Слова “паліцай” у мяне, як у паэта, выклікае далёкую асацыяцыю
з паліцай. А вось слова “міліцыя” асацыюецца як з дубінкай, так
і з мыліцай.
Яшчэ з маленства ўбівалі ў нашыя галовы: паліцыя і паліцыянты
– гэта чужое і варожае, бо “наша міліцыя нас сьцеражэ”. Асабліва ў п’яных
і цёмных закутках, дадаў бы я ад сябе.
Аднак і па сёньня ніхто ў маёй вёсцы ня скажа нічога дрэннага пра былога
паліцая, майго далёкага дзядзьку Мікалая, што ахоўваў сваё і людзкое
ад партызанскіх рабункаў. І ўсе толькі зайздзросьцяць, як добра ён дажывае
век у Брытанскім каралеўстве, пішучы ім лісты на іх матчынай мове, якую
яны смакуюць, перачытваючы вечарамі ў хаце маёй цёткі Мані.
Сястра ж цёткі жыве ў Маскве, на Кашырскай шашы, побач з падарваным
домам, і ўсё кляне тую іх міліцыю. Там жа побач, у Люберцах, служыў міліцыянтам
мой колішні аднаклясьнік Валодзя. Ахоўваў не сваё і ня так, як трэба. Дык
цяпер сядзіць у адной камэры з былымі рускімі супольнікамі.
А знаёмыя мне браты Грушы служаць у раённай міліцыі, выслужваюцца перад
начальствам і перад сваім чарговым бацькам, хоць блізкія людзі і шэпчуцца,
што хлопцы хорам грушы абтрасаюць:
“Тутэйшыя: чужое абтрасуць, а сваё і затопчуць”. Карацей кажучы, паліцыя ахоўвае людзей у дзяржаве, а міліцыя – дзяржаву ад людзей. І дзе пануе закон, там паліцыя незаўважная, а дзе беззаконьне – там зь міліцыяй не разьмінуцца. О, як я сумую па сваім далёкім дзядзьку Мікалаю… Леанід Галубовіч