Мытня -- старажытнае беларускае слова, якое ў ягоным цяперашнім
значэньні можна сустрэць ужо ў дакумэнтах часоў князя Вітаўта. Ахоўваючы
эканамічную прастору Вялікага Княства Літоўскага, мытні стаялі на
яго межах і тады, калі айчына нашых продкаў ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітае.
На мытнях служылі мытнікі. Яны зьбіралі з падарожных адмысловую
плату -- мыта.
Калі Беларусь апынулася ў кіпцюрох двухгаловага расейскага арла, слова
мытня на два стагодзьдзі амаль цалкам зьнікла з ужытку, працягваючы
існаваньне адно ў гістарычных слоўніках.
Але слова гэтае выявіла дзівосную жыцьцяздольнасьць -- як толькі Беларусь
вярнула сабе незалежнасьць, яно загучала з вуснаў беларускамоўных дэпутатаў
Вярхоўнага Савету. Чуючы пры абмеркаваньні заканадаўчых актаў слова мытня,
расейскамоўная камуністычная большасьць парлямэнту ўквелена круціла носам.
Адзін з дэпутатаў, колішні гэнэрал, аднаго разу ўзьлез на трыбуну й пачаў
пратэставаць -- маўляў, гэтую мытню прыдумалі нацыяналісты, "её
ніхто не панімает", асабіста ў яго, гэнэрала, гэтае слова выклікае асацыяцыі
не зь дзяржаўнай мяжою, а з мыцьцём і лазьняй.
Прамінула колькі гадоў і словам мытня ўжо анікога ня зьдзівіш.
На далёкіх ад міжнародных стандартаў беларускіх мытнях адбываюць
сваю дзяржаўную службу то сонныя, як восеньскія мухі, то, наадварот, чамусьці
празьмерна ўвішныя беларускія мытнікі. Яны бяруць законнае мыта,
што цяпер завецца "мытным зборам", і мыта незаконнае, што
спрадвеку завецца хабарам.
Лінгвістычныя дасьледваньні адстаўнога гэнэрала-дэпутата ўжо ніхто й
не ўзгадае, але ў нечым ён безумоўна меў рацыю -- пасьля блізкага знаёмства
зь беларускай мытняй хочацца добра памыцца.
Уладзімер Арлоў
Самае папулярнае
1