Дзіцячая, будаўнічая, стартавая і пасадачная – малодшая, а дакладна
– меншая сястра пляца. Праўда, зь іншым так бы мовіць функцыянальным
прызначэньнем.
Калі ўзяць, скажам, пляцоўку дзіцячую, то ў адрозьненьне ад пляца,
які мае чамусьці ўласьцівасьць ператварацца іншым разам з пляца
Волі, Незалежнасьці ў пляц няволі і залежнасьці, быць месцам, дзе
дарослыя дзядзькі – яны ж правадыры – праводзяць ваенныя парады ды ладзяць
агляды сваіх сілаў на страх унутраным і зьнешнім ворагам, у адрозьненьне
ад гэтага дзіцячая пляцоўка зь яе горкамі і лесьвічкамі, карусэлямі
зьяўляецца наадварот месцам, дзе юныя грамадзяне могуць свабодна гуляць
і забаўляцца, ды адначасова атрымліваць навыкі так бы мовіць мірнага суіснаваньня,
урокі таго, як жыць у згодзе і паразуменьні адно з адным.
Што датычыць пляцоўкі будаўнічай, то незалежна ад яе памераў
і тапаграфіі, тут усё вырашае адзін чыньнік – хто будоўлю заказвае, хто
праектуе, ну і, вядома ж, хто прараб – вольны будаўнік ці раб. У першым
выпадку будзе ўзьведзены трывалы ды дыхтоўня, сьветлы дом. У другім пабудаваная
з горам папалам якая-небудзь саюзна-славянская хаціна-камуналка, якая пры
першым жа землятрусе дасьць трэшчыны або разваліцца зусім.
Пляцоўка стартавая і ўзьлётная, пляцоўка пасадачная. Яны
часта не супадаюць, не атаясамліваюцца, што, мабыць, і меў на ўвазе народ,
калі гаварыў: высока падляцеў, ды нізка сеў; прыехаў тузам, а паехаў з
канфузам; няпраўдай можна далёка пайсьці і ўвесь сьвет абыйсьці, а назад,
дадому зь ёй ня вернесься.
Анатоль Вярцінскі
Самае папулярнае
1