Найчасьцей слова «народ» выкарыстоўваецца палітыкамі, прычым
супрацьлеглых поглядаў, і кожны шчыра верыць у сваё права спасылацца на
народ як на крыніцу ўласнае рацыі. У Менску выдаюцца «Народная
Газэта» і «Народная Воля» - з палярна супрацьлеглым разуменьнем
таго, што азначае гэтае паняцьце.
Ці ёсьць народ проста сынонімам насельніцтва, якое Быкаў аднойчы
назваў словам «людзтва» - з усімі ягонымі праведнікамі і нягоднікамі,
незалежнікамі і інтэгратарамі? Калі мы пагаджаемся з гэтым, то мусім
прызнаць і тое, што «воля народу» можа быць вызначаная сярэдняю
арытмэтычнаю лічбаю. Але з гэтага непазьбежна вынікае, што народ
можа памыляцца. І сапраўды: атрымаўшы ў 1994 годзе - ці не ўпершыню
за стагодзьдзі - хай і адносную, але магчымасьць зрабіць вольны выбар -
народ зрабіў яго не на карысьць самому сабе.
Другі падыход - разумець пад народам тую частку насельніцтва,
якая актыўна імкнецца да пераменаў. Пад пераменамі звычайна маюцца
на ўвазе незалежнасьць, дэмакратыя і рынкавыя рэформы. Менавіта такая
трактоўка была пакладзеная ў назву Народнага Фронту ягонымі стваральнікамі.
Ці ня ўсё ХХ стагодзьдзе слова «народ» спалучалася з вызначэньнем
«савецкі» - і надаваліся яму самыя станоўчыя якасьці. А вось Багдановіч
напачатку стагодзьдзя прамовіў: «Народ, беларускі народ, ты цёмны, сьляпы,
быццам крот»...
Прыкметна, што паэты часам не атаясамлівалі народ і Беларусь.
У «Малітве» Арсеньевай: «Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай краіну нашу і
наш народ». Нават граматычная форма звароту выяўляе першынства
краіны («свабоднай», «шчасьлівай»), і толькі потым дадаецца - народ.
Надыйдзе нарэшце час, калі і дэмакратыя, і незалежнасьць з мэтаў пераўтворацца
ва ўмовы існаваньня. Магчыма, тады паняцьці «народ» і «Беларусь»
будуць непарыўныя...
Сяргей Навумчык
Самае папулярнае
1