні і па сваім мэнталітэце, але і эўрапейцы па сваім майстэрстве, па сваіх пачуцьцях. І мы ўвесь час хацелі, усе нашыя паэты хацелі даказаць, што яны роўныя сярод роўных у эўрапейскім супольніцтве, у сусьветным супольніцтве. Узяць таго ж самага нашага Максіма Багдановіча. Ён даваў узоры паэзіі сусьветнага гучаньня і даваў узоры перакладаў сусьветнага гучаньня. Нашыя паэты, калі яны пісалі, то ў іх апрача паэзіі, была яшчэ другая задача – сьцьвердзіць мову, на якой яны пішуць. Гэта таксама нялёгка, нават абразьліва, што ты павінен даказваць, што на гэтай мове можна пісаць вершы. І менавіта сьцьверджаньне, што на гэтай мове можна пісаць добрыя вершы, – гэта асноўны стымул, на якім трымаецца беларуская паэзія”.
(Карэспандэнтка: ) “Адносна будучыні беларускае паэзіі Вы аптыміст ці пэсыміст?”
(Барадулін: ) “Вы ведаеце, я не належу да прафэсійных плакальшчыкаў па беларускай мове. У нас ёсьць такія звышпрафэсыйныя плакальшчыкі: беларуская мова гіне, беларуская мова гіне, беларуская мова гіне… Да мэдытацыі даходзіць… Калі плакаць па беларускай мове і пісаць дрэнныя вершы на беларускай мове, дык гэта горш, чым чалавек, каторы супраць беларускае мовы. Я ўпэўнены ў будучыні беларускае паэзіі. Выдатная моладзь ідзе. Паўтару імя Глеба Лабадзенкі. Нядаўна выйшла Валерыі Куставай кніжка паэзіі. Я да яе прадмову пісаў. Пачытаю прысьвечаны гэтай маладой паэтцы экспромт.
А ні ў якае ложа пракрустава
Не ўкладзецца ўтрапёная Кустава,
У нябёсах паэта імпэрыі
Не дасяжыцца зорка Валерыі.
Я веру ў маладых. Я ўсё жыцьцё верыў і маліўся на маладых… Глядзіце, вось той жа факт. Купалу не выдавалі-не выдавалі, а зараз узялі і выдалі поўны збор. І Купала цяпер ва ўсёй красе, ва ўсёй велічы. Я заўсёды паўтараю, што ў нас пяць зорак: Багдановіч, Купала, Колас, Караткевіч, Быкаў. Пакуль што. Даказана ж астраномамі – на небе нараджаюцца новыя зоркі. І ў нашай беларускай паэзіі, і ў нашай прозе, у нашай драматургіі зоркі будуць нараджацца і будуць, бо беларусаў зьнішчыць немагчыма. Мы ж крывічы, а ў гэтым слове і кроў, і крэўнасьць. Я веру, веру, веру, што пакуль будуць маладыя, будзе беларуская паэзія, а зараз многа-многа ідзе маладых. Самае галоўнае, што камуністам не ўдалося генэтычна беларусаў зьнішчыць. Можа сьвядомасьць трошкі павярнулі, але генэтычна ня зьнішчылі і гэта дае надзею”.