Слова Тутэйшыя Беларуска-расейскі слоўнік Янкі Станкевіча не падае зусім.
Няма яго і ў Расейска-крыўскім слоўніку Ластоўскага. Затое адзін
зь першых савецкіх слоўнікаў - Беларуска-расейскі слоўнік Некрашэвіча і
Байкова - ужо перакладае слова тутэйшы расейскім здешний, а пяцітомны тлумачальны
слоўнік Беларускай мовы тлумачыць: Тутэйшы - той, хто родам з гэтай мясцовасьці,
хто жыве тут, не прыежджы, не прывазны і г.д.
Недасьведчаны чалавек можа зрабіць са сказанага выснову, што слова Тутэйшы
- новае, і гэткім чынам трапіць у зман.
Станкевіч і Ластоўскі не фіксуюць гэтага слова з адной простай прычыны.
У прадмове да Мюнхенскага выданьня Купалавай драмы "Тутэйшыя" чытаем: "...
тэрмінам "тутэйшыя" народ наш за даўгую эпоху навалы на яго нацыянальных
перасьледаў і дэнацыяналізацыйных напораў з розных бакоў прызвычаіўся абазначаць
самога сябе як нейкім своеасаблівым нацыянальным псэўданімам". Урэшце,
аўтар прадмовы прыходзіць да думкі, што тэрмін Тутэйшыя трэба ўжываць у
значэньні "нацыянальнае і, шырэй, наагул ідэйнае безхрыбетнасьці".
А вось расейскае "здешний", паводле слоўніка таго самага Станкевіча, трэба
перакладаць як туташні. Прынамсі так яно гучыць яшчэ ў Статуце Вялікага
Княства Літоўскага.
Я ж закончу гэты выпуск Слова дня радкамі зь Беларускай паэзіі:
Ці сэнс шырэйшы, ці вузейшы
Шукаць адрозьненьняў дарма -
Калі ты ёсьць, і ты -- тутэйшы
То значыць, што цябе няма. Сяржук Сокалаў-Воюш
Ці сэнс шырэйшы, ці вузейшы
Шукаць адрозьненьняў дарма -
Калі ты ёсьць, і ты -- тутэйшы
То значыць, што цябе няма. Сяржук Сокалаў-Воюш