Тлумачальны слоўнік беларускае мовы паведамляе, што ўсходнік
– гэта студэнт альбо навуковец, які займаецца ўсходазнаўствам. Але дастаткова
пацікавіцца, хто такі ўсходнік у першага сустрэчнага, каб пераканацца,
што ў сьвядомасьці беларусаў гэтае слова мае зусім іншы сэнс.
Усходнік – гэта ніякі не навуковец і не жыхар нейкага экзатычнага
ўсходу, а наш брат-беларус, якому выпала жыць у той частцы краіны, што
пасьля Рыскай дамовы 1921 году апынулася пад саветамі.
Беларусы, што жылі недалёка ад мяжы, але ўжо з другога ейнага боку,
бачылі, як усходнікі аралі калгасную зямлю трактарамі, выходзілі
на палеткі прыбраныя як на сьвята і часта, павярнуўшыся ў той бок, куды
сядае сонца, нібы па камандзе заводзілі песьню пад гармонік.
Знаходзілася нямала тых, хто пазіраў на гэткае бесклапотнае жыцьцё з
зайздрасьцю і таксама хацеў зрабіццца ўсходнікам. Але нікога з тых,
хто ўначы пераходзіў мяжу, сваякі ўжо ня бачылі, ні на трактары, ні з гармонікам,
ні наогул.
Пасьля верасьня 39 году ўсе беларусы апынуліся ў адной дзяржаве, і хутка
сталася зразумелым, хто замаўляў песьні пра калгаснае шчасьце.
Слова "ўсходнік" зрабілася амаль што сынонімам чалавека незаможнага,
а, часам, і проста галяка. Але былі і ўсходнікі іншага кшталту:
прысланыя з цэнтру чэкісты, міліцыянты, кіраўнікі рознага калібру. Стаўленьне
да такіх усходнікаў нярэдка ўвасаблялася ў кулі, якая помсьціла
за дэпартаваных сваякоў, за разрабаваную падаткамі гаспадарку, за зьняважаную
нацыянальную годнасьць.
З часам выразны падзел грамадзтва на ўсходнікаў і заходнікаў
зьнівэляваўся. Але напрыканцы ХХ стагодзьдзя ўлады вырашылі нагадаць хто
ёсьць хто. Да 60-годзьдзя гэтак званага вызвольнага паходу чырвонай арміі
ў Заходнюю Беларусь краіну абклеілі плякатамі, на якіх насельніцтва радасна
вітала вызваліцеляў з усходу. Каб радасьць была яшчэ мацнейшаю, усходнікі,
што цалаваліся на плякатах з заходнебеларускімі братамі, не скідалі каскаў
ды моцна трымалі вінтоўкі.
Уладзімер Арлоў
Самае папулярнае
1