Падарожжа — слова кніжнае. Звычайна ніхто з нас, ні з нашых
блізкіх і знаёмых у падарожжы не бывае. Звычайна мы ходзім
на прагулянкі, у вандроўкі, езьдзім у паездкі, туры, ваяжы — але не ў падарожжы.
У падарожжы людзі выпраўляліся даўней — для гэткіх людзей Скарына
некалі выдаў «Малую Падарожную Кніжку».
Прамовіўшы слова падарожжа, мы надаем апавяданьню спэцыфічны
сэнс - таемны, містычны, іранічны, паэтычны. Часта гэтак называюцца
кнігі: «Падарожжа ў ХІХ стагодзьдзе» Адама Мальдзіса - пра пошукі
разгубленага ў мінуўшчыне беларускага сусьвету. «Падарожжа
на новую зямлю» Міхася Зарэцкага 1929 году - пра пошукі прымроенай Беларусі,
якой яна магла б быць, калі б пайшла несавецкім шляхам.
Падарожжа этымалягічна - гэта стан быцьця ў дарозе. Найбліжэй
яно стаіць да польскага podroz, на манер якога, пэўна, і было ўтворанае.
І яшчэ падарожжа - знак супольнага руху - з тымі, каму з табой па
дарозе. І тут мабыць закладзеная найглыбейшая беларуская сымболіка
гэтага слова. Беларускае Падарожжа - гэта бясконцыя пошукі
самых сябе ў прасторы й часе, бясконцы шлях да сваёй сутнасьці.
Сяргей Шупа
Самае папулярнае
1