«Я не паэта - о, крый мяне Божа!» - выгукнуў на пачатку стагодзьдзя
вялікі Купала, пасьля якога бадай што ніводны служка музы не адважыўся
паўтарыць гэтых словаў.
Калі на пачатку 90-ых на Беларусь пачалі прыяжджаць дзеці нашых эмігрантаў,
яны заўважылі, што паэты тут вядомыя так, як у краінах іхнага пражываньня
кіназоркі альбо рок-сьпевакі. Гэта, вядома, перабольшаньне, але ў
ім ёсьць рацыянальнае зерне. Цяжка адшукаць у Беларусі чалавека,
які не назваў бы двух-трох майстроў нашай паэзіі. У той самы час
лёгка адшукаць таго, хто блытае Купалу і Коласа, альбо ніколі ня чуў пра
Алеся Гаруна ці Краўцова Макара.
У той самы час, ня кожны зацяты саветчык назаве імя аўтара БССРаўскага
гімну Міхася Клімковіча, гэтак сама як зацяты камуніста ня ведае, што ягоны
партыйны гімн «Інтэрнацыянал» ёсьць у Беларускім перакладзе таго самага
Купалы.
Імёны паэтаў у сьветапоглядзе беларуса - знакавыя. Прыхільнасьць
да паэта вызначаецца прыхільнасьцю да незалежнасьці, альбо пад'ярэмнасьці
ці абыякавасьці.
Што да асобы самога творцы, то ў Беларусі ён асоба досыць пасіўная.
Толькі адзінкі ад агульнай колькасьці стала змагаюцца за права беларуса
на сваю дзяржаўнасьць, свой гістарычны шлях. Сярод іх - Рыгор Барадулін,
Віталь Вольскі, Данута Бічэль-Загнетава, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін,
Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў. Усе яны людзі розныя, як розныя
і спосабы іхнага змаганьня.
Паэта, паэтка, паэзыя, паэтычны, апаэтызаваны.
Усе яны маюць адзінага грэцкага продка - слова поітіс, што больш-менш
адпавядае нашаму пясьняр.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1