Нiва - вельмi кароткае i вельмi невыразнае слова, у iм губляецца сэнс. Мовазнаўцам тут цяжка зачапiцца за гукi, каб
растлумачыць паходжаньне слова. Нiва можа зьляцець з вуснаў
у часе п'янога мармытаньня як частка папулярнага выразу
"нiва-прос". Адныя этымолягi зьвязваюць нiву са
словамi
"нiз" i "нiцма". I тады паўстае цэлы шэраг прыкладаў з розных
моваў, i ўсё зводзiцца да цяжкiх хваробаў i напасьцяў. Нiва
-
невараць, значыць, сьмерць. Iншыя этымолягi кажуць, што гук
"н" мог прышчапiцца ў працэсе таго самага мармытаньня, калi
чалавечы рот сам карэктуе й спрашчае сутыкненьнi розных словаў
так, як яму лягчэй вымаўляць. I тады паўстае iншы шэраг
прыкладаў, дзе ўсё зводзiцца, наадварот, да рэчаiснасьцi i
жыцьця.
Па-беларуску нiва - гэта поле, прычым як звычайнае поле,
так i поле дзейнасьцi. У другiм варыянце нiва гучыць
узьнёсла. Нельга сказаць, што прафэсар Цюцюкевiч дабiўся
посьпехаў у полi кардыяхiрургii. Таму кажуць - на нiве
кардыяхiрургii.
Памiж простым i ўскосным сэнсамi слова iснуе канфлiкт. Гэтак у
рэдакцыю лiтаратурнай газэты "Наша Нiва" часьцяком зьвяртаюцца
аграрыi, абураныя тым, што газэта ня пiша "пра сяло".
Канфлiкту спрыяе i тое, што выходзяць як мiнiмум тры
беларускiя газэты з падобнымi назвамi. Акрамя названай згадаю
яшчэ беластоцкую "Нiву" i прэзыдэнцкую рускамоўную
"Белорусскую ниву", якая сапраўды пiша пра аграрныя справы.
Што да абураных чытачоў "Нашай Нiвы", дык яны й ня ведаюць,
што выяўляюць тым самым сваю неабазнанасьць i неадукаванасьць.
Яны забылiся, што яшчэ ў школе iм распавядалi пра першую
беларускую газэту, у якой супрацоўнiчалi Янка Купала i Якуб
Колас i якая стала расплодзiшчам нашага нацыянальнага
адраджэньня ў ХХ ст.
А яшчэ ёсьць савецкi джып "Нiва" i савецкi камбайн "Нiва".
Праўда, у гэтых словазлучэньнях галоўнае слова ўсё ж ня
"нiва", а "савецкi". Разам з краiнай, якая насiла такую
назву,
адыходзяць у нябыт i ейныя мэханiзмы. Савецкiя джыпы на нашых
дарогах усё больш саступаюць месца проста джыпам. А ў
беларускім калгасе летась зьявіўся першы амэрыканскі камбайн.
Сяргей Дубавец
Самае папулярнае
1