Слова тытунь паходзіць з турэцкае мовы. Гэта расьліна, зь якой вырабляюць
прадукт, каб дагадзіць адной з самых старых і шкодных звычак чалавека.
Менавіта з Турэччыны да нас і патрапіў тытунь, які стаўся неад'емнай часткаю
мужчынскае тоеснасьці беларусаў. Яшчэ два стагодзьдзі таму падарожнікі
з Расеі дзівіліся, што нашыя мужыкі не вымаюць з ратоў люлькі.
Пазытыўнае стаўленьне да тытуню зьмянілася ў нядаўнія часы. Чым
далей адыходзілі ваенныя ўспаміны, тым больш людзей кідалі паліць. Зьявілася
грэблівасьць: "Усё курыш! Каб на табе поўсьць курэла..." У 70-я да барацьбы
з тытунём падключылася й савецкая агітацыя. "Болей курыш, менш працуеш",
-- дакаралі на ўсе лады плякаты, якія навыперадкі распавядалі пра трагічныя
наступствы старадаўняе звычкі... Пра шкоднасьць тытуню нарэшце дазналіся
ўсе. Але ж і ў крамах яго станавілася ўсё болей. Яго вялікасьць тытунь
пры ўсіх агітацыях стаў адным з асноўных складнікаў савецкага бюджэту...
У Беларусі паўсюдна расьцілі разнавідасьць тытуню, махорку. Папулярнаю
была махорка "Пяхлец". Напоўніцу працавалі тытунёвыя прадпрыемствы ў Горадні,
Менску ды Віцебску. Чаго толькі там ні выраблялі -- тытунь для паленьня,
жаваньня, нюханьня ды розныя прэпараты... У цэнтры Менску, ганарліва зіхцела
шыльда крамы "ТЫТУНЬ". Ну дзе там было не курыць!
У большасьці эўрапейскіх моваў тытунь называюць табакам, паводле
найменьня караібскае выспы Табага, адкуль дастаўлялі тытунь у Эўропу. У
беларускай размоўнай мове таксама ўжываецца слова табАка, а ў літаратурнай
мове -- утворнае ад яго -- партабак. За савецкім часам дасьціпны люд кпіў
з сацыялістычнае гаспадаркі гэтак: "дажыліся лайдакі -- ні хлеба, ні табакі..."
Сёньня свой тытунь у Беларусі амаль зьвёўся, ледзь пыхкаюць тыя фабрыкі,
даўно няма ў сталіцы прыгожай тытунёвай крамы... Але тытунёвага дыму не
паменела. Цяпер яго вязуць з усіх кутоў сьвету, пра што паведамляюць шматлікія
рэклямы, на месцы колішніх камуністычных транспарантаў: "Winston", "Marlboro",
сумнавядомая "Magna"... Дык курыць ці не? Гэтае пытаньне прападзе, бадай,
толькі разам з тытунём...
Сяргей Харэўскі
Самае папулярнае
1