Калі ў сярэдзіне 80-х мне давялося працаваць у сакратарыяце газэты «Гомельская праўда», я ня раз чуў ад рэдактара «пастановачную» фразу: «Вы працуеце ў органе абкома партыі!» Ключавым тут было слова орган, а сама фраза заключала ў сабе адначасова і папрок, і заклік. Орган увасабляў нечую неабмежаваную ўладу. Прычым калі орган вымаўляўся ў множным ліку, гэтая ўлада рабілася яшчэ й таемнай. Калі кагосьці забіралі органы, лёс небаракі быў незайздросны. Калі нехта працаваў у органах, ён станавіўся першым, каго баяліся, і апошнім, да каго зьвярталіся ў самай важнай патрэбе.
Парадокс заключаўся ў тым, што орган абазначаў яшчэ й розныя часткі чалавечага цела. У кожнага з нас былі СВАЕ органы — зроку і слыху, асязаньня і абаняньня. Былі таксама і полавыя органы, што ў савецкай рэчаіснасьці і сыстэме стэрэатыпаў магло зрабіць сытуацыю з удзелам слова орган — пікантнай. Прычым усё было ў лексычным сэнсе неяк пераблытана: органы ўтваралі арганізм, а з арганізмаў вырасталі арганізацыі...
З спробаў «беларусізаваць» орган прыгадваецца хіба што прыстаўное «в-» напачатку. Слуцкая раёнка 1937 году на першай старонцы апісвала «палавыя ворганы кныра» — гэта была сур’ёзная асьветніцкая праца зь сялянствам, якому належала ў сьвятле рашэньняў партыйных ворганаў павялічыць пагалоўе сьвіньняў.
Сёньня ў жывым беларускім маўленьні слова орган пазьбягаецца носьбітамі, якія на розныя лады падшукваюць яму замяняльнікі. Дэмакратычныя газэты перасталі быць органамі пэўных арганізацыяў, органы ўлады найчасьцей называюцца ўстановамі... Хіба што ў арганізме яшчэ пакуль падаюць прыкметы жыцьця органы слыху і асязаньня.
Сяргей Дубавец
Самае папулярнае
1