Званіцы - колішнія дамінанты беларускіх мястэчак і вёсак.
Сваёй вышынёй іх не маглі перавысіць ні коміны кацельняў - дамінантаў савецкага
краявіду, ні - тым больш - помнікі правадыру, ці, нават, курганы славы.
Сустракаліся, напраўду, коміны і вышэйшыя ад званіцаў, але нават самы зацяты
бязбожнік наўрад ці мог бясконца глядзець на іх, калі недзе побач вабіла
й песьціла вока незвычайная вежа зь якой некалі чуўся то мэлядыйны, то
набатны, то апавяшчальны ці заклікальны звон.
Відаць, званіцы адрывалі эпахальныя бальшавіцкія думкі ад матэрыяльнага
і нагадвалі пра Бога. Каб ня страціць ідэйнай арыентацыі і не дапусьціць
народныя масы ў рэлігійнае цемрашальства бальшавікі высылалі ці вынішчалі
званароў, разбуралі званіцы. Заместа іх яны ўвялі пралетарскія
«званіцы» ў выглядзе папярэчнай бэлькі, на якую быў навязаны кавалак
чыгуначнай рэйкі - дэталь БССРаўскай эстэтыкі.
Слова званіца паходзіць ад слова звон. Але калі
звон - яшчэ праславянскае, а паводле некаторых дасьледнікаў нават
індаэўрапейскае, то званіца - зусім не, згадаем расейскае: колокольня.
Слоўнікі Ластоўскага і Станкевіча падаюць гэтае слова ў спольшчанай
форме званьніца (праз мяккае падвойнае -н-), а вось ужо слоўнік
Некрашэвіча і Байкова піша як і цяпер - званіца.
Глядзіць са сваёй званіцы - гаворым мы, калі хочам сказаць, што
чалавек ацэньвае нешта аднабакова, са свайго пункту гледжаньня, са сваім
разуменьнем. Між тым, у гэтым выразе схаванае тое адмоўнае, якое
магло б стаць для нашага народу дадатным, калі б мы сябе і сьвет навучыліся
бачыць са сваёй Беларускай Званіцы.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1