Халоднае, сьвежае, неразбаўленае, густое, бурштынавае, бочкавое, пеннае
- памятаеце рэкляму: пейце піва пеннае!
Што добра пад піва? Cушаны лешчык, cалёны абаранак,
вараныя ракі, сяброўская гутарка пра ўсё на сьвеце.
Піва прыдатнае для ацэнак: зь ім піва ня зварыш
- не дагаворысься, не паразумеесься. А вось выправіцца
"да Абрама на піва" значыць - да праайцоў, на той сьвет. Хоць
на тым сьвеце, паводле наяўных зьвестак, піва няма - там амброзія
(тым, хто заслужыў). У Бібліі піва ня згадваецца ані разу,
хоць у Чэхіі можна купіць куфаль з тэкстам піўнога варыянту малітвы Ойча
наш.
Піўніцай на пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі называлі
адмысловы склеп для захоўваньня піва, квасу, малака, агародніны;
піўніцы былі драўляныя і мураваныя. Піва з піўніцы,
пэўна, смачнейшае, чымся зь сёньняшняй жалезнай лядоўні.
Бровары - даўняя прыкмета беларускіх мястэчак. Неяк адзін слуцкі
патрыёт хваліўся: раней казалі «піва няма, толькі слуцкае», а цяпер
- наадварот. Піва ня ёсьць нацыянальным напоем для беларусаў,
як для чэхаў ці баварцаў, дзе вараць тысячы гатункаў і выпіваюць
сотні літраў за год, наладжваюць піўныя сьвяты ды піўныя путчы.
Але ў Беларусі апошнім часам піва становіцца прадметам нацыянальнай
гордасьці: наша піва - лепшае за расейскае, смачнейшае за польскае,
таньнейшае за літоўскае.
Піва - паказчык таго, што ўсё ў парадку, паціху, як цяпер кажуць
- нармалёва.
Хадзем на піва!
Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1