Падаткі... Слова гэтае наводзіла жах на кожнага чалавека, і ў першыя гады бальшавіцкай улады, і асабліва пасьля вайны 1941-1945 гадоў. Кажу «пасьля вайны», а на думку прыходзіць, што вайна бальшавікоў з народам ніколі і не сканчалася.
Падаткі — аддаваць, падаць, даніна, подаць. І міласьціна — таксама подаўка.
Падаткамі, ды такімі вялікімі, абкладаліся аднаасобнікі, саматужнікі, каб змусіць іх ісьці ў калгасны прыгон, у першабытную арцель. Падаткамі абкладалася усё — ад жывёлы да расьціны: каровы й сьвіньні, куры й трусяняты, яблыні й вішні, кусты агрэсту й клубніцаў.
За няўплату падаткаў забіралі апошнюю кароўку, карміцельку ўсёй сям’і, гаспадар якой загінуў на фронце ці ў партызанах. Хадзіў нават сумны жарт: шкілет — самы прыкладны савецкі падаткаплацельшчык, бо здаў мяса, воўну, яйцы...
Другой па жаху фігурай пасьля энкавэдзіста быў падатковы інспэктар. Гэта ён у суправаджэньні ўчастковага міліцыянта вёў за сабою лямант, роспач. Гэта яго клялі мёртвымі клятамі, хоць ён быў толькі выканаўца скурадзёрнай улады. І хадзіла сумная загадка: не сабакі, а брэшуць і кусаюць за пяткі. Хто? — Падаткі.
Рыгор Барадулін
Самае папулярнае
1